Варона
Варона читать книгу онлайн
Новую кнігу вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, прэміі імя Васіля Віткі і расійскай прэміі імя Баяна Васіля Ткачова склалі аповесці “Скачы ад печы, жэўжык!”, “Мішэнь”, а таксама апавяданні, жыццёвінкі і гумарэскі, напісаныя ў апошні час. Лёгкі стыль пісьма, іронія і дасціпны гумар, уласцівыя творчасці гэтага пісьменніка, прысутнічаюць, безумоўна ж, і ў творах, што склалі гэтую кнігу прозы. Аўтар з сыноўняй любоўю і цеплынёй піша пра людзей, на долю якіх выпалі нялёгкія жыццёвыя выпрабаванні. Героі яго твораў – людзі простыя, на першы погляд сціплыя і нічым непрыкметныя, але калі трэба, яны гатовы пастаяць не толькі за сябе, але выручыць з бяды іншых, падставіць сваё плячо ў цяжкую хвіліну, падаць руку. Васіля Ткачова называюць майстрам сюжэта. Яго творы справядліва карыстаюцца заслужаным поспехам у чытачоў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Апавяданні з цыкла
“ДЗЕД АЎГЕЙ І ДЗЕЦІ”
Стары Аўгей больш сядзеў на лаўцы каля сваіх веснічак, абапершыся на кіёк, і назіраў за жыццём, што ладзілася на вясковай вуліцы. Маленькія вочкі-гузікі паспявалі ўсё ўбачыць, запрыкмеціць,- нічога не прапусцяць. Ён ахвотна ківаў галавой на прывітанні-паклоны вяскоўцаў, іншы раз змахваў картуз, бліскаў лысінай, нешта мовіў прахожым, цікавіўся, ці прывезлі ў краму хлеб, тады-сяды скардзіўся, што доўга няма дажджу... Ну, а калі побач прашмыгне хто з дзятвы, абавязкова зачэпіць таго словам, стараўся прыпыніць каля сябе, і тады адбываўся невялічкі спектакль каля веснічак старога Аўгея. Хоць і не толькі каля веснічак - там, дзе заўсёды былі дзед і дзеці...
Нядаўна я пабываў у сваёй вёсцы каля той хаты, у якой жыў мой дзед Аўгей. Паколькі даўно ўжо няма дзеда Аўгея і бабы Аксінні, а ў хаце ніхто не жыве, і яна, хата, таксама памірае...
Але значна больш, перакананы, будуць жыць гісторыі пра дзеда Аўгея і дзяцей, якія склалі, такім чынам, ладную вязанку апавяданняў. І, што прыемна, магу сказаць без лішняй сціпласці: працяг будзе. Бо як толькі прыгадаю нешта цікавае пра свайго дзеда, адразу ж запісваю. Каб самому не забыцца і вам расказаць.
ПЕРШАКЛАСНІК ЛЁНЬКА
У гэтай невялічкай лясной вёсачцы няма сваёй школы. Ды яна і не трэба -адзін вучань усяго жыве тут. Лёнька. Хлопчык ён гарэзлівы, шустры. Спярша маці вадзіла малога ў суседнюю вёску за два кіламетры, каб Лёнька граматы набіраўся ў першым класе, а потым хлопчык насупіўся: « Я сам!» Ён не сказаў маці, што дзеці пачалі кпіць з яго: эх ты, сам у школу ўжо прыйсці не можаш, герой!
І пачаў Лёнька хадзіць у школу сам. А дзед Аўгей, як заўсёды, ужо раненька на лаўцы сядзіць, папяроску смуголіць:
- Ты куды, Лёнька?- пытае дзед , нібы не ведае.
- У школу,- горда адказвае Лёнька.
- Дык гэта... навошта пантоплі рваць... у белы свет у школу тэпаць?- хітравата глядзіць на малога Аўгей.
- А што?- Лёнька спыніўся.
- Нічога асаблівага, я ж і кажу. Можна ж і пантоплі не рваць, і граматным быць.
- Як гэта?- цікава Лёньку.
- Хочаш, я цябе вучыць буду?
Лёнька яшчэ больш зацікавіўся, падступіўся бліжэй да Аўгея. А стары працягвае:
- Ну. Навучу. Пісаць і чытаць. А што табе яшчэ трэба? Давай, запісвайся да мяне. Падавай заяву. Я табе і дакумент потым выдам, не горш за тую школьную ацістацыю, і пячатку з бульбіны... з самай вялікай андрэты выражу - і хлопну на дакумент. Га? Без екзаменаў цябе куды хочаш прымуць пасля маёй навукі. У любую акадземію. А то выдумаў - у белы свет хадзіць, каб навучыцца чаму-небудзь. Я цябе, Лёнька, і раней яшчэ выпушчу - усіх абскачаш, ужо можа якім інжынерам станеш ці касманаўтам, а дружбакі твае будуць яшчэ ў той школе млець. Дык думай, Лёнька. Думай.
Лёнька раптам развярнуўся і наўскач паімчаў дамоў. Праз колькі часу ён на той жа хуткасці прашмыгнуў каля Аўгея, паказаў старому язык - прывітанне, а як жа, ад бацькоў. А сам у школу ж пабег, куды яшчэ.
- Чаго добрага спозніцца, жэўжык, - праводзіў вачамі хлопчыка Аўгей, хітравата ўсміхнуўся. - Бяжы, бяжы, Лёнька. Вучыцца трэба. Ты дзеда не слухай. Дзед напляце табе бочку арыштантаў... Бяжы, бяжы...
СЛЁЗЫ І ЦУКЕРКА
Да бабкі Вулляны дачка прывезла з горада ўнука Юрку - на ўсё лета, каб малачка папіў, ягадамі ды яблыкамі паласаваўся. Хлопчыку яшчэ далёка да школы, у садзік надакучыла хадзіць, а ў бабулі яму добра. Тут і куры, і кот Васька - яго лепшы дружбак. І вуліца шырокая, утравелая - не гарадскі асфальт. Прыемна тупаць. Ён і ходзіць па траўцы. Якраз з дзедам Аўгеем параўняўся.
- Здароў, Колька! - стары прыўзняў картуз, кіўнуў.
Вуллянін унук павярнуўся да дзеда, надзьмуў шчокі, а потым па-даросламу пераканаўча сказаў:
- Я не Колька.
- Не, ты Колька.
- Я не Колька. Я Юра,- сур’ёзна сказаў хлопчык.
- Не, няпраўду кажаш. І дзе ж ты так хлусіць, цікава мне, навучыўся? Ты -Колька!
- Я - Юрка! - малые пачынае тупаць нагамі, даказваючы, хто ён ёсць на самой справе. Я - Юрка!
Стары хітра ўсміхаецца:
- А чым дакажаш? Пакаж метрыку.
Хлопчык не знаходзіць, што адказаць. Маўчыць. Насупіўся.
- Ну, і куды ж ты ідзеш, Колька?
- Я Юрка-а-а!- на вачах малога выкругляюцца слязінкі, ён зноўку тупае нагамі.
А стары гладзіць малога па галаве, дастае з кішэні цукерку, падае яму:
- Во калі з’ясі маю цукерку, толькі тады паверу, што ты Юрка і ёсць на самой справе.
Малы хуценька пракаўтнуў цукерку, усміхнуўся - вочкі блішчаць.
- Бачыш?
- Во цяпер бачу. Ну, і куды ж ты ідзеш, Юрка?
- А не скажу!- і хлопчык вёртка шугануў ад старога.
Аўгей жа ўсміхаецца: сёння і яму трошкі весялей стала на гэтым свеце, дзякуючы Вуллянінаму ўнуку.
БУЛЬБАШЫ
Паклікаў неяк дзед Аўгей да сябе дзяцей.
- Прыходзьце сёння, шаноўныя землячкі, да мяне, - сказаў стары, сустрэўшыся з імі каля крамы. - Хто спозніцца - вельмі пашкадуе. Буду чакаць. Усе чулі?
- Усе!- амаль што ў адзін голас адказалі дзеці.
- Не спозніцеся?
- Не-е!
Дзед Аўгей сядзеў на лаўцы, смуголіў сваю дужа нясмачную цыгарку, а як толькі ўбачыў дзяцей, што купкай - як і гулялі каля крамы - тупалі да яго, пашукаў, куды б прыладзіць акурак, а тады шпурнуў яго падалей у траву - каб і духу блізка не было, каб дзеці маглі дыхаць чыстым паветрам. Дзед Аўгей такі: багата з таго, што сам рабіў, не жадаў дзецям. «Дурное ўсё гэта». Дзеці селі каля дзеда на лаўку - з двух бакоў, і Лёнька, зірнуўшы з-пад ілба на старога, напомніў пра сябе і сяброў:
- Мы прыйшлі...
- Гэта я бачу,- варухнуўся на лаўцы дзед Аўгей. - Малайцы. Нешта ў вас сёння ногі цэлыя, непадрапаныя? Га? Тут нешта не так. Не можа быць хлапцоў, каб у іх ўсё чын па чыну было. Слабавата бегалі. Але нічога, справа паправімая. Хочаце, я вось на гэтых дзвюх цаглінах, - стары паказаў на самаробную печ, спрацаваную з чырвонай цэглы каля брамы, - такую страву згатую, што пальчыкі абліжаце?
Дзеці, не ведаючы яшчэ, што там за страва такая будзе, быццам незнарок пракаўтнулі сліну...
- Ніколі смачнейшай ежы вы не спыталі, гэта я вам, стары чалавек, гавару. Ці, можа, бачылі смачнейшую? Га, Петрык? Што ты скажаш нам на гэта?
- Не ведаю, - паціснуў плячом хлопчык.
А Лёнька хітравата ўсміхнуўся:
- Г-гы... Што, скажаш, і смачней будзе нават твая ежа, дзед, чым снікерс?
- А то ж! Што там твой снікерс-брыкерс? Гэх, дзялоў тых! Давайце памагайце мне лепш. А тады, за вячэрай, і пагамонім.
- А што памагаць?- пацікавіўся Лёнька.
- Знайду,знайду што,-- дзед пакрактаў трохі, пакуль устаў з лаўкі.-За мной, як той гаварыў, не стане. Так, браткі-гвардзейцы, усім адна каманда: скабліць бульбу. Вось у мяне падрыхтаваныя для вас спецыяльна чатыры нажы. Якраз кожнаму. Вось кашэль з бульбай. Прыступайце. Толькі - папярэджваю, як амаль дарослых людзей,- захоўвайце дысцыпліну. Не штурхайцеся. З нажамі асцярожней будзьце. А я тым часам цяпельца ў печы раскладу, ваду пастаўлю,- няхай грэецца, усё ж хутчэй будзе.
Лёнька і яго камнда скаблілі бульбу і чырыкалі, што тыя вераб’і : меркавалі, якую ж страву рашыў прыгатаваць дзед Аёгей, і нешта ніводная не падыходзіла - дужа ўжо вядомыя ўсе, здаецца, елі і тое і гэтае, не здзівіш іх, а тут жа, відаць, будзе нешта адмысловае, мо нават і тое, пра што раней яны ніколі не чулі.
- Ну, як тут у нас справы ідуць?- пачуўся бадзёры дзядулеў голас.-Дно далёка?
- Трошкі засталося,- за ўсіх адказаў Петрык.
- Бачу, што стараецеся. Хвалю. Мо падсобіць?