Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке)
Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Чырвоны твар Джосi пабялеў, i ён змоўк. Але Сафiя i Губерт былi так рады, так рады, што Сафiя зноў абняла мяне, а Губерт сказаў:
- Гэта - самая лепшая навiна, якую ты мог прынесцi нам.
Iм хацелася даведацца, як усё адбылося. Акрамя Джосi: ён раптам заспяшаўся.
- Мы зможам даведацца пра гэта пазней, - сказаў ён. - Мы павiнны дабрацца туды, куды накiроўваемся, да цемнаты.
"Так, таму што салдаты Тэнджыла, несумненна, дзесьцi чакаюць", - падумаў я.
- Паедзем, Карл, - прапанавала Сафiя. - Мы можам ехаць разам на маiм канi.
- Не, - сказаў я. - Вы нiкуды не павiнны ехаць з гэтым здраднiкам.
Я паказаў на Джосi i падумаў, што зараз ён мяне заб'е. Ён схапiў мяне за шыю сваiмi вялiзнымi рукамi i зароў:
- Што ты сказаў? Яшчэ адно слова, i я цябе прыкончу!
Сафiя прымусiла яго адпусцiць мяне, але яна была мной вельмi незадаволена.
- Карл, проста жахлiва назваць чалавека здраднiкам, калi гэта не так. Ты вельмi малады, каб адказваць за свае словы.
Губерт цiха засмяяўся.
- Я думаў, што здраднiк - гэта я. Хто надта многа ведае i каму падабаюцца белыя конi i штосьцi ў гэтым родзе, пра што ты пiсаў на кухоннай сцяне дома.
- Так, Карл, ты раскiдваеш свае абвiнавачваннi паўсюдна, - сказала строга Сафiя. - Ты павiнен падумаць пра гэта.
- Прабач, Губерт, - сказаў я.
- А як наконт Джосi? - запытала Сафiя.
- Я не гавару, што прашу прабачэння, назваўшы здраднiка здраднiкам.
Але я не мог прымусiць iх паверыць мне. Стала жахлiва, калi я зразумеў гэта. Яны збiралiся iсцi з Джосi, яны самi iшлi насустрач сваёй смерцi, як нi iмкнуўся я iх пераканаць.
- Ён вядзе вас у пастку, - гаварыў я. - Я ведаю гэта, ведаю... Спытайце яго пра Ведэра i Кадэра, якiх ён сустракаў у гарах, i спытайцеся ў яго, як ён здрадзiў Орвару.
Здавалася, Джосi зноў збiраецца кiнуцца на мяне, але ён неяк стрымаў сябе.
- Цi ж мы не можам пайсцi, як дамовiлiся? - настойваў ён. - Цi мы рызыкуем з-за выдумак гэтага хлапчука?
Ён паглядзеў на мяне з нянавiсцю.
- А я любiў цябе калiсьцi, - пакiваў ён галавой.
- Я таксама любiў вас, - адказаў я.
Я бачыў, якi ён быў разгублены, хаваючы гэта пад гневам. Ён сапраўды спяшаўся цяпер, таму што яму трэба было, каб Сафiю схапiлi, перш чым яна зразумее праўду, iнакш яго ўласнае жыццё апынецца ў небяспецы.
Якой палёгкай было для яго тое, што Сафiя не хацела ведаць праўду. Яна верыла Джосi, яна заўсёды верыла яму, а мне, якi спачатку абвiнавацiў аднаго чалавека, потым другога, - як яна магла мне паверыць?
- Паедзем, Карл, я высветлю ўсё пазней.
- Не будзе нiякага "пазней", калi паедзеш зараз з Джосi.
Я заплакаў. Наджыяла не перажыве страты Сафii. А я не мог выратаваць яе, таму што яна не хацела сама ратавацца.
- Паехалi, Карл, - паўтарыла яна ўпарта.
Але потым я нешта ўспомнiў.
- Джосi, - сказаў я. - Расшпiлi кашулю i пакажы, што ў цябе на грудзях.
Джосi смяротна пабялеў, так, што нават Сафiя i Губерт заўважылi гэта. Ён прытулiў руку да грудзей, нiбы прыкрываючы там штосьцi.
Настала кароткае маўчанне. Потым Губерт сказаў даволi настойлiва:
- Джосi, зрабi тое, што просiць хлопчык.
- Мы павiнны спяшацца, - адказаў ён, падсоўваючыся да свайго каня.
Сафiя насцярожылася.
- Не так ужо i спяшаемся, - сказала яна. - Я тут галоўная, Джосi. Пакажы мне свае грудзi.
Было жахлiва бачыць, як Джосi стаiць, задыхаючыся, напалоханы i паралiзаваны, не ведаючы, уцякаць цi заставацца. Сафiя падышла да яго, але ён адштурхнуў яе локцем, чаго не павiнен быў рабiць.
Яна схапiла яго i рэзка расшпiлiла кашулю.
А там, на грудзях, было кляймо Катлы: галава дракона, якая iскрылася, нiбы кроў.
Сафiя пабялела яшчэ горш, чым Джосi.
- Здраднiк, - сказала яна. - Пракляцце на тваю галаву за ўсё, што ты зрабiў для далiн Наджыялы.
Нарэшце Джосi апамятаўся. Ён вылаяўся i кiнуўся да свайго каня, але каля яго ўжо быў Губерт. Тады ён азiрнуўся, стараючыся знайсцi магчымасць знiкнуць, i ўбачыў лодку. Адным скачком ён апынуўся ў ёй, i, перш чым Сафiя i Губерт падбеглi да берага, цячэнне аднесла яго.
Ён засмяяўся. I гэта быў жахлiвы смех.
- Я пакараю цябе, Сафiя, - закрычаў ён. - Калi прыйду галоўным правiцелем у Вiшнёвую Далiну. Я пакараю цябе!
"Ты, дурань, ты нiколi не вернешся ў Вiшнёвую Далiну, ты трапiш у вадаспад Карма i нiкуды больш", - прамiльгнула ў мяне ў галаве.
Ён стараўся грэбцi, але моцная плынь падхапiла лодку i закруцiла яе, iмкнучыся разбiць, вырываючы вёслы з яго рук. Потым вялiзная хваля накрыла яго. Я ўскрыкнуў, хацеў дапамагчы яму, хоць ён быў здраднiк, але я разумеў, што нiякай магчымасцi выратаваць Джосi няма. Было вусцiшна i сумна стаяць у цемры, нiчога не бачыць, але ведаць, што подлы Джосi там зусiм адзiн i безабаронны ў вiрлiвай вадзе. Мы заўважылi яго на грэбенi хвалi, потым ён зноў апусцiўся, i больш мы яго не бачылi.
Было амаль цёмна, калi рака праглынула Джосi i панесла яго да вадаспада Карма.
15
Нарэшце надышоў дзень, якога чакалi ўсе, - дзень бiтвы. Над Далiнай Дзiкай Ружы пранеслася бура, усе дрэвы павалiла, а многiя з iх нават паламала. Але не такую буру меў на ўвазе Орвар, калi гаварыў:
- Прыйдзе бура вызвалення, яна знiшчыць заваёўнiкаў, падобна вiхуры, якая валiць i ламае дрэвы. Яна прамчыць паўсюдна з гулам i ровам, знiшчаючы рабства i зноў вызваляючы нас!
Так гаварыў ён на кухнi ў Мацiяса, дзе ўпотай сабралiся людзi, каб убачыць i паслухаць яго, - так, яны прыйшлi ўбачыць яго i Джанатана.
- Вы абодва - наша надзея i суцяшэнне, вы - усё, што ў нас ёсць, гаварылi тыя, хто ўпотай прыйшоў у дом Мацiяса, добра ведаючы, чым гэта iм пагражае.
- Яны жадаюць пачуць пра буру вызвалення, як дзецi жадаюць пачуць казку, зазначыў Маiцяс.
Дзень бiтвы - вось пра што яны марылi, чаго яны так чакалi. Не дзiўна, што пасля ўцёкаў Орвара Тэнджыл стаў яшчэ больш жорсткiм, ён шукаў новыя спосабы, каб мучыць i катаваць Далiну Дзiкай Ружы, таму людзi ўзненавiдзелi яго яшчэ больш, таму ў Далiне кавалася зброя.
Усё больш i больш добраахвотнiкаў прыбывала з Вiшнёвай Далiны.
У глыбiнi лесу непадалёку ад сядзiбы Эльфрыды Сафiя i Губерт арганiзавалi ваенны лагер. Зрэдку Сафiя карысталася падземным ходам i прыходзiла да Мацiяса, каб разам з Орварам i Джанатанам абмеркаваць план бiтвы.
Я ляжаў на кухнi, таму што патаемны пакойчык займаў Орвар, якому неабходна было хавацца.