Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Пасля гэтага здарэння залескі маёнтак быў прададзены нейкаму немцу, які спакусіўся ўчасткам лесу з гонкімі карабельнымі соснамі, што прадаваўся разам з маёнткам. Хутка там застукалі сякеры, зашоргалі пілы, і Залессе ператварылася ў высечку, зарослую панылым асіннікам, пасярод якой цямнеў, як помнік былому жыццю, занядбаны дом з забітымі аканіцамі — новы гаспадар там не жыў.
Настасся Карвар пасля заканчэння гімназіі паступіла на жаночыя курсы пры Санкт-Пецярбургскай медыцынскай акадэміі. Асабліва быў у захапленні ад гэтага яе малодшы брат Антон — цяпер сястра прывозіла яму ў падарунак новыя кнігі па біялогіі і заспіртаваных яшчарак.
На Каляды ў маёнтку Рэчыцы больш не ладзіліся пышныя карнавалы.
Дом з драўлянымі львамі
Яны прыйшлі якраз на праваслаўнае Вадохрышча, калі зорны Вознік спыніў сваю калясніцу над цёмным сілуэтам капліцы. Яе добра было відаць з вокнаў сядзібы, чый ганак вартавалі два драўляныя львы, замеценыя снегам аж па разяўленыя пашчы.
Гэта была ненадзейная ахова. Адзін маленькі, але жывы сабачка быў бы карысней за тыя вялікія, нязграбныя, пашчапаныя часам і непагаддзю страшыдлы. І адзін з нечаканых гасцей пастукаў у шыбу...
Іх было трое. Два — зусім юнакі, са змучанымі інтэлігентнымі тварамі, апранутыя ў, відаць, нязвыклае для іх сялянскае адзенне. Трэці, гадоў пад трыццаць, бялявы і светлавокі, быў у салдацкім шынялі, з кішэні якога тырчэў стары пісталет. Бялявы час ад часу браўся за яго неўсвядомленым рухам. «Нібыта састарэлая паненка за пудраніцу з люстэркавай накрыўкай»,— з недарэчнай іроніяй падумалася гаспадару сядзібы. Сам гаспадар, сівы хударлявы старэча ў выцертым на локцях, але акуратным старасвецкім пінжаку, стаяў, абапершыся на кульбачку, пасярод вітальні, асветленай чырванаватым агеньчыкам газоўкі, і спакойна глядзеў на прыхадняў крыху выцвілымі сінімі вачыма.
— Вы адчынілі нам,— старэйшы госць намагаўся гаварыць гэтак жа спакойна.— Вы адчынілі, хаця ведалі, што нас шукаюць. Гэта добра, што вы не змусілі нас да гвалту. Ходзяць чуткі, што калісьці вы гэтаксама былі выгнаннікам. Нам трэба толькі трохі ежы і пару гадзін адпачынку... Цёплай парою нас хаваў бы і карміў лес. А цяпер...
Гаспадар схіліў сівую, як снег, галаву:
— На гэтай зямлі ўвесьчасна нехта ўцякае ад пагоні, а нехта даганяе... Калі б іх сляды заставаліся на паверхні зямлі вечна, наш край нагадваў бы вычварныя карункі з незлічонымі абарванымі ніткамі-лёсамі. Я адпусціў пакаёўку на святы да яе сваякоў. Ніхто старонні вас не ўбачыць і не пачуе... Так што можаце нават пераначаваць. Распранайцеся і пойдзем у гасцёўню.
...У каміне скакалі чырвоныя Вогнікі ў вастраверхіх капялюшыках. Здавалася, што яны зацята будуюць маленькі гатычны сабор з многімі вежамі. Але іх будоўля рассыпалася іскрамі-цаглінкамі на чорныя вуглі... І праз імгненне адбудоўвалася ізноў.
...Дзіўны гэта быў дом. Нават таму, што меўся камін, хаця сапраўдныя цяпло і карысць несумненна давала вялікая грубка ў правым ад дзвярэй куце. Мусіць, нехта з ранейшых уладальнікаў сядзібы знаходзіўся пад уплывам рамантызму. А чаго толькі не было на сценах, на паліцах высокіх этажэрак, на каржакаватых камодах! Гравюры на біблейскія тэмы з наіўным сярэднявечным маралізатарствам і прадметным бачаннем надсвядомага. Тыя мастакі дакладна ведалі, як выглядае Меланхолія, Боль, Пошасць, Смерць... А таго, чыё аблічча вядомае да драбніц — чаго ж баяцца? На парцэлянавым посудзе лёталі сінія райскія птушкі, драўляныя грубаватыя скульптуры мясцовай работы, падобныя да львоў ля ганка, суседнічалі з вытанчанымі бронзавымі статуэткамі. З высокай шафы мармуровы Гамер пазіраў невідушчымі вачыма на жахлівую афрыканскую маску. Але галоўнымі ў доме былі кнігі. Паветра гэтак насыцілася папяровым пылам, што здавалася, яго можна было гартаць. Адразу казытала ў носе...
Госці сядзелі перад камінам у плеценых з лазы фатэлях. Юнакі не маглі стрымаць цікаўнасці і крадма кідалі позіркі па баках... Крадма, бо ім зусім не хацелася выглядаць менш годна за свайго бялявага правадыра. А той піў сваю гарбату з гэткім цудоўным суровым выглядам, і інкруставаны пісталет, старасвецкі дуэльны пісталет без пары, ляжаў на ягоных каленях.
Гаспадар адкінуўся на высокую спінку крэсла, абабітага чорнай скурай.
— Як мне ўсё-ткі да вас звяртацца?
Бялявы кінуў папераджальны позірк на таварышаў:
— Можаце зваць мяне Сцяпанам... Вядома, гэта не сапраўднае імя.
Маладзён з кароткімі цёмнымі валасамі, трохі хвалістымі, і ледзь заўважнымі вусікамі, чымсьці вельмі падобны да месяцатварых юнакоў з карцін Караваджа, прадставіўся Кастусём. Другі, танклявы і, відаць, ад прыроды ціхмяны, са змрочнай задзірыстасцю назваўся Робертам.
«Роберт-д’ябал»... Та-та-та — ці-та-та... Рамантыкі, халера. Гэтай зямлі шанцуе на рамантыкаў... Мусіць, рамантычны светапогляд спараджаецца менавіта безнадзейнасцю?»
— Я не буду ні пра што распытваць, не хвалюйцеся... Давайце лепш сам нешта распавяду, раз вы сталіся наведнікамі майго хатняга музея.
Гаспадар, цяжка абапёршыся на кавеньку, устаў і падышоў да паліц. Ён здымаў адну за адной старыя кнігі, гартаў і тлумачыў, што напісаныя яны на старабеларускай мове. А яшчэ называлася яна літоўскай, хаця цяпер тую назву звязваюць зусім з іншай мовай... А Літвой калісьці называўся ўвесь гэты край. І на мове, на якой цяпер тут гаворыць толькі просты люд, размаўлялі князі і каралі і пісаліся дзяржаўныя дакументы. І паслы вялікіх дзяржаў вучылі гэтую мову, таму што тут таксама была вялікая дзяржава. Са сваімі філосафамі і паэтамі, блюзнерамі і святымі пакутнікамі, палкаводцамі і чароўнымі дамамі...
— Дык што, назад, да залатога веку? — Вочы Сцяпана гарэлі незразумелай гаспадару пагардай.— Можна падумаць, тады не існавала прыгоннага права, не прыпадабнялася людское жыццё нікчэмнай сцяблінцы... Не пасыпалі вашы ўлюбёныя князі дарогі соллю, у той час як іх падданыя мерлі з голаду... І не палілі вашых улюбёных філосафаў на вогнішчах інквізіцыі... Мінулае трэба хаваць разам з тыранамі, якія ў ім ўладарылі.
Гаспадар крыху разгубіўся ад запалу гэтых слоў.
— Гісторыя ў кожнай нацыі крывавая. Веліч і злачынства заўсёды побач... І злачынства заўсёды больш... Але трэба ведаць сваю гісторыю, менавіта сваю, і ганарыцца ёю. Паважаць самога сябе, сваю культуру, сваю мову...
Сцяпан паблажліва ўсміхнуўся:
— Прыгожыя словы. Народу патрэбная справядлівасць. Галодны і непісьменны не можа ганарыцца тым, што нейкі князь, які колісь лупцаваў ягонага прадзеда, перамог другога князя, які лупцаваў гэткага ж раба...
— Толькі той, хто паважае гісторыю і мову свайго народа, мае гонар чалавека. І ён ніколі не стане рабом.
Сцяпан нязграбна сунуў пісталет у кішэню сурдута, усхапіўся з крэсла, ірвануў з рук танклявага Роберта важкі том і шпурнуў на падлогу — ажно вылецела некалькі пажаўцелых старонак, нібыта лісты да памерлага адрасата.
— Вось ваша «гісторыя»! Парахно, якое рассыпаецца на вачах. Вы занадта былі знітаваныя з ім. Таму ваша справа не перамагла. А наша — пераможа! Бо мы абтрасём гэтае парахно са сваіх ног. У свеце справядлівасці і роўнасці, які мы збудуем, ва ўсіх будзе адна гісторыя — без войнаў і тыранаў, і адна мова — бо знікнуць межы і варажнеча...
Гаспадар сумна глядзеў на кінутую кнігу.
— Тыя, што гоняцца за вамі, таксама сцвярджаюць, што ўвесь свет мусіць размаўляць на адной мове... Праўда, яны дакладна ведаюць, на якой — на мове іх імперыі...
Чарнявы юнак, які назваўся Кастусём, пакрыўдзіўся:
— Вы, напэўна, з тых, што за плакальшчыкам Дастаеўскім паўтараюць наконт слязінкі дзіцяці, гвалту баяцца... Што, па-вашаму, усе мы мусім сядзець, як вы, уткнуўшы насы ў старыя кнігі?
Гаспадар уздыхнуў:
— Калісьці я таксама быў упэўнены ў сваёй праваце. Быў гатовы забіваць тых, хто абараняў няпраўду. Трыццаць гадоў таму... Свет, на жаль, не змяніўся... Але цяпер я ўпэўнены хаця б у тым, што ніхто не ведае дакладнага рэцэпта яго пераўтварэння.