Нiчые
Нiчые читать книгу онлайн
Аповесці "Нічые", "Вёска" і раман "Рэвізія", што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Зрэшты, ён быў страшна рады госцю і не хаваў гэтага. Прабег позіркам па накрытым стале, пацёр рукі, убачыўшы пляшку, прысеў за стол. Прысела і маці.
— Ну, расказвай! — Антон звыкла напоўніў чаркі. — Чаму столькі маўчаў? Ты атрымаў маё пісьмо?
— Атрымаў, — Рамановіч зірнуў на маці, нібы вагаўся, ці можна казаць пры ёй; вырашыў, што можна: — Атрымаў, але... Не да адказу было. Там такое закруцілася, я сам ледзь ліпеў, вісеў на валасінцы...
— І вас мо хацелі выгнаць? — адразу ажывілася маці.
У адказ Рамановіч толькі пасміхаўся. Антон зухавата — каб хоць нечым казырнуць перад сябрам — кальнуў у рот чарку самагонкі, нават не хукнуў, не паморшчыўся, узяў гарачую бульбіну, падзьмуў, пасаліў і толькі тады адкусіў кавалачак.
— А вы чаго не п’яце? — спытала маці ў Рамановіча, які нават не дакрануўся да сваёй чаркі.
— З раніцы?! У такую спёку?! Не, што вы! Тут, цётка, такі стол, што і без гарэлкі станеш п’яны...
Рамановіч наклаў сабе на талерку бульбы, зачэрпнуў з патэльні лыжку скрылёчкаў смажанага сала з цыбуляю, паліў зверху, патоўк відэльцам, з аднаго боку абклаў сваю «бабку» марынаванымі грыбамі, з другога — квашанай капустаю, зверху прыстроіў крамяны салёны гурок, палюбаваўся:
— А яшчэ кажам, жыць горш сталі!
Нейкі час моўчкі елі; хлопцы — няспешна, акуратна, ледзь стукаючы аб талеркі відэльцамі, і маці — лыжкаю, таропка, плямкаючы...
— А мой п’е, — сказала маці, хутка наеўшыся. Сказала і тут жа спахапілася, зірнула на сына — відаць, баялася нашкодзіць яму якімсь неасцярожным словам. — Не, не так каб моцна! Калі-нікалі, чарачку...
— Але ж і грыбкі ў вас! А гуркі! — Алесь еў і ўсё нахвальваў.
Маці перасела на полік, чырвоная ад задавальнення. Яе пацягнула на філасофію:
— Гляджу на вас — такі красівы, модны хлопец, і не п’яце, і Антон мой не так ужо каб піў... Чаго яны да вас чапляюцца, што б да іх смала чаплялася?
Рамановіч аж зарагатаў ад такой непасрэднасці — ён увогуле любіў розныя народныя сакаўныя слоўцы; потым пасуровеў, адклаў відэлец:
— Уся наша бяда, цётка, у тым, што мы моцна любім сваё, роднае. А гэта далёка не ўсім даспадобы.
— Ох, хай бы вы тады трохі менш любілі, былі б трохі хітрэйшыя, берагліся...
Рамановіч папрасіў гарбаты, Васкевіч дастаў яму з шуфляды кіпяцільнік, пачак чаю, Рамановіч сам моцна сабе заварыў, пачаў піць, і гаварыў з маткаю.
— За каго вы галасавалі? — спытаў ён.
— Так... — замялася маці, ізноў насцярожана зіркнуўшы на сына. — Як усе...
— Ды за «саюз» яны ўсе! — сказаў Антон.
— Што ж вы?
— Бо дурні! — асмялела маці, відаць, вясковай інтуіцыяй адчуўшы, якіх слоў хочацца сынаваму сябру. — Трэба нам быў той саюз! І так было абы-што, а стала яшчэ горш... — Яна заўважыла, што Антон ужо ў трэці раз выпіў і цяпер зноў косіцца на пляшку, паднялася: — Ну, ідзі ўжо курыць, хопіць ужо... А вы ежце яшчэ, вас гэта не касаецца! Вы курыце?
— Не.
— А мой курыць! — і зноў спахапілася: — Не, не так каб моцна...
— Ды п’ю і куру я моцна, — незадаволены, прамармытаў сабе пад нос Васкевіч.
Ён з жалем правёў вачыма пляшку ў матчынай руцэ, і калі маці выйшла ў калідор, падміргнуў Рамановічу, узяў яго чарку, што так і стаяла поўненькая і якую маці пасаромелася зліваць у бутэльку, выпіў. Рамановіч апусціў галаву.
Неўзабаве хлопцы выйшлі з хаты і падаліся на Двароўку. Васкевіч знарок павёў госця не шашою, а напрамкі. Майскае сонца грэла па-летняму, дарога была сухая, убітая, усё вакол зелянела. Тут, у вёсцы, а асабліва калі мінулі вёску і паўз дарогу з аднаго боку пацягнуўся лес, а з другога — зялёны, зарослы кустоўем лазы луг, Васкевіч яшчэ больш, чым у сваёй хаце, адчуў сябе гаспадаром. Рамановіча ўсё цікавіла, ён круціў ва ўсе бакі галавою, голасна захапляўся — ці папраўдзе, ці проста з ветлівасці госця.
— Там што, рэчка? — паказаў ён на луг, на лазовыя карчы, круглыя, як зялёныя шары, бы дэкаратыўныя.
— Рэчка. Тут бабры жылі некалі, плаціна была. Помню, мужчыны злавілі аднаго сеткаю, выцягнулі на бераг — от папаплакаў!
— І што, забілі?
— Яшчэ што... Выпусцілі. Грэх быў.
— Якая ўсё ж багатая наша Беларусь! І рыба тут ёсць?
— Была некалі. Хаця і цяпер яшчэ можна злавіць. Ракі былі, налімы — мяні, па-нашаму, вадзіліся ўюны; уюноў за рыбу не лічылі...
Васкевіч расказаў, як колісь, у засушлівае лета, капаў уюноў проста насупраць свае хаты. Рачулка перасохла, толькі на дне асталося мо з метр гразі. І ў гэтай гразі поўна дзірачак — уюны дыхалі. Ён узяў некалькі дошак, вядро, заступ (рыдлёўку), упіхнуў дошкі ў гразь, зрабіўшы як бы загарадку-сценку, і стаў перакідаць гразь за гэтыя дошкі, і яна не спаўзала. Хутка дакапаўся да цвёрдага белага дна, ачысціў гразь паўз бераг, а ў беразе — норы. Засунуў у адну руку — і выхапіў, аж страшна стала; торкнуў туды дзержаком, паварушыў — і пасыпаліся ўюны, як вугры, як гадзюкі, жоўтыя, чорныя, рабыя, штук пяцьдзесят з адной нары! А дно даволі цупкае, чыстае, уцякаць ім няма куды. Набраў вядро за пяць хвілін. А потым прыляцела пчала, заблыталася ў валасах, рукі па локаць у гразі, не згоніш. Укусіла, пачала балець галава — плюнуў і не капаў больш. А ўночы дождж лінуў — і ўсё, напоўнілася рэчка.
— Трэба ж! А я вось ніколі не бачыў жывога ўюна!
— Добра, уюны ўюнамі, раскажы лепш, што там у вас? — сказаў Васкевіч. Яму хацелася, каб Алесь загаварыў пра Лену.
— У нас? Многа чаго... Двума словамі не раскажаш, а так... Я пра другое думаю. Думаю вось пра што — якога чорта мы ўсе скупіліся ў Менску?! Сярод людзей трэба быць, паміж народу! Я скажу шчыра — я зайздрошчу табе, Антон. Рана ці позна цябе ўзновяць, пра гэта нават гаворкі няма, але цяпер — ты ж проста ў ножкі павінен пакланіцца тым, што цябе выгналі! Такая магчымасць — пабыць тут, сярод прыроды, людзей...
— Ага, дзякую, — панура перабіў Васкевіч. Яму чамусьці і не ўспомнілася, што ён сам не так даўно дзякаваў лёсу за сваё выгнанне; проста цяпер яго ўзяло за жывое. — Я і так усё жыццё сярод гэтых людзей, ведаю іх, як аблупленых, як і яны мяне — што, агітаваць іх? Вось я цябе ўвечары пазнаёмлю з Пульсам ці з Ручкам, пагляджу, як ты іх з’агітуеш!
— Пры чым тут? Сам факт: чалавек вучыўся ў горадзе, працуе ў бібліятэцы, малады, культурны — а гаворыць па-іхняму! Ужо ў гэтым лепшая агітацыя!
— Не ведаю, можа быць... Васкевічу ўсё карцела пачуць пра Лену; ён зноў спытаў:
— Дык як там нашы?
— Міцура табе прывітанне шле... А, слухай! — засмяяўся Алесь. — У яго нядаўна выйшла кніжка ў бібліятэцы «Маладосці». Здаем мы іспыты па рускай літаратуры. Міцура выцягвае білет, чытае пытанне, і яму не падабаецца фармулёўка — нешта «В чем сила Толстого как художника и слабость как мыслителя?» Падыходзіць да нашай Машы: «Я хачу другі білет». — «Нельзя. И вообще, почему вы на экзамене по русской литературе разговариваете по-белорусски?» — «Адказваць я буду па-расейску, дайце мне, калі ласка, другі білет». — «Никакого билета я вам не дам, это право преподавателя». Ах, так? Ён выходзіць з аўдыторыі і піша заяву, каб дазволілі здаваць другому выкладчыку. Назаўтра выклікаюць да рэктара. «У меня есть сведения, что вы принципиально не хотите сдавать русскую литературу». — «Я прынцыпова не хачу апускацца да ўзроўню «Толстой в силу ограниченности своего мировоззрения»... Што за лухта?» — «Вы хотите сказать, что Толстой как мыслитель был безупречен?» Ты ж ведаеш Міцуру, той заводзіцца: «Пакуль яго не пачалі выкладаць у школах і ВНУ — зрэшты, як і любога вялікага пісьменніка — так, да тых часоў быў «безупречен»! Ва ўсялякім разе, не Марыі Іванаўне талкаваць пра яго «ограниченность». — «И тем не менее, я все же остаюсь при том мнении, что вы специально тянете время, на самом же деле просто-напросто не любите и не хотите знать русской литературы». Міцура злы, вазьмі і ляпні: «Я, калі на тое пайшло, сам гэтую літаратуру раблю!» — «Как это?» — «Так, друкуюся трэці год, вось кніжка» — і выцягвае з кішэні кніжку — ён насіў яе з сабою, як некалі дзед Талаш за поясам «Дрыгву». Ведаеш гэтую гісторыю? Хадзіў па Петрыкаве з «Дрыгвою» за поясам, і не падступіцца было... Дык вось: «Для вас гэта навіна? — пытае Міцура. — Скажыце шчыра — вы чыталі хоць адно маё слова?» Рэктар раптам чырванее, лезе ў шуфлядку, мармыча: «Почему же, я люблю творческих людей, и сам печатаюсь...» — і выцягвае папку, а з яе... дзве ці тры маленькія, на калонку, газетныя выразкі! Яго творчы здабытак за ўсё жыццё!
