Трывожнае шчасце
Трывожнае шчасце читать книгу онлайн
У пенталогіі «Трывожнае шчасце» народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін на аснове ўласна перажытага паказаў лёс усяго пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны і ў нялёгкіх пасляваенных умовах аднаўляла родны край.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Эх, дзеткі, дзеткі,— цяжка ўздыхае дзядзька Алампі.
— …паскардзяцца, хто каго за чуб колькі разоў цягаў. У нашым родзе ўсе чубатыя, таму i мянушку нам такую далі. Мой дзед яшчэ пісаўся Канаваленка, а бацька, калі на тую вайну пайшоў…
— Платон, пра гэта чулі ўжо.
— А-а, — не крыўдзіцца ён, — дык вось я i кажу: жыццё, яно такую сілу мае, браткі… Напячэ жонка пшанічных блінцоў, сала скавародку насмажыць… А потым ляжаш з ёю ў свірне на падлозе, дзе халадок… Дыхае яна табе ў вуха, расказвае свае жаночыя справы, i пахне ад яе, галубкі маёй, хлебам, малаком, зямлёй, дзецьмі, стэпам палыновым — усім, што сэрцу твайму люба. Так хораша пахне, ажио ў галаве пачынае кружыцца… А пакладзеш руку на яе гарачыя грудзі, дыхаюць яны, як тыя пшанічныя паляніцы, якія толькі з печы выцягнулі. Божачка мой, адкуль тая сіла возьмецца! Hi стомленасці няма, нічога…
Самародаў дакорліва ківае галавой, дзіўна неяк усміхаецца, але слухае. Сушылаў чамусьці не любіць такіх успамінаў — хмурыцца i выходзіць з хаты ці адыходзіць, калі размова ідзе на двары.
— Старавер. Сектант нейкі,— шэпча мне Чуб, ківаючы яму ўслед. Але ніякіх рэлігійных праяў у старога паляўнічага я не заўважаю. Самародаў хоць часам употай хрысціцца, Сушылаў — ніколі.
Я асабіста нічога непрыстойнага ў расказах Чуба не бачу. Я заўсёды насцярожваўся, калі ў мужчынскай кампаніі пачыналася гаворка пра жанчын, бо часта чуў брудныя анекдоты, цынічную пахвальбу. Гэта заўсёды абражала мяне — за Сашу. Але ў Чуба няма i кроплі цынізму.
Пра жонку ён успамінае з вялікім замілаваннем, шчыра i паэтычна, гэтак жа, як пра свае кубанскія стэпы. Мяне здзіўляе i ўражвае іншае. Хораша расказаўшы пра сваё каханне да жонкі, ён раптам праз хвіліну пачынае амаль з такой жа любасцю ўспамінаць другую жанчыну.
— А то, браткі мае, на палявым стане, калі ўначы малоціш, ды i ўдзень, дзе-небудзь за сціртай у пахучай саломе прытуліш да сэрца добрую маладзіцу — а Божачка! — быццам у рай пападзеш. У нас удава ёсць, Даша Канцавая… Мая Галя аднойчы як заспела нас… Чортава баба, як дала граблям! па спіне, тры зубы да рэбраў дасталі, i цяпер шраміны відаць, як ад куль нямецкіх…
Аднойчы, калі мы ўдвух пайшлі шукаць разрыў тэлефоннага проваду, я спытаў у яго:
— Скажы, Платон, ты кахаеш сваю жонку?
— А Божачка! Ды, здаецца, кабкрылымеў, паляцеўбы… Восем гадоў душа ў душу пражылі…
— Ты верыш ёй?
— Ды яна ў мяне як святая.
— А ты?.. Сам ты? Заляцаўся да другіх, здраджваў… Як ты мог?
— А братка мой! Дык жыццё ж такое! Думаеш, ты манахам пражывеш? Не пражывеш!
Гэтым наіўна-вясёлым i ўпэўненым «Не пражывеш!» ён ударыў мяне ў самае балючае месца. Я змоўк. Што я мог адказаць яму? Запярэчыць? Даказаць, што я лепшы?
Увогуле яго расказы, простыя, жыццярадасныя, надзвычай вярэдзяць мне сэрца. Як, магчыма, ніколі раней, думаю я пра Сашу, думаю бясконца, удзень i ўночы. Пачуцці мае, здаецца, разгарэліся з новай сілай — каханне, смутак, трывога, страх за яе, за Ленку. I сорам, пакута ад здрады зрабіліся такімі ж вострымі, як у першыя дні. Але разам з гэтым зноў рэўнасць, недарэчнасць, абсурднасць, ганебнасць якой я ўсведамляю, аднак нічога не магу зрабіць з сабой. Зноў, заплюшчыўшы вочы, я бачу побач з Сашай гэтага настаўніка — Лялькевіча. Ад такога відовішча кусаюрукі… Хочацца закрычаць на ўсю гэтую снежную пустыню… А можа, гэта прадчуванне? Тфу! Я раблюся забабонным i дурным! Я лаю сябе, як толькі можна, але ад гэтага мне не робіцца лягчэй.
Не сціхае i боль за Сеню. I злосць на Кідалу. Праўда, тыдзень назад я атрымаў пісьмо ад Астахава. Ён піша, што Сцяпан Кідала за смерць Пясоцкага разжалаваны да старшага сяржанта i накіраваны на трэцюю батарэю камандзірам аддзялення разведкі. Малайчына Купанаў! Ёсць, значыцца, на свеце справядлівасць! Невялікая кара, але ўсё-такі няхай адчуе, што не адзін я лічу яго вінаватым у смерці чалавека. Разам з крупінай задавальнення пісьмо прынесла смутак. Тры словы: «Дзянькі ў нас гарачыя» — разанулі па сэрцы, якое сцякае крывёю i так. Я разумеў, што значыць «дзянькі гарачыя»: лятаюць фашысты, ідуць баі. Яшчэ больш горача там, дзе нашы, мае таварышы па зброі, мае равеснікі, землякі, гоняць ворага ад Масквы i, можа, неўзабаве ступяць на беларускую зямлю — не так ужо далека. Усюды горача. Адзін я тут прахалоджваюся са старымі дзядзькамі. Жару аленіну, смачна прыгатаваную Сушылавым, i ўглядаюся ў пустое неба: нават самалёты тут пралятаюць рэдка. Асабліва чамусьці цяжка ў ціхія бязветраныя дні. Снежная цішыня глушыць, цісне; хочацца завыць па-воўчы.
Відаць, Купанаў ведаў, як пакараць мяне. Але я павінен вырвацца адгэтуль!
Дзён колькі назад пазванілі з «Елкі», што да нас гірыедзе «дваццаць першы» — маёр Жураўлёў.
Пачалі раіцца, як сустрэць камандзіра. Сушылаў адразу прапанаваў сустрэць як належыць — не скупіцца. Дзядзька Алампі выказаў апаску (стары ўсяго баіцца), каб залішняя гасціннасць часам не пашкодзіла нам: пабачыць маёр, як мы жывём — i мяса, i рыба! — ды возьме i абрэжа нам паёк, які атрымліваем у батальёне.
— Вось жа кулак! — засмяяўся Чуб. — Бачыў ты, камандзір, кулака? Дзядзька Аламгіі! Ды ты гасцей прымаў калінебудзь? Ці ў вас, вяткаўскіх, гэта не заведзена?
— Я сына жаніў,— пакрыўдзіўся стары. — Усё сяло на вяселлі гуляла. Але ж цяпер табе не вяселле. Вайна.
Сушылаў задумаўся.
— Аленіну, я думаю, таварыш камандзір, не трэба выстаўляць. Невядома, як маёр паставіцца да браканьерства нашага. Але прыняць трэба па-людску. Не раскашуюць нашы афіцэры — бываю, бачыў. Я курапатку падстрэлю i рыбы налаўлю.
Рэшткі аленняй тушы мы схавалі ў снезе, далей ад паста, каб яна не трапіла на вочы начальству.
Я пайшоў на паўстанак сустрэць камбата. Калі ішлі назад, то ўбачыў, што Жураўлёў слабы i хворы чалавек. Пятнаццаць кіламетраў дарогі на лыжах па лесе i сопках забралі ў яго апошнія сілы. Ён бадзёрыўся, жартаваў, стараўся не адстаць ад нас (ішоў таксама баец, які прыехаў з ім), але я бачыў, як цяжка яму, i часцей, чым мне трэба было, спыняўся адпачываць.
Да нашага прыходу Сушылаў прыгатаваў царскі абед. Між іншым, каб не есці з кацялкоў, ён яшчэ раней выразаў цудоўныя драўляныя талеркі з бярозы. Калі мы зайшлі ў нашу будыніну, увесь гэты посуд, напоўнены халоднай закуссю, стаяў на стале. Ад смажаніны, што падагравалася на печцы, ішоў такі апетытны пах, што вельмі проста ў галоднага чалавека магла закружыцца галава. Маёр спыніўся каля дзвярэй, заплюшчыў вочы і, здалося мне, пахіснуўся.
— Што гэта? — няўпэўненым голасам спытаў ён.
— Чым багаты, тым рады, таварыш маёр! — бадзёра прывітаўся «наш кармілец».
— Радавы Сушылаў — паляўнічы i рыбалоў. Ну, вось курапатка, рыба… — тлумачыў я, крыху баючыся, што маеру можа не спадабацца такая раскоша.
Жураўлёў стомлена апусціўся на нары.
— Спалохалі вы мяне. Думаў: зноў галюцынацыя. У мяне ў блакадзе часта было: чую пах найлепшых страў, якія еў да вайны, бачу ix…
Вельмі нас усіх кранула такое шчырае яго прызнанне i тое, як ён потым доўга хадзіў навокал стала, углядаўся ў падсмажаную рыбу, нюхаў наварыстую юшку i жоўтую апетытную курапатку.
— A гатаваў хто?
— Я! — адгукнуўся Сушылаў, спадзеючыся, мабыць, на падзяку.
— Кухарам у батальён не жадаеце пайсці?
Чуб пасля прызнаўся, што ён ледзь не самлеў, пачуўшы такую прапанову камандзіра. Кубанец больш за ўсіх любіў смачна паесці. A страціць Сушылава — значыцца, сесці на траску i гарохавы суп.
— Ніяк не, таварыш маёр! Ніколі не быў кухарам i не жадаю быць. А гэта, — кіўнуў «кармілец» на стол, — пастараліся ўсе разам для дарагога госця.
Чуб з палёгкай уздыхнуў — пранесла.
— Калі такі абед, даставай, Лунін, нашы запасы, будзем баляваць. Даўно я не сядзеў за такім сталом, — сказаў маёр.
«Самым істотным» у мяшку ардынарца была біклажка. Жураўлёў наліў у кубкі па глытку гарэлкі.
— Ну, таварышы, за тое, каб вы варту добра неслі, каб фашысты не прыляталі знянацку… каб адчулі, што цяпер — гэта ім не чэрвень сорак першага… што мы навучыліся арганізоўваць абарону аб'ектаў… За перамогу нашу!