Змагарныя дарогi
Змагарныя дарогi читать книгу онлайн
Уладзiмiр Арлоў. Змагарныя шляхi Кастуся Акулы (Уступ да Менскага перавыданьня 1994 году)
Станiслаў Станкевiч. "Змагарныя Дарогi" К.Акулы (Уступ да Таронтска-Мюнхенскага выданьня 1962 году)
Кастусь Акула. Пасьля першых адгалоскаў...
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
На вялiкай фабрычнай плошчы група спынiлася. Пачаўся ўжо другi i яшчэ больш грунтоўны кантроль з боку канвойных. Бедны быў той, хто меў добрыя боты: хутка давялося зь iмi разьвiтацца. Сымон быў задаволены, што меў адно падношаныя чаравiкi. Разутыя найчасьцей не атрымоўвалi нiчога ўзамен. Французы, вiдаць, запасалiся абуткам, каб пры нагодзе было за што выпiць.
Воддаль ад новапрыбылых стаяў натоўп - сотнi мо тры - раней ужо прыгнаных з трыццатай дывiзii. Сымон спасьцярог там Налепу й шмат iншых са свае роты. Афiцэры стаялi ў асобнай групе побач. Лейтанант Башмакоў нiяк не мог дапытацца, дзе згубiўся лейтанант Сьцервiн. Камандзер роты Багданаў цьвердзiў, што пазаўчора каля гадзiны адзiнаццатай Сьцервiн сабраўся ў абход пазыцыяў i ад гэтага часу яго не бачыў. Думалi, што пазьней выясьнiцца, што мо на гэты бок забадзяўся, ажно й тут няма. Чалавек як у ваду кануў. Нiхто зь iх так i не даведаўся, што сталася са Сьцервiным, а тыя, што ведалi, тым часам маўчалi.
Пасьля блiзу гадзiннага чаканьня ўсiх палонных накiравалi ў горад пад канвоем мясцовае палiцыi. Прайшоўшы колькi вулiцаў, спынiлi iх перад будынкам каманданта. Афiцэраў паклiкалi на допыты. У гэтым часе францускiя жаўнеры, што праходзiлi й праязджалi, шнырылi ў людзей па кiшэнях. Ужо зусiм сьцямнелася, калi загналi палонных у падвал нейкага вялiзнага будынку. Там прасядзелi мо пару гадзiн, атрымаўшы першую страву па гэтым баку - па лыжцы нясмачнай полiўкi.
Заладаваўшы людзей на шматлiкiя транспартныя машыны, завезлi iх за паўдзесятка кiлямэтраў у нейкае мястэчка, дзе разьмясьцiлi на начлег (як Сымон назаўтра даведаўся, прыгледзеўшыся) у пустой жыдоўскай сiнагозе. Пры ўваходзе ў яе яшчэ раз лазiлi людзям па кiшэнях, i ў шматлiкiх беларусаў вытварылася iдэя, што французы - дасканалыя кiшанёвыя майстры.
Сымон апынуўся наверсе, у вялiкiм бочным пакоi. Людзей напакавалi туды, як у бочку селядцоў. Праз вокны сьвiстаў вецер. Было цёмна. Людзi клалiся адпачываць на сьцюдзёнай падлозе. Ногi й галовы так паблыталiся, што цяжка было-б i разгледзець, што да каго належыць.
У адным кутку чуваць было нямецкую мову.
- Ты куды нагу ўпёр мне ў плечы! - жалiўся адзiн голас.
- Павярнiся-ж ты хаця крышку, каб i я прылёг.
- Вось дык i жывём, - уздыхнуў трэцi.
- Камэрад, камэрад! Дас iст фаў драй! - дражнiў немцаў Рэшатаў.
Колькi чалавек гучна засьмяялася.
II
Ранiцою Сымон разгледзеўся. Бажнiца была паўнюсенька набiта народам. Балькон, нiжняя заля, бочныя каморкi - усё было перапоўнена.
- Слухай! - гукнуў Сымона Пiсаронак. - Караткевiч тут ёсьць.
- Так? Дзе ён?
Знайшлi Вiктара на бальконе. Сядзеў i, пазяхаючы, разглядаўся. Усмiхнулiся, паздароўкалiся, моцна пацiснулi рукi.
- А калi-ж ты трапiў? - пытаў Сымон.
- Учора апаўднi.
- Дык дзе-ж ты так доўга быў заваляўся?
- Братка, каб ты толькi ведаў, - пазяхаў iзноў той. - Хацеў я ўжо быў заставацца ў селянiна. Дамовiўся, усё абцяпаў, як належыцьца. Начаваў у яго цэлую ноч. Дзе-ж ты, братка, такое бачыў... Як пасядзеў адну пару ў тых вакопах - вады па каленi... Не, думаю, не такi я дурань, каб калець на сьцюжы. Дык ведаеш, пайшоў да Рэшатава й прашу, каб даў мне боты. Ён кажа: дам табе боты, дык хутка нi цябе, нi ботаў не ўбачу. Зараз змыешся, кажа. Як узяла мяне, братка, злосьць. Не, думаю, скула-ж табе ў бок. Калi так, думаю, дык i фiгу мяне больш убачыш. Забраўся я да мужыка ў пуню на сена й выспаўся як належыцьца. Спаў да васьмi. Ранiцаю ўстаў, папiў культурна кавы, пасьнедаў у гаспадара дый толькi ўжо збiраўся ў цывiльнае пераапранацца, як тутака табе й пачалося. Ад хаты да пунi не было як перабегчы: мiны кругом клалiся, кулi навокал сьвiсталi...
- А я-ткi думаў, чаго яны так моцна ў тым баку страляюць? - жартаваў Сымон, ведаючы, што сябра заўсёды дабаўляе й перахвальвае. - Ажно гэта яны цябе старалiся зь бясьпечнага сховiшча вывудзiць. От яно як!
- Ты сьмейся ня сьмейся, - крыху зьбянтэжыўся Вiктар, - а надта смачна й ня было. Гаспадар дамовiўся мне цывiльную вопратку ў пуню прынесьцi. Дык дзе там! Ня было як. Цi то ня мог прайсьцi, цi то пабаяўся. Ягоная хата была якраз з таго боку вёскi, дзе найбольш абстрэльвалi. Што-ж тады мне заставалася рабiць? Залез я, ведаеш, у хлеў i схаваўся пад бычкоў за карыта...
- Куды? Куды?
- Схаваўся за карыта ў быкоў.
- У быкоў? Га-га-га! - рагатаў Сымон, а Пiсаронак яму памагаў. - Але-ж зь цябе й ваяка. I даволi арыгiнальнае сховiшча. А даiць iх ня пробаваў? Га-га-Та, хэ-хэ...
Вiктар зьбянтэжыўся.
- Ну, апавядай далей, - спанукаў сябра.
- Што-ж там многа апавядаць? Прыйшлi й выцягнулi.
- Хто прыйшоў i як выцягнулi?
- Гаспадар сказаў iм, мусiць, бо доўга чакаць - не чакаў. Прыйшло, брат, двое - чорны зь белым. Як хвацiлi мяне за рукi й ногi ды як павалаклi з-за таго карыта, дык чаго ўсiх канцавiнаў не павыкручвалi. Як убачылi, заразы, гадзiньнiк, дык чаго з рукой не адарвалi. Забралi ўсё ўсенькае: i хлябак, i шапку, застаўся во як стаю.
- Эх, брат, ну й ваяка-ж зь цябе, - сьмяяўся Сымон. Рана пачалi ладаваць палонных на машыны. Мiж афiцэраў вiдаць было й маёра Мураўёва. Ён стараўся быць вясёлым, але гэта не надта ўдавалася. Вясёласьць была штучная. Тое-ж наглядалася й мiж iншых афiцэраў. Яны апранулi штучныя маскi бесклапотнасьцi, з-пад якiх вiдаць было няпэўнасьць цi навет i некаторую трывогу. Магчыма, што ў галовах гнязьдзiлiся ранейшыя, часта паўтараныя немцамi пагрозы, што ўсе палонныя будуць аддадзеныя ў рукi Сталiна.
Даўгi транспарт з палоннымi, што стаялi ў кузавах аўтамашынаў, ужо каля паўдня выехаў у кiрунку Бэльфорта. Праяжджалi празь вёскi, густа ўпрыгожаныя францускiмi сьцягамi, мiма сьвяточна апранутых жыхароў i калёнаў францускага войска, што пасоўвалася на фронт. З боку як адных, так i другiх у адрас палонных чулiся дзiкае выцьцё, пагрозы й насьмешкi. Той цi iншы з французаў падбягаў i стараўся плюнуць у палонных. Хто ведае, цi сустрэчныя адносiлiся-б iнакш, калi-б ведалi, што палонныя ня былi немцамi.
Транспарт праяжджаў празь вялiкую вёску, дзе разбурэньнi й розны хлам на вулiцы сьведчылi аб нядаўнiх баёх. Усюды было поўна цывiльных i вайсковых. На павароце аўтамашыны спынiлiся. Сымон зь сябрамi стаяў у кузаве другой машыны. Колькi цывiльных, у тым лiку адна жанчына, набраўшы поўныя прыгаршчы гразi, пачалi абкiдваць ёю палонных. Яны дзiка смяялiся й крычалi, калi гразь пападала ў мэту. Канвойныя, што стаялi па чатыры ў кожным кузаве з бакоў, з уцехаю глядзелi на тыя зьдзекi, бесьперапынна жуючы амэрыканскую гуму.
