Героi Элады (З мiфаw старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)
Героi Элады (З мiфаw старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Хлопчык спалохаўся, хацеў хутчэй зачэрпнуць вады збаном, нагнуўся, i ў той жа момант дзве тонкiя рукi высунулiся з вады, абнялi яго моцна за шыю i пацягнулi за сабою. Збан выпаў у яго з рук, i Гiлас з жаласным крыкам апусцiўся ў ваду.
Арганаўты пачулi яго крык. Палiфем, сябар Геракла, выхапiў меч, кiнуўся ў гушчар - ён думаў, што лясны звер напаў на хлопчыка, i заспяшаўся на дапамогу. Але нiкога не знайшоў ён каля ракi, толькi разбiты збан ляжаў у вадзе каля берага.
А Геракл тым часам паглыбiўся ў лес i знайшоў маладую сасну, якая здалася яму прыдатнай для новага вясла. Моцна абхапiўшы аберуч ствол, ён вырваў дрэва з коранем, узвалiў сасну сабе на спiну i панёс на бераг мора, каб там абчасаць яе i зрабiць вясло. Пачуўшы, што прапаў Гiлас, Геракл кiнуў сасну на зямлю i падаўся на пошукi свайго любiмца. Але дарэмна Геракл, прыгнуўшыся да зямлi, шукаў сляды на траве i ў кустах - след Гiласавых сандаляў быў вiдаць толькi на пяску каля самай вады.
Не, не лясны звер зацягнуў Гiласа ў сваю нару, не драпежная птушка схапiла яго. З усяе сiлы крычалi Геракл i Палiфем, паварочваючыся на ўсе чатыры бакi, клiкалi: "Гiлас! Гiлас!" I пачулi ў адказ слабы водгук - не то ўздых, не то стогн, быццам аднекуль здалёк адзываўся iм голас Гiласа. Яны не маглi зразумець, адкуль чуўся той голас, кiдалiся ў розныя бакi. А голас iшоў з вады, i калi б яны зазiрнулi ў раку, яны ўбачылi б, як плакаў i рваўся да iх з дна бедны Гiлас i як нiмфы старалiся суцешыць яго пацалункамi.
Але сябры не ведалi, што хлопчык быў гэтак блiзка ад iх, i падалiся на пошукi ў лясныя нетры. Усю ноч яны блукалi па лесе i зайшлi так далёка ад берага мора, што ўжо не маглi чуць, што рабiлася на караблi.
Арганаўты добра адпачылi ў тую ноч. На досвiтку, як толькi ўзышла заранка, прачнуўся рулявы Тыфiс i ўбачыў, што дзьме спадарожны вецер. Тыфiс пабудзiў таварышаў i пачаў прыспешваць з ад'ездам. Арганаўты хуценька сабралiся. Вецер надзьмуў белы ветразь, i карабель памчаўся па хвалях.
Узышло сонца, асвяцiла карабель, i арганаўты ўбачылi, што месцы Геракла i Палiфема пустыя. I не было хлопчыка Гiласа. Гэта была першая страта ў дарозе, i арганаўты захвалявалiся.
Што рабiць? Вярнуцца? Але ж вецер спадарожны... I яны ўжо ведаюць, як небяспечна вяртацца на старое месца. Плыць далей, кiнуць таварышаў адных на чужой старане... "Не!.. Не!.. Няхай скажа Язон, што рабiць. Язон абраны старшым, Язон - начальнiк, няхай распараджаецца Язон!" - так гаварылi арганаўты i акружылi Язона, патрабуючы, каб ён усё вырашыў.
Але Язон маўчаў, быццам не чуў, што яму гаварылi. Звесiўшы галаву, пануры сядзеў ён каля рулявога i думаў. Тады Тэламон, якi больш за ўсiх любiў Геракла, гнеўна закрычаў:
- Чаго мы можам чакаць ад Язона! Паглядзiце, ён спакойны. Адзiн ён спакойны. Я ведаю: ён заўсёды зайздросцiў Гераклу, цяпер ён радуецца - нiхто больш не перашкодзiць яго славе. Можа, ён падстроiў усё гэта знарок. Ён ведаў, што Геракла няма з намi, калi адплываў карабель... I Тыфiс памагаў Язону ў гэтым.?. Не, я не хачу плыць далей з вамi! Назад! Назад! Чуеш, рулявы! Паварочвай назад, кiруй да берага!
Блiскаючы вачамi, кiнуўся Тэламон да Тыфiса i сiлком хацеў вырваць у яго руль, каб павярнуць карабель. Дзьмуў моцны вецер, i паварочваць было небяспечна. Два сыны Барэя, крылатыя героi, схапiлi Тэламона за рукi, хацелi ўтрымаць яго i гучна лаялiся.
Раптам наляцела вялiзная хваля, ударыла ў борт, магутная рука схапiла за карму i спынiла карабель. Увесь павiты водарасцямi, кудлаты, строгi, з'явiўся перад арганаўтамi бог мора i грозна сказаў:
- Кiньце сварыцца! Помнiце, куды i чаго вы плывяце. Не вяртайцеся, спяшайцеся ўперад! Не па злым пажаданнi Язона, а па мудрай волi Зеўса засталiся на беразе вашы таварышы. Iншыя справы, другiя подзвiгi чакаюць Геракла. А вы плывiце з Язонам далей.
Сказаў - i знiк у марской глыбiнi. Адразу ж, як вецер, суцiшыўся гнеў Тэламона, i яму зрабiлася сорамна, што ён пакрыўдзiў старшага таварыша. Прысаромлены, падышоў ён да Язона i цiха сказаў:
- Даруй мне за дзёрзкiя i грубыя словы! Iх парадзiлi смутак i гнеў.
Язон дараваў Тэламону i памiрыўся з iм. Зноў быў мiр на караблi, арганаўты дружна веславалi, i "Арго" плыў па моры ўсё далей i далей.
У царстве бебрыкаў
Паспешлiва адплываючы з апошняй стаянкi, арганаўты забылiся папоўнiць запасы прэснай вады, i хутка iм зноў давялося паварочваць да берага.
Наблiжаючыся да зямлi, яны ўбачылi бедныя хацiны з камянёў i неабчасаных бярвёнаў i людзей у звярыных шкурах, дзiкiх i ваяўнiчых з выгляду. Заўважыўшы карабель арганаўтаў, дзiкiя людзi з крыкамi кiнулiся да таго месца, дзе прычальваў карабель, стоўпiлiся, нiбы бараны, i з цiкавасцю чакалi высадкi, не выказваючы нiякiх прыкмет гасцiннасцi. З натоўпу выйшаў чалавек вялiзнага росту, у чорным плашчы, з цяжкай дубiнай у руках.
Язон зразумеў, што перад iм правадыр гэтых дзiкiх людзей, i, ступiўшы на зямлю, звярнуўся да яго.
- Вiтаю цябе! - сказаў Язон. - Калi ласка, скажы нам, чыя гэта зямля i якi народ тут жыве? Мы - арганаўты, вольныя мараплаўцы. Плывём з грэчаскага горада Iолка ў далёкую Калхiду, каб здабыць залатое руно, якое прыносiць людзям багацце i дастатак. Не бойцеся нас, мы не зробiм вам нiякай шкоды. Мы толькi набяром у нашы пасудзiны свежай вады i паплывём далей. Вялiкi Зеўс загадвае ўсiм людзям быць гасцiннымi i даваць прытулак падарожнiкам...
- Не ведаю нiякага Зеўса! - груба перапынiў Язона чалавек у чорным плашчы. - Я - Амiк, у мяне свае законы. Калi ўжо лёс занёс вас да мяне, у царства бебрыкаў, дык ведайце, як я прымаю гасцей. Глядзiце! - I ён паказаў дубiнаю: каля ўвахода ў паселiшча на доўгiх жэрдках тырчалi высахлыя чалавечыя галовы. - Месца хопiць i для вас, марскiя бадзягi! - засмяяўся дзiкун.
Бебрыкi таксама ўсмiхалiся, iм падабаўся жарт цара.
Амiк гаварыў далей:
- Усiх чужаземцаў, якiя ступяць на маю зямлю, я частую па-свойму. Вось! I ён ганарыста ўзняў свой кулак велiчынёй з галаву Язона. - Гэй вы, мараплаўцы, хто з вас самы дужы, няхай выходзiць са мною на кулачкi! Хто мяне пераможа - будзе тут гаспадаром, каго я перамагу - з таго галаву здыму на памяць... Ну? Прымаеце мой пачастунак?
Ледзь стрымлiваючы гнеў, слухалi арганаўты пахвальбу цара бебрыкаў. Язон не сказаў нi слова i пачаў здымаць з сябе зброю. Ды яго апярэдзiў Палiдэўк.
- Мяне называлi калiсьцi лепшым кулачным байцом у Эладзе, - сказаў ён таварышам, - дазвольце мне ўцiхамiрыць гэтага бебрыка. - I, павярнуўшыся да Амiка, пачцiва пакланiўся: - Дзякую за сардэчную сустрэчу. Не будзем марнаваць часу. Я гатовы!
Велiкан паглядзеў на Палiдэўка з усмешкаю: юны герой ледзь даставаў яму да пляча.
Але Палiдэўк спакойна зняў з сябе шчыт, меч i шлем i аддаў у рукi брату Кастору, каб ён патрымаў iх у час бою.
Амiк, сярдзiта буркнуўшы, адкiнуў убок сваю дубiну з такою сiлаю, што пыл узняўся слупам. Працiўнiкi скiнулi на траву свае плашчы i абматалi рамянямi рукi па локцi.
Бебрыкi прагным натоўпам акружылi iх. Арганаўты горда стаялi стройнымi радамi воддаль.
- Ну, малы, зараз табе будуць канцы! - фанабэрыста сказаў Амiк, размахнуўся i абрынуў свой цяжкi кулак проста на галаву Палiдэўка.
Але Палiдэўк своечасова ўхiлiўся i стукнуў злёгку працiўнiка ў жывот.
- О-хо-хо! - рагатнуў Амiк. - Ты вёрткi, малыш, але не дражнi мяне - я не люблю, калi мяне казычуць. - I, нагнуўшыся, з сiлай выкiнуў уперад кулак, каб ударыць юнака ў грудзi, пад сэрца.
Палiдэўк адскочыў убок i з размаху стукнуў велiкана ў скроню так, што ў галаве ў таго зазвiнела i чырвоныя кругi паплылi перад вачамi. Бебрык раз'ятрыўся i, не памятаючы сябе, пачаў бiць направа i налева, куды папала, трацячы дарэмна сiлы, таму што юнак арганаўт кожны раз паспяваў ухiлiцца, адскочыць назад i толькi стараўся знясiлiць свайго працiўнiка, а сам чакаў зручнага моманту, каб нанесцi рашаючы ўдар. Нiбы раз'юшаны бугай, кiдаўся Амiк ва ўсе бакi, цяжка дыхаючы, i пот буйнымi кроплямi кацiўся з расчырванелага твару i падаў на зямлю, нiбы дождж.
