Слодыч i атрута
Слодыч i атрута читать книгу онлайн
Раман “Слодыч і атрута” апавядае пра гісторыю заходнебеларускай сям’і, на долю якой выпалі шматлікія сацыяльныя катаклізмы; пра вялікае каханне і нянавісць, пранесеныя праз жыццевыя нягоды і варункі лёсу; пра сілу творчай думкі, здатнай рабіць геніальныя адкрыцці, апярэджваючы час і дасягненні навукі.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Зося вырашыла не расказваць Гардзею пра тое, як яе сустрэў дваюрадны брат, каб не хваляваць дарма мужа. Ён і так дзень пры дні ходзіць нейкі ўнураны. Усё валіцца з ягоных з рук. Чытае Біблію, нешта запісвае, думае. Зосі і карціць пачытаць, што ён там піша, але без акуляраў яна дрэнна бачыць, а набыць іх і насіць саромеецца, нязвыкла гэта ў вёсцы. Будуць казаць, што сляпая.
На жаль, усё атрымалася не так, як таго жадала Зося.
— Што сказаў Серафім? — спытаў Гардзей, як толькі Зося пераступіла парог сваёй хаты.
— Ён нічога не ведае.
— Дзіўна. А як ён наогул паставіўся да цябе?
Зося хоць і не хацела нічога расказваць, аднак жа вырвалася ў яе, што крыўдуе брат на дзядзьку.
— Вось у гэтым уся прычына. Вырашыў адпомсціць дзядзьку! — зрабіў выснову Гардзей. — Што ж будзе і яму аднойчы адплата.
— Пра што ты, Гардзей? — устрывожана спытала Зося.
— Ні пра што. За грахі, кажу, кожнаму давядзецца адказваць.
Да Зосі падышоў Ораст, папрасіў:
— Мама, я малака хачу.
— Ах ты мой маленькі, чаму ж ты ў таты не папрасіў?
— Баяўся.
— Тата добры. Ён цябе любіць.
— Не, не любіць. Абяцаў навучыць цытаць, а ніцога не паказвае, толькі сам усё цытае і цытае.
Гардзей падхапіў сына на рукі, усміхнуўся і сказаў:
— Прабач, я зусім забыўся пра сваё абяцанне. Зараз жа будзем займацца тваёй адукацыяй.
— Цым? — перапытаў малы.
— Чым трэба. Ідзі, папі малачка, падмацуйся, і пачнём займацца, — адказаў Гардзей і правёў сына цёплым позіркам.
11
Гардзей адчуваў сябе блага, галава была цяжкая, звон у вушах не даваў спакою. Хоць клаліся спаць рана, ён паўночы пакутаваў ад таго, што не мог заснуць, а пасля абуджэння доўга нерухома ляжаў з заплюшчанымі вачамі. Не хацелася варушыцца, уставаць, што-небудзь рабіць па гаспадарцы. Зося ля печы з ранку грымела кухонным прычындаллем, але мужа не турбавала. Гардзеева душа хвалявалася, нечага чакала, на нешта спадзявалася, прасіла нейкага зруху і аднойчы ён наважыўся паехаць у Берасце, паглядзець, як жыве горад, як пачуваюць сябе людзі і такім чынам паспрабаваць вярнуць сябе да жыцця. Не пакідала жаданне сустрэцца з Пухам і Валошчыкам, каб спытаць у іх, за што яны яго ледзь не адправілі на той свет.
Марозным ранкам Гардзей прачнуўся яшчэ да ўзыходу сонца, пагаліўся, паснедаў, апрануў святочны гарнітур, пайшоў запрагаць каня. Зося выйшла за ім, занепакоена спытала:
— Куды ты сабраўся?
— У Берасце.
— Вазьмі мяне з сынам.
— Прастудзім малога. Бачыш, які мароз.
— А ты са сваім здароўем як паедзеш? Можа, лепш цягніком?
— Нічога, у сена закапаюся і праедуся, развеюся трохі. Заседзеўся я дома.
Зося пастаяла, паназірала за ім, спытала:
— Нанач чакаць?
— Збіраюся вярнуцца. Хіба толькі што.
— Не шукай Пуха, малю цябе, ён пры ўладзе.
— Не вучы мяне, сам ведаю, што рабіць, — раздражнёна адказаў Гардзей.
— На табе пару рублёў. Без грошай у горадзе няма чаго рабіць, а польскія грошы не бяруць.
Гардзей узяў каляровыя паперкі, разгледзеў герб з сярпом і молатам, прачытаў «Казначейский билет СССР», схаваў грошы ў кішэню, спытаў у жонкі:
— Савецкія грошы. Дзе ты іх узяла?
— Вазіла на рынак у Жабінку яйкі, масла і сыр, прадала, і вось. Едзь з Богам. Мы будзем цябе чакаць.
Яна яшчэ хацела папрасіць Гардзея, каб ён не наведваў гаспадыню, у якой жыў на кватэры, але стрымалася, баялася ўгнявіць мужа. Ён накінуў на плечы паверх паліто кажух, ухутаў ногі ў сена, тузануў за лейцы і выехаў з двара. Рахманы конь, які застаяўся ў стайні, бадзёра рушыў з месца. Ад хуткай язды Гардзей расчырванеўся, адчуў прыліў сілы, быццам да яго вярнуўся далёкі паўзабыты час маладосці. Старыя ліпы каля шляху, дзе звычайна збіралася летам моладзь на вячоркі, заінелі, стаялі, дзівосна аздобленыя белымі карункамі.
Насустрач ішла маладзіца ў квяцістай хустцы, у абшарпаным кажушку. Гардзей пазнаў Марфу, яна нешта крыкнула яму ўслед. Але ён не спыніўся, каб перакінуцца словам. Не хацелася псаваць такі прыгожы дзень. За Крачкамі пацягнуўся стары лес. Заінелыя елкі і сосны стаялі нерухома, быццам баяліся разбурыць свае дзівосныя строі са снегу і інею. Даўно Гардзей не бачыў гэтае прыгажосці, якая ачышчае душу, наталяе сэрца хараством, дае адхланне вачам. На галіне сасны заўважыў цікаўную і спрытную вавёрку. Заўсміхаўся, ціха прысвіснуў па-птушынаму, каб не напалохаць звярка, а толькі прымусіць насцярожыцца. Вавёрка ў імгненне скокнула на іншую сасну і знікла з вачэй. На снезе было мноства слядоў, птушыных і звярыных. Ды і дарога была добра ўбітая, адшліфаваная палазамі. Людзі варушацца, некуды ездзяць, нешта робяць, турбуюцца, жыццё цячэ сваёю плынню, а Гардзей быццам сышоў са шляху, разгубіўся, не ведаў, чым і як жыць. Зараз ён падумаў, як было б добра перасяліцца ў якую-небудзь пушчанскую мясцовасць, дзе тыднямі чалавека не пабачыш, і пажыць там сам-насам з лесам, з птушкамі і звярамі, завесці пасеку, вялікую гаспадарку і раптам спахапіўся, што цяпер не той час, каб працаваць на сябе, цяпер іншая дзяржава, якая вымагае працы найперш на яе.
Мінуўшы яшчэ дзве вёскі Косічы і Вычулкі, выехаў Гардзей на шырокі шлях, абапал якога цягнулася балота, дзе нават і цяпер з-пад снегу тырчалі няўклюдныя пні ад гнілых дрэў і купіны, парослыя шорсткаю асакою. Аднак і на гэтую заснежаную прастору было прыемна глядзець. Нешта ёсць у нашай прыродзе гаючае, свежае, што супакойвае і дае сілу, акрыляе душу добрымі спадзяваннямі..
Калі Гардзей пад’ехаў на кані да гарадскога рынку, каб наведаць старога знаёмага яўрэя з бойні, аказалася, што бойня замкнёна. Гардзей прывязаў каня каля чайной, а сам вырашыў прайсціся да бліжэйшай аптэкі, каб купіць валяр’янкі. Сярод гараджан часта сустракаліся вайскоўцы, нават шмат хто з цывільных людзей былі апрануты ў шынялі. Сімпатычная паненка ў пухнатым футры спынілася перад Гардзеем, усмешліва павіталася.
— Панна Эвеліна! Вачам сваім не веру! — усклікнуў ён узрадавана, пазнаўшы Мікуліну Антольку, зямлячку, якая раней працавала ў публічным доме. — Толькі цябе і згадваю з найбольшаю асалодаю, калі вяртаюся думкамі ў мінулае.
— Цяпер не Эвеліна, а таварыш Антаніна, — загадкава прашаптала яна.
— Цябе хоць як назаві, ты ўсё роўна аднолькава прыгожая, — пачаў па звычцы асыпаць яе кампліментамі Гардзей. — Дзе ты, як ты?
— Добра. Муж працуе ў аблвыканкаме, нядаўна атрымалі новую кватэру, прыемны такі дамок у раёне парку. Я таксама працую ў ціхай канцылярыі. Адно дрэнна: муж занадта раўнівы. Зверам рыкае, як на мяне хто паглядзіць, баіцца, каб які прайдзісвет не спакусіў мяне, цнатлівую, — яна звонка засмяялася, агаліўшы роўны рад белых зубоў з двума залатымі каронкамі.
— А дзе ж ты зубы згубіла?
— Гэта ж цяпер мода такая, — патлумачыла яна. — Пайду, мне на працу трэба. Выйшла трохі падыхаць. Ці ведаеш, цяжкавата мне даецца гэтая служба, паперы, пыл. Не звыкла я да гэтага.
— А што ў горадзе чуваць і наогул. Ты ж каля начальства блізка.
Антолька пацягнулася да яго вуха і прашаптала:
— Кажуць, што вайна будзе. Але калі, невядома. Некаторыя ўжо цяпер запасаюцца соллю ды запалкамі.
— А твой што кажа? — зацікаўлена спытаў Гардзей.
— Мой такі дуб! Ён нікому не верыць, толькі Сталіну. Кажа, калі і будзе вайна, дык гэта мы першыя пойдзем рабіць сусветную рэвалюцыю! Ну і няхай кажа, што хоча! Якая мне розніца, у што ён верыць, абы зарплату аддаваў! — яна зноў засмяялася.
— Малайчына, таварыш Антаніна. Шчаслівы быў бачыць, — Гардзей узмахнуў на развітанне рукою і пайшоў у аптэку.
Аптэка з прыгожымі вокнамі ў выглядзе арак, пафарбаваная ў жоўты колер, стаяла на рагу вуліцы. Псавалі фасад толькі выбоіны. У пачатку верасня трыццаць дзявятага года тут упала бомба і пасекла асколкамі сцены. Раней тут пакупнікоў абслугоўвала старая лагодная яўрэйка, цяпер працавала маладая дзяўчына з тоўстаю чорнаю касою, у белым халаце, сур’ёзная і нешматслоўная. Яна падала Гардзею маленькую пляшачку валяр’янкі. Ён павярнуўся, каб ісці, і тут яму на вочы трапіў партрэт Сталіна. Вочы правадыра падазрона глядзелі на наведвальнікаў аптэкі, быццам пыталіся: «Хто такі? Ці не вораг народа?»
