Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
- А гэта - мой тата, - пазнаёмiў Толiка Алёша.
Хрысан Андрэевiч падаў Толiку руку:
- Зразумела: сябра, значыцца, знайшоў. Ты што ж, да Алёшы ў госцi? Калi ласка!
За Толiка адказаў Алёша:
- Ён пасля прыедзе. I я прыеду да Iвана Iванавiча. Мы яшчэ будзем шукаць.
- Ну, ладна. Добра. Дома раскажаш усё чын-чынам, а зараз - вунь ён! - iдзе наш аўтобус.
Перад пасадкаю Алёша аддаў тату пятнаццаць рублёў.
- Усе цэлыя. Не спатрэбiлiся.
- Таксама зразумела, - сумнавата сказаў бацька.
Толiк памахаў услед аўтобусу. Было i сумна развiтвацца з новым сябрам i радасна таму, што ён ёсць. Цяпер Толiк будзе яшчэ жыць i ў чаканнi сустрэчы з Алёшам. А гэта ж Бiм пакiнуў такi выразны след на зямлi.
Дома Толiк сказаў упэўнена:
- Бiм жа недзе ў горадзе. Абавязкова знойдзем. Мы знойдзем.
- Хто гэта "мы"?
- Алёша, Iван Iванавiч i я... Знойдзем, вось паглядзiш.
- Хто Алёша, хто Iван Iванавiч? - спыталася мама.
- Алёша - хлопчык з вёскi, бацька яго - дзядзька Хрысан, а Iван Iванавiч не знаю хто... добры ён... гаспадар Бiма.
- А нашто ж табе Бiм, калi знайшоўся гаспадар? - спытаўся тата.
Толiк не мог адказаць, ён не разумеў пытання з-за таго, што яно было зусiм незвычайнае, катэгарычнае i складанае.
- Не ведаю, - цiха адказаў ён.
А позна вечарам, калi Толiк спаў i снiў, як Алёшава карова лiзала яго шапку, тата i мама спрачалiся ў дальнiм пакоi.
- Безнадзорны расце ў цябе сын, - строга гаварыў тата.
- А ты дзе? - адбiлася мама.
- Я на службе.
- А я горш, чым на службе. Ты пайшоў з дому, i ўсё... А мне... мне адна чысцiня ўсю душу з'ела.
- Хто б дзе нi служыў, ён мае абавязкi, якiя павiнен выконваць чэсна. Я гавару пра другое: хто ж будзе выхоўваць Толiка? Ты цi я? Цi абое? Тады нам трэба прыйсцi да аднаго.
- Мабыць, не ты i не я.
- Хто ж? - нацiскаў тата.
- Усе спадзяваннi на школу, - адказала мама ўжо больш мiрна.
- А вулiца? - не адступаўся тата.
- Хоць бы i вулiца. Што там? Усе дзецi на вулiцы.
- А чэснасць, я пытаюся, чэснасць хто будзе выхоўваць? - павысiў цяпер голас тата.
- На вось, чытай. Дарэчы, я сама. Слухай. - Мама чытала, выхоплiваючы асобныя сказы з газеты: - "Арганiзаванасць, пiльны нагляд, строгi ўлiк, патрабавальнасць - вось чым выхоўваецца ў людзях чэснасць..." "Чэснага чалавека трэба падымаць на шчыт..." Чуеш, на шчыт! Ды ну вас к чорту! - Мама ўпала на кушэтку тварам унiз.
Тата зусiм не хацеў паглыбляць спрэчку, ён любiў маму, а яна любiла яго, i мiрыўся ён заўсёды першы. Ды i доўгага гневу ў iх не здаралася. I гэты раз ён памяркоўна i мiрна сказаў:
- Што ж, трэба будзе разабрацца. Паспрабую я знайсцi Бiма. Паспрабую. Гаспадар знайшоўся, сюды Толiк ужо не прывалачэ сабаку, а калi мы з табою знойдзем яго, то наш аўтарытэт у вачах Толiка стане большы.
Не, не тыя словы сказаў ён, што прыкiпелi на языку, не тыя. У той вечар Сямён Пятровiч ужо не быў спакойны i ўпэўнены: сын падрастаў i абмiнаў бацьку, а ён, родны бацька, не заўважаў гэтага з-за цякучкi. Сямён Пятровiч думаў. Сямён Пятровiч успамiнаў, як ён аднойчы бачыў у пiўной на беразе рэчкi юнака, яшчэ бязвусага: той стаяў ля сцяны, хiстаючыся i заплятаючыся нагамi, i крычаў, i плакаў з надрывам... Жудасна стала ад такога ўспамiну. Сямён Пятровiч з жахам уявiў ля пiўное свайго Толiка гадоў праз пяць, i ад гэтага схлупiла ў грудзях. Ён падышоў да жонкi, сеў каля яе i спытаўся цiха, мiрна i нечакана:
- А можа, купiм мы Толiку харошага сабаку?.. Цi выпрасiм Бiма ў гаспадара, га? Добра заплоцiм. Як ты думаеш?
- Ох, не ведаю, Сямён, не ведаю. Давай купiм, цi што?
Вядома, Сямён Пятровiч не ўлiчыў аднае драбнiцы, што сяброўства i давер не купляюцца i не прадаюцца. Не ведаў ён i таго, што Бiма ўжо не знайсцi, каб ён i захацеў. Але Бiм, наш добры Бiм пакiнуў след i ў душы Толiкавага таты. Магчыма, гэта дакор сумлення. Ад яго нiколi i нiкому не схавацца, калi яно не падобна на iдэальна просты дубец: такое можна сагнуць дугою i, адпусцiўшы, калi зажадаецца, выпрастаць - як сабе хочаце. Але Бiм трывожыў Сямёна Пятровiча i ноччу.
А тае ночы Бiм усё яшчэ ляжаў там, у фургоне, абабiтым бляхаю. Заўтра ж Толiкаў тата арганiзуе пошукi Бiма. Цi знойдзе ён, цi спасцiгне таямнiцу жалезнага фургона, зразумее цi не ўсю сiлу i непераможнасць Бiмавага iмкнення да святла, волi, сяброўства i даверу?
Не, гэтага не здарылася з-за самае простае прычыны. Ранiцаю наступнага дня, у панядзелак, Iван Iванавiч узяў стрэльбу ў чахле i паехаў на каранцiнны ўчастак. Там сустрэўся з тымi двума сабакаловамi, з горыччу i болем даведаўся, што злавiлi яны Бiма каля дома. Абодва яны абуралiся на тую Цётку i лаялiся на яе няшчадна, абзывалi ўсякiмi словамi. Цяжка было Iвану Iванавiчу таму, што Бiм загiнуў як ахвяра здрады i нагавораў. I ён не вiнавацiў гэтых двух работнiкаў, якiя выконвалi свае абавязкi, хоць малады хлопец, вiдаць, адчуваў сябе вiноўнiкам нават ужо таму, што паверыў Цётцы.
- Ды каб я ведаў... - Ён не дагаварыў i стукнуў кулаком па капоце аўтафургона. - Вось i павер такой гадзiне.
Iван Iванавiч папрасiў iх завезцi Бiма ў лес i прапанаваў за гэта пяць рублёў. Абодва ахвотна згадзiлiся. Паехалi ўтрох у кабiне таго ж фургона.
На палянцы, дзе перад кожным паляваннем сядзеў Iван Iванавiч на пянёчку i слухаў лес, на палянцы, дзе ў сумным чаканнi Бiм цёрся пысаю аб апалае лiсце, у некалькi метрах ад пянька, закапалi Бiма. А зверху пасыпалi чуць, тоненька, жоўценькага лiсця, перамешанага са сняжком.
Лес шумеў роўна i нямоцна. Iван Iванавiч расчахлiў стрэльбу, уклаў патроны i, быццам задумаўшыся крышку, выстралiў угору.
Лес з-за шуму глуха, пакорлiва, па-восеньску адазваўся журботным рэхам. Удалечынi яно зацiхла кароткiм, абарваўшымся стогнам.
I яшчэ раз выстралiў гаспадар, i чакаў, калi прастогне лес.
Абодва яго спадарожнiкi недаўменна глядзелi на Iвана Iванавiча. Але ён, не сыходзячы з месца, уклаў яшчэ два набоi i гэтак жа размерана, з зусiм роўнымi прамежкамi, якiя вызначаў па тым, як зацiхае ўдалечынi гук, выстралiў яшчэ два разы. Потым зачахлiў стрэльбу i пайшоў да пянька.
Старэйшы спытаў:
- Гэта ж навошта, чатыры разы?
- Так трэба, - адказаў Iван Iванавiч. - Колькi год было сабаку, столькi разоў i страляць. Бiму было... чатыры гады. Кожны паляўнiчы ў такую хвiлiну здыме шапку i пастаiць моўчкi.
- Ты глядзi! - цiха здзiвiўся малады. - Як пры напасцi... як у бядзе... Ён падышоў да фургона, сеў у кабiну i зачынiў за сабою дзверцы.
Лес шумеў, шуме-еў, шуме-еў аднатонна, амаль па-зiмоваму, шумеў холадна, гола i няўтульна. Снегу было толькi крышку. Даўно пара б быць яму, а спазнiўся намнога. Можа, таму i шум стаў цяпер нудна-незадаволены, санлiвы, здавалася, такi безнадзейны, што быццам бы i зiмы не будзе, i вясны не будзе.
Але раптам Iван Iванавiч адчуў у сабе, у душэўнай той пустэчы, што засталася пасля апошняга сябра, цеплыню. Ён не адразу здагадаўся, што гэта такое. А гэта былi два хлопчыкi, iх прывёў да яго, сам таго не ведаючы, Бiм. I яны зноў прыйдуць, прыйдуць яшчэ не раз.
Дзiваком, вялiкiм дзiваком здаўся Iван Iванавiч двум прасцецкiм сабакаловам, калi, сядаючы ў кабiну, ён сказаў, быццам бы да самога сябе:
- Няпраўда. I снег будзе. I вясна абавязкова будзе. I будуць падснежнiкi... У Расеi бываюць зiмы i вёсны. Вось якая яна, наша Расея, - i зiмы i вёсны абавязкова.
Па дарозе назад малады хлопец нечакана спынiў машыну насупраць невялiкае вёскi, непадалёку ад шашы, адчынiў дзверы фургона i выпусцiў Кудлатку.
- Не жадаю! Не хачу - усклiкнуў ён. - Бяжы, сабака, у вёску, ратуйся - там будзеш цэлы.
- Што ты? Што ты? Ведаюць жа, было два сабакi! - крыкнуў з кабiны старэйшы.
- Адзiн сам сябе кончыў, другi ўцёк - i ўся гаворка. Не хачу. Нiчога не хачу. Не жадаю! I ўся гаворка!
Кудлатка адбег ад шашы, сеў i здзiўлена праводзiў позiркам фургон, потым агледзеўся i пабег сам па сабе, пабег у вёску, да людзей. Здагадлiвы сабака.