Трывожнае шчасце
Трывожнае шчасце читать книгу онлайн
У пенталогіі «Трывожнае шчасце» народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін на аснове ўласна перажытага паказаў лёс усяго пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны і ў нялёгкіх пасляваенных умовах аднаўляла родны край.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
«У стозе, — цвёрда вырашыў ён, усё яшчэ адчуваючы сябе ў ролі пакутніка. — Сярод балота… З ваўкамі, чарцямі і лесунамі… На злосць табе», — пагразіў ён Сашы. Але ўспамін аб ваўках прымусіў яго глянуць назад на сонца. Яно вісела нізка над лесам, чырвонае, зацягнутае смугой ці дымам, — магчыма, недзе гарэлі лясы ці тарфянікі. А такая смуга і такая цішыня і бязлюддзе выклікаюць трывогу, страх: здаецца, што недзе здарылася ці можа здарыцца вялікае няшчасце. Адчуўшы гэтую трывогу, Пятро падумаў, што яму варта вярнуцца і пераначаваць дзе-небудзь у прыдняпроўскай вёсцы. Ён сеў на пень, змораны фізічна і душэўна. Бура, якая бушавала ў душы ўсю дарогу, пакрыху сціхала. Ён адчуў, што хоча есці і піць, асабліва піць, і ўспомніў пра яблыкі, якія паклала ў яго партфель Саша. Праўда, ён яшчэ хвілін колькі з глыбокім філасофскім роздумам вырашаў: можа ён есці гэтыя яблыкі ці не? Нарэшце вырашыў, што мае права з'есці. Хлопец адкрыў партфель — і кроў ударыла яму ў твар… Спачатку ён разгубіўся горш, чым пры ўсіх іншых абставінах дагэтуль. Потым абурыўся. Як? Яна адважылася пакласці яму грошы пасля таго, як бадай што выгнала? Што гэта — здзек, насмешка? Не трэба яму яе грошай!
Ён злосна скамячыў пяцёркі і выкінуў іх пад куст. А сам, не дакрануўшыся да яблык, з ранейшай рашучасцю пайшоў далей па вузкай і няроўнай сцежцы.
Але хутка яго апанавала сумненне: ці правільна ён зрабіў, выкінуўшы грошы? І каму, нарэшце, патрэбны такі жэст сярод балота? Яму стала шкада грошай, але не таму, што гэта грошы, якіх у яго заўсёды не хапала, а таму, што гэта — Сашыны грошы, яе першы заробак за сумленную працу — за лячэнне людзей, за дапамогу пры родах (а гэта заўсёды здавалася яму асабліва ганаровым і пачэсным). Нарэшце, разважыўшы, ён пераканаў сябе, што, безумоўна, Саша паклала іх шчыра, каб памагчы яму. Як проста яна сказала, калі ён прызнаўся, што застаўся без грошай на практыцы: «А ты мог бы напісаць мне, і я прыслала б табе…» Яшчэ невядома, ці значыць той пацалунак апошняе «бывай», можа, зусім наадварот.
Узбадзёраны гэтай думкай, ён вярнуўся назад, хоць і прайшоў ужо з кіламетр, знайшоў і забраў грошы. Любоўна разгладзіў скамечаныя паперкі і паклаў у кішэню, вырашыўшы, што траціць іх не будзе, пакіне на памяць, калі нават больш не ўбачыць Сашы. Але абставіны прымусілі яго пазней парушыць зарок і купіць за гэтыя грошы сабе чаравікі, бо старыя за час падарожжа зусім стапталіся.
Падсілкаваўшыся яблыкамі, узбадзёраны сваім разумным учынкам, ён рушыў далей і яшчэ дацямна мінуў балота, густы сасновы лес і прыйшоў у вялікую незнаёмую вёску. Спытаўшы назву вёскі, даведаўся, што знаходзіцца на беразе Сожа. Гэта ўзрадавала. Але варта было падумаць пра начлег, бо параход на Гомель, як сказалі яму, будзе толькі раніцой. Ён ішоў па вёсцы, выбіраючы хату, куды можна было б зайсці папрасіцца пераначаваць, і выдумляў прычыну, куды і адкуль ён ідзе, каб даць пераканальныя тлумачэнні гаспадарам. І раптам — неспадзяваная сустрэча. Гэта часта здараецца, што мы сустракаем знаёмых там, дзе зусім не думаем убачыць іх. Белакосая пышнагрудая дзяўчына ў квяцістай сукенцы нечакана выйшла з двара, каля якога Пятро прыпыніўся, і яны адразу пазналі адно аднаго. Некалі ў маленстве разам вучыліся — у пятым і шостым класах, потым бацькі яе — работнікі саўгаса — некуды паехалі ў іншы саўгас, і яны не бачыліся колькі год. Сустрэліся зноў у горадзе, у медыцынскім тэхнікуме, дзе Люба вучылася на адным курсе з Сашай. Але яны не сябравалі, больш таго, Саша не любіла гэтай сваёй аднакурсніцы, і Пятро, каб дагадзіць Сашы, пазбягаў яе, а калі, здаралася, і сустракаліся, то віталіся, гаварылі адно аднаму два-тры словы і разыходзіліся. І вось сустрэліся ў іншых абставінах…
— Пеця? Ты?! — узрадавана, быццам убачыла вельмі блізкага чалавека, закрычала Люба. — Што ты тут робіш?
— Я? — Ён прыдумаў некалькі варыянтаў, каб растлумачыць, чаму ён ходзіць тут, але ўсе яны прызначаліся для незнаёмых, а таму на момант сумеўся. — Я… проста хаджу… падарожнічаю… Цікава, ведаеш…
— А-а, я забылася, ты ж — паэт. Табе трэба ўсюды хадзіць і ўсё бачыць…
— А ты?
— А я працую тут. У гэтай хаце кватарую. Заходзь. Я вельмі рада, Пеця, што сустрэла цябе. Ой, Пецечка! Тут такая сумота, такая сумота. Ніводнага культурнага чалавека. Няма з кім словам перакінуцца. Я так рада… Хадзем жа ў хату!
Яна гаварыла бясконца, не даючы яму ні запярэчыць, ні падзякаваць. У кватэру ўвяла яго пад руку і адразу закрычала маладой гаспадыні:
— Маруся! Глядзі, каго я прывяла! Мой школьны таварыш… Мы разам вучыліся некалі… А цяпер вось ходзіць, падарожнічае… Я выходжу на вуліцу, а ён стаіць — хатай нашай любуецца. Як адчуваў…
— Ды ўжо ж адчуваў! — засмяялася гаспадыня.
— Не, Маруся, не думай, што ён шукаў мяне. Ён і не ведаў, што я тут, а проста так ішоў. Але я так рада, што мы сустрэліся… Так рада…
— А хто госцю не радуецца! — сказала гаспадыня, спрытна выціраючы крэсла і ветліва запрашаючы сесці. Пятру яна здалася такой добрай, такой ласкавай, што ён адразу ўспомніў другую гаспадыню, з-за якой павінен быў пакінуць любую дзяўчыну, і сэрца яго зноў балюча сціснулася.
««А хто госцю не радуецца!» Сапраўды, хто госцю не радуецца? А вось жа там не ўзрадавалася, ведзьма прагная! Я ўсё жыццё буду праклінаць цябе!»
Зморанага пасля душэўных пакут, яго вельмі расчуліла і пакарыла ласкавасць Любы і гаспадыні.
— Пецечка! Ты будзь тут як дома, умывайся!.. А я на хвіліначку выскачу… — Люба бегала па хаце, уздымаючы падолам сукенкі вецер.
«Пецечка».
Пятро ўспомніў, што Саша ні разу не назвала яго так пяшчотна, нават «Пеця» яна казала яму вельмі рэдка, усё неяк абыходзілася безназоўна. Чаму? Чаму яна пазбягала яго імя? Зноў успыхнула падазронасць. У жыцці яго амаль ніхто так не называў — памяншальна-ласкава. Дома маці, сёстры, суседзі чамусьці з самага маленства, як ён і помніць, называлі Пятро ці Пятрок, што, ён лічыў, адно і тое ж, бо «к» гэтае большасць людзей неяк глытала. У тэхнікуме — усе сябры і настаўнікі — звярталіся толькі па прозвішчу — Шапятовіч. Неяк ужо так здараецца, што аднаго называюць толькі па імі і да гэтага ўсе прывыкаюць, нават у афіцыйных абставінах, другога ж — толькі па прозвішчу, нават у самай інтымнай сяброўскай кампаніі.
А таму Люба сваёй хітрай ласкавасцю закранула адну з тых тоненькіх струн душы, якую вельмі нялёгка знайсці, але, знайшоўшы, даволі лёгка зайграць на ёй. Свядома яна гэта рабіла ці несвядома — хто ведае. Магчыма, што яна ў свае дзевятнаццаць год мела ўжо нейкі вопыт, як прывабіць хлопца. Ва ўсякім разе, на рамантычнага, узнёслага ў сваіх марах юнака такі зварот яе зрабіў моцнае ўражанне, ён быў удзячны Любе, і яму захацелася адплаціць ёй такой жа ўвагай і ласкавасцю. Адчуванне цеплыні і сардэчнасці дапаўняла гаспадыня сваёй ветлівасцю. Люба пайшла, а гаспадыня памагла яму ўмыцца — узлівала на рукі, дастала з куфра чысты, вышываны пеўнікамі ручнік. А потым адразу ж распаліла на прыпечку і пачала смажыць яечню. Спрытна ўвіхаючыся, Маруся даверліва расказвала пра сябе. Маладая салдатка, муж служыць у арміі, яна жыве са свякрухай, але старой дома няма — пайшла да дачкі, і добра, што няма яе, бо старая хоць увогуле і добрая жанчына, але, як усе старыя, бурклівая: цяжка ёй зразумець маладых. А з Любай яны жывуць, як сёстры, — усё давяраюць адна адной.
Звычайна сарамлівы з незнаёмымі жанчынамі, Пятро праз пяць хвілін адчуваў сябе з гаспадыняй, як з сястрой.
Люба вярнулася з бутэлькай вішнёвага лікёру — лепшае, што знайшлося ў краме. Яны ўтраіх сядзелі за сталом, Пятро, як госць, на самым покуце, і пілі гэты лікёр невялічкімі чаркамі з тоўстага жоўтага шкла — такія чаркі рабілі яшчэ да рэвалюцыі.
Гаспадыня, весела падміргваючы Любе, гаварыла тосты:
— Давайце вып'ем за вашу сустрэчу. Каб не апошняя яна была, каб Пеця быў частым госцем за гэтым сталом…
І Пятро піў, не надаючы асаблівага значэння яе словам…
Пасля вячэры яны гулялі па беразе Сожа. У вадзе трапяталі далёкія зоркі і агеньчыкі бакенаў, зялёныя і чырвоныя. Трывожна шапталіся лазнякі. На тым, лугавым, беразе гарэў вялікі касцёр, і каля яго віхляліся фантастычныя постаці. Над затокай плыў халодны туман.