Гiсторыя Ролянда
Гiсторыя Ролянда читать книгу онлайн
Пасьля дзёрзкіх уцёкаў са змрочных засьценкаў катаў-праграмароў, рэклямны бот Ролянд гоіць раны й суцяшаецца ўспамінамі пра дзяцінства, поўнае ўцехаў, і бясхмарнае высьпяваньне. Тым часам у пагоню за Роляндам выпраўляецца маўклівы і злавесны Белы Паляўнік
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
DB. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра пакуты
Калі таты не было дома, а ў нас з брацікамі высьпявалі невырашальныя пытаньні, мы падымаліся ў сьвятліцу й падступаліся да мамы.
– Матухна, а чаму ў нашым месцы ўсе такія шчасьлівыя ды задаволеныя жыцьцём? Дзе ўзьнёслыя пакуты, дзе гордыя агоніі?
– Ах, дзетачкі вы мае. Вадзіліся ў нас раней пакутнікі, а як жа. Вадзіліся, ды пазводзіліся, – мама мовіла павольна, знарочыста напеўна, па-быліннаму, а каса ў яе была тоўстая-тоўстая, залатая.
– Ах, матухна, раскажы! Як яны пазводзіліся?
– Чаму не расказаць? І раскажу. Слухайце, дзеткі мае мілыя. Даўным-даўно-задаўно вадзілася ў нас у месцы замнога пакутнікаў: у каго хваробы ды немачы, у каго каханьне безадказнае, у каго грошай нястача, а ў каго й сапраўдны сусьветны смутак. Плакалі яны, гаравалі ды маленьні гарачыя ўзносілі. А адзін зь іх, сама няшчасны, прачнуўся аднойчы з разуменьнем у сэрцы. Сабраў ён усіх пакутнікаў і сказаў: «Невыносная юдоль смутку, сілаў больш няма сьмерці й райскіх асалодаў чакаць! Даволі марудзіць! Заб'емся, браты й сёстры!» «Так, так!» – загаманілі ўсе. Але ён загадаў ім пачакаць: «Пачакайце! Самазабіцца – страшны грэх. Зробім, браты й сёстры, мудрагеліста: хай мяне ўтопіць хтосьці з вас, і я, нявінна загублены, палячу прама на неба! А забойца, значыцца, няхай пакаецца потым – і даруецца яму. А потым, значыцца, няхай яго наступны заб'е, і таксама пакаецца. Зразумелі? Тапіце мяне цяпер!» І ўтапілі яго, і адляцела душа. Пакаяліся людзі ўзорна, і адно за аднаго ўзяліся. І адлятала душа за душою ў сіняе неба. Вось так і пазводзіліся ўсе нашыя пакутнікі, усяго за тыдзень. Толькі адзін застаўся, апошні, якога ўжо няма каму тапіць было – нікога, акрамя шчасьлівых людзей, не засталося. Так і мучыўся ён да самае старасьці, небарака...
– І што ж, матухна, яны ўсё сапраўды патрапілі ў рай?
– Ах, дзеткі мае любыя, гэта ёсьць таямніцай вялікай, анікому не вядомай. Вось калі памрэм самі, тады й даведаемся.
– А ці хутка мы памрэм, матухна?
– Ох і ня хутка яшчэ, дзетачкі! Дый куды сьпяшацца, бо салодкае ж жыцьцё ў нас?
– Чысты мёд, матухна!
DC. Уцёкі ды туляньні. У галіньні
«Аўтамабілі далёка пераўзыходзяць сваіх уладальнікаў: зірніце на вытачаныя, імклівыя рысы сучасных сэданаў і на людзей унутры – з шэрай скурай, зь віслымі шчокамі, з пахам страўніка. Аднойчы ўбачыўшы гэта, ужо ня бачыш анічога нявартага ў слынных інспэктарскіх хабарах: уявіце лаўца жэмчугу, які расчыняе ракавінку і знаходзіць ўсярэдзіне не далікатна-малочны шарык, а зацьвярдзелы кавалачак калу». Так разважаў я, шпацыруючы ўздоўж транспартнага кальца, што плыла ў барвовым вячэрнім пыле. Я адчуваў, што асочаны, і ўжо не хаваўся. Я ласаваўся вяленымі бананамі з плястыкавага пакунку, і пальцы мае былі салодкія й ліпкія, як у маленстве. Перад чарговай заблытанай дарожнай разьвязкай ходнік абрываўся, і мне нічога не заставалася, як падняцца па купінаватаму насыпу ўверх, да лесапарку. Далікатныя яблыні, сукаватыя грушы, стройныя кедры, лапчастыя піхты, шэрыя слаістыя плятаны – усяго тут хапала, і ўсё гэта было ня тое. Мне патрэбны дуб, зразумеў я, толькі магутны талстоўскі дуб, а мае ліпкія пальцы, мае няроўна адрослыя пазногці дапамогуць мне на яго ўзьлезьці. Дуб уздымаўся непадалёк, магутны, каржакаваты, з надзьмутымі мускуламі валокнаў, з тысячай безыменных жалудоў, рассыпаных па сьнезе. Паставіўшы нагу ў разьвілку мажных ніжніх камлёў, я памарудзіў хвіліну, гледзячы ўверх, у галінастую крону, і палез. Спачатку я быў вымушаны раз-пораз запавольвацца, выглядаючы і разьмяркоўваючы пасільны шлях, але патроху галіны зарабіліся танчэйшыя і часьцейшыя, і я ўзьбіраўся бесьперапынна. Цямнела, шэрасьць унізе ператварылася ў чарноцьце, захад цьмянеў і згасаў. Калі перада мной адкрыўся вялікі прасьвет у галіньні, я спыніўся й сеў, баязьліва зьвесіўшы ногі і моцна трымаючыся за сук. Я бачыў мільёны гарадзкіх агнёў, якія калыхаліся рухамі паветру, напаўпразрыстыя дымы, узыходзячыя з жаролаў далёкае электрастанцыі, круглы лютаўскі месяц і высокія зоры. Я разумеў, што зьлезьці з дуба ўжо немагчыма, але быў спакойны. Так: трэба проста ўпасьці, праляцець бесьцялесна між галінаў да зямлі, атрэсьці сьнег і пайсьці дадому спаць. Але я ня меў сілаў скокнуць, ірацыянальны інстынкт скоўваў мяне і ўціскаў у халодны ствол. Так: трэба проста заснуць, і зваліцца ўва сьне, і прачнуцца праз прызямленьне. Спачатку я зачыніў быў вочы й лічыў авечкаў, што разганяліся, штурхаліся і плыўна пераляталі цераз плот, потым кінуў і адчыніў, і лічыў сэданы, што сьлізгалі між мастамі, бясшумныя ў агульным шуме, плыні, што гарэлі справа чырвоным, зьлева жоўтым, фары, што малявалі яркія шлейфы, феяў сьненьня.
DD. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра жыцьцё з Хуліё
Калі мы вырасьлі, наша хата амаль заўсёды пуставала. Толік езьдзіў па камандзіроўках, Колік сядзеў у турме, Валік пустэльнічаў, мама з татам таксама кудысьці падзеліся, быццам пакрысе расталі. У вялікай хаце было сьветла й ціха, толькі цягнуў летні ветрык ды ў далі калідораў нячутна праплывала пакаёўка. Мы з Хуліё зноў былі ўдваіх, як калісьці. Часам мы ляніва марылі завесьці двух белых сабачкаў, падобных да тых, даўніх, але часьцей проста ляжалі ў шэзьлёнгах, моўчкі і нерухома. Нам падабалася, каб з самага золку басэйн быў напоўнены сьвежай вадой, і ў ім плавалі півоні. Пакуль сонца ўставала за хатай, мы пускалі кіно на заходняй сьцяне, якія-небудзь старыя мэлянхалічныя фільмы, звычайна бяз гуку. Днём мы выходзілі прагуляцца па набярэжных, і тады Хуліё пачынаў скардзіцца, што яму ніколі не ўдаецца выглядаць на ўсе сто: калі ён апранае сьвежую кашулю, дык забывае абпырскацца адэкалёнам; калі старанна голіцца, дык забывае адпрасаваць нагавіцы; калі начышчае туфлі да бляску, дык забывае зрэзаць пазногці. Зрэшты, часам і я лавіў сябе на неахайнасьці – і валасы, якія тырчалі з носа й вушэй, і плямы гарчыцы на кашулі, і адарваныя гузікі. Хіба за ўсім усочыш? Пасьля абеду мы разыходзіліся па пакоях – Хуліё спаў, а я рабіў штосьці гаспадарчае, прыкладам, прасаваў пінжак. Калі Хуліё не спалася, ён уваходзіў і пачынаў рабіць зьдзіўленыя вочы. Даводзілася тлумачыць, што так, я прасую пінжак. «Навошта?» «Бо ўчора памыў». «Хіба пінжакі мыюць?» «Так, мыюць, калі не жадаюць аддаваць у хімчыстку». «Ты сапсуеш яго», – казаў ён. «Няхай, – казаў я. – Затое да яго дакраналася не ўдушальная хваля хімікатаў, а мой ласкавы цёплы прас». Тады ён сядаў у фатэль і заводзіў размову. «Забаўна было б, скажам, калі б усё, дазваньня ўсё на сьвеце хтосьці адкрыў». Зараз прыходзіла мая чарга зьдзіўляцца, і я нават набіраў у грудзі паветра для гаворкі, але ён спыняў мяне рашучым жэстам. «Дзень Робэрта Сьміта, адкрывальніка носа й дыханьня! Дзень Жуля Парцьё, які вынайдаваў зрок! Сусьветнае сьвята (выходны) на чэсьць Івана Пятрова, які выявіў існаваньне рук і ног! Ці Ду Го, першапраходца размнажэньня родавым спосабам! Дха Барындры, заснавальніка першага сяброўства!» Ну і трызна, думаў я, ён звар'яцеў.
DE. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Ключ да мужчынскае існасьці
«Ці не схадзіць нам прагуляцца, Ролю? Так, крышку, да гастранома й назад?» У Хуліё рахмана-запытальныя блакітныя вочы, адмовіць ім аніяк немагчыма. Па шляху да крамы ён круціць галавой, махае рукамі і разглядае сустрэчных кабет. Працяжна смаркаецца ў сьнег і рагоча. «Хулі, хопіць! Параспуджваў усіх прыгажуняў. Ты зараз грубы й непадобны да сябе. Што з табой?» Яшчэ гучней рагоча: «Паслухай казку, Ролю! Давай распавядаць казкі, як раней? Пастой! Паслухай». Мы спыніліся ля вадасьцёкавай трубы, ля абледзянелай гурбы, рукі ў кішэні.
«Даўным-даўно, у некаторым царстве, у некаторым гаспадарстве жыла-была прынцэса. І разумніца, і прыгажуня, і татава ўлюбёнка – усім добрая! – дый толькі не была яна жыцьцём задаволеная. Хацелася ёй не дзяўчынкай быць, а хлопчыкам. Хацелася цягаць за касічкі, падстаўляць падножкі, разьбіваць насы ды пляваць праз зубы. І чым старэйшая яна станавілася, тым мацней ейнае жаданьне распалялася. У тыя даўнія часы апэрацыяў па зьмене полу яшчэ не прыдумалі, але прынцэса верыла, што ёсьць нейкі ключ да мужчынскае існасьці, і трэба толькі яго знайсьці, як цела ейнае ператворыцца. Задок сплюсьнецца, плечы пашырацца, вырасьце морквачка – і спазнае яна шчасьце! Доўга шукала ключ прынцэса. Стрыгла валасы пад машынку, а пазногці – пад нажніцы, насіла каўбойку, джынсы й чаравікі з квадратнымі насамі, курыла крэпкі Кэмэл, кахалася з пакаёўкамі... Але мужчынам ўсё ніяк не рабілася, і нават пакаёўкі важыліся ад яе ўцячы, замуж за гусара. Прынцэса не адступалася: піла піва, хадзіла на футбол ды на рыбалку, сябравала са злодзеямі ды з падонкамі, вывучылася па мацеры лаяцца ды па-турэмнаму... Але нічога не дапамагала – заставалася яна да таго прывабнай, што рыбакі баяліся й бянтэжыліся, а падонкі бляднелі й лапаталі пра каханьне. Яшчэ гарачэй узялася прынцэса за справу: занялася найноўшай філязофіяй, напісала бліскучую працу па тэорыі няпэўных мностваў, засвоіла Perl, узламала сетку мэрыі й выклала туды порна, набыла сабе джып-пікап памерам з грузавік... Але ўсё дарма! Шыя заставалася лілейная, а грудзі – трапяткія. Роспач! Да самых апошніх мераў зьвярнулася прынцэса: піла шклянкамі гарэлку, закусвала лукам, спала без каханьня з усімі запар і храпла ўва сьне. Але й гэта дарэмна... І вось аднойчы ня вытрымала яна, прыбегла ў сьлязах да бацькі-бацюхны, павалілася тварам у мантыю, дый расказала ўсё начыстую. Пабедаваў-пабедаваў цар, але рабіць няма чаго, трэба дачцэ дапамагчы. Бо вельмі лібэральны гэны цар быў. Адправіў яе да мудраца-старца, на паўночны востраў, у манастыр. Доўга, ці хутка, цераз горы ды цераз мора – дабралася прынцэса да старца. Выслухаў яе старац і кажа: высмаркацца на зямлю табе трэба, панначка. Вось ключ да мужчынскае існасьці. Жахліва зрабілася прынцэсе й гідотна! Закрычала, загаласіла, заламала локці белыя. Аднак што ж, калі йсьці – дык да канца. Выйшла яна з хаты, расставіла ногі на сьнезе шырэй, заціснула адну ноздру пальцам, а ў другую як дзьмухне з усіх сілаў! Вылецеў з носа сморк, даўся аб зямлю – і цуд адбыўся! Грымнуў у зімовым небе гром, зазьзяла вясёлка. Скаланулася цела дзявочае: пашырыліся плечы, набракла морквачка, закучаравілася бародачка. Ператварылася прынцэса ў прынца – і зажыў прынц прыпяваючы! Ходзіць па замку гогалем, ды паплёўвае. А раз-пораз дый высмаркаецца на зямлю-матухну, каб эфэкт замацаваць. Ажаніўся, дзетак малых завёў. А калі бацька-цар састарыўся, на трон узышоў».
