Слодыч i атрута
Слодыч i атрута читать книгу онлайн
Раман “Слодыч і атрута” апавядае пра гісторыю заходнебеларускай сям’і, на долю якой выпалі шматлікія сацыяльныя катаклізмы; пра вялікае каханне і нянавісць, пранесеныя праз жыццевыя нягоды і варункі лёсу; пра сілу творчай думкі, здатнай рабіць геніальныя адкрыцці, апярэджваючы час і дасягненні навукі.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Ад каго ты хочаш схаваць праўду? Ад сябе? Людзі ўсё ведаюць.
— У людзей кароткая памяць. Я хачу, каб у нас была прыстойная сям’я ва ўсіх адносінах. Каб ні дзеці, ні ўнукі не сумняваліся ў нашым каханні, — з запалам сказала Зося.
— Добра, — паабяцаў Гардзей. — Трэба з’ездзіць у Гэбітскамісарыят, а можа, і ў Жабінкаўскі пастарунак. Сёння ж і паеду.
— Гардзей, калі ты гэта зробіш, я буду проста шчаслівая.
— Не думаў я, што ты такая ганарліўка. Цяпер разумею, чаму тапіцца бегала.
У той жа дзень Гардзей паехаў у пастарунак. Першы паліцай, якога сустрэў Гардзей, быў той самы Антон, які прыязджаў арыштоўваць Зосю.
— Паглядзі, я тут склаў спіс актывістаў, — сказаў Гардзей, разгортваючы перад хлопцам паперу.
Антон прабег вачамі прозвішчы і сказаў:
— Ты разумееш, што робіш? Іх жа ўсіх расстраляюць.
Гардзея нібы абдалі варам, ён адчуў, як твар пачаў гарэць, усё цела абліла гарачая хваля. У галаве ўсчаўся страшэнны шум. Яму падалося, што зноў хвароба бярэ над ім верх. Ён выхапіў з рук Антона паперу, скамечыў яе, павярнуўся і подбегам кінуўся да выхада, уваліўся ў вазок, сцебануў без жалю каня. Трэба было хутчэй дабіцца дамоў, каб там супакоіцца і прыйсці да розуму. Калі хвароба завалодае ім у дарозе, дык гэта будзе азначаць самагубства, яна пакіруе як захоча, адключыць свядомасць. У такім стане, крый божа, нарвешся на якога немца, дык без ваганняў расстраляе, як шалёнага сабаку. Гардзей не хацеў бязглузда паміраць, ён быў перакананы, што заслугоўвае добрага і доўгага жыцця.
5
Тыдні два Гардзей адлежваўся пасля ўзрушэння, перажытага ў Жабінцы. Ва ўсім целе пасялілася млявасць і слабасць, балела галава. Удзень хіліла да сну, а ўначы ён пакутаваў ад бяссоння, згадваў мінулае, даўно пражытае і перажытае, думаў пра наступнае. У начны час сілы быццам вярталіся да яго, ён гатовы быў устаць і ісці шукаць Пуха ў пуні, на вышках, ці дзе ён там хаваецца, трэсці яго за грудкі і патрабаваць прызнання, чым ён яго атруціў, мо дактары знайшлі б супрацьяддзе. Зрэшты, Гардзей і разлічваў на тое, што Пуха будуць судзіць толькі за спробу атручвання чалавека. Гэта ж справа крымінальная. Добра было б даведацца, з якою мэтаю ён гэта зрабіў? Што кіравала ім? Гардзей уяўляў суд, дзе за кратамі сядзіць паніклы Пух у сваім міліцэйскім фрэнчы, а суддзя пытаецца ў яго: «Ці прызнаеш ты сябе вінаватым у атручэнні Гардзея Рахубы?» — І Пух адказвае: «Так, вінаваты. І вельмі шкадую, што так здарылася». «Шкадаваць мала, трэба адказваць за сваю віну, — кажа суддзя. — Давядзецца табе пасядзець у турме дзесяць гадоў». Менавіта дзесяць гадоў прызначаў Гардзей Пуху за ягонае злачынства, падсвядома спадзеючыся, што за такі тэрмін прыцішацца і ягоная хвароба, і ягоная нянавісць да злачынцы. Аднойчы ён узяў свой спіс і насупраць кожнага прозвішча напісаў віну чалавека, хто быў сельсаветчыкам, хто хаваў параненага чырвонаармейца і зброю. А насупраць Пуха пазначыў, што той працаваў следчым і атруціў яго, Рахубу Гардзея, невядомым рэчывам. Гэта прывяло апошняга да цяжкай псіхічнай хваробы. Аднак псіхічную хваробу ён выкрасліў, каб немцы не прынялі заяўніка за вар’ята.
Як толькі Гардзей адчуў сябе трохі лепш, адразу ж зноў паехаў у Жабінку. На гэты раз ён паспрабаваў аддаць свой спіс немцу, але той грэбліва зірнуў на просьбіта і нават не стаў браць пакамечаную паперу ў рукі, буркнуў нешта неўразумелае і выставіў Гардзея з кабінета кароткім: «Вэк!»
Ды на гэты раз Гардзей вырашыў дзейнічаць больш рашуча. Бо адчуваў, што яшчэ раз не адважыцца на гэтую рызыкоўную справу. Гардзей пайшоў проста да начальніка паліцыі, які сядзеў у пракураным кабінеце, смаліў цыгарку, рэдкія валасы прыліплі да потнага лба. У пакоі было душна і смуродна. Гардзей павітаўся, працягнуў спіс і сказаў:
— Гэта спіс савецкіх актывістаў Сцяблоўскай воласці.
— Ага! Добра! Давай сюды! Хутка мы з імі разбяромся! А ты хто такі і адкуль?
— З Крачкаў, працую аграномам.
— Малайчына! Адзначым за службу! Германія высока цэніць адданых людзей.
— Вы ж разумееце, яны мае аднавяскоўцы. Я не хачу, каб з імі нешта здарылася благое. Проста трэба заняцца іхнім перавыхаваннем.
— Не хвалюйся, немцы ўмеюць перавыхоўваць выдатна!
— А ты мяне не ведаў раней? — спытаў начальнік паліцыі з самаздаволенай усмешкай. Я ж быў асаднікам.
— Асаднікаў было шмат.
— Шмат, шмат! Я адзін такі! Дольскі! — раздражнёна сказаў гаспадар кабінета.
— Вельмі прыемна пазнаёміцца, — стрымана адказаў Гардзей, баючыся нарвацца на нечаканую непрыемнасць і адступаючы да парога. — Я пайду з вашага дазволу. Бывайце здаровы.
Гардзей выслізнуў за дзверы, не чакаючы адказу, адчуваючы палёгку на душы, быццам цяжар зваліўся з плячэй. Ён адпомсціць сваім крыўдзіцелям. Спі спакойна, Кірыла Іпацьевіч Барэйша, ты адпомшчаны. Серафім, Марфа і іншыя сельсаветчыкі, якія ўнеслі цябе ў спіс кулакоў, адкажуць за тваю заўчасную смерць перад справядліваю нямецкаю ўладаю. Трымайся і ты, Пух. Цябе знойдуць, дзе б ты ні хаваўся! Ты ўжо цяпер жывеш у страху, ці тое яшчэ будзе, калі цябе схопяць і кінуць у турму, а потым будуць справядліва судзіць! Напэўна, ты атруціў не аднаго мяне.
Воз паволі цягнуўся па мокрай дарозе. Позняя восень размотвала сувоі хмар, засцілала неба, як бы ратуючы зямлю ад холаду, але сама гэты холад і нараджала. Так і людзі, як бы ратуючы душу ад гвалту, самі чыняць гэты гвалт і не разумеюць, што робяць. Дзе ж набрацца мудрасці, разважлівасці, розуму, а можа, трэба слухацца свайго сэрца і толькі яму падпарадкоўвацца. У глыбокім задуменні Гардзей і не заўважыў, што конь ягоны, які да гэтага ледзьве сунуўся, зусім спыніўся, а перад ім узнік патруль з аўтаматам наперавес і запатрабаваў:
— Аўсвайс!
Гардзей дастаў з нагруднай кішэні пасведчанне агранома з гербавай нямецкай пячаткаю. Патруль пачытаў, сказаўшы: «Гут! Гут!» — загадаў Гардзею ехаць управа, у процілеглы бок ад Крачкаў.
«Што гэтаму немцу растлумачыш? — злосна падумаў Гардзей, разварочваючы каня. — Прыйшлі на нашу галаву новыя гаспадары!» І раптам ён убачыў краем вока, што ўдалечыні на краі насыпу ў радочак стаялі людзі. А насупраць іх некалькі нямецкіх аўтаматчыкаў. На дарозе чакалі дзве грузавыя машыны і легкавік. Заўважыўшы Гардзееву цікаўнасць, патруль злосна крыкнуў:
— Шнэль!
Гардзей сцебануў каня. Той ад нечаканасці тузануўся ўперад, пайшоў подбегам. У гэты час прагучалі аўтаматныя чэргі. Гардзей азірнуўся. Людзей, што стаялі на краёчку ямы, ужо не было. Засталіся толькі аўтаматчыкі. Па спіне Гардзея прабеглі дрыжыкі, быццам гэта яго самога кінулі ў яму, прашытага аўтаматнаю чаргой. Ён нават адчуў пах халоднай настылай восеньскай зямлі. Раптам выплылі ў памяці словы паліцая Антона: «Іх расстраляюць». І ўявілася, што ў яме ўжо ляжаць Пух, Серафім, Марфа. Зрабілася жудасна. Ён сказаў сабе: «Гэтага не можа быць. Я ж толькі аддаў спіс. Хацеў, каб толькі пастрашылі. Гэта пабілі яўрэяў». Нейкі чужы голас раптам спытаў: «А іх забіваць можна?» — «Нікога не трэба забіваць, Госпадзі!» — закрычаў Гардзей, як бы апраўдваючыся. — «Тады ідзі і забяры назад свой спіс», — сказаў той жа голас. — «Я не магу, яны вінаватыя! Вінаватыя! Вінаватыя! Яны грэшнікі!» — «А ты?»
Гардзей узняў угору вочы, адкуль прылятаў голас, убачыў над сабою калматыя хмары і раптам зразумеў, што хвароба зноў бярэ яго ў абцугі. Шум у вушах, няпэўнасць, знясіленасць апанавалі ягонае цела. Яшчэ імгненне — і, здавалася, ён страціць прытомнасць, а далей невядома што чакае яго, мо тая самая яма, якая толькі што праглынула радочак бязвольных людзей, якія так пакорліва і маўкліва стаялі і чакалі сваёй смерці. Гардзей раз’юшана пачаў біць каня і крычаць:
— Хутчэй! Хутчэй! Дамоў! Чаго валачэшся, як нежывы? Воўчае мяса.
Конь тузануў вазок і шпарка пабег па няроўнай падмерзлай дарозе.
6
