Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
У наступным годзе я паступіла ў Літаратурны інстытут. Колькі тэлевізараў і радыёпрыймачоў займелі прывезеныя мною з Шаўляю дэталькі — не ведаю... Але і цяпер мне часам здаецца, што я ў чарговы раз гераічна прывезла, здабыла ў экзатычнае далечыні гару рознакаляровых незразумелых і дужа дарагіх дэталек, а небаракі школьнікі і студэнты, сагнаныя выкладчыкамі, корпаюцца ў іх, разбіраюць па вобразах і цытатах, адбываючы панылую практыку... Застаецца спадзявацца, што ў нейкага ўсё-ткі дзякуючы майму здабытку — верш, аповед, радок — запрацуе прыймач, настроены на беларускую літаратуру.
Я, Літінстытут і Кальварыя
Люблю дэкаданс.
Не ў сэнсе манерных салонаў, а — закінутыя капліцы, расколатыя мармуровыя статуі, каваная магільная агароджа... Гатычная дэпрэснюга.
Я ж і вырасла побач з Кальварыйскімі могілкамі. І часам жартую, што вось — у каго якая малая радзіма, а ў мяне — могілкі...
У дваццаць гадоў, з другой спробы, я прайшла творчы конкурс у Літаратурны інстытут імя Горкага і атрымала позву на іспыты. Пачуўшы пра гэта, адны знаёмыя пачыналі кісла прызнавацца, што самі пішуць вершы, і маглі б таксама паступіць у той інстытут, калі б толькі зажадалі... Але вось прынцыпова не жадаюць. Другія зацята пераконвалі, што такая сціплая і добрая дзяўчынка, як я, абавязкова загіне ў маскоўскім вяртэпе...
Не для таго я з чатырнаццаці гадоў кожны вечар заседжвалася да гадзіны ночы за пісьмовым сталом, каб слухаць зычліўцаў. З мяне было досыць двух гадоў на вытворчым аб’яднанні «Гарызонт».
Зразумела, перад ад’ездам у Маскву я пайшла на Кальварыю. Цэлую ноч праблукала з сябрам між магілаў за медытатыўнымі размовамі. Жоўты льняны пінжачок грэў слаба.
Застуда выявілася ўжо ў Маскве. Напачатку забалелі зубы, і гэта ўвагнала мяне ў дэпрэсію капітальна. Я замагільным голасам апавядала іншым абітурыенткам, як мне не падабаецца гэты брудны тлумны інтэрнат, і гэты афіцыёзны інстытут, і як мне не хочацца ў ім вучыцца... Дзяўчаты з Удмуртыі, Украіны і Сібіры дзіка паглядалі на мяне і адыходзіліся як далей. Я зачынялася ў пакоі з жоўтымі сценамі, спрэс у багемным графіці, даставала раман Уладзіміра Караткевіча «Нельга забыць», дзеянне якога адбывалася менавіта ў гэтым інтэрнаце, і спрабавала забыцца на зубны боль ды іншыя сімптомы застуды...
Забыцца было нельга.
І гарачай вады ў інтэрнаце не было. Я прыдумала геніяльнае выйсце: пайсці ў маскоўскую цырульню (тут жа неадменна ўсе майстры суперкласа, не тое што ў Мінску), зрабіць прычоску. А заадно — і галоўнае — вымыць валасы.
Маскоўская цырульня знайшлася на другім паверсе панылага саўковага дому над капеечнай сталоўкай. Народу чакала процьма...
Трэба было ўцячы адразу пасля таго, калі на маіх вачах незадаволеная цётка-цырульніца ператварыла цудоўную дзяўчынку з пушыстымі хвалістымі валасамі, падобную да Асолі, у стрыжаную дзетдомаўку... Але тут была гарачая вада!
І неўзабаве я стала таксама падобная да падрослай дзетдомаўкі з недарэчнай грыўкай і напалову аголенымі вушамі. Не ведаю, як называлася гэтая стрыжка, але да маёй дэпрэсіі яна якраз пасавала. Я сустракалася з патэнцыйнымі аднакурснікамі і з сарказмам абвяшчала: «Так, так, вы не памыліліся, гэта я».
А чаго ім было здзіўляцца: адзін хлопец з нашае групы ўвогуле налыса пастрыгся — дэкляраваў, што гэтак зробіць пасля ўдалай здачы іспыту.
У інтэрнаце мне сталася зусім кепска. Удмуртка з групы перакладчыкаў, па прафесіі медсястра, абмалявала мяне «ёднымі сеткамі»... Не дапамагло.
Уночы, гарачая, як забыты на патэльні імбрык, я спаўзла да вахцёркі і пачала прасіць пігулак ад тэмпературы. Вахцёрка паглядзела на мяне і выклікала «хуткую дапамогу».
Прыехала брыгада з двух дужых хлапцоў-практыкантаў. Ім было цікава апынуцца ў легендарным літінстытутаўскім інтэрнаце. Хлопцы пабалбаталі, ушпілілі мне ўкол і параілі, з нястачы ў пакоі цёплай коўдры, накрыцца матрацам з другога ложка.
Так я і праляжала да раніцы між двума смярдзючымі, у плямах, паласатымі матрацамі, як у сапсаваным сэндвічы.
Назаўтра тэмпература знізілася, але я ўсвядоміла, што на далікатным месцы, куды зрабілі мне ўкол вясёлыя хлопцы-дактары, утварыўся канкрэтны гузак.
Мая іпахондрыя абвастрылася да сусветных межаў, думкі было толькі пра смерць, гузак балеў, і я пабрыла ў паліклініку... Напрасілася на прыём — бедная паэтка з Беларусі. Доктар прапісаў прыкладаць бычыную жоўць.
Калі мяне спыталі, якія паэты падабаюцца, сказала першае, што згадалася. У галаве было адно, ці не моцна патыхае ад мяне жоўцю.
Сумоўе я прайшла. А вось аднаго мужыка, дырэктара цырка ліліпутаў са стэпавага рэгіёна, прадстаўнік камсамольскай арганізацыі спытаўся: «Вось, вы ўжо выйшлі з камсамольскага ўзросту... А што даў вам камсамол?» А той, простая душа, толькі паціснуў пячыма: «Што даў? Ды нічога не даў!»
Адзінка па сумоўі — і наперад, у стэпы.
А я ў перапынках змагання за жыццё здала ўсе іспыты на выдатна. Масква была заваяваная неяк мімаходзь і без асаблівай ахвоты.
Я вярнулася дадому з абстрыжанымі валасамі, з бутэлечкай бычынай жоўці ў сумцы і томікам Караткевіча пад пахай.
І найперш пасунулася на Кальварыю. Прайшлася між магілаў... І нарэшце адчула сябе жывой.
Як мы з мамай мяжу парушалі
Дужа люблю падарожнічаць. І вельмі зайздросціла маме, якая ў пяцідзясятых паспела папрацаваць медсястрой у вайсковай частцы ў Карл-Маркс-Штадце. Калі я вучылася ў школе, мы з аднакласніцамі кідалі ў паштовыя скрынкі прыгожыя лісты з адрасам «Любой дзяўчынцы ў ГДР» альбо «Балгарыя. Дзяўчынцы 10 гадоў» і верылі ў легенду, што хтосьці атрымаў адказ на такі ліст, пазнаёміўся з замежнай равесніцай, і пайшлі пасылкі з жуйкамі і джынсамі, а тады і ў госці ўдалося з’ездзіць...
Аднойчы паводле матчынай парады я паслала ліст у газету «Зорька» з просьбай пераслаць яго за мяжу, і атрымала адказ з Баранавіч. Баранавіцкая равесніца таксама вырашыла пазнаёміцца з «дзяўчынкай з ГДР», вось нас і звялі добрыя журналісты. Праўда, перапіска доўга не трывала на тле ўзаемнага расчаравання.
Затое частка маміных сваякоў пасля вайны апынулася ў Малдове, на саменькай мяжы з Румыніяй, у горадзе Кагул, які на той час быў вядомы як месца подзвігаў расейскага вайскаводцы Суворава. Мужа мамінай стрыечнай сястры Тамары Ляпіч, партызанскага камандзіра Сяргея Чарвінскага, паслалі туды з Беларусі ўмацоўваць ідэалагічна складаны раён.
Мая мама нават скончыла ў Кагуле медыцынскую вучэльню. Малдаўскія сваякі слалі нам пасылкі з вінаградам, абрыкосамі, чарэшняй і айвой. Што рабіць з айвой, бабуля і маці так і не здагадаліся, бо на смак яна аказалася зусім нясмачнай і цвёрдай, як недаспелая груша.
За Кагулам зямля была ў белых ракавінках — цэлых, патрушчаных... Дно мора, на якім цяпер раслі вінаграднікі. Між вінаграднікаў цямнелі каналы, вада ў якіх хавалася пад шчыльным слоем зялёнай раскі — жабін рай. За вінаграднікамі сінелі ўзгоркі Румыніі.
Але самая галоўная прынада ў Кагуле — незвычайнае возера з мінеральнай вады. Вада выпраменьвала моцны ёдзісты пах і была настолькі салёная, што калі патрапіць у вочы — хоць крычы... А яшчэ на той вадзе можна было ляжаць — як у Мёртвым моры. Гразь на дне нагадвала смалу, ёю абавязкова абмазваліся ў лекавых мэтах, і пляж набываў зусім экзатычны выгляд ад прысутнасці шматлікіх часовых мурынаў. З’язджаліся на тое возера хворыя з усяго свету... Румынкі ў наматаных на галаву белых хустках заходзілі ў ваду проста ў панталонах. Інваліды падоўгу стаялі на мыліцах ў салёных хвалях. Жудка худзючых дзяцей вадзілі пад пахі бацькі.
Мясцовая моладзь лічыла нявартым бавіцца на салёным возеры. Хадзілі на прэснае, яно было большым, туды не цягаліся хворыя.
Але ў Кагул, памежжа з Румыніяй, прыязджалі толькі па адмысловых запрашэннях. Зона! Часам мы дабіраліся туды з Кішынёва на маленькім самалёце-«кукурузніку». Неяк патрапілі на ім у навальніцу — самалёт кідае, як на атракцыёне ў парку, гуд такі, што галасоў не чуваць. А ў салоне — малдаване, авечкі і кавуны.