Вершнiкi на дарозе (СИ)
Вершнiкi на дарозе (СИ) читать книгу онлайн
Словы — рэч ненадзейная. Здрадлівая. Імёны тыя ж, скажам. Вось для прыкладу, называюць мяне — Косткасей. Рассяваю, значыцца, косткі на ратным полі. Злавіць бы аднаго з тых, што ўкладаюць песні на кожны стук-грук, дакладней, таго калматага вечна п'янага гарлапана, які першым гэта прыдумаў, то яму гэтыя самыя косткі як след пералічыў бы.
Зрэшты, усё можна выкарыстаць на сваю карысць. Імя — таксама, нават калі не дужа падабаецца. Княжыя майстры колісь выкавалі мне неблагі чэрнены панцыр, на якім срэбрам выведзены малюнак — хрыбет ды рэбры. І забрала ў шалома адмысловае — быццам чэрап. У чалавечых сыноў зазвычай пачынаюць падступна дрыжаць каленкі яшчэ да таго, як нябогам даводзіцца скрыжаваць са мною меч.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Восенню Курганова Поле пахла мёдам, бо квітнелі верасы — белыя, ліловыя, амаль чорныя.
Цэлае мора верасоў хвалявалася пад дотыкамі ветру ажно да далягляду, да цёмных зубцоў Пушчы. Камяні прагна лавілі сонечныя промні, назапашвалі цеплыню і святло, рыхтуючыся да зімы. Над курганамі павольна плылі серабрыстыя ніці павуціння.
Так прайшлі гады — тры ці мо чатыры, не магу сказаць дакладна. Мы не адчуваем час так, як адчуваюць яго чалавечыя сыны, і нават стагоддзі для нас прабягаюць амаль незаўважна, быццам пясок скрозь пальцы.
Сотвар з'явіўся побач са мною ў адзін з першых дзён восені — упершыню за доўгі час сам завітаў на мяжу. Выйшаў з ценю стаячага каменя, высокі, прамы. Абапіраўся на разны посах з зыркім зялёным самацветам, цягнуў за сабой ацяжэлы ад расы сіні плашч. Вецер кратаў князевы сярэбраныя валасы, і падавалася, быццам гэта — ніці павуціння.
У доўгіх ягоных пальцах адлівала срэбрам птушынае пёрка — напамін ад князёўны, доўгачаканая вестка.
— Яна жадае вярнуцца да нас, — сказаў мне князь, хоць я і так зразумеў, у чым справа. На яго тонкіх вуснах прамільгнула, як знічка, усмешка. Ён прадбачыў, што менавіта так усё і закончыцца, і вельмі цешыўся гэтым. Я згадаў упартага маладзенькага вар'ята — і яркі пагодны дзень чамусьці азмрочыўся.
Зрэшты, сам вінаваты. Ён ведаў, куды ішоў і за кім, ці не так?
— Вярні яе дамоў, Косткасей, — няголасна загадаў князь. На ягоную карону з танюткіх залатых дубовых лісткоў цяжка ўпаў, прыняўшы іх за сапраўдныя, белы матылёк.
Я моўчкі пакланіўся. Я не звык разважаць над княжымі загадамі: усё такі — вартаўнік, вой, зброя ў княжых руках. Зброі задумвацца не выпадае, яна паслухмяная руцэ, што яе трымае.
Уночы ўдарыла навальніца. Я, захутаўшыся ў плашч, нёсся на кані між неспакойных буркатлівых хмар. Імклівы вараны конь стрыг вострымі вушамі і голасна ржаў, і голас яго патанаў у грымотах. Маланка біла раз'юшана, праразаючы целы хмар, быццам кап'ё, і асвятляла ўсё вусцішным блакітным ззяннем.
Белае птушынае пёрка, рассыпаючы сярэбраныя іскры, плыло перада мною, паказваючы шлях, і то рабілася іскрыста-блакітным, то блякла і зноў цьмяна свяцілася праз завесу дажджу.
Хлопчык завёз яе далёка. Можа быць, падсвядома хацеў трымацца як мага далей ад месца, якое так яго пужала. І, вядома, трымаць яе, сваю князёўну, далей адтуль. Наіўны — як быццам адна з нас, калі пажадае, не знойдзе дарогі назад, дарогі дамоў. Можа быць, ён проста не надта верыў, што ягоная абранніца калі-небудзь пажадае гэтага.
Капыты каня ўдарылі па чарапічным даху замка, а адзін узмах доўгага хваста вымусіў флюгер шалёна заскакаць і затрэсціся. Я скіраваў каня ніжэй — і падковы выбілі іскры на брукаванцы замкавага дворыка. Пёрка ўспыхнула ярчэй, а пасля рассыпалася, ападаючы яркімі кропкамі долу. Значыць, тут.
Я прайшоў праз замкнёныя дубовыя дзверы, пакрочыў, бразгаючы шпорамі, па гулкіх пустых залах. Наткнуўся вачыма на герб над камінам — напяты лук ды тры стралы. На сцяне ў пацямнелых ад часу рамах — партрэты, адзін па адным. Чалавечыя сыны, як я чуў, пакутліва прагнуць жыць вечна і таму намагаюцца ўвекавечыць хоць бы сваё падабенства. Я запаволіў крок і звузіў вочы, спрабуючы знайсці ў выявах на сцяне штосьці агульнае з тым упартым Падвеем, якога памятаў.
— Косткасей. — пранёсся ледзь чутны, але настойлівы шэпт, так што я сумеўся і не стаў затрымлівацца.
Яна зараней падрыхтавалася: у замку ўсе спалі. Я прамінаў вартавых, што пасопвалі стоячы, абапёршыся на алебарды. Пакаёвак і служак, што паснулі за працаю — хто на стосе бялізны, хто ў абдымку з недачышчаным кацялком. Шэпт вёў мяне далей, да вузкай каменнай лесвіцы, што, закручваючыся, ішла ўверх.
На самым версе быў пакой, асветлены зыркім агнём у каміне. Мой цень на сцяне выкруціўся і пачварна разросся, а агонь сярдзіта патрэскваў, і сіпеў, і сыпаў непрыемнымі, калючымі іскрамі. Бадай, адзіны з усіх вартавых у гэтым замку, які не спаў.
— Ну, ну, — сярдзіта шапнуў я агню. — Мяне сюды паклікалі, ясна?
Побач з камінам на мядзведжай шкуры стаяла калыска, і ў ёй спала, падклаўшы дробны кулачок пад шчаку, дзіця. Побач з дзіцем у фатэлі спаў і Падвей — гэты значна пасталеў, узмужнеў і, здаецца, пазмрачнеў. Спаў трывожна, хмурыўся ў сне і абяссілена варушыў пальцамі на ручцы фатэля, быццам марна спрабаваў злавіць чыюсьці руку.
Марэна стаяла далей ад каміна, каля акна ў алавянай аплётцы, глядзела на дождж і нават не азірнулася, калі я ўвайшоў. Сукня на ёй была цяжкая і пышная, з зялёнага аксаміту, і валасы падабраныя наверх, узбітыя ў дзіўную высокую прычоску.
— Едзем, князёўна, — сказаў я, працягваючы ёй руку. Не пытаўся, а сцвярджаў, бо яна сама менавіта дзеля гэтага паклікала мяне сюды.
— Едзем. — глуха адказала Марэна. Павярнулася на абцасах, закручваючыся вінтом, і на імгненне стала языком белага агню, і выслізнула з нязручнай сукні, так што валасы ўкрылі яе, быццам вогненна-залаты плашч. Князёўна, зноў ззяйкая і серабрыста-белая, безуважна пераступіла цераз скамечаны аксаміт на падлозе і абаперлася на мой локаць.
— Едзем! — паўтарыла весела, усміхаючыся так, што на белых шчоках паўмесяцамі прарэзаліся ямінкі.
У калысцы тоненька і жаласна заплакала дзіця. Падвей варухнуўся ў сне, прашаптаў нешта, але не прачнуўся.
— Хутчэй, — папрасіла Марэна, калоцячыся, як ад холаду. — Прэч адсюль.
Я падхапіў яе, і мы пранесліся праз увесь замак, быццам парыў ветру. Вараны конь ужо чакаў нас, біў капытом, высякаючы іскры. Над самым замкам зноўку ўспыхнула блакітнае зарава, і пакаціўся, кульгаючы, гром. Мы пакаціліся прэч разам з ім, аглушаныя грымотамі, і князеўна, якую я пасадзіў перад сабой, аніводнага разу не азірнулася. Раз-пораз яе плечы скаланаліся, але твару яе я не бачыў, таму не магу сказаць — плакала яна ці смяялася.
Князь асабіста сустракаў яе на мяжы. Стаяў разам са світаю каля белага каменя, апаясанага пляценнем чароўных знакаў, і сярэбраная выкшталцоная вышыўка на доўгіх рукавах ягонага ўбору ззяла, быццам іней на сухой траве. І вочы ў яго ззялі таксама — халодныя, быццам іней.
Я прытрымаў гарачага каня, дапамог князёўне спешыцца. Яна адразу ж амаль бегма рушыла да бацькі. Той абняў яе, укрыў уласным плашчом з галавою.
— Мы так сумавалі без цябе, любае наша дзіця, — спакойна сказаў ёй Сотвар. — Добра, што ты нарэшце з намі.
Ён павольна правёў тонкай рукой з унізанымі пярсцёнкамі пальцамі па галаве Марэны, схаванай пад сіняй тканінай, — і абрысы фігуры пад плашчом вокамгненна зніклі. Я здранцвеў, я заскрыгатаў зубамі, сціснуўшы ў кулаку аброць. Мне падавалася, што дзяўчынка і так атрымала належную навуку, пакарала сама сябе.
А князь падхапіў нешта пад плашчом і пасля рэзка сцягнуў яго долу. Трымаў на пальчатцы маленькага натапыранага белага сокала, які ўспуджана біў крыламі і крычаў.
Крычаў так пранізліва і жаласна, што разрывалася сэрца.
— Косткасей, — князь падняў яркія шэрыя вочы на мяне. — Калі той чалавек з'явіцца, ты ведаеш, што рабіць.
Я нахіліў галаву. Здагадацца, чаго ён хацеў, было нескладана. Гэта чалавечыя сыны, на сваё шчасце, схільныя забываць, а мы, як і сама зямля, памятаем доўга, бясконца. Таму не ўмеем выбачаць.
Па шчырасці, я неяк падсвядома чакаў, што гэты ўпарты хлопчык хутка з'явіцца. Чакаў не дзеля княжага загаду — проста гэта падавалася мне прадвызначаным зараней, яшчэ ў той дзень, калі Падвей упершыню прыехаў сюды, на мяжу.
І ён з'явіўся. Зноў прыскакаў на белым кані — узмыленым, загнаным.
Па першым інеі пайшоў да стаячых камянёў — змрочны і ціхі, з хваравіта завостранымі рысамі твару, з ценямі пад вачыма. Памежныя чары, мусіць, пазналі яго, таму што прапусцілі далей, і ён сам змог падняцца на курган. Стаўры пільна сачыў за ім, але не гыркнуў і не забрахаў. Таксама пазнаў.
— Я. я прыехаў па яе, чуеце? — хрыпла загаварыў Падвей, як толькі падняўся на вяршыню. — Чуеце?.. Я прыехаў па сваю жонку. Марэна!
Ён кідаўся то ў адзін бок, то ў другі, і клікаў князёўну, і прасіў, і нават пагражаў. Не варта было чакаць, пакуль камяням шумны чужынец надакучыць і яны вырашаць самі ад яго пазбавіцца, таму я зрабіў крок з ценю насустрач чалавеку.