Канвеер
Канвеер читать книгу онлайн
У кнігу ўвайшла аповесць “Канвеер” і тры апавяданні: “Прыпынак”, “Гатэль-прывід” і “Дзённік”. Містычны постмадэрнізм, які мяжуе з сапраўдным вар’яцтвам, дзе галоўныя персанажы спрабуюць выжыць, не страціўшы розум на фоне звычайнага, паўсядзённага жыцця вакол.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Ды што там майстар — па-першае чалавек, ніколі голасу не падвышаў і за быдла нас не лічыў, — сказаў таўстагубы.
— Эге, — зацягнулі астатнія.
Потым Дзяніс убачыў, як каля майстра паклалі жанчыну з адубелым прыплюснутым тварам.
— Не да добрага гэта, — злавесным голасам сказаў Пазняк. — Два трупа за змену, а прычыны так і не вядомыя…
З глыбіні “лініі Краўса” пачуўся металічны грукат, нібы грукалі малатком па кавадле, ды так моцна, што рэха расцягнулася па ўсім цэху.
— Хлопцы, трэба паспрабаваць адчыніць дзверы, — звярнуўся Снайпер да сваёй групоўкі.
Пазаліні прынёс мятровы лом і Снайпер разам з ім і Дзянісам, уставіўшы яго ў вузкі праём, наваліліся на лом масамі сваіх целаў. Пачуўся ўласцівы трэск і дзверы прыадчыніліся. Для большай упэўненасці Снайпер урэзаў па іх нагой, як гэта робіць спецпрызн, калі пранікае ў кватэры бандытаў, і дзверы расчыніліся. Спярша акрамя перавернутых сталоў і кампутараў ніхто нічога не ўбачыў, аднак зайшоўшы ўнутр, ім адчынілася жудасная карціна. Начальнік змены Фарух Ібрагімавіч, абвязаўшы вакол шыі свой улюбёны сіне-срэбны гальштук, павесіўся на вешалцы каля свайго працоўнага месца. Снайпер кінуўся да яго і пачаў было шукаць пульс, але неўзабаве апусціў рукі і ўсім стала зразумела, што яшчэ адным трупам стала больш.
— Трэба пашукаць якой малявы, — сказаў Пазаліні. — Некаторыя вісельнікі пакідаюць лісты з апошнім словам.
— Ты маеш рацыю, — сказаў Снайпер і пачаў мацаць кішэні мёртвага начальніка, а потым правяраць шуфлядкі ў яго стале. Аднак ён нічога не знайшоў.
— Вось скнара, нават ліста не пакінуў, заўжды толькі пра сябе думаў, — гыркнуў Пазаліні і штурхнуў Фаруха Ібрагімавіча нагой. Штурхнуць другі раз начальніка змены яму не перапала — Снайпер рэзка адапхнуў яго.
— Так нельга, ён жа нябожчык.
— Які ён нябожчык, — абурыўся Пазаліні, — калі нават смерць сабе сабачую абраў.
Але штурхаць Фаруха Ібрагімавіча не адважыўся. Снайпер паглядзеў на Дзяніса.
— Я думаю майстра і Марыю трэба пакласці тут, далей ад вачэй і наогул не шкодзіла б прынесці цыраты, каб хоць чымсьці іх прыкрыць.
Дзяніс кіўнуў галавой і злёгку разгублены выйшаў з дыспетчарскай. Каля яе ўжо сабраліся асабліва цікаўныя і Дзяніс не марудзячы, басавіта вымавіў:
— Фарух Ібрагімавіч павесіўся…
— Цьху ты, чорт! — раздаўся ўсплеск эмоцый. — Лёгкай смерці сабе захацеў, вось шатан пракляты!
— Гэта проста канец свету! — пачала лямантаваць хударлявая жанчына, нават занадта хударлявая для свайго ўзросту. — Цяпер і начальнік — мы ўсе тут загінем, гэта нашая брацкая магіла!
— Ды сціхні ты, дура! — вылаяўся Дзяцел і Дзяніс упершыню пачуў яго разборлівую гаворку.
— А ты не затыкай ёй рот, Лена праўду кажа. Мы ўсе можам тут загінуць, калі будзем займацца самаўпраўнасцю, — сказаў Пазняк.
Дзянісу захацелася разбіць яму твар і яшчэ ён зразумеў, што далейшыя прамовы гэтага "апазіцыянера" могуць распаліць канфлікт да ўзроўню супрацьстаяння адной часткі працоўных з другой, але абставіны ўдала выправіў Снайпер, пачуўшы голас Пазняка, ён выйшаў з дыспетчарскай.
— Мы ўсе тут загінем, калі будзем слухаць цябе, Аркадзь, — сказаў яму Снайпер.
Пазняк жвава забегаў сваімі цёмнымі вочкамі і загаварыў скорагаворкай:
— А ты ніяк хочаш тут усё пад сябе падстроіць, Валік, га? Колькі цябе памятаю, заўжды бачыў асобу дзікунскага складу, з якой ні пагаманіць, ні выпіць нават. Ты каго тут з сябе строіць спрабуеш, Валік, га? Ніяк героя-вызваліцеля?
— Нікога я з сябе не строю, проста спрабую дзейнічаць рацыянальна, а табе, чым дарма папракаць, не замінала б дапамагчы нам.
— Во табе! — выставіў ён у накірунку Снайпера кукіш, — і табе, і табе. Я вас усіх ненавіджу, усіх разам узятых, бездараў і марнатраўцаў, вы шэлега не вартыя і не прыстала мне слухаць вашай бязглуздай рады.
— Гэта тваё асабістае меркаванне, — сказаў Снайпер, а потым звярнуўся да ўсіх працоўных: — Лепш усяго будзе перанесці Максіма з Марынай у дыспетчарскую і папрасіў бы нікому не разыходзіцца, цяпер нам як ніколі неабходна трымацца разам, паніка зараз недарэчы.
На гэты раз прапанова Снайпера была падтрымана. Працоўны замітусіліся, зашумелі і прыняліся пераносіць трупы. Прошына ўзяла чалавек пяць, а Зіна дапамагла мужыкам падняць Марыю, яна вохкала і гаротна стагнала, нібы праводзіла яе ў апошні шлях. Снайпер, тым часам, высунуў з пятлі Фаруха Ібрагімавіча і паклаў на падлогу. Дзяцел прытрымліваў дзверы і аддаваў зразумелыя загады:
— Асцярожней! Лявей! Правей! Во-во! Занось!
Дзяніс збегаў да сябе на працоўнае месца і выцягнуў з-пад стала кругляк зматанай цыраты, які прыкмеціў яшчэ ў першы дзень працы. Цырату разрэзалі нажніцамі на тры доўгія часткі і накрылі імі нябожчыкаў. Потым Снайпер зачыніў дзверы дыспетчарскай і сцёршы з ілба пот, сказаў:
— Гатова…
Але ніхто не пачуў гэтае слова, таму што аднекуль, з самых патаемных закавулкаў заводу прагучала жудаснае рыканне, нібы з логава небяспечнага звера. У трэцім цэху ўключылася яркае святло, якое забяспечвалі пражэктары, змешчаныя пад самым дахам, і, спачатку рыпаючы, як быццам ад іржы, а потым набіраючы хуткасць, нечакана для ўсіх, зарабіў канвеер. Канвеерная стужка пачала рухацца, як бегавая дарожка і здзіўленыя працоўныя разыйшліся па сваіх месцах, зачараваныя гэтым відовішчам. Людзей, здавалася, падмянілі, яны ішлі, гатовыя працаваць, быццам нічога не здарылася. І ніхто не зважаў на гук, які выдаваў канвеер. Гэты гук нагадваў штосьці сярэдняе паміж скрыгатаннем зубоў і вастрэннем нажоў. Канвеер скрыгатаў і няспынна рухаўся.
— Але што гэта? — урэшце выгукнуў Грыша.
— Аб чым ты?
— Чаму канвеер рухаецца ў супрацьлеглы бок?!
Дзяніс прыйшоў у сябе, стоячы ля прэса і паглядзеў на канвеер. І сапраўды, ён рухаўся ў іншым напрамку. Зіна і Масла аж ахнулі ад убачанага. Калі ўявіць, што канвеер будзе працаваць у такім рэжыме, лядоўні лагічней не збіраць, а наадварот — разбіраць. Глупства нейкае.
— Мусіць, Холадаў перастараўся, — заключыла Зіна.
— Зараз наладзіць, як патрэбна, — уздыхнула Масла. — Мне ня верыцца, што пасля ўсяго гэтага, нам яшчэ і змену адпрацоўваць прыйдзецца.
Але ніякіх змен не адбылося — канвеер працягваў рухацца ў зваротным накірунку.
З “лініі Краўса” пачуліся крыкі, потым адтуль выбег спачатку збялелы Рупар, а следам за ім Ласун і Гестапа. Падбегшы да дыспетчарскай, яны нічога не сказаўшы, як падсечаныя селі на падлогу. Па выявах іх твараў можна было сказаць, што яны сутыкнуліся з непрадказальным, з тым чаго ніколі ў сваім жыцці не бачылі. Добра прыгледзеўшыся да Рупара, можна было заўважыць яго вымачаныя порткі.
Першы не стрымаўся і спытаў Пазняк:
— Ну што там?
Па ўсяму было відаць, што пытанне да іх не дайшло, усе яны знаходзіліся ў прастрацыі, напалохана лыпаючы вачыма. Пазняк настойліва паўтарыў сваё запытанне.
— Канвеер, — ледзь выціснуў з сябе гэтае слова Рупар.
— Што, што канвеер!? — не разумеючы яго, злосна патрабаваў Пазняк. — Кажы выразней!
— Канвеер…
Над галовамі працоўных прагучаў неўласцівы для цэха скрып, а потым раздалася адрыжка. Запрацавалі падвесныя канвееры і больш зоркія разгледзелі на іх, замест дэталяў для лядоўняў, вісячыя часткі чалавечых целаў. Віселі яны па парадку: першымі ішлі рукі, потым ногі, торс і галовы. Тыя з працоўных, хто стаялі бліжэй па чарзе пачалі ванітаваць. Пазняк уцёк адразу, голасна абвяшчаючы аб канцы свету. Толькі Рупар з Ласуном і Гестапа, нібы чакаючы такога зыходу, абыякава звесілі свае галовы. Тым часам часткі целаў рухаліся зверху ўніз, набліжаючыся да першай веткі канвеера, дзе cваім націскам, прабіўшы загарадку, якая адлучала верхні ярус ад ніжняга, вываліліся на канвеерную стужку і бязладнай грудай працягнулі сваё вусцішнае вандраванне наперад, пакуль канвеер зноў не спыніўся.
10
Дзяніс пачуў лямант Пазняка як раз заклапочаны разважаннямі наконт перасцярог Масла: ці прыйдзецца яшчэ працаваць? Аднак безуладны крык Пазняка пераканаў яго ў зваротным. Да Дзяніса даляцела слова “расчляненне” і гэтага хапіла, каб усвядоміць, што здарылася непапраўнае. Зіна з Маслам катэгарычна адмовіліся ісці і глядзець на крывавую карціну і Дзяніс, ахоплены іх страхам і агідай, таксама вырашыў застацца на працоўным месцы, але да яго падышоў Пазаліні, а перад ім Дзянісу не хацелася здацца баязліўцам.