Слодыч i атрута
Слодыч i атрута читать книгу онлайн
Раман “Слодыч і атрута” апавядае пра гісторыю заходнебеларускай сям’і, на долю якой выпалі шматлікія сацыяльныя катаклізмы; пра вялікае каханне і нянавісць, пранесеныя праз жыццевыя нягоды і варункі лёсу; пра сілу творчай думкі, здатнай рабіць геніальныя адкрыцці, апярэджваючы час і дасягненні навукі.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Сціхні! Здурэла ці што? — галосіш, як па нябожчыку! — крыкнуў Гардзей, ніжняя губа ў яго адвісла, як у Паўліны, і задрыжэла ад гневу.
— Вы абое зневажаеце мяне! Абое здзекуецеся, а я павінна трываць! Пайду, пайду ў свет ад вас!
Зося, не апранаючыся, выскачыла з хаты, яе постаць мільганула за акном.
— Навошта ты чапала гэтую вар’ятку? — упікнуў сястру Гардзей.
— Я сказала праўду. Толькі і ўсяго. Нічога. Пасядзіць у свайго дзядзькі Карпа, супакоіцца і вернецца.
Ораст адклаў убок недаплецены кошык, падняўся, атрос нагавіцы і сказаў:
— Пайду ўгавару маму.
— Ідзі, ідзі, сынок, занясі ёй якую адзежыну. Прастудзіцца можа.
Ораст няспешна апрануўся, зняў з цвіка матчыну світку і хустку. Выйшаў за дзверы.
— Не чапай яе больш, — папрасіў Паўліну Гардзей.
— Я не вінаватая, што яна праўды не любіць.
— Ты трымай сваю праўду пры сабе, і тады нікому не будзе шкоды.
— Пайду я ад вас. Пайду да Адаркі.
— Якраз там цябе і чакаюць, дзе чацвёра дзяцей. Хоць яна нам і сястра, але ж свая сям’я ёй даражэй.
Паўліна затуліла твар рукамі і заплакала, прамаўляючы:
— Нікому я не трэба. Няма мне да каго і галавы прытуліць! Ва ўсім ты вінаваты. Не пусціў замуж. Зараз бы ў мяне быў муж і дзеці. А я.
Гардзей падняўся з-за стала сеў побач з сястрою. Пагладзіў яе па галаве, як малую, пачаў супакойваць.
— Не плач. Я нікому цябе ў крыўду не дам. Усё будзе добра. Не звяртай увагі на Зосю. Я тут гаспадар. Як скажу, так і будзе. Ціха! Годзе!
Словы спагады выклікалі ў Паўліны новы прыліў істэрыкі. Яна прыпала да Гардзеевых грудзей і заплакала наўзрыд.
13
Солтыс пацягваў самакрутку, з задавальненнем жмурыў вочы ад едкага дыму, так што зрэнкі амаль хаваліся ў складках між павек. Гардзей адсунуўся на край стала, каб не ўдыхаць атрутны пах, але дым доўгімі шэрымі пасмамі абвіваў яго, здавалася, з усіх бакоў, ад чаго дзерла ў горле.
— Што ты ў гэтым курыве знаходзіш? — спытаў Гардзей. — Такі смурод, няма чым дыхаць.
— Па звычцы, браце. Уцягнуўся неяк сам сабою па дурноце, па маладосці, а цяпер кінуць не магу. Карціць. Што тут зробіш? Пачытай вось новы Дэкрэт аб утварэнні самаахоўных вёсак ды давай падумаем, што будзем рабіць, — адказаў солтыс.
Гардзей узяў газету, у якой на першай старонцы быў надрукаваны дэкрэт, хутка прачытаў, устрывожана зірнуў на Баранчыка:
— Дык што, немцы скапыціліся?
— Ты ж бачыш.
— Выходзіць, яны са сваім магутным войскам не змаглі адбіцца ад бальшавікоў, а мы выйдзем сялом і абаронімся ад Чырвонай Арміі. Ці ад каго нам бараніцца?
— Гардзей, не прыкідвайся дурнем. Загадана ствараць самаахову, будзем ствараць. Па ваенным часе загады не абмяркоўваюцца.
Гардзей памаўчаў, спрабуючы ўявіць тую самаахову, але зноў раздражнёна спытаў:
— І хто па-твойму пойдзе ў самаахову?
— Ты ды я, а яшчэ падлеткі за вайну падраслі.
— Ты хочаш гэтых дзяцей бязвусых накіраваць супраць рэгулярнага войска? Ці, можа, баб збіраешся мабілізаваць?
— Калі не хочаш загінуць сам і прывесці да пагібелі сям’ю, рабі, што загадана. Стварай самаахову, накіроўвай моладзь у Беларускую службу «Бацькаўшчына», у Беларускую Краёвую Армію, чорту лысаму ў пашчу. Усё гэта само сабою разваліцца, калі немцы адступяць. Раскруцілася, пакацілася назад кола вайны. Яго ўжо не стрымаць. А нас ціснуць з двух бакоў. Немцы сабе трымаюць пад прыцэлам, партызаны — сабе, а прыйдуць саветы — дадуць дык дадуць. Ці чуў? Антона, паліцая са Сцяблова, пасеклі на кавалкі і пакінулі пад сасною.
— Хто?
— Адкуль я ведаю. Напэўна ж, партызаны.
— А што з намі будзе? — устрывожана спытаў Гардзей.
— Дрэнна нам будзе. Але, калі добра падумаць, дык можна неяк прыстасавацца да новай улады, калі адразу не расстраляюць.
— Ты збіраешся сядзець і чакаць смерці?
— Не ведаю, — адказаў солтыс. — Стары я ўжо, як-ніяк пад семдзесят валіць. Немцам такі ваяка не трэба. З сабою не возьмуць. Што будзе, тое і прыму. Ты яшчэ малады, можаш адступіць з немцамі, выехаць за мяжу, а там, куды хочаш. Безумоўна, табе лепш у Амерыку махнуць, тым больш што ёсць на першым часе ў каго спыніцца. Там жа Зосіна сястра ўжо абжылася. Зрэшты, у Амерыцы шмат людзей з Берасцейшчыны. Не прападзеш.
— Не ўяўляю свайго жыцця без гэтай зямлі.
— Ляжаш у гэтую зямлю навечна ў свае сорак гадоў з хвосцікам. Такая будучыня цябе грэе?
— Ты лічыш, што мне трэба ўцякаць?
— У цябе, Гардзей, свая галава на плячах. Думай сам. Спіс насельніцтва вёскі маеш? Ты ў нас чалавек пісьменны, складзі спіс людзей, прыдатных служыць у самаахове, а далей пабачым, што будзе.
— Добра, зраблю, — вяла адказаў Гардзей. — Я пайшоў.
— Ідзі.
Гардзей выйшаў з хаты, зажмурыўся ад сляпучага красавіцкага святла. Была самая пара думаць пра сяўбу, а тут, аказваецца, трэба рыхтавацца да бою з Чырвонай Арміяй. Вось табе і непераможная Германія, якая скарыла ўсю Еўропу, а тут скрышыла зубы! Але якая яму справа да чужой краіны? Трэба ратаваць сваю галаву. «Што будзе з Зосяю і сынам? Няўжо ім будуць помсціць за мяне? — з трывогаю падумаў Гардзей. — Недзе ж я чытаў, што ў саветаў прынята, што сын за бацьку не адказвае.»
Па дарозе ён вырашыў наведаць Марка. Пасля доўгага маўчання, яны зноў пачалі размаўляць, і гэта цешыла абодвух. Марк сядзеў на лаве, падшываў дратваю старыя боты.
— Заходзь, Гардзей, пасядзі, — запрасіў гаспадар.
Гардзей сеў побач з Маркам, спытаў:
— Як жывеш?
— Сам бачыш як. Апошнія боты даношваю. З гэтымі вызваліцелямі з Усходу ды з Захаду хутка без штаноў застануся. Добра, што лапці ўмею плесці, а так бы.
— Дзе твае сямейнікі?
— Халера іх ведае. Швэндаюцца недзе гэтыя лайдакі: і жонка, і дзеці. А што чуваць? Ці хутка вайна скончыцца?
— Мусіць, хутка, — няпэўна адказаў Гардзей.
— Што, далі рускія немцам па храпе?
— Даюць да гэтага часу, — крыва пасміхнуўся госць.
— Цябе чырвоныя, відаць, распнуць.
Апошняя фраза, сказаная Маркам, балюча ўразіла і нават пакрыўдзіла Гардзея, але ён стрымаўся і спытаў:
— Як лічыш, што мне трэба рабіць?
— Не ведаю, мабыць, трэба ўцякаць, як мага далей і як мага хутчэй.
— Мабыць, трэба, — сказаў Гардзей і дадаў, — бывай, Марк, рады быў пабачыць. Жыві шчасліва.
— Бывай, — адказаў Марк, абразаючы дратву і аглядаючы вынікі свайго шытва. — А няблага атрымалася.
Калі ён падняў вочы, Гардзей ужо зачыніў за сабою дзверы ў сенцы. Марк нават пашкадаваў, што сусед не ацаніў ягонае штукарства.
Некалькі дзён Гардзей абдумваў становішча, у якое трапіў, прыкідваў то так, то гэтак, але нарэшце вызначыўся канчаткова, праўда, пра сваё рашэнне ні жонцы, ні сястры нічога не сказаў. Аднойчы ён паехаў у Берасце да доктара і дамоў больш не вярнуўся.
Зося з Паўлінаю хадзілі шукаць яго ў Берасце, але Гардзея нідзе не было. Ні ў турме, ні ў пастарунку, ні ў доктара. Солтыс Баранчык таксама нічога пэўнага пра яго не мог сказаць. Паўліна пачала аплакваць брата, галасіла, заломвала рукі.
— Сціхні! — абарвала яе Зося. — Пакуль я не бачыла яго мёртвым, для мяне ён застанецца жывы. Грэх — аплакваць жывога.
— Ён жа хворы на галаву. Мо найшло на яго што, дык і пайшоў немаведама куды. А немцы разбірацца не будуць. Пальнуць — і гатова!
— Гэта толькі твая выдумка. Гардзей не дурань, каб падстаўляць грудзі пад нямецкія кулі. Ён нават калі быў моцна хворы, памяці не губляў, толькі рваўся адпомсціць тым, хто яго атруціў.
— Апошнія дні перад тым, як знікнуць, ён хадзіў нейкі насуплены. А, можа, і партызаны забілі!
— Гардзей лепш за нас ведае, што і як рабіць. Набярыся цярпення. Будзем чакаць.
З таго дня Паўліна хоць і бедавала па браце, але моўчкі. З Зосяй яны больш не сварыліся, часам толькі раіліся, што і як лепш зрабіць па гаспадарцы. Кожная цягнула сялянскую працу, мужчынскую і жаночую, без скаргаў і нараканняў, прымаючы той лёс, які ім выпаў.
