-->

Трывожнае шчасце

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Трывожнае шчасце, Шамякин Иван Петрович-- . Жанр: Советская классическая проза / Военная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Трывожнае шчасце
Название: Трывожнае шчасце
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 383
Читать онлайн

Трывожнае шчасце читать книгу онлайн

Трывожнае шчасце - читать бесплатно онлайн , автор Шамякин Иван Петрович

У пенталогіі «Трывожнае шчасце» народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін на аснове ўласна перажытага паказаў лёс усяго пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны і ў нялёгкіх пасляваенных умовах аднаўляла родны край.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 141 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Пятро зразумеў, што стары знарок прывёз яго да гэтага рова, каб зрабіць больш бяспечным яго далейшы шлях на палявым правабярэжжы. У грудзях калыхнулася цёплая хваля ўдзячнасці.

«Вось ён які, гэты дзед, — мудры, хітры, асцярожны».

Пятро ступіў на чыста вымыты пясок i прытрымаў човен, бо стары ўжо ўпёрся вяслом у дно, каб адпіхнуцца.

— Дзякую, дзядуля. Не крыўдуй, што я так…

— Бог з табой, — адказаў той, сумна схіліўшы галаву.

— Будзь здаровы.

— Будзь здаровы i ты, сынок.

A калі Пятро адышоў, стары раптам ціха паклікаў:

— Слухай, хлопец! Ты да доктаркі? Будзь асцярожны. У школе немцы.

Пятро павярнуўся, кіўнуў галавой: разумею.

— Дзякую.

Ён помніў, што школа недалёка ад бальніцы, цераз вуліцу.

Упэўненасць старога, што ён прабіраецца ў мястэчка, навяла на думку — наведаць Сеневу маці. Але, ён павінен зайсці да яе! Абавязкова. Гэтага патрабуе памяць Сені, ix дружба. Пятро спыніўся ў задуме на дне бы лога ручая, на белым утаптаным пяску. Паабапал на схілах рова раслі каліна, шыпшына, яшчэ нейкія густыя i калючыя кусты. Убачыўшы на пяску свае сляды, партызан збочыў, прадзіраючыся праз кусты, падняўся па схіле ўгору, агледзеў поле, пустое i маўклівае, i лёг у кустах над абрывам.

Заходзіла сонца. Рака была ўжо ў цені крутога берага. На верхавінах лугавых траў гарэлі апошнія праменні. Уніз па цячэнню адзінока плыў човен. Недзе далека рыкала карова. Лёгкі вецер прынёс пах пераспелай збажыны. Закружылася галава. Трохдзённыя пераходы кіламетраў па пяцьдзесят, бяссонне, перажыванні гэтага дня моцна знясілілі.

Нейкі час Пятро нібы павольна правальваўся ў глыбокую яму, дзе згушчалася цемра, глухлі гукі, згасалі думкі, як вуголле дагарэўшага вогнішча, i рабілася лёгка i хораша. Але раптам зноў узляцеў на паверхню. Сапраўды цямнела, у небе загарэліся зоркі. Унізе, кал я ракі, збіраўся туман. У галаве стала ясна, быццам добра адпачыў, i зноў завірыліся думкі.

«Так, я наведаю яе. Мы разам паплачам над яе i над маім горам… Ёй, маці, можна сказаць пра ўсё. Бо толькі любоў маці сапраўды мацней за смерць. Нішто ў свеце не можа яе астудзіць, пахіснуць…»

«Але навошта мне быць вестуном гора? Разбураць апошнюю надзею? Няхай спадзяецца, верыць… Так ёй будзе лягчэй жыць. А я магу ўмацаваць гэтую веру, калі передам прывітанне ад Сені, скажу, што ён застаўся на батарэі…»

«Не, я не змагу так хлусіць… Я выдам сам сябе… Ды i навошта? Ад гэтай страшнай праўды нікуды ёй не дзецца. Яна ўсё роўна прыйдзе да яе… Прыйдзе разам з вызваленнем, перамогай… I тады ёй будзе яшчэ цяжэй, калі навокал будзе радасць… Няхай цяпер… Калі гора ва ўсіх, лягчэй перажыць i ўласнае гора… Яна мужная жанчына i ўрач… Няхай больш будзе ў яе сэрцы нянавісці да ворага».

Думкі рваліся, як нетрывалыя ніткі. А на чорным небе загарэліся новыя зоркі. Яны перашкаджалі думаць. Зорак стала безліч. Вось яны калыхнуліс я, заскакал i з месца на месца… I ён таксама калыхнуўся i некуды паплыў, гойдаючыся, як на хвалях.

Не, ён павінен ісці! З натугай падняўся, бо ногі здранцвелі. I забалелі грудзі — у тым месцы, дзе былі раны. Пасля ён доўга ляжаў яшчэ недалёка ад мястэчка, у недаспелай грэчцы, ад якой пахла мёдам. Адтуль i ў цемры бязмесячнай ночы быў відаць белы будынак бальніцы з адзіным цьмяным агеньчыкам, мабыць, у дзяжурным пакоі. Але трывожылі гукі, што даляталі з мястэчка, — прыглушаная музыка, галасы, спевы. Камусьці дужа весела.

«Калі гэта немцы, што ў школе, — разважаў Пятро, — тым лепш для мяне: больш весялосці — менш пільнасці. Дзе ў ix могуць стаяць вартавыя? Каля школы, вядома. Каля бальніцы? Навошта вартаваць хворых? Над абрывам, каб сачыць за тым, лясным, берагам, адкуль могуць прыплыць партызаны? Але ўсяго Дняпра не загародзіш… Не хопіць вартавых… Я пераплыў удзень… Ды i мястэчка не абгародзіш штыкамі».

Пятро помніў драўляную хаціну за бальніцай, у якои жыла Марыя Сяргееўна, — паказвала аднойчы Саша, калі яны праходзілі міма, нават звала зайсці пазнаёміцца з урачом, але ён пасаромеўся. Ды i Сеня неяк расказваў, што маці ўвесь час баялася, каб ix хаціна вясной ці пасля добрага ліуня не апынулася ў Дняпры.

Ён поўз па грэчцы, па калючым іржышчы, праз межы з сухім пустазеллем. Як многа стала межаў!

Раз-пораз спыняўся, прыпадаў вухам да зямлі.

Зямля маўчала. Гукі былі ў паветры — чужая музыка, чужыя спевы i п'яныя выкрыкі.

«Балююць, гады!»

Яны злавалі, гэтыя гукі, напаўнялі сэрца гневам.

«Гранату б вам туды, паразіты!»

Калі дапоўз да рэшткаў былой агароджы i пачуў смурод прыбіральні, яшчэ больш узлаваўся i абразіўся. Ворагі смела балююць, а ён мусіць паўзці па роднай зямлі, каб убачыць маці друга, сказаць, што загінуў яе адзіны сын… Даволі! Пятро падхапіўся на ногі.

«Калі тут бальніца, то ў прыбіральню ходзяць хворыя, i на таго, хто будзе ісці адгэтуль, не павінны звяртаць асаблівай увагі».

Падмацаваўшы сваю злосць такім лагічным разважаннем, ён на поўны рост, але павольна, як ходзяць хворыя, рушыў да хаціны, якая чарнела з боку белага будынка бальніцы. Ды раптам угледзеў тых, што весяліліся. На другім баку вуліцы, у школе, нябачнай за густымі прысадамі, было адчынена адно шырокае акно: іншыя вокны былі, відаць, замаскіраваныя, a толькі гэтае смела глядзела ў ноч — праз бальнічны двор за раку, на луг i далёкі лес, як бы кідаючы выклік тым, хто хаваецца там, у лесе, — гаспадарам зямлі.

Так здалося Пятру, i ён ажно закалаціўся ўвесь. У вялікім класным пакоі (можа, у тым, дзе вучыўся Сеня!) танцавалі фашысты. Дык хіба можа ён, партызан, прайсці міма? Хіба можа прыйсці да маці з адным сумным паведамленнем аб смерці сына? З гранатай у кішэні, ён не мае права паглядзець, як весяляцца ворагі, i пайсці далей. Калі ўжо рызыкаваць, дык толькі так, каб адпомсціць за Сеню, за сябе, за Сашу — за ўсё тое светлае, што страчана i растаптана. A калі ён, можа так здарыцца, не прыйдзе да маці Сені — няхай яна дару е.

Пятро павярнуўся назад, у поле. Адышоў паволі, потым, нахіліўшыся, пабег. Перабег дарогу i па-за гародамі (за школай было некалькі хат) падкраўся да прысад маладых таполяў, лісце на якіх i ў гэтую ціхую бязветраную ноч спалохана трапятала.

Школьная агароджа была некранутая, не тое, што бальнічная, i нават умацаваная: зверху абнесена калючым дротам.

Безумоўна, можна пералезці i цераз дрот, але Пятро пабаяўся, што на ім зроблена сігналізацыя, i папоўз уздоўж агароджы, шукаючы якой-небудзь шчыліны.

«Умацаваліся, сволачы!»

У адным месцы, у лагчынцы, штыкеціны былі крыху падняты ад зямлі. Пятро падкапаў рукамі i пралез.

У школьным садзе, праз які ён прабіраўся, стаяў густы водар спелых яблык. У галоднага хлопца ажно пацякла сліна. Нясцерпна захацелася падняцца i сарваць хоць адзін яблык.

Але ён перамог такую спакусу.

Вось i будынак школы, нізкі i доўгі. Над дахам узнімаюцца ў зорнае неба чорныя пікі таполяў.

Пятро прыслухаўся. Знадворку ціха. I ў школе сціхла музыка.

«Ці не разыходзяцца?» — падумаў ён з трывогай. Трымаючы ў левай руцэ пісталет, у правай гранату, ён шпарка прабег апошнія метры. Прытуліўся да цёплай сцяны, ад якой пахла нагрэтай смалой.

Не, яны не разыходзяцца. Яны рагочуць.

«Няхай парагочуць яшчэ хвіліну. Многім з ix больш не прыйдзецца рагатаць на гэтым свеце».

Не адрываючыся ад сцяны, ён асцярожна пасунуўся ўздоўж яе да вугла.

Шырокая палоса святла лягла на дарожку, пасыпаную жоўтым пяском, на акуратна падстрыжаны куст бэзу, на калітку… Пятро ўбачыў усё гэта ў адзін міг, асабліва кальку: адразу адзначыў, што над ёй няма калючага дроту. А яшчэ ўбачыў, якое дзіўнае ў святле лісце таполяў — не зяленае, a срэбна-алюмініевае, як луска рыбы.

Абышоўшы ганак, ён апынуўся каля адчыненага акна, зазірнуў у пакой. Яны сядзелі за сталом, падымаючы чаркі. Пятро палічыў: шэсць афіцэраў i дзве дзяўчыны. Адна залівалася п'яным смехам, другая з гуллівай сур'ёзнасцю гаварыла свайму суседу, ківаючы пальцам:

— Я вас пакараю, Ота. Колькі разоў я вам паўтарала: паруску трэба казаць не «девки», а «девушки»… Вам недаравальна! Вы не Густаў, які ні бэ, ні мэ, ні кукарэку…

1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 141 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название