Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
- Факцiчаскi так, - пацвердзiў трынаццацiгадовы мужычок, якi ўжо можа i чараду пасвiць, i даглядаць "сваю" скацiну, i бiць масла, дапамагаючы мацi, калi не заняты, вядома, i скрэбцi на марозе "нашы" буракi, i капаць "сваю" бульбу.
А Хрысан Андрэевiч тлумачыў далей:
- Як павiнна быць па статуту, так i робiм: там - наша, а тут - маё. Я вось занёс баранчыка ў горад. А як жа? Кармiць-паiць людзей трэба - мы на тое i жывём. I мацi занесла яек. I масла. Усё па статуту, усё планава. Жызня, Алёшка, добра наладзiлася, абуты, апранутыя не горш, чым старшыня цi настаўнiк, тэлевiзары ёсць i ўсё такое, грошы на патрэбу. А хто многа працуе, дык таму толькi работа моцы дадае. Толькi вось гарэлку пiць не трэба, павучаў Хрысан Андрэевiч.
- А сам п'еш, - справядлiва заўважыў Алёша. - Калi не трэба - не трэба. Што толку!
- Гэта ты праўда, - згадзiўся бацька. - Калi ты на брыгадзiра павагу маеш, дык гэта ж не мы завялi... А Клiм - што? Клiм - зладзюга. Як гэта пайсцi да суседа i ўкрасцi куру? Гэта ж трэба на людзей вочы засляпiць. Куды-ы там! Прапаў чалавек.
Чакаючы Чарнавуха, Алёша i Хрысан Андрэевiч прагаварылi так да адзiнаццацi гадзiн вечара. Потым хадзiлi вакол дома, зазiралi да парасят, пад ганак (магчыма, уцёк ад Клiма i схаваўся). Нарэшце Хрысан Андрэевiч пайшоў сам.
Наталля, жонка Клiмава, жанчына затурканая i цiхая, тая самая, што заплакала на бурачным полi, сказала горка:
- Не прыйшоў яшчэ, валацуга. Заначаваў дзе-небудзь, iдал. Або запiўся, пракляты. Ох, гора маё! Лiчы, толькi заўтра прывалачэцца, шатун. А сабаку ён нiдзе не дзене, ведаю яго. Прывядзе...
Хрысан Андрэевiч вярнуўся дадому, расказаў, што чуў, i яны з Алёшкам леглi адпачываць, перагаворваючыся шэптам, каб не пабудзiць мацi. Яны не чулi, як прыходзiў Чарнавух на ганак, як падкраўся i ўцёк Клiм, як пайшоў iх новы добры сябар ад лiхога чалавека.
Ранiцою бацька пабудзiў Алёшку:
- Уставай. На ганку свежыя сляды: прыйшоў Чарнавух.
Удвух яны пачалi шукаць, зваць, свiстаць, але Чарнавух ужо не мог iх чуць. Хрысан Андрэевiч бягом затрухаўся да Клiма, пабудзiў таго.
- Прывёў жа, прывёў, - басiў той хрыпла i незадаволена. - Апоўначы прывёў i не захацеў цябе будзiць... Хочаш, сляды свае пакажу. А ты вось мяне пабудзiў, растрывожыў. Як думаеш: па-чалавечы гэта цi не? Ды i сабака твой нягодны на паляванне. На чорта ён мне - не буду браць нiколi.
Хрысан Андрэевiч не спрачаўся: з гэтым толькi звяжыся.
Абышлi яны з Алёшам усю вёску, усе агароды, былi на калгасным двары (цi не ў сабак гасцюе Чарнавух?). Не, нiхто нiдзе не бачыў Чарнавуха. Прапаў Чарнавух.
- Выходзiць, Клiм збiў яго, - здагадаўся Хрысан Андрэевiч. - Збег Чарнавух.
У Алёшы пякло ад жалю сэрца. Ён пачаў прыглядацца да падлогi на ганку: сляды ўжо высахлi, але месца, дзе ляжаў Чарнавух, было адметна. Алёша прыгнуўся i нечакана крыкнуў на ўвесь двор:
- Тата! Кроў!
Той выбег з хаты, прыгледзеўся: там, дзе ляжала галава Чарнавуха, засталiся высахшыя плямкi слiны, перамешанай з крывёю.
- Звер! - сказаў Хрысан Андрэевiч. Падумаў i папярэдзiў Алёшу: - Глядзi, не звязвайся з гэтым чалавекам - бяды нажывеш. Вось што: пайшлi па Чарнавухавай дарозе - больш няма яму куды iсцi.
Яны дабралiся да аўтобуснага прыпынку, па дарозе клiчучы i шукаючы Чарнавуха, доўга там чакалi i пайшлi дадому. Думалася, што калi iшоў сюды, то цяпер недзе далёка-далёка. Таго дня яны iшлi непадалёку ад стога, дзе адлежваўся Бiм, iхнi Чарнавух.
Вечарам Алёша некалькi разоў выходзiў на ганак, чакаў, клiкаў. А потым вярнуўся ў сенцы, сеў ля сабачае будкi, напханае сенам, i заплакаў, адкрыта, па-дзiцячы, усхлiпваючы i размазваючы рукавом непаслухмяныя слёзы.
Хрысан Андрэевiч пачуў, выйшаў у сенцы, запалiў святло.
- Э, ды ты таго? - здзiвiўся ён.
- Таго, - адказаў Алёша, уздрыгваючы.
Бацька правёў шурпатаю, драўлянаю далонню па сынавых валасах i прамовiў:
- Гэта добра, Алёша... Душа ў цябе ёсць, хлопчык...
Выйшла Пятроўна.
- Шкадуеш Чарнавуха? - спытала яна.
- Шкада, мама!.. Шкада...
- Гора ж якое, бацька! - усхлiпнула яна. - Але што ж цяпер зробiш, Алёшка... Так таму i быць... Шкада...
...А ў гэты самы час Бiм ужо ляжаў пад лаўкаю ў павiльёнчыку аўтобуснага прыпынку.
Ляжаў i чакаў. Чакаў ён толькi аднаго - свiтання.
Раздзел 13
ЛЯСНАЯ БАЛЬНIЦА. ТАТА I МАМА. НАВАЛЬНIЦА Ў ЛЕСЕ
Як толькi засвятлелася на досвiтку, Бiм паспрабаваў устаць, але гэта было нялёгка, амаль немагчыма. Галоўнае, цяжка выпрастацца з абаранка: нешта застыла ўсярэдзiне i быццам склеiла там. Сяк-так, не па-сабачаму, ён спачатку выпрастаў адну заднюю нагу, быццам курыца з-пад крыла, потым другую, упёрся iмi ў сценку i выпаўз з-пад лаўкi. Чуць паляжаў i папоўз з павiльёна. Сеў. Здранцвелыя ногi пачалi ажываць. Перамагаючы боль i суцяшаючы сябе цiхiм паскугольваннем, ён пайшоў - спачатку ледзьве-ледзьве, чыркаючы лапамi па зямлi, потым усё цвярдзей i цвярдзей.
Паспрабаваў крыху трушком - не так балiць у грудзях. I ён павольна-павольна патрухаўся i патрухаўся наперад. З боку здалося б, што сабака i не бяжыць. I не iдзе, а красае нагамi, каб не трэслася толькi тулава. Так Бiму лягчэй. Ён адчуў, што яму i наогул стала здаравей ад травы i ад таго, што пачаў варушыцца. I ён драбнiў, драбнiў па шашы.
Iшоў па левай абочыне дарогi, насупраць сустрэчных машын. Ён, вядома ж, не ведаў "Правiл вулiчнага руху на дарогах СССР", i нiякае логiкi, спрактыкаванасцi ў яго законным руху не было - проста падказваў iнстынкт; па гэтым баку мяне везлi сюды, пайду i назад тою ж дарогаю. Людзi, што мiльгалi ў акенцах машын, няйначай, думалi: "...Разумны сабака - выконвае правiлы руху. Але хворы". На самай жа справе тут нiякага вялiкага розуму не трэба было, каб пацвердзiць, што адпаведны артыкул задавальняе патрабаваннi бяспекi.
Доўга трухаўся Бiм - магчыма, тры, магчыма, чатыры гадзiны (спыняючыся i адлежваючыся - больш, вядома). Рухаўся не скарэй за пешага, магчыма, чуць-чуць i хутчэй. I то ўжо добра!
Але вось ён нечакана нават i для самога сябе, пазнаў той аўтобусны прыпынак, дзе звычайна выходзiў з Iванам Iванавiчам на пачатку палявання. Пазнаў!
Каля павiльёна стаялi людзi i чакалi аўтобуса. Бiм прыпынiўся, не даходзячы да iх, i скiраваў улева, на тую дарогу, па якой хадзiў калiсьцi на паляванне. Нехта засвiстаў яму ўслед, нехта загалёкаў, нехта крыкнуў: "Шалёны!" Бiм не звяртаў увагi. Ён нават прыбавiў ходу, спрабуючы перайсцi ў галоп, але гэтага не ўдалося, хутчэй не пабег, толькi стала яшчэ цяжэй.
Галоўнае - туды. Туды, дзе, магчыма, быў нядаўна цi скора будзе Iван Iванавiч. Туды, наперад.
Бiм трухаўся да лесу. На ўзлеску ён прыпынiўся, агледзеўся i пайшоў у лес. Непадалёку адразу ж знайшоў знаёмую палянку i стаў ля пянька, быццам укопаны. Пастаяў, пакруцiў наўкола носам, не знаходзячы месца, абышоў пянёк, прынюхаўся да самое зямлi. I раптам неяк рашуча лёг ля пянька на апалае лiсце: тут, вось тут заўсёды сядзеў перад паляваннем Iван Iванавiч. Бiм выцягнуў галаву i цёрся, цёрся аб жоўтае лiсце на тым месцы, дзе стаялi некалi ногi яго сябра, хоць увесь пах даўно выветрыўся.
А дзень жа быў цёплы-цёплы!..
Бывае ў познюю восень, нават i пасля зазiмкаў, вернецца лета i патурбуе на адыходзе восень вогненным хвосцiкам. I восень прыгрэецца, запесцiцца i прыцiхне, быццам ласкавы сабака, якога гладзiць жанчына. I тады запахне ў лесе развiтальным водарам апалага лiсця, рубiнавымi ягадамi шыпшыны i бурштынам барбарысу, церпкiм i вострым, як перац, падалешнiкам, баравiком, якога нiхто не зачапiў i якi ўжо рассыпаўся, прамоклы ад вiльгацi, але яшчэ пахучы, якi напамiнае пра мiнулае надвор'е, i пацячэ па лесе ўсмешлiвы добры дух ад сасны да бярозы, ад бярозы да дуба, а той адкажа магутным пахам сiлы, лясное моцы i вечнасцi. Ёсць у лясным паху нешта вечнае i невынiшчальнае, асаблiва адчувальнае ў цёплыя, мяккiя i ласкавыя развiтальныя, апошнiя днi восенi; яна ўжо вольная ад нуднага дажджу, злосных зазiмкавых налётаў i настырных, да ўсяго лiпучых iголак iнею: усё прайшло, усё мiнулася. I быццам восень, засынаючы, бачыць сон пра лета, а нам паказвае ўсё, што прыснiлася, ва ўсёй велiчнасцi адухоўленае прыгажосцi i ў жыватворных водарах зямлi. Шчаслiвы той, хто сумеў узяць сабе ўсё гэта з дзяцiнства i пранёс па ўсiм жыццi, не вылiваючы нi кроплi з падараванага прыродаю сасуда для ратунку душы!