Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Сэрца на далонi (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
- Вось i паспрабуй высветлiць чаму. У псiхалагiчным плане, - ледзь прыкметна ўсмiхнуўся сакратар гаркома.
- Можна сказаць яму пра гэта? - спытаў Кiрыла, працягваючы заяву Гукана.
- Лепш не адразу. Такi лабавы ход наўрад цi дапаможа знайсцi iсцiну.
- Прыйдзецца чакаць, пакуль Яраш дазволiць пагаварыць з Савiч. Можа, яна што праяснiць.
Яраш шырока замахнуўся. Застракатала катушка. Блешня, зiхатнуўшы на сонцы, плёснула на сярэдзiну ракi. Яраш даў блешнi патануць, i плынь аднесла яе i леску яшчэ далей. Нарэшце ён пачаў круцiць катушку павольна-павольна. Катушка ледзь чутна папiсквала.
Кiрыла стаяў крокаў за пяць. Мачаў з абрыву блешню свайго спiнiнга ў мелкую ваду, з цiкавасцю сачыў, як чырвона-срэбная пялёстачка то лажыцца на жоўты пясок, то выскаквае на паверхню.
"Зараз зачэпiць", - думаў ён пра сябра, пазiраючы, як той павольна круцiць - блешня паўзе па дне. Чамусьцi хацелася, каб Яраш зачапiўся i адарваў усю леску. Яму абрыдла гэтае бясконцае кiданне.
Сонца з-за ракi бiла ў вочы. Лёгкi вецярок шастаў лазнякi. Хацелася сесцi ў цянi пад стогам i пагутарыць.
Блешня Ярашава, не зачапiўшы нават нiводнай водарасцi, зайграла на мелi.
"Чорт!" - вылаяўся пра сябе Шыковiч.
Яраш зноў гэтак жа прыгожа размахнуўся, далёка закiнуў блешню i зноў моўчкi вёў з той жа задумлiвай павольнасцю. Кiрыла больш не вытрымаў:
- Чаму ты маўчыш?
- Я думаю, - адказаў, не павярнуўшыся нават, Антон Кузьмiч. - Я, здаецца, пачынаю разумець сэнс таго, што ты робiш. Пасля твайго расказу...
- Дзякуй Богу. Нарэшце дайшло да тваiх заспiртованых мазгоў. Ты павiнен заўтра ж дазволiць мне пагаварыць з Зосяй!
- Не! - пагнаў Яраш блешню шпарчэй. - Не! Ты - як азартны iгрок. Табе абы хутчэй выйграць. А ў мяне - жыццё чалавека. Я нiколi не iграю жыццём.
Кiрыла размахнуўся i што ёсць сiлы не кiнуў, а пляснуў блешню ў ваду.
- Ты халодны, што той шчупак! - кiўнуў ён назад, дзе ў траве сутаргава раздзьмухваў жабры, задыхаючыся ад паветра, светлы рачны шчупак, злоўлены, як нi дзiўна, Шыковiчам. Нечаканая ўдача сябра распалiла рыбацкi азарт Яраша, а таму ён i не пераставаў кiдаць.
- Не хвалiся ты сваiм шчупаком. Дрэнь шчупачок. А галоўнае - усё адно дома не павераць, калi я не пацверджу.
- Пайшоў ты... Эскулап! Канавал!
- Мыло, ошэнь мыло, - бяскрыўдна бубнiў Яраш, зноў закiнуўшы блешню. - А ты ведаеш, што канавал вельмi тонкая прафесiя?
- Антон, ты мяне сваiм дурацкiм спакоем давядзеш, што я нап'юся сёння.
- Выпi ракi.
- А-а, чорт! Дулю ж ты ў мяне з'ясi, а не юшку. - I, шыбануўшы ў траву спiнiнг, Кiрыла з ваяўнiчым намерам рушыў да шчупака.
Тады i Яраш кiнуўся яму наперарэз, схапiў за рукi.
- Э-э! Што ты дурны - я ведаю. Але выкiнуць такога шчупака!
Шыковiч хацеў падставiць яму ножку. Але Антон Кузьмiч лёгка падняў мяккi пяцiпудовiк, панёс да абрыву.
- Астуджу я тваю гарачую галаву.
- Чакай. Вунь на тым беразе людзi. Знарок патану - цябе пасадзяць.
Яраш адпусцiў сябра. Яны селi на мяккую атаву, звесiўшы ногi з абрыву. I так, ужо сур'ёзна размаўляючы, прасядзелi, пакуль з неба не палiлося ў раку расплаўленае золата захаду.
18
Маша, у якой у бальнiцы быў разлiчаны кожны рух, ускочыла ў палату, як гарэзлiвае дзяўчо, вясёлая, узбуджаная. Падбегла да ложка Зосi, прысела, асцярожна i мякка абняла яе.
- Вiншую, Соф'я Сцяпанаўна. Цудоўная кардыяграма! Усе лысыя дзяды кансiлiум - горача вiншуюць Антона Кузьмiча. Блiскучая аперацыя! Рэдкая! Хутка мы будзем з вамi танцаваць. Вы любiлi танцаваць?
Вялiкiя Зосiны вочы раптам напоўнiлiся слязамi.
- Што вы?! - спалохалася Маша. - Я сказала што-небудзь не так?
- Нiчога. Не звяртайце ўвагi. - Зося выцерла слёзы рагом новенькай прасцiны. - Гэта я так. Я любiла танцаваць. Але я была вучанiца. Мяне не пускалi на вечары. Толькi ў драмгурток.
Яна сумна ўсмiхнулася.
"Божа мой! Гэта ж дваццаць год яна як бы i не жыла, - жахнулася Маша, i ёй зрабiлася да болю шкада жанчыну. - I цяпер яшчэ ў яе такiя сумныя вочы. Каб я ведала, чым можна ўзрадаваць цябе!"
- З заўтрашняга дня за вас возьмецца лекар лячэбнай фiзкультуры.
Зося ў знак удзячнасцi ледзь прыкметна кiўнула галавой.
Да аперацыi яна была больш гаваркая i цiкаўная. А цяпер быццам баiцца са словамi страцiць сiлу, якая павольна вяртаецца да яе.
Сапраўды, Зося з дня ў дзень адчувала прылiў гэтай новай сiлы, даўно забытай, i ёй было хораша i... страшна. Нiколi, нi ў гестапа, нi ў лагеры, нi перад аперацыяй, у яе не было такiх прыступаў страху, якiя здараюцца часам цяпер. Часта снiцца, што ў яе зноў хворае сэрца, што яна зноў задыхаецца, i яна прачынаецца ў халодным поце i слухае сваё сэрца. Ну вось, зноў яно калоцiцца лiхаманкава. Але праходзяць хвiлiны - i сэрца пачынае бiцца поўна, спакойна, у рукi i ногi вяртаецца здаровая моц.
Ёй хочацца расказаць пра свой страх Антону Кузьмiчу цi Машы, але яна не адважваецца, прымхлiва баiцца - не спалохаць бы словамi гэтую дзiвосную сiлу.
З удзячнасцю, улюбёна глядзiць Зося на Машу, любуецца яе залатымi вейкамi i такiмi ж незвычайнымi валасамi, i вельмi хочацца ёй сказаць гэтай дзяўчыне сардэчныя словы, сказаць, што палюбiла яе не як бальнiчную, а як родную сястру. Але чамусьцi i гэтыя словы яна баiцца сказаць. А Маша таксама заварожана, з замiлаваннем, як на дзiця, глядзiць на Зосю, думае, чым бы развесялiць яе, i пакутуе ад таго, што нiчога не можа прыдумаць. Зрэдку яны ўсмiхаюцца адна адной вачамi i позiркамi прызнаюцца ў любвi.
- Соф'я Сцяпанаўна, хочаце, я пачытаю вам вершы Блока. Антон Кузьмiч любiць Блока, i ў яго кабiнеце ляжыць томiк.
Яна згадзiлася, ледзь прыкметна кiўнуўшы галавой i заплюшчыўшы вочы.
Узрадаваная Маша пабегла за кнiгай. Яна не ўбачыла, як Зося ўздрыгнула ад гэтай нечаканай прапановы. Блока любiў яе бацька i чытаў ёй, малой. Мацi не вельмi ўхваляла гэта, раiла Маякоўскага. Яны па-рознаму выхоўвалi яе, мацi i бацька. Мацi, напрыклад, каб навучыць яе плаваць, аднойчы выпiхнула з лодкi на сярэдзiне ракi i гэтым так напалохала бацьку, што ў таго ледзь не быў сардэчны прыступ. У дзевятым класе Зося таксама палюбiла Блока.
Пасля вайны яна рэдка думала пра мацi. А ў той момант, калi Маша сказала пра Блока, яна чамусьцi ўспомнiла мацi, i сэрца яе, яшчэ не загоенае, сцiснулася i зашчымела забытым болем. Мацi загiнула ў Польшчы, у жонкi яе брата ёсць паведамленне, у якiм горадзе яна пахавана.
Зося падумала:
"Калi я зусiм ачуняю, то збяру грошай i з'езджу на яе магiлу. Я папрашу кветак з нашага саду. Работнiцы ясляў дадуць. - I раптам зноў страх: - Няўжо мяне не пусцяць на магiлу мацi?"
Прыгадала, што, вярнуўшыся з Германii, яна не знайшла магiлу бацькi, хоць помнiла, дзе яго пахавалi, i ёй захацелася плакаць. Яна паспрабавала стрымацца i не здолела - заплакала па-дзiцячы, наўзрыд. Суседка, таксама пасляаперацыйная, слабым голасам спытала:
- Чаго вы? У вас жа ўсё так добра! - Сама яна здагадвалася, што ў яе выразалi ракавую пухлiну, i з жахам думала, што гэта не збаўленне ад хваробы.
- Калi ласка, не звяртайце ўвагi. - Зося ўсхлiпвала i выцiралася прасцiной.
Вось i гэтага нiколi не было да аперацыi: хворае сэрца яе было чэрствым.
Маша, вярнуўшыся i ўбачыўшы сяброўку ў слязах, спалохалася. Але тая заспакоiла яе:
- Ды не, нiчога, Маша, слаўная вы мая. Я проста ўспомнiла. Мой бацька любiў Блока.
Пра бацьку яе Яраш забаранiў гаварыць. I Маша, каб нiчога не адказваць, наўздагад разгарнула томiк i пачала чытаць:
В сыром ночном тумане
Все лес, да лес, да лес...
В глухом сыром бурьяне
Огонь блеснул - исчез...
Опять блеснул в тумане,
И показалось мне:
Изба, окно, герани
Алеют на окне...
Адзiн верш, другi, i раптам убачыла, як азарыўся Зосiн твар. Не было ў яе яшчэ такой усмешкi. Невясёлыя вершы, а смутак з вачэй яе знiк. Дзiўна. Ды iм перашкодзiла суседка: заплакала яна.