Трывожнае шчасце
Трывожнае шчасце читать книгу онлайн
У пенталогіі «Трывожнае шчасце» народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін на аснове ўласна перажытага паказаў лёс усяго пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны і ў нялёгкіх пасляваенных умовах аднаўляла родны край.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Ён уздыхнуў:
— Розныя i сярод ix ёсць. Некаторыя на вайне звярэюць.
— Ох, звярэюць. Горш за звяроў робяцца, — не стрымалася зноў Ганна.
— A ўвогуле, ёсць міжнароднае правіла, як адносіцца да палонных, — змякчыў Лялькевіч свае i цётчыны словы.
— Эх, братка ты мой! — махнуў рукой Раман. — Правіла ты хацеў ад гэтых супастатаў! Бачыў ты ў ix правіла?
— Дачка мая Прося, што ў Баршчоўцы замужам, расказвала… — умяшалася ў размову адна з бабуль, што дагэтуль маўкліва сядзела на лаве. — У тую нядзельку прыходзіла адведаць мяне. Дык яна расказвала. Вялі гэтыя ірады паўз ix сяло, можа, тысячу нашых салдацікаў… Вывелі на луг i ўсіх палажылі, саколікаў. Завошта? Божачка ты мой! КольKi крыві людской льецца!
Мабыць, адчуўшы, што размова набывае не зусім пажаданы ў такіх умовах характар, Хвядос спытаў:
— I многіх яны адпускаюць?
Лялькевіч вырашыў: лепш няхай падумаюць блага аб ім, чым адразу наклікаць падазронасць паліцыі. Хто-небудзь з жанчын па наіўнасці сваёй раскажа, якія размовы вяліся ў дзень яго прыезду, — i ён можа аказацца пад наглядам, а гэта вельмі i вельмі непажадана.
— Многіх, — адказаў ён. — А што ім цяпер баяцца? Кажуць, Маскву ўзялі…
Але атрымалася горш.
— Маскву? — ажно страпянулася Аксана. — I вы паверылі? Брэшуць яны, як сабакі! Яны яшчэ перад святам крычалі пра гэта… А я сама чытала…
Данік азірнуўся на вокны.
Поля тузанула суседку за рукаў:
— Ксана!
Дзядзька Раман хуценька схапіўся за пляшку:
— Вып'ем, браткі, яшчэ па адной. Вып'ем, на злосць…
Забулькала самагонка.
Заскрыпеў кручок на столі, за які была падвешана калыска — Саша гайданула яе мацней, чым звычайна.
Аксана таксама зразумела, што сказала залішне, i схапіла налітую дзядзькам шклянку:
— Вып'ем, мужчынкі! Вып'ем, бабы! Саша! Чаму ты ад нас хаваешся за печ ды за люльку? Хадзі да стала! Сядай побач з мужам, мы паглядзім, якая вы пара. Ці падыходзіце вы адно аднаму?
Астатнія жанчыны, сваячкі i суседкі, падтрымалі яе:
— Праўда, Саша. Што ты яе ўсё калышаш? Спіць дзіця i няхай спіць. A ў печы Поля паглядзіць. Сядай.
I нават Данік таксама сказаў паважна, сур'ёзна:
— Сядай, сястра.
Аксана падхапілася, абняла яе, прывяла да стала. Ёй далі месца побач з «мужам». Яна села, сцішаная, нясмелая, нязграбная. A ўсе ў вёсцы ведалі яе як самую вяртлявую, дасціпную, вясёлую дзяўчыну. I яе палохала ўласная скаванасць: убачаць ix побач i адразу зразумеюць, што ніякія яны не муж i жонка. Саша, панурыўшыся, глядзела ў шклянку з мутнай вадкасцю, якую ёй нехта падсунуў.
— Саша, падруга ты мая дарагая! Гляджу я на цябе i дзіўлюся: быццам не рада ты, што вярнуўся твой Пеця. Божачка мой! Ды няхай бы мой Іван вярнуўся без нагі, без рукі, я на руках яго насіла б, як дзіця. Але хто ведае, ці вернуцца нашы. Можа, мы даўно ўжо ўдовы i дзеці нашы сіраты. — I Аксана залілася слязамі, а следам за ёй i іншыя жанчыны.
Саша падняла галаву i глянула на Лялькевіча, позіркі ix сустрэліся. У яго запалых вачах бліснулі расінкі слёз. Ён выцер ix пальцамі. Саша кіўнула яму, як блізкаму чалавеку, i працягнула сваю насавую хустачку. Ён узяў яе i выцер вочы. Удзячна ўсміхнуўся ў адказ i падняў шклянку, моўчкі запрашаючы выпіць. Саша паказала позіркам на калыску: нельга, мне карміць дачку.
— Нічога, Сашачка, спаць лепей будзе ваша Ленка, — падтрымала яго запрашэнне цётка Ганна.
Яны выпілі. За гэтай ix нямой размовай пільна сачылі ўсе прысутныя, i яна расчуліла i ўзрадавала гасцей. Значыцца, паміж Сашай i «Пецем» усё як мае быць, i абодва яны вунь як рады, ажно слоў не знаходзяць, каб выказаць сваю радасць. I ўсім стала хораша ад гэтага. Усе весела загаманілі, пачалі выпіваць. Цётка Ганна, відаць, трохі ап'янела. Ёй захацелася пацалаваць «Пецю». Яна цераз стол пацалавала яго худую калючую шчаку. I новая думка асяніла яе.
— Сашачка! Мы ж на тваім вяселлі не былі. Дык няхай жа сустрэча гэтая i будзе вяселлем для нас, бо што ў вас там раней было, мы не ведаем…
У Сашы заняло дух i самлелі рукі ад гэтай новай выдумкі i прапановы. Праўда, дзядзьку Раману не спадабалася.
— Што ты мелеш, жонка! Якое табе яшчэ вяселле!
— А якога ты хацеў цяпер? Сабраліся людзі, радуюцца, што сустрэліся маладыя, можа, ix шчасце вярнулася — вось табе i вяселле!
Аксана, як толькі пачула пра вяселле, выцерла рогам хусткі вочы i разам са слязамі як бы сцерла з твару ўвесь смутак i гора: кінула гарэзлівы позірк на «жаніха» i «нявесту», пляснула ад задавальнення рукамі.
— Праўду кажа цётка Ганна! — Узяла шклянку, прыгубіла i зморшчылася, закруціла галавой. — Ой, горка!
Ганна i суседкі-бабулі адразу падтрымалі яе:
— Горка! Горка!
Саша адчула, як да шчок, да вушэй хлынула кроў, запульсавала ў шыі, у скронях, a ў грудзях стала пуста i холадна. Яна адчувала, што Лялькевіч глядзіць на яе, чакае, i баялася ўзняць вочы. З-за яго спіны Данік моцна штурхануў яе ў бок; брат загадаў: рабі што трэба!
— Божачка мой! — засмяялася Аксана. — Дзіця нарадзіла, а саромеецца, як малая!
Лялькевіч устаў, абапіраючыся на стол. Данік штурхануў сястру другі раз. Тады Саша таксама паднялася, рашуча паклала рукі на яго плечы, але глянуць у вочы не адважвалася. Убачыла, што на гімнасцёрцы ў яго армейскія гузікі з зоркамі, i падумала, што гузікі трэба замяніць на звычайныя, каб часам які-небудзь п'яны паліцай ці немец не прычапіўся. За гэтай старонняй думкай яна амаль не пачула, як ён пацалаваў — ледзь дакрануўся да яе вуснаў. Але жанчыны весела зашумелі, i Саша, схамянуўшыся, глянула на ix дзёрзка, смела i таксама засмяялася. З гэтага моманту яна пачала іграць ролю жонкі зусім натуральна.
Цётка Ганна заспявала вясельную:
Падхапілі жанчыны. Заспяваў Лялькевіч, за ім — Саша.
Не скончылі адну песню, як часта гэта бывае ў бяседзе, — адна з суседак зацягнула другую, працяжную i сумную:
Саша не ведала слоў гэтай старой песні. Лялькевіч успомніў, што песня занадта жаласлівая, што Сашу, якая расла без маці, яна можа засмуціць, а таму, перапыніўшы жанчын, заспяваў іншую:
Магчыма, на нейкі момант людзі забыліся, што недзе лютуюць вайна i смерць. Ім захацелася хоць хвілінку нейкую пабыць там, дзе заўсёды славяць жыццё i маладосць, — на сапраўдным вяселлі. Колькі цудоўных, душэўных песень склаў народ аб гэтай падзеі — сумных, вясёлых, сур'ёзных, смешных! Колькі чароўнай прыгажосці ў вяселлі! Дык як жа не забыцца пра ўсе навалы, убачыўшы перад сабой маладых?
Толькі самы стары i самы юны не паддаліся гэтым чарам — дзядзька Раман i Данік. Яны сядзелі i маўчалі.
I сапраўды, забывацца не варта было: вайна вельмі хутка напомніла пра сябе — не паспелі нават праспяваць да канца песню. Яна з'явілася ў вобразе начальніка паліцэйскага атрада — Якіма Гусева.
Ён вырас на парозе нечакана, без стуку, без шоргату, як прывід, i засланіў сваёй дужай плячыстай постаццю ўвесь дзвярны праём.
Саша ўбачыла яго першая i… анямела. Яна нямала ўжо наслухалася, які гэта хітры, бязлітасны i страшны чалавек. У вёсцы хадзілі чуткі, што ён абрабаваў i забіў не то маці, не то родную сястру i за гэта меў дзесяць год. Немцы вызвалілі яго з турмы i зрабілі забойцу i рабаўніка «панам начальнікам».
Забыўшыся на ўсё іншае, Саша сціснула пад сталом калена Лялькевіча, папярэджваючы аб небяспецы. Ён зразу меў, што яна спалохалася, i пагладзіў яе руку, заклікаючы супакоіцца. Але Сашы не верылася, што з'яўленне гэтага чалавека не прынясе няшчасця. А раптам яму ўсё вядома? Што ім рабіць тады?