Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Сэрца на далонi (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
- А як жа! Мы выйшлi на Вiшнёвы. Цёмна было. Нi агеньчыка. Замаскiравана ўсё. Я пачула, што за намi нехта iдзе. Мы пабеглi. На Клiмаўскай нас сустрэў Вася. З'явiўся як з-пад зямлi. Я сказала яму, што нехта iдзе. Ён адказаў, што гэта свае. З-пад палы блiснуў лiхтарыкам у адзiн бок вулiцы, потым у другi. Яму адказалi адтуль i адтуль. Вунь яны як ахоўвалi таго чалавека! Вася сказаў: "Ты, Зоська, герой!" - i пацалаваў мяне ў шчаку. Мне стала сорамна: яшчэ Сажань падумае што! А я таго Васю, можа, якiх пяць разоў бачыла ўсяго. Мне тады - зноў! - вельмi захацелася, каб на развiтанне ён падзякаваў мне. Смешна! Ён не сказаў звычайнага дзякуй. Ён сцiснуў маю руку i сказаў:
"Усяго добрага табе, Зося. Скончыцца вайна - сустрэнемся".
Разбудзiла мяне бургамiстарша рыданнем. Упала на каленi перад маiм ложкам:
"Мужайся, дзетачка. Бог мiласэрны, ён усё бачыць. Партызаны забiлi твайго бацьку".
Я не закрычала. Здаецца, нават не заплакала. У адзiн мiг я ўсё зразумела. У той мiг я пасталела, можа, на дваццаць гадоў. Шаптала сабе: мужнасць, толькi мужнасць. Прасiла Бога, у якога не верыла, каб ён даў мне яе, гэтую мужнасць, каб я здолела ўсё перажыць. I маўчаць. Маўчаць, маўчаць!
Ашалелая ад жаху баба ўгаворвала мяне ў тую ж хвiлiну ўцячы з ёй на край свету, у манастыр, яна ведае такi манастыр. "А то яны ўсiх нас заб'юць". Я маўчала.
Два агенты гестапа везлi мяне на рамiзнiку па горадзе. Выказвалi спачуванне. Я маўчала. Дадому мяне не павезлi. Бацька ляжаў ужо ў вестыбюлi гарадской управы. Калi толькi яны паспелi перавезцi i ўбраць яго? Ён ляжаў у сваiм вячэрнiм гарнiтуры, у сарочцы, якую я за дзень да таго памыла. Толькi гальштук чужы, бабачка, тата нiколi не насiў бабачкi. Да вайны гэта было нямодна, i мама, напэўна, першая пасмяялася б. На твары яго застыў спакой, не было нi пячацi страху, нi пячацi пакут. Вiдаць, ён памёр адразу. Толькi чамусьцi пасiнела левая скроня. Я спытала ў начальнiка палiцыi Магнатава, куды трапiла куля. Ён пацiснуў плячамi.
"У сэрца. У самае сэрца, - адказаў адзiн з тых, што не адыходзiлi ад мяне нi на крок. - Бандыты стралялi ва ўпор".
Да мяне падыходзiла ўся здраднiцкая сволач, выказвала спачуванне. Раней яны здавалiся мне смешнымi i дурнымi, гэтыя людзi. У той дзень я адчула, што такое нянавiсць. О, як я iх ненавiдзела! Мне хацелася пляваць на iх, бiць па мордах. Але я маўчала. Я мусiла маўчаць.
Калi з'явiўся фельдкамендант, пстрыкалi фотаапараты. Ён не падышоў да мяне. Спачуванне паднёс перакладчык. Мне запомнiўся позiрк афiцэра-гестапаўца. Ён доўга сачыў за мной, i я адчула гэты позiрк. Глянула на яго. Якiя ў яго былi вочы! Ён усё ведаў i смяяўся, злосна, нахабна, пераможна. Вочы яго смяялiся.
Скажыце, навошта iм спатрэбiлася гэтая камедыя з пахаваннем?
Зося змоўкла i чакала адказу ад Шыковiча: на яго глядзела. Адказаў Яраш:
- Правакацыi былi розныя. У залежнасцi ад фантазii таго, хто iх арганiзоўваў. Бругер быў з фантазiяй, я ведаю.
- У маi сорак трэцяга Бругера ўжо не было, - удакладнiў Шыковiч. Начальнiкам гестапа быў Гiльберт, штурмбанфюрэр.
- Вы таксама былi ў падполлi? - здзiвiлася Зося.
- Не. Я пiшу кнiгу, а таму мне трэба дакладна ўсё ведаць.
Маша, выкарыстаўшы паўзу, прапанавала:
- Я вам падам каву.
- Але, але, - падтрымала Зося.
- Стамiлася? - ласкава спытаў Яраш. - Дай руку.
Можа, ад таго, што ён нечакана сказаў ёй "ты", яна зардзелася, засаромелася.
- Не, не.
Антон Кузьмiч падняўся з крэсла, палiчыў пульс. Шыковiч убачыў, што доктар застаўся давольны яе пульсам. А Зося, як бы iмкнучыся даказаць, што ёй гэта няцяжка, пачала расказваць далей, не зважаючы на тое, што Маша хадзiла, звiнела шклянкамi.
- Я думала, што мне будзе ўсё адно - як пахаваюць. Хто пахавае, што будуць гаварыць... Я ведала, што гэтым не скончыцца. I рыхтавалася, збiрала сваю мужнасць. Але калi бацьку неслi на могiлкi, я ўбачыла, як глядзяць людзi... рабочыя. "Туды яму i дарога!" - вось як яны глядзелi. Мне зрабiлася балюча. Страшэнна балюча. I крыўдна. I страх апанаваў. Сэрцам я прадчула тое, што пасля здарылася. На могiлках я страцiла прытомнасць.
Днi тры ляжала ў Цiшчанкаў, знясiленая, прастуджаная, разбiтая. З кватэры не выходзiлi тыя двое - "апекуны" мае. Яны, Цiшчанка, уся зграя дамагалiся, каб я падпiсала пiсьмо ў рэдакцыю, у якiм гнеўна кляймiла, як бандытаў, партызан, што забiлi майго бацьку, невiноўнага чалавека, лекара, якi займаўся толькi тым, што пазбаўляў людзей ад цяжкiх хвароб. "Чаму вы не хочаце падпiсаць, панна Зося?" - здзiўлялiся яны.
"Яны заб'юць мяне".
"Мы вас схаваем у такiм месцы, куды не дабярэцца нiводзiн бандыт. Не бойцеся".
А Цiшчанчыха шаптала: "Не падпiсвай. Заб'юць", - i ўсё ўгаворвала ўцячы разам з ёй у манастыр. Дурная, яна не бачыла, як мяне ахоўвалi.
Яны перавялi мяне ў iх, нямецкi, гатэль. Памясцiлi з нейкай немкай. Па-расейску яна гаварыла дрэнна, але "апрацоўвала" мяне моцна. Нават пiльнавала ўначы - што я кажу ў сне? Пасля нават адпусцiлi дадому. Яны былi яшчэ ветлiвыя: "Не будзеце баяцца адна?"
"Не буду".
Спадзявалiся, што да мяне нехта прыйдзе. Можа, паспрабуе вывезцi ў лес. У iх нямала было клопату - сцерагчы мяне. Але нiхто не прыходзiў, i хутка iм абрыдла гэта. Тыя ж два "апекуны" адвезлi мяне ў гестапа. Спачатку допыт, колькi дзён пра адно i тое ж: хто прыходзiў да бацькi, з кiм ён сустракаўся, як ён жыў i гэтак далей. На другi дзень тое ж самае ў iншым парадку - каб заблытаць. Потым вочныя стаўкi. Каго я пазнаю з гэтых людзей. Прыводзiлi чалавек пятнаццаць. Я пазнала толькi адну жанчыну, сястру з дзiцячай бальнiцы. Але яна глянула на мяне вельмi варожа, i я не прызналася, што ведаю яе. Калi прывялi Васю, я не магла адмаўляць наша знаёмства. Сказала, што гэта шафёр бальнiчнай машыны. Вася, збiты, сiнi ўвесь, прыветлiва кiўнуў галавой: ён ухвалiў маё прызнанне.
"Ён часта прыязджаў да вас?" - спытаў следчы.
"Не вельмi часта", - адказала я.
"Чаму ў той дзень, перад забойствам, ён прыязджаў тройчы?"
"Прывозiў бацьку. Потым бульбу. Мяшок".
"А яшчэ каго?"
"Тры мяшкi партызан", - засмяяўся Вася.
Гестапавец ударыў яго па твары. Я заплакала. Вася крыкнуў:
"Нiчога, Зоська! Не гаруй. Мы яшчэ патанцуем на тваiм вяселлi!"
Я пачала пратэставаць. Чаму мяне трымаюць у гестапа? Завошта? Гэта бесчалавечна! Такое гора, а мяне дапытваюць, як злачынцу. Я буду скардзiцца!
Тады з'явiўся той афiцэр, што глядзеў так на пахаваннi.
"Яна не ведае, чаму яе трымаюць тут? Няшчасная дзяўчынка!" - здзеклiва кiнуў ён па-нямецку. Потым сеў за стол, палажыў перад сабой пiсталет. Злосна сказаў цераз перакладчыка: "Даволi гэтай дурацкай камедыi. Ты добра ведаеш, чаму цябе трымаюць. Твой бацька быў звязаны з партызанамi. Ты памагала яму. У вас хаваўся камiсар. Мы злавiлi яго. Ён ва ўсiм прызнаўся".
"Хто ж забiў майго бацьку?"
Ён падскочыў:
"Шкадую, што гэта зрабiў не я!"
"А хто?"
"Яна што, вырашыла дапытваць мяне?" - спытаў афiцэр у перакладчыка. Я сказала па-нямецку:
"Я хачу знаць, хто забойца майго бацькi. А камiсара вы выдумалi. Калi Грот, хiрург шпiталя, i ёсць той камiсар, тады так, ён хаваўся ў нас".
Ён наблiзiўся да мяне, доўга i пранiклiва глядзеў у твар, у вочы. Потым расцёр у мяне на шчацэ запаленую цыгарэту. Працадзiў праз зубы:
"Ах, з якой асалодай я распяў бы цябе, сучка, на крыжы. Але сёння мне не да цябе. Табой я займуся пасля. Падумай над сваiм лёсам", - i двойчы моцна ўдарыў па твары.
На шчасце маё цi на няшчасце, гэты больш мной не займаўся. Дапытваў другi афiцэр. Я ўсё адмаўляла. Бiлi. Не, не моцна. Адзiн раз толькi драўлянымi абцугамi цiснулi пальцы. Гэта балюча. Пальцы i цяпер баляць.
Зося падняла левую руку, паварушыла пальцамi.
- Што ж вы не сказалi мне? - дакорлiва пакiваў галавой Яраш.
- Яны баляць, калi ўспомню. А так нiчога. У лагерах таксама бiлi. Бiзунамi. Гумавымi палкамi. Мяне нядоўга трымалi ў турме. Тыднi два. А потым лагер пад Баранавiчамi. Потым Майданак... Пасля... Я ўжо нават не помню iх, усiх лагераў, у якiх была. Мяне чамусьцi часта пераводзiлi. Апошнi - жаночы лагер пад Гiсенам. Нас вызвалiлi амерыканцы...