Слодыч i атрута

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Слодыч i атрута, Дудзюк Зінаід-- . Жанр: Разное. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Слодыч i атрута
Название: Слодыч i атрута
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 313
Читать онлайн

Слодыч i атрута читать книгу онлайн

Слодыч i атрута - читать бесплатно онлайн , автор Дудзюк Зінаід

Раман “Слодыч і атрута” апавядае пра гісторыю заходнебеларускай сям’і, на долю якой выпалі шматлікія сацыяльныя катаклізмы; пра вялікае каханне і нянавісць, пранесеныя праз жыццевыя нягоды і варункі лёсу; пра сілу творчай думкі, здатнай рабіць геніальныя адкрыцці, апярэджваючы час і дасягненні навукі.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 80 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

8 лістапада. Восень змрочная і халодная. Палітычныя наладзілі святкаванне. У час шпацыру адзін дзеяч расказваў пра поспехі Савецкага Саюза, пра бясплатныя школы і бальніцы, пра заводы і фабрыкі, пра спакойнае і шчаслівае жыццё. Проста рай на зямлі. Ад яго дазнаўся пра смерць З. Маркевіча, шкада хлопца, царства яму нябеснае. Лёс падпольшчыка — кароткі шлях на той свет.

27 студзеня. Дні марозныя. Здаецца, і сцены турмы прамярзаюць наскрозь. Сную па камеры цэлы дзень, каб сагрэцца. Прыходжу да высновы, што турмы існуюць не для перавыхавання, а для маруднага знішчэння лю­дзей, якія не падабаюцца дзяржаве. Турма абмяжоўвае волю, рух, парыванні, гэта маруднае, загадзя разлічанае ворагамі забойства. Спачатку стамляецца і памірае душа, потым знясільваецца, самазнішчаецца цела.

3 красавіка. Снег растаў. Пацяплела, пасвятлела на свеце і на душы. Сёння пісаў паштоўку дадому вельмі дробнымі літаркамі і даволі шмат тэксту ўдалося змясціць. Доўга валаводзіўся, але праца атрымалася ювелірная. Сам залюбаваўся.

12 ліпеня. У час шпацыру пайшоў дождж. Палітычныя дзяўчаты не хаваліся ад дажджу, а бегалі пад ім, быццам умываліся, падстаўляючы твары і рукі, шчасліва смяяліся. Цікава, ці здолелі б яны адчуць такую асалоду на волі? Няволя — смерць душы. Рабы няздатныя ствараць, бо іхні дух заняволены. Яны жывыя мерцвякі.

14 верасня. Напісаў канспект па палітэканоміі. Цікава, ці дазволяць мне забраць з сабою дадому мае сшыткі? Я тут і сам сабе не належу. А калі належаў? Мяне могуць забраць у войска, на вайну, на прымусовую працу і не спытаюць згоды. Ненавіджу залежнасць ва ўсіх яе праявах. Сястра Маня выходзіць замуж. Што ж, гэта яе выбар, дай, Божа, ёй шчасця. Жанчыны лягчэй прыстасоўваюцца да жыцця і людзей. Але гэта так здаецца нам, староннім людзям.

26 кастрычніка. Пераглядаю запісы, днямі выклічуць на «цэнзуру». Калі ўсё забяруць, нешта застанецца ў галаве і сэрцы.

35

Восень, надзіва сухая і пагодная, не шкадавала апошняга цяпла. У мінулыя гады на Пакровы часам і снег выпадаў, а на гэты раз надвор’е трымалася, як летам. У Жабінку сабраліся людзі з навакольных вёсак на кірмаш, каб нешта прадаць ці купіць ды наведаць царкву. Гарадок стракацеў ад квяцістых хустак сялянак, ад іхніх паласатых андаракаў. Каля царквы і на кірмашы было шматлюдна, людзі сустракаліся, гаманілі, бедавалі ці радаваліся. Кірыла з дочкамі таксама прыехаў у Жабінку, каб прадаць колькі мяшкоў жыта. Каця засталася з ім, а Зося папрасілася ў царкву. Бацька і не пярэчыў, няхай дачка пабудзе сярод людзей, памоліцца за свой лёс і за ўсю сям’ю. Неспакойная Зося характарам, ці весяліцца не ў меру, ці панура маўчыць. Хварэе часта на жывот. Каця больш разважлівая, але ж, напэўна, яна сваё адхварэла ў маленстве. Рознай немачы набіраецца на чалавечы век, каб даймаць ды ўрэшце даканаць.

Кірыла прадаў збожжа і збіраўся ехаць да царквы па Зосю, а потым яшчэ меўся наведаць пляменніка, які працаваў на чыгунцы. Аднак Серафім сам вынырнуў з натоўпу.

— Малайчына, што сам знайшоў нас. Я збіраўся ехаць да тваёй гаспадыні, каб пакінуць табе сала ды хлеба, — узрадавана сказаў Кірыла.

— Дзякую, — сказаў, Серафім. — Толькі я ўжо там не жыву.

— Чаму? — здзівіўся дзядзька.

— Звольнілі мяне. Я з рэчамі, да вас сабраўся, — пляменнік паказаў на хатуль у руцэ.

— Чым жа ты цяпер будзеш займацца? — незадаволена спытала Каця.

— Не ведаю, — адказаў хлопец.

— Нічога, бывае і горш, — суцешыў пляменніка Кірыла. — Ці сказалі, за што звольнілі?

— Сказалі, толькі я ў тым не вінаваты. Нехта ўначы вывесіў на нашай канторы чырвоны сцяг. Начальства выбрала трох самых маладых дурняў і звольніла, маўляў, больш няма каму. А я ні сном, ні духам. Бажуся, дзядзька.

Серафім гаварыў шчыра, ажно слёзы на вачах выступілі. Кірылу зрабілася шкада хлопца. Цяжка цяпер маладым: няма дзе грошай зарабіць, няма за што зямлі купіць. Пры цары ўсё-ткі было неяк вальней. Хоць заўсёды для ўсялякай улады тутэйшы люд заставаўся недаверлівым.

— Што ж, справа зроблена. Звольнілі дык звольнілі. Паедзем дахаты, будзеш працаваць на гаспадарцы. Пасватаем, ажэнім, і зажывеш, як усе людзі, — разважыў дзядзька.

Серафім з палёгкаю кінуў свой хатуль у воз, сам скокнуў туды ж і павесялелымі вачамі паглядзеў на дзядзьку і стрыечную сястру.

— Ён цяпер будзе ўсю восень без работы сядзець з намі? — спытала Каця і нездаволена паморшчыла носік.

— На гаспадарцы працы хопіць яму і мне. Трэба дровы нарыхтоўваць, гной выкідаць, карова хутка да столі рагамі дастане, ды ці мала спраў?

— Але ж ён малады хлопец, мог бы і ў Берасці працу пашукаць, — запярэчыла дзяўчына.

— Жаніцца яму пара. Яму трыццаць гадоў. Трэба абрастаць сям’ёю, дзецьмі. Што ён адзін, як палец, на свеце будзе бадзяцца па гэтых чыгунках, — катэгарычна спыніў гаворку бацька. — Сядай на воз, паедзем.

Каця ўмасцілася на возе спінаю да Серафіма. Кірыла ўзяўся за лейцы і пагнаў гнядога коніка ў напрамку царквы. Колы затарахцелі па брукаванцы. Насустрач ішлі па-святочнаму апранутыя сялянкі, смяяліся, размаўлялі. Людзі радаваліся магчымасці адпачыць ад будзённай цяжкай працы. Местачкоўцаў амаль не было відно, толькі хлапчукі снавалі паміж вазамі. Зосю Кірыла заўважыў не адразу. Яна стаяла пад высокімі дрэвамі і размаўляла з Гэляю, Карпаваю дачкою. Даўнейшае іхняе сяброўства і сумесная паездка ў Польшчу ўсё яшчэ звязвала дзяўчат цёплымі пачуццямі. Гэля радасна павіталася з родзічамі, кожнага абняла і тройчы расцалавала.

— Гэлька, ты такая круглая стала, — сказала Каця насмешліва.

— Выйдзеш замуж — і ты пакруглееш, — весела адказала Гэля.

— Як табе ў тым замужжы?

— Усяляк бывае, але ўжо дабудоўваем хату, дык хутка буду сама сабе гаспадыня.

— Чаму не заходзіш у госці? — спытаў Кірыла ў пляменніцы.

— Зайду, дзядзечка, на каляды. Абавязкова ўжо зайду. То ж былі дзеці малыя, прывязалі да хаты. А цяпер падраслі, дзякаваць богу.

— А колькі ж іх у цябе? — зноў спытала Каця.

— Чацвёрка, — весела адказала Гэля. — Як бобу ў хаце.

— Няхай гадуюцца здаровыя, — усміхнуўся Кірыла.

— Навошта столькі дзяцей? — грэбліва перасмыкнула плячамі Каця.

— Колькі Бог даў, столькі і добра. Яны ў мяне ўсе прыгожанькія, беленькія, як анёлы.

Кірыла ўсміхнуўся Гэлі, падбадзёрваючы ці падтрымліваючы яе, а потым звярнуўся да Зосі:

— Сядай, паедзем дахаты.

— Едзьце, я трохі пабуду з Гэляю. Вельмі ж даўно мы не бачыліся.

— А пасля пешкі будзеш тупаць з Жабінкі? — спытала Каця.

— Нічога, я люблю хадзіць. Ногі доўгія, данясуць.

— Паедзем, разам і паабедаем. Вось і Серафім з намі, — прапанаваў Кірыла.

— Не, я трошкі яшчэ пабуду. Заняла чаргу да споведзі. Людзей шмат.

— Ну, рабі, як хочаш, але асабліва не баўся. Асенні дзень кароткі, — папярэдзіў Кірыла, тузануў лейцы і паехаў па вуліцы, пакідаючы шумнае і святочнае мястэчка.

Гэля зазірнула ў вочы Зосі і спытала:

— А ты яшчэ замуж не збіраешся?

— Пакуль не. Прыслаў тут нейкі Кананчук ліст, хоча пазнаёміцца.

— А хто ён, адкуль?

— Жыве ў Берасці, нядаўна з Амерыкі вярнуўся.

— Дык згаджайся, — параіла Гэля. — Чаго ты чакаеш?

— Сама не ведаю, чаго чакаю. Не магу сустрэць чалавека такога, каб быў да душы.

— Дзе ты яго сустрэнеш, калі родзічы аднае крыві між сабою не ладзяць, а ты хочаш, каб табе чужы чалавек стаў радней роднага.

— А ты як са сваім? — спытала Зося.

— Дзе стрываю, дзе агрызнуся, дзе і гаўкну — так і жывём.

— А мне хочацца, каб жыццё было, як свята, у каханні і шчасці, — мройліва сказала Зося.

— Гэты вы з Кацяю ў кніжках пра такое чытаеце, а ў жыцці так не бывае. Перш чым ружа вырасце, трэба пад яе гною пакласці. Помніш, як мы ў пана графа вясной кветнік даглядалі?

Зося ўздыхнула, абняла Гэлю, сказала:

— Бывай, сястрычка. Радая была цябе пабачыць. Пайду паспавядаюся. Нешта душа не на месцы.

1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 80 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название