Кветкi самотнай князёwны
Кветкi самотнай князёwны читать книгу онлайн
Аленка не магла стрымацца ад смеху — мужчына гадоў трыццацi ў белым касцюме неадрыўна пазiраў на яе. Ён стаяў ля навагодняй ёлкi з нейкiм маладым хлопцам Аленчынага ўзросту i за ўвесь вечар нiкога не запрасiў да танцаў. Ён, вiдаць, быў не вясковы, а Аленцы надакучылi свае гарадскiя хлопцы, да таго ж яна прыехала ў вёску да аднакурснiцы Галi, каб сустрэць тут Мiколу — у iнстытуце ён зусiм не звяртаў на яе ўвагi. Высокi, прыгожы, з кучаравымi пышнымi валасамi, блакiтнавокi, Мiкола вабiў многiх дзяўчат, але, сябруючы з усiмi, быў такi недасягальны i, здавалася Аленцы, чымсьцi таемны, а неразгаданае, таемнае так прыцягвае! Галя падбухторыла Аленку схадзiць да Мiколавага бацькi, быццам па квашаныя яблыкi, у вёсцы Адась славiўся тым, што надта ж смачна ўмеў квасiць антонаўкi. Адасева жонка памерла, i ён сам вёў гаспадарку. Калi дзяўчаты прыйшлi, Мiкола сустрэў iх ветлiва, па-сяброўску частаваў яблыкамi, жартаваў, а вось у клуб так i не з'явiўся...
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Маруся ўзяла анучкай мiску i паставiла на прыпечак.
— Чым займаецца твой брат? — як быццам з ветлiвасцi папыталася ў дзяўчыны. — А дзед што робiць?
— Дзед тэлевiзар глядзiць, — Гайва ўзяла ў лыжку масла i палажыла ў мiску.
— Яшчэ адну лыжку кладзi, — параiла Маруся. — А брат што робiць?
— Таксама глядзiць! — Гайва палажыла лыжку масла i пачала размешваць, лiзнула языком. — Смачна як! А ў Вайдаша нешта настрою няма.
Яна ўзяла ў Марусi з рук пакецiк з парашком какавы.
— Дзве лыжкi сыпаць? — перапытала ў Марусi.
Тая кiўнула.
— Вайдаш сумны, — працягвала Гайва, памешваючы ў мiсцы. — Нехта яму настрой сапсаваў…
— Стаў на агонь усё! — загадала Маруся. — Няхай кiпiць чатыры хвiлiны. Тады разлiвай у формачкi i стаў у халадзiльнiк…
— I ў цябе таксама няма настрою! — заўважыла Гайва. — Учора мы з табою столькi шакаладак нарабiлi! А сёння ты нiчога не хочаш рабiць…
— Нешта Вайдаш са мною i не павiтаўся, — паскардзiлася Маруся. — Глянуў i адвярнуўся.
— На цябе наплялi ўсяго, — растлумачыла Гайва, — быццам бы ты з Галiным Толiкам абдымалася ў лесе…
— Вось яно што! — уздыхнула Маруся. — Ён у плёткi верыць?
— Можа, ён цябе зараўнаваў! — засмяялася Гайва.
— Анатоля я ведаю проста як сябра, перадай яму! I хай ён не судзiць мяне па сабе! Анатоль мне ўсю праўду пра яго сказаў, пра яго адносiны з Галяй i Аленкай! — раззлавалася Маруся.
— Пойдзем сёння ў лагер! — прапанавала Гайва. — Няхай Вайдаш параўнуе! I Алесiк таксама!
Маруся згодна кiўнула галавою.
…Утульна i цiха было ноччу ля вогнiшча. Анатоль раздаваў у кубках гарбату. Мiкола абапёрся на грыф сваёй гiтары i пазiраў на цёмную паверхню вады, у якой раз-пораз плёскалася рыба. Антось трымаў у руцэ галiнку i адмахваўся ёю ад камароў. Галя сядзела, насупiўшыся, ля яго i кiдала незадаволеныя позiркi на Марусю i Гайву.
— Я раскажу вам аповяд, — прапанаваў Мiкола. — Пра каханне. Шкада, што няма Аленкi, паехала на магiлу да сваёй бабкi. Але ж слухайце. Некалi чалавек быў магутны, ён меў выгляд страшны: жаночае i мужчынскае тулавы, зрослыя ў адно. Багi вельмi баялiся гэтых людзей, таму рассеклi iх на палавiны: мужчынскую i жаночую… Тады чалавек стаў слабы i няшчасны — ён увесь час шукаў сваю палавiнку, iншы раз i за ўсё сваё жыццё не знаходзiў. Вось i я шукаю… Усе мы шукаем, таму так шмат пакут ад кахання, бо часта хапаем не сваю палавiнку…
— Таму, што верым у гэтую казку! — строга сказаў Антось. — Яе выдумаў д'ябал, як выдумаў каханне. Такога няма ў Бiблii. Мы ўсе — душы жывыя, палоннiкi цела свайго. Душа не мае полу: нi жаночага, нi мужчынскага. Калi нараджаецца дзiця, Бог пасылае яму душу. Душа — бясполая! Запомнiце гэта! I чаму мы менавiта шукаем сваю роднасную душу сярод супрацьлеглага полу? А можа, яна, тая наша роднасная душа, знаходзiцца ў тваiм сябры, сяброўцы, у тваiм дзiцяцi? Падумайце пра гэта! Успомнiце, колькi на зямлi няшчасных людзей, тых, якiя не знайшлi шчасця ў каханнi, шлюбе? Толькi адзiн шлюб на тысячу шчаслiвы. Астатнiя дзеля прылiку, каб людзi не смяялiся, альбо дзеля дзяцей жывуць! Паглядзiце, у гэтай вёсцы ёсць шчаслiвыя сем'i? Не, iх няма. Сем'i iнтэлiгенцыi вясковай — бутафорыя, на людзях быццам бы i добра, а глыбей зiрнеш — здрады, спрэчкi. Няўжо ж так цяжка адшукаць гэтыя палавiнкi? Ды проста нiякiх палавiнак няма! Ёсць любоў боская, яе вы знойдзеце ў манастыры! Паглядзiце, якая любоў там сярод братоў i сясцёр! Вось гэта i ёсць сапраўдная любоў! На зямлi няма нiчога вечнага! Iсус гэта ведаў, калi д'ябал у пустынi прапаноўваў яму стаць царом свету гэтага. Хто ж тады з'яўляецца царом свету гэтага? Калi б д'ябал не з'яўляўся царом свету гэтага, ён не прапаноўваў бы яго Iсусу! Значыць, мы жывём у iлюзорным свеце, у свеце сваiх фантазiй, у падмане д'ябла! Нам трэба адмовiцца ад гэтага свету i дбаць пра свет вечны…
— А я веру ў каханне! — запярэчыў Мiкола. — Петрарка i Лаура… Неферцiцi i Эханатон… Рамэа i Джульета…
— Сцiхнi! — Антось адкiнуў убок галiнку. — Петрарка нiколi не падыходзiў да Лауры, ён кахаў сваё каханне, сваю фантазiю. Рамэа i Джульета — думка, хаця такое i можа здарыцца ў час закаханасцi. Але што ж потым? Неферцiцi? Так, яна сiмвал не толькi прыгажосцi, але i мудрасцi, дапамагала мужу ў рэформах. У iх было шасцёра дачок. Неферцiцi прыхiльна сустрэла рэлiгiйную рэформу Эханатона. Кажуць, да пары збан ваду носiць. Праз дваццаць гадоў сямейнай iдылii фараон закахаўся ў жанчыну маладую, у Кiю. Неферцiцi пакiнула мужа i замкнулася ў палацы, якi ён раней пабудаваў ёй. Кiя была авантурысткай, але аслеплены фараон не бачыў гэтага. Яго напаткала д'ябальскае каханне, прага да цела. Замест любовi боскай, якая была памiж iм i Неферцiцi, любовi, сяброўства, ён выбраў д'ябальскае. Немалады i хворы фараон пад прымусам Кii выжыў Неферцiцi з яе палаца, сцёр яе адлюстраваннi са сцен i намаляваў Кiю. Палюбоўнiца дамаглася афiцыйнага тытула фараона — суправiцельнiцы. Ёй пры жыццi была зроблена залатая труна. Але з вышынi сваёй Кiя бразнулася нiц. Падрабязнасцяў гэтага вучоныя пакуль не ведаюць. У Кii адабралi палацы i аддалi iх дочкам Неферцiцi. Яе iмя пасаскрабалi са сцен i сасудаў. Адабралi i труну. Час смерцi Кii i далейшы лёс фараона невядомы. Але дакладна вядома, што Неферцiцi перажыла iх абодвух. Яна выдала замуж дачок, але так i не дачакалася ўнукаў. Дочкi былi бясплоднымi. Напэўна, так пакараў Бог род фараона. Малодшая дачка Неферцiцi выйшла замуж за фараона Тутанхамона. Неферцiцi памерла на чацвёртым годзе яго кiравання. Але i ён доўга не пражыў. У ягонай пахавальнi ў шкатулцы захавалiся дзве малюсенькiя мумii мёртванароджаных ягоных дзяцей. Удава Тутанхамона болей замуж не выйшла. Так на дачцэ Неферцiцi Анхесенпаатон i скончылася васемнаццатая дынастыя егiпецкiх фараонаў, сышла з гiстарычнай арэны калiсь вялiкая i дружная сям'я Эханатона i Неферцiцi. А ўсяму вiною блуд фараона…
Усе моўчкi глядзелi на вогнiшча. Галя паднялася i пайшла спаць у палатку. Мiкола пайшоў правесцi яе, аб нечым размаўляў з дзяўчынай. А калi тая схавалася ў палатцы, ён аслупянела запынiўся i амаль хвiлiну пазiраў некуды ў цемру.
— Што з табою? — аклiкнуў яго Анатоль.
Той здрыгануўся i моўчкi вярнуўся да вогнiшча. Праз хвiлiну ў стане паказаўся Алесь. Гайва ажывiлася, пачала жартаваць.
— Пацалуй мяне перад хлопцамi! — шапнула яму на вуха. — Апошнi iспыт. Тады паверу, што кахаеш!
Алесь упарта маўчаў.
— Можа, спаць пойдзем? — спытаў у хлопцаў Мiкола. — Туман над рэчкаю, да сну хiлiць…
— А вось калi Алесiк пацалуе мяне, тады i пойдзем! — засмяялася Гайва i падставiла хлопцу шчаку. Але той не пацалаваў. Гайва надзьмула вусны i ўскочыла з бярвенца.
— Пайшлi, Маруся, дадому! — паклiкала яна.
Дзяўчаты развiталiся. Алесь i Анатоль узялiся правесцi iх дахаты. Калi яны адышлiся на некалькi метраў ад лагера, пачулi страшэнны крык Мiколы, хлопец крычаў не сваiм голасам. Яны кiнулiся назад. Збялелы, перапалоханы Мiкола сядзеў на каленях ля Галiнай палаткi, а дзяўчына сонна лыпала вачыма, пацiраючы шыю.
— Вось у гэтае месца! — паказваў на Галiну шыю Мiкола.
Рукi ў яго трэслiся.
— Скура не пракушана, — шаптаў ён. — Яна ў Галi так энергiю забiрала — як вампiр кроў смокча. Прыцiснулася вуснамi да шыi — i забiрала энергiю. Яна ў лесе стаяла за дрэвамi, пакуль мы сядзелi ля вогнiшча. Чакала. Я бачыў яе ў падзямеллi…
— Хто гэта быў? — спытаў Антось. — Жанчына? Ты яе ведаеш?
— Соф'я… — трасучыся, вымавiў Мiкола. — Аленчына мацi…
— Казкi ўсё гэта! — працягнуў Анатоль.
— Не казкi! — перабiў яго Антось. — Соф'я — энергетычны вампiр. Яе астральнае цела выходзiць у час сну i забiрае ў людзей энергiю. Калi Соф'я памрэ, цела яе застанецца ружовым у труне, бо астрал будзе падтрымлiваць яго, сiлкаваць энергiяй. Трэба забiць асiнавы кол на яе магiле, калi памрэ, iнакш яна доўгi час будзе мучыць людзей i мёртвая…
Маруся здрыганулася. Усе баялiся заставацца ў лагеры. Мiкола прапанаваў пайсцi начаваць да ягонага бацькi.