Канвеер
Канвеер читать книгу онлайн
У кнігу ўвайшла аповесць “Канвеер” і тры апавяданні: “Прыпынак”, “Гатэль-прывід” і “Дзённік”. Містычны постмадэрнізм, які мяжуе з сапраўдным вар’яцтвам, дзе галоўныя персанажы спрабуюць выжыць, не страціўшы розум на фоне звычайнага, паўсядзённага жыцця вакол.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Усё нашмат прасцей — проста ў цябе ёсць грошы, а ў мяне іх няма.
Іра дастала з сумачкі дзве мятныя падушачкі і паклала яму на далонь. У гэты момант да прыпынку пад’ехала маршрутка.
— Ну, я паляцела, да сустрэчы, — сказала Іра і ў яе празрыста-сініх вачах можна было прачытаць, што яна цалкам здаволеная праведзенай з ім ноччу (а таксама раніцай) і што яна нясцерпна будзе чакаць новага спаткання, і, пажадана, як мага хутчэй. — Тэлефануй.
— Пакуль.
Яна пацалавала Дзяніса ў вусны і яны развіталіся.
Гэтае лета было складаным для іх абодвух. Першы раз у жыцці Дзяніс знайшоў сабе часовую працу, хаця традыцыйна ў гэты перыяд года ніколі не працаваў. Іра папулярна растлумачыла яму, што ў яго ўзросце ўжо даўно неабходна дзесьці працаваць. І, магчыма, яе заўвага засталася б толькі яе заўвагай, калі б у Дзяніса не з’явіўся стымул. Цяпер яны працавалі абодва: яна — афіцыянткай ў рэстаране знаёмых, ён — слесарам механіка-зборачных прац на Мінскім заводзе лядоўняў, больш вядомым, як “Тытан”. Безумоўна, гэта была непрыемная падзея ў яго бесклапотнай біяграфіі, але жыццё, тым не менш, працягвалася далей.
Як толькі маршрутка панесла Іру прочкі, ён засунуў у вушы слухаўкі і пад вясёлыя песні NOFX, [1] прыняўся чакаць транспарта да мятро.
Дзень быў чэрствым. Сонца ў небе нагадвала спешна ўзбіты на патэльню жаўток яйка і ўсё навокал толькі раздражняла. Аднак Дзяніс паспеў прызвычаіцца. Супакойваў той факт, што праца на заводзе праходзіла ў тры змены. На гэтым тыдні Дзяніс працаваў у другую, прынамсі, можна было добра адаспацца, але разам з тым, увесь дзень быў страчаны, дамоў ён вяртаўся апоўначы. Прыярытэтам жа першай змены з’яўляўся адносна свабодны час пасля чатырох гадзін, аднак на працягу ўсяго дня жудасна хацелася спаць, улічваючы пад’ём у пяць гадзін раніцы. І ўрэшце начная змена — мара, бадай, любога абібока: шэсць гадзін працы, пасля чаго дастаткова часу, каб адаспацца і цэлы дзень рабіць усё, што заўгодна. У прынцыпе, такі расклад яго ўладкоўваў.
На прыпынак, між тым, пачынаў сыходзіцца мясцовы пралетарыят. За тыдзень у Дзяніса паспела ўзнікнуць прыхаваная нянавісць да гэтага класа, хаця яго бацькі з’яўляліся яскравымі прадстаўнікамі працоўных мас. Не гледзячы на такі аспект, Дзяніс з усёй упэўненасцю мог сказаць, што працоўныя — гэта быдла, пачынаючы са звычайнай гігіены і скончваючы яго светапоглядам. Дзяніс трываць не мог, уваходзячы ў гардэроб, гэты кіслы пах поту, які заўжды лунаў па ўсім памяшканні і ніякім ветраннем яго немагчыма было знішчыць. За некаторымі стаханаўцамі ён заўважыў даволі нездаровую тэндэнцыю абы-як скідваць у свае шафікі брудную робу разам з смярдзючымі шкарпэткамі. Можна ўявіць, які смурод стаяў у гардэробе! Божа літасцівы, яму ванітаваць хацелася. А іх размовы. Пра што яны? Футбол — гэта істэрыя вар’яцтва. Дзяніс, будучы сярэднестатыстычным маладым чалавекам, ніколі не падзяляў асаблівай цягі да гэтага віду спорту і наогул не выяўляў сімпатый да спорту ў цэлым. Адзінае, што магло апраўдаць футбол, гэта п’яныя дэбошы фанатаў пасля перамогі пэўнай каманды і ўрачыстыя папойкі з гэтай нагоды. Удзельнічаць у апошнім мерапрыемстве Дзяніс бы і сам не адмовіўся, падзяляючы радасць з ачмурэлымі храпамі. Усё выходзіла ў даволі простую формулу: нажэрціся дзеля таго, каб нажэрціся.
Знаходзячыся ў пралетарскім асяроддзі, ён пайшоў яшчэ далей, умоўна разгалінаваўшы яго на дзве групы: да першай Дзяніс аднёс працоўных-няўдачнікаў, якім нічога іншага акрамя заводу ў гэтым жыцці і блізка не свяціла, гэтакіх запраграмаваных на кожны дзень гамункулусаў; [2] да другой — людзей, якія ўладкаваліся выключна на кароткачасовы тэрмін, каб падзарабіць грошай. Сябе Дзяніс адносіў да другой катэгорыі і кожны раз цешыўся думкай, што хутка ўсё скончыцца і ён ізноў уздыхне вольным паветрам. Яшчэ больш яго ўлагоджвала канчатковая мэта, той самы стымул — электрычная гітара. О, колькі сэнсу ён укладаў у гэты музычны інструмент. Мара ўсяго дзяцінства вельмі хутка павінна была трапіць да яго ў рукі. Больш таго, уладанне такой гітарай аўтаматычна рабіла Дзяніса паўнапраўным удзельнікам безназоўнага, пакуль, гурта, які ён разам з сябрамі-аднакурснікамі стварыў, прыблізна, год таму і які, дарэчы, зусім не прагрэсаваў. Уся справа заключалася ў адсутнасці інструмента, што ў выніку і прымусіла, гультая, па сутнасці, Дзяніса, пайсці на завод.
І вось чарговы дзень, чарговы васьмігадзінны гвалт над яго целам, загадкава прытаіўшыся ў цені, чакаў наперадзе.
Пад’ехаў 86 аўтобус. Дзяніс зайшоў у яго і cтаў у самым канцы кабіны. Людзі мітусіліся, каб знайсці зручнейшае месца, піхаліся, чапляючы адзін аднаго плячыма і локцямі, наступалі на ногі, не просячы пры гэтым элементарнага выбачэння. Адна тлустая карова наступіла сваім капытом якраз на мезенец Дзяніса і нават не паглядзела ў яго бок. Можа яна штосьці і сказала, ён не чуў — слухаць каліфарнійскі панк было значна прыемней.
Дабірацца да заводу з Ангарскай Дзянісу прыйшлося яшчэ каля сарака хвілін і таму, каб прабавіць гэты час, ён пад песні NOFX пачаў падбіраць у галаве невялікія зарыфмоўкі і менавіта па-беларуску. Гурт, у якім удзельнічаў Дзяніс, засяроджваўся пераважна на беларускамоўных тэкстах, не без яго асабістай падачы.
Едучы ў мятро, Дзяніс уяўляў сябе з хлапцамі на невялікай сцэне якога-небудзь запляванага клуба, уяўляў, як яны крута будуць адтуль глядзецца, і ўсе прысутныя без выключэння, з захапленнем будуць слэміцца пад неразборлівую музыку новаспечанага рок-бэнду.
Гэтыя радкі ўзніклі ў яго галаве спантана, як узнікае, напэўна, усё геніяльнае.
“А што, зусім ня дрэнна”, — падумаў ён.
2
Дзяніс выйшаў з аўтобуса акурат каля Мінскага заводу лядоўняў. Шэры гмах савецкай забудовы паказаўся ў яго полі зроку яшчэ здалёк. Вялікія белыя літары, узгрувашчаныя на дах дванаццаціпавярховага інжынернага корпуса, вылучалі голаснае слова “Тытан”. Ён паглядзеў на бясхмарнае неба, якое мірна распасціралася над заводам і падумаў аб неспадзяваным выбуху. Паднімаючыся па прыступках да прахадной, Дзяніс усміхнуўся ад думкі, што было б няблага, калі б гэты завод нечакана праваліўся ў нябыт, як змрочны дом Ашэраў, ці, на крайні выпадак, на яго б скінулі бомбу. Аднак завод па-ранейшаму стаяў на сваім месцы і вітаў суровы пралетар, які падбіраўся да яго з розных бакоў, як мурашы да мурашніка. Прахадная, у сваю чаргу, шырока расчыніўшы зяпу, апантана глытала людзей, набіваючы каменнае чэрава чарговымі ахвярамі. Усё, чымсьці, нагадвала эпізод з нямога фільма Фрыца Ланга “Метраполіс”.
Мінуўшы дошку гонару, на якой фігуравалі аднолькавыя твары з пустымі вачыма і дурацкімі ўхмылкамі, прахадная ўрэшце праглынула і Дзяніса. Ён увайшоў у фае. Людзі даставалі пропускі, датыкаліся імі да турнікета і паспяхова пераходзілі на іншы бок — менавіта адтуль пачыналася ўсё самае ненавіснае і абрыдлае Дзянісу за апошні тыдзень.
Ён падышоў да кабіны, у якой сядзела вахцёрка даволі прыемнай знешнасці з дробненькім рабаціннем на шчоках і кірпатым носе, і працягнуў ёй свой часовы пропуск. Яна ўсміхнулася Дзянісу беласнежнымі зубамі і спытала, прачытаўшы яго імя:
— Дзяніс Аляксандравіч?
— О так… — адказаў ёй Дзяніс і пакуль пазітыўна настроеная вахцёрка ўводзіла яго асабісты нумар у кампутарную базу дадзеных, прагна прыняўся паглынаць яе шыкоўныя акружнасці, што так спакушальна вымалёўваліся цераз карункавую блузку.
— Ну, што, ёсць там у вас такія? — спытаў ён.
Яна націснула клавішу Enter і аддала яму пропуск.
— Праходзьце.
— Дзякуй, — Дзяніс узяў пропуск і далікатна дакрануўся да яе цёплых пальцаў.
Чырвань акрапіла шчокі вахцёркі і яна збянтэжана адвяла позірк.
“Кабель!” — сказаў Дзянісу ўнутраны голас і ў яго з’явіўся настрой.