Нiчые
Нiчые читать книгу онлайн
Аповесці "Нічые", "Вёска" і раман "Рэвізія", што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
А ён і сам ужо не хацеў спяшацца, здагадваючыся, што акурат у зацяжцы такой прэлюдыі...
- Дзяніс, а праўда... не страшна... людзей страляць? - Яна задыхалася і сама расшпіліла ўсе да канца гузікі.
- Якіх... яшчэ... людзей?
- Ну... чырвоных.
- Чырвоных - не страшна...
Яна абмахвалася, расчырванелая, - рухам маладзіцы, што глынула за святочным сталом праз меру першаку і цяпер у сябе прыйсці не можа.
- Пачакай... Ну, пачакай, кажу! - гаварыла задыхана. - Адзін раз было, ты яшчэ ў Слуцку вучыўся, а чырвоныя прагналі палякаў, самі едуць праз вёску, усе павыходзілі, пазіраюць, і я выйшла... А іх цэлы свет, едуць абозамі, пехатою ідуць, абарваныя, што старцы, абношаныя, шлэп-шлэп босымі нагамі па шашы, адно крычаць: «Даёш Варшаву! У Варшаве абуемся, рыб'ята!», а на падводах, далібог, - жанкі, дзеці, песні спяваюць... А ў падводы не коні ўпрэжаны, а такія страшыдлы - губатыя, з гарбамі, і венікі жаруць, - далібог, тыя, якімі падлогу падмятаюць!..
- Вярблюды... называюцца... - Яго рука даўно пасоўвалася ўжо ёй па назе, вышэй калена...
Яна здзіўлена зіркнула на яго, нібы пачула якую непрыстойнасць.
- Як-як?!
- Вярблюды... з гарбамі...
Яна нагнула яму галаву і прашаптала ў вуха, смеючыся:
- Вер-бляды? Ці вер-блядзі?
Яго бы варам апякло. Вось яно, прагучала - словапароль!.. Вось ён - пропуск у блізкую ўсёдазволенасць!.. Вось ён - у сукупнасці з дрыжыкамі яе нагі ў яго пад рукою, ды з нервовым шэпатам, ды - асабліва! - з пахам, не іхнім казарменна-салдацкім, а пахам вострага, юрлівага, дзявочага поту, - знак, што хутка ўсё адбудзецца...
- Ну, Лізка!
- А што я такога сказала? Аксеня так лаецца... Пачакай!..
- А як... яна... яшчэ лаецца?
- Так я табе і сказала... Усё! - І мякка, але й рашуча ў той жа момант, умець так яшчэ трэба, скінула з нагі яго руку. Ужо без нервовага свайго смеху, не шэпатам, а ўслых, зусім як дарослая прамовіла: - Дзяніс, ну што ты робіш? Я ж малая яшчэ!
У яе голасе была скруха.
- Малая! - Ён падхапіўся, насуплены ад злосці. - Матныя словы казаць не малая!
- Я ж так, нарошне... Ну, чаго ўскочыў? Пакрыўдзіўся?
А яму раптам цюкнула ў галаву дурное. Можа, выцягнуць зараз маўзер ды наставіць на яе, прыпужнуць? Засмяяўся гучна. Так, як ёсць, яшчэ лепш. Былі яны ў лазні адныя? Былі. А што ўжо там рабілі, хай Валодзька Піліпчук сам дадумвае.
- Чаго ты смяешся?
- З цябе.
- А за што з мяне смяяцца?
(«Ага, ты крыўдзішся, - можа, на гэтым сыграць? Не з дзвярэй, дык з акна?»)
- За тое, што ты... Такая вось.
- Якая? - не адставала яна. - Непрыгожая? Дурная?
- Не ведаю.
Памаўчалі. Ён прысеў на кукішкі - знарок, каб сабою закрыць ёй агонь, на які яна так любіць пазіраць, - усунуў у чырвоную зяпу грубкі пару паленцаў.
- Мы не ўчадзяем, Дзяніс? Ты юшку добра адкрыў?
- А ты што, ноч тут сабралася начаваць? - сказаў ён груба.
Дзяўчына паднялася - з грукатам упала нязграбна адсунутая лавачка. Дзяніс адчуў на плячах яе рукі.
- Ну, пакрыўдзіўся?
(«Па-новаму?»)
Не адказваючы, ён варухнуў плячыма. Але яна не адняла рук.
- Паслухай, я падумала... Ты ж заўтра пойдзеш? Ну, у сваё Семежава?
- Заўтра пайду.
- Скажы... Гэта ж і цябе могуць?..
- Могуць, - лёгка дадумаў ён нявымаўленае слова.
- Дык гэта ж, можа быць, твая... - сама ўражаная, развівала яна далей: - Нашая апошняя ноч!..
Ён капрызліва маўчаў. Нарэшце дайшло... Так, апошняя, і могуць забіць, і няхай забіваюць!..
- Здымі шынель, Дзяніс... І хадзем сюды, у куток...
- А я паглядзець на цябе хачу!
- На што там глядзець?.. Сорамна! І грубка ж блізка, горача ад яе... Ну, Дзяніс!..
А ў грубцы, і праўда, патухала доўга. І доўга яшчэ сцены маленькага прылазніка, ажыўленыя мітуслівымі ценямі, былі адзінымі сведкамі (...), пакуль нарэшце не здаволіўся агонь, не ўтаміліся і не пачалі блякнуць і знікаць пакрысе самі цені...
Нагуляныя, натомленыя дзеці, Дзяніс з Лізкаю, цесна прытуліўшыся адно да аднаго, пасвістваючы насамі, соладка спалі на рассцеленым каля палянніцы шыняльку. Яе галава з ускалмачанымі валасамі ляжала заместа падушкі на яго выцягнутай руцэ. Раздвоеная ластаўчыным хвастом пасмачка збілася на лоб і даставала да вуснаў (цяпер вялікіх, падпухлых), дзяўчынка штораз перасмыкала імі, сілячыся прагнаць з іх дакучлівую муху. У яго твар быў суровы, нават сярдзіты. Са свістам варушыліся ноздры, пераноссе то разгладжвалася, то зноў набрыньвала зморшчынаю - відаць, і ў сне не было яму супакою, усё абдумваў, як лепш расказаць пра свае прыгоды сябру Валодзьку Піліпчуку...
Яны спалі, - а ў гэты час стаяў, прыляпіўшыся да шурпатай смалістай сасны, закрываючы каню рот, каб не заржаў, агаломшаны камандзір палка Чайка, міжвольны сведка жывой «карціны Рэпіна»: адно замест бурлакоў - палонныя чырвонаармейцы, а замест баркі - падвода; і ў гэты ж самы час цёзка яго, другі Павал, калаціўся ў разбітым цягніку - ехаў невядома куды, невядома да каго: выпрошваць грошы, зброю і амуніцыю (не здагадваючыся, што рыхтык з такою ж самай, толькі сакрэтнай, місіяй прабіраецца зараз да Лунінца, у канспіратыўную стаўку Булак-Балаховіча, Ян Мацэля - паведаміць, што ўсё падрыхтавана да перавароту, трэба толькі знак: «і нацыяналістыя камандзіры і радаўцы-незалежнікі, разам з Жаўрыдам, будуць арыштаваныя», а таксама папрасіць, каб «бацька» ўзяў брыгаду пад сваю апеку, гэта значыць, на поўным сур'ёзе зрабіць тое, аб чым на семежаўскім мітынгу Жаўрыд выказваўся іранічна).
Дзяніс з Лізаю соладка спалі і не ведалі, што са Слуцка, ускінутыя па трывозе тэлефонным званком з вызнянскага рэўкама, куды дапаў нарэшце, праклінаючы Чуба, скалелы, з яшчэ больш адмарожанымі рукамі ўцякач (і куды неўзабаве з'явіцца адпушчаны Чайкам «чырвоны манархіст»), ужо выступіў карны атрад на чале са спецыяльным, з самога Смаленска прысланым упаўнаважаным-камісарам па прозвішчы Губмян - грымучая армяна-жыдоўска-расейская помесь, забяспечаная падрабязнай інструкцыяй «подавления националистического бунта всеми надлежащими рев. методами».
Яны спалі - і ведаць, канечне ж, не маглі, што ў гэты самы час у далёкай латвійскай сталіцы, ва ўтульным, сівернаму балтыйскаму ветру непрыступным асабнячку насупраць Домскага сабора, савецкі дзяржаўны і палітычны дзеяч («красавец, любитель дорогих вин, женщин»...) Арнольд Абрамавіч Іофе сам-насам з польскім палітычным дзеячам Янам Тамашавічам Домбскім (чаго толькі не вымудруе гісторыя!), папіваючы каньячок і закусваючы прыпудранымі цукрам залацістымі лімоннымі долькамі, у трэці раз перапрадавалі адзін аднаму Беларусь - бы ў карты на яе перакідваліся. «Нашто нам з вамі, Божа ж ты мой, - мядова мурлыкаў Іофе, трымаючы ў пульхных, ужо без пярсцёнкаў, пальцах казырных караля з дамаю, Домбскаму - з казырнымі валетам і тузам, - нашто нам яшчэ й такая скула пад бокам, хіба мы самі не дамовімся? - вы толькі захочце [17]... Вось калі я быў паслом у Берліне!..» (ці выблісне хоць што з гэтага лімонна-каньячнага вечара ў памяці ў Арнольда Абрамавіча, калі роўна праз сем гадоў уставіць ён сабе ў рот наган і націсне на курок?..).
Дзяніс з Лізаю спалі, пасвістваючы насамі, і ні аб чым гэтым ведаць не ведалі.
XVII
На досвітку, той сцішанай перадранішняй парою, калі неба на ўсходзе толькі-толькі пачынае рабіцца фіялетавым, калі ўжо знікаюць зоркі і блякне, амаль раствараецца ў начных хмарах месяц, але світання няма пакуль і знаку, і незразумела - чаму ж так светла тады? чаму ўсё відно? - хіба што ад гэтага сіняга, скрыпучага пад нагамі, сухога снегу, парою, калі самы час падымацца ды глядзець скаціну, усё сяло, ад малога да старога, выгналі ў поле і акружылі.
Людзі стаялі шчыльным натоўпам - цёмнай плямінай на белым снезе, - самі цяпер бы тая скаціна ў гурце. На пярэдніх нацэлены былі два «максімы». Акружаў натоўп разрэджаны ланцуг чырвонаармейцаў з вінтоўкамі.
