Сэрца мармуровага анёла
Сэрца мармуровага анёла читать книгу онлайн
У кнігу Людмілы Рублеўскай увайшлі прыгодніцкія, дэтэктыўныя і фантастычныя творы. Фантазія аўтара пераносіць чытача то ў таямнічыя старасвецкія маёнткі, дзе жывуць ваўкалакі і захоўваюцца пёры сініх птушак, то ў сучасны студэнцкі інтэрнат для будучых мастакоў, дзе таксама ёсць месца таямніцы і рамантычнаму каханню, то ў фантастычны горад Б*, дзе пераплятаюцца антычныя міфы і беларуская гісторыя. Героям твораў даводзіцца праходзіць праз нялёгкія выпрабаванні, але вернасць, мужнасць і сумленнасць заўсёды перамагаюць хцівасць і падступнасць. Важнае месца ў прозе Л. Рублеўскай займаюць рамантычная гісторыя Беларусі і выхаванне любові да Радзімы.
Змест:
Аповесці
Пярсцёнак апошняга імператара
Сэрца мармуровага анёла
Апавяданні
Старасвецкія міфы горада Б*
Шляхецкія апавяданні
Дыярыуш пані
Жаніх панны Данусі
Жалезная кнопка
Мастак: А. I. Карповіч
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Напэўна, мая непрабівальная абыякавасць да такіх душэўных гутарак дадавала горычы ў без таго горкае Рытчына жыццё. Ёй ніяк не давалася французская мова. Рытка па парадзе выкладчыцы-«францужанкі», вытанчанай нервовай пані, насіла ў кішэні лыжку і час ад часу, засунуўшы яе глыбока ў горла, спрабавала вымавіць нетутэйшыя «оі-уі». Але нішто не дапамагала, «францужанка» ледзь не шалела падчас кожнага Рытчынага адказу, а Рытка пачала бегаць па кабінетах высокапастаўленых знаёмых і плакацца на бюракратызм выкладчыкаў, згадваючы ўласнаручна падцёртыя «чужыя пляўкі». Вынікам быў званок да дэкана, але на гэты раз нават той, хто тэлефанаваў, пачуваўся няёмка і, відавочна, разумеў беспадстаўнасць просьбы аб вызваленні студэнткі Маргарыты Качар ад экзамену па французскай мове…
На практыку Рытка ехала з яшчэ большай крыўдай на ўвесь свет, чым звычайна, а веснавы свет быў цудоўны! Мы апынуліся ў старым мястэчку, дзе касцёл і царква стаялі па розныя бакі гандлёвага пляцу, а жыхары не страцілі старасвецкай шляхетнасці. Так атрымалася, што мы зноў пасяліліся ўдваіх з Рыткаю — у маленькім катушку, прыбудаваным да вялікай хаты… Хата была «шляхецкая» — на два канцы, і пасярэдзіне — ганак з двума слупамі-калонамі. Дзверы нашай прыбудовы і адзінае акно адчыняліся ў густы сад, які рыхтаваўся да квецені. Я напісала Ігару і паведаміла новы адрас, але адказу доўга не было. Я не хвалявалася з гэтае прычыны — настолькі моцная была мая вера ў Ігара. А вось Рытка атрымала ліст і, відавочна, не з дому. Дэманстратыўна села насупраць мяне, урачыста раскрыла канверт і паклала так, каб я магла бачыць. Адно слова ў зваротным адрасе прыцягнула маю ўвагу: гэта ж той горад, дзе зараз Ігар! Позірк спыніўся на прозвішчы адпраўніка: Сурын! Віктар Сурын, які і прапанаваў Ігару ехаць у гэтыя заробкі! Калі Рытка паспела з ім пазнаёміцца?
Вядома, мне карцела даведацца, што піша Віктар і ці згадвае Ігара. Але пытацца было няёмка: занадта ўжо з'едлівыя позіркі кідала на мяне Рытка падчас чытання. Праз тыдзень прыйшоў ліст і ад Ігара — у той дзень, калі на тонкіх галінках вішань загайдаліся першыя бялюткія кветкі-матылькі. Я нецярпліва разарвала канверт, заўважыўшы краем вока, што ў руках Рыткі таксама з'явіўся ліст, і вось ужо нібыта чую любімы голас… Маю ўвагу адцягнуў Рытчын ускрык: яна, відавочна, вычытала ў сваім лісце нешта ўразлівае. Некаторы час Жалезная Кнопка моўчкі глядзела на мяне, нібыта вагаючыся, а пасля працягнула мне свой ліст, паказваючы пальцам месца, якое належала прачытаць: «Ведаеш, Рытуля, надакучылі мне гэтыя Ігаравы гульні. Тое, што зараз прачытаеш, не расказвай нікому — бо ніхто не ведае, нават Ігаравы бацькі. Але ж ты ў мяне малайчына, можаш трымаць рот на замку, калі трэба… Дык вось, Ігар са мною не паехаў, а ляжыць у скурвендыспансеры. А мне, як ад'язджаў, даў цэлы стос лістоў да бацькоў і да сваёй дзяўчыны, каб я адсюль іх адпраўляў, нібыта ён са мной працуе. Казаў, што ў яго нейкая алергія. Але я выпадкова знайшоў сярод папер, што ён мне пакінуў, накіраванне з таго дыспансера. А там чорным па белым напісана, што ў нашага Ігарка — пранцы, што мяне асабіста не здзіўляе. Ты ведаеш тую дзяўчыну, да якой я лісты перасылаю, — Олю Каралевіч, і дзяўчына, здаецца, прыстойная… дык пагавары з ёю далікатна, каб не надта за Ігарам упадала…»
Я перагарнула старонку, і на мае калені зляцела невялікая паперка са штампам ганебнай лячэбнай установы…
Бач ты, які прыхільнік ісціны, і дакумент прыклаў…
Сказаць, што я была агаломшаная, значыць сказаць вельмі мала. Я адчувала, што ніколі ў жыцці не атрымлівала ўдару такой моцы… Рытка са спагадлівай усмешкай узяла ліст з маіх здранцвелых пальцаў і пацягнулася па даведку. Маланкай бліснула думка: не трэба, каб гэта бачыў яшчэ хтось! Мае пальцы самі сабою сціснуліся:
— Я пакіну гэта сабе… на памяць.
Рытка была чамусь незадаволеная, але, сустрэўшыся з маім позіркам, адвярнулася і прабурчэла:
— Як сабе хочаш… На тваім месцы я ніякай «памяці» не захацела б…
Ноч прайшла для мяне без сну. Зноў і зноў успамінала я бязлітасныя радкі. Усё — падман… І лісты, і словы… Да горла падступаў халодны камяк страху — а калі я таксама… Праўда, блізкасці між намі яшчэ не было… Але ўсё ж… Я пакутліва ўспамінала вычытаныя недзе сімптомы гэтай хваробы, здаецца, не… А калі прыслухацца…
Паступова мае думкі скіраваліся на самога Ігара. Пасля бурнай хвалі мысленных абвінавачванняў прыйшлі ўспаміны: як сустракалі Каляды, як ездзілі ў Вільню і прапаўзлі пад Вострай Брамай на каленях, каб Матка Боска Вастрабрамска выканала нашы жаданні… І як мы малявалі адначасна адзін аднаго, а пасля склалі свае карціны ў двайны партрэт… І як Ігар прыносіў мне гарачыя дранікі між дзвюх місачак і паіў мяне малаком з мёдам, калі я хварэла… Падушка мая была ўжо наскрозь мокрая. Тут міжволі ўявілася, як Ігар таксама ляжыць зараз на падушцы, бальнічнай, прапахлай карболкай, і, можа, таксама не спіць, і няма каля яго ніводнага чалавека, які б яму паспачуваў, і галодны ён, пэўна ж, бо перадачы яму ніхто не носіць… Гнеў і крыўда адхлыналі ад мяне, як гразкая балотная жыжа. Няўжо я сапраўды такая бесхарактарная, не маю ўласнай годнасці, як кажа Рытка?
Але злосці больш не было. Шкадоба да Ігара, такая недарэчная, выратавала мяне, выцягнула з дрыгвы адчаю… Мала што з чалавекам можа здарыцца! Я назнарок уяўляла сабе Ігара з агіднымі праявамі хваробы, заняпалага, няголенага… І пераконвалася, што кахаю яго, кахаю ўсякім!
…І ложа, і пошасць, і смерць — адны на дваіх…
Раніцай, пад мірнае пасопванне Рыткі (так незвычайна моцна і салодка яна спала!) я ціхутка апранулася і пабегла на аўтобусную станцыю. З усіх рэчаў прыхапіла толькі сумачку з грашыма.
І вось ізноў вакол мяне гудзе тлумная сталіца, «блудніца вавілонская», здольная сапсаваць самага чыстага і шчырага чалавека. Я пералічыла грошы… Не так многа, але хопіць! Накупляла залацістых апельсінаў, буйных грузінскіх яблыкаў, смуглява-чырвоных… Але ж гэта не ежа для хворага чалавека… Апошняе патраціла на курыцу і паехала ў інтэрнат. Там было ціха і пуста — толькі студэнты апошняга курса яшчэ не з'ехалі на практыку. У інтэрнацкай кухні я першы раз у жыцці зварыла курыны булён, пераліла яго ў тэрмас, а кавалкі курыцы па метаду Ігара схавала між дзвюх місачак…
Ну вось, можна ехаць…
Скурвендыспансер у горадзе адзіны. Вуліцы, на якой ён знаходзіцца, людзі цураюцца. Даехала я да яе без прыгод, а вось самы будынак давялося пашукаць — бо я не асмельвалася папытацца пра яго…
Нарэшце я стаю перад замазанымі фарбай шклянымі дзвярыма і не наважваюся ўзяцца за ручку. Толькі цяпер прыйшло ў галаву, што сёння можа быць непрыёмны дзень, што ў гэты час перадачы могуць не браць, што Ігар увогуле мог ужо выпісацца…
Але стаяць у такім месцы, калі здаецца, што на цябе скіраваны пагардлівыя позіркі, яшчэ горай… І я асцярожна, двума пальцамі ўзялася за ручку (страшна ўявіць, хто да яе дакранаўся!). Дзверы бязгучна адчыніліся.
У холе я адразу нагледзела шыльдачку, якая чырвоным па белым паведамляла, што прыём перадач для стацыянарных хворых штодзённа з 11.00 да 13.00 і з 17.00 да 19.00. Гадзіннік над шыльдай паказваў палову пятай… Давядзецца пачакаць.
Я, адчуваючы, што шчокі мае палаюць, пасунулася да драўляных адкідных, як у старых кінатэатрах, крэслаў…
— Оля?!
З другога канца калідора да мяне дыбаў Ігар. Нейкі разгублены, з няпэўнаю ўсмешкаю на вуснах, а ў руцэ — поўная авоська.
Слёзы непераадольнай крыўды падступілі да вачэй…
— Ты, аказваецца, ужо выпісаўся?
— Адкуль?
— Не прыкідвайся, я ўсё ведаю… Адсюль!
Мы глядзелі адно на аднаго, і недзе на ўзроўні падсвядомасці з'явілася шалёная радасць. Ігар працягнуў мне авоську і ўсхваляваным ад раптоўнай здагадкі голасам прагаварыў:
— Я табе перадачу прывёз. Як атрымаў ад Рыткі ліст, што ты тут лечышся, адразу ўсё кінуў, на самалёт — і сюды…
Я зазірнула ў яго авоську: залацістыя апельсіны, чырванашчокія яблыкі і — дзве знаёмыя місачкі, ад якіх пахне дранікамі… Ды яшчэ — мае любімыя цукеркі, цэлая шыкоўная каробка…