Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Абодва мiлiцыянеры зiрнулi адзiн на аднаго, але студэнта ўсё ж павялi з сабою. Следам за iмi патупацеў Кiрпаты i Цётка. Людзi разышлiся i ўжо не зважалi на сабаку, акрамя тае мiлае дзяўчыны. Яна падышла да Бiма i пагладзiла яго, але таксама пайшла за мiлiцыянерамi. Сама пайшла, як бачыў Бiм. Ён паглядзеў ёй услед, патаптаўся на месцы i пабег, дагнаў яе i пайшоў поруч.
Чалавек i сабака iшлi ў мiлiцыю.
- Каго ж ты чакаў, Чорнае вуха? - запытала яна, прыпыняючыся.
Бiм сумна прысеў, апусцiў галаву.
- Падцягло табе жываты, мiлы. Я накармлю цябе, пачакай, накармлю, Чорнае вуха.
Ужо некалькi разоў называлi Бiма "Чорнае вуха". I гаспадар некалi гаварыў: "Эх ты, Чорнае вуха!" Даўно-даўно ён так сказаў, яшчэ ў дзяцiнстве. "Дзе ж ты, мой сябар?" - думаў Бiм. I ўсё ж зноў пайшоў з дзяўчынаю, сумны i журботны.
У мiлiцыю яны прыйшлi ўсе разам. Там крычала цётка, рыкаў кiрпаты дзядзька, угнуўшы голаў, маўчаў студэнт, а за сталом сядзеў мiлiцыянер, незнаёмы, i непрыязна глядзеў на ўсiх траiх.
Дзяўчына сказала:
- Прывяла вiноўнiка. - I паказала на Бiма. - Сiмпатычнейшае стварэнне. Я ўсё чула i бачыла там з самага пачатку. Гэты хлопец, - яна кiўнула на студэнта, - нi ў чым не павiнен.
Расказвала яна спакойна, то паказваючы на Бiма, то на каго-небудзь з траiх. Ёй спрабавалi перабiць гаворку, але мiлiцыянер строга спыняў i Цётку, i Кiрпатага. Ён, было вiдаць, давяраў дзяўчыне. Пад канец яна жартам спыталася:
- Правiльна я гавару, Чорнае вуха? - I да мiлiцыянера яшчэ дадала: - Я Даша. - Потым да Бiма: - Я Даша. Зразумеў?
Уся Бiмава iстота паказвала, што ён яе паважае.
- А ну, iдзi да мяне, Чорнае вуха. Да мяне! - паклiкаў мiлiцыянер. О, Бiм ведаў гэты загад "да мяне". Добра ведаў. I падышоў. Той ласкава палапаў па шыi, узяўся за аброжак, паглядзеў нумарок i нешта запiсаў. А Бiму загадаў:
- Ляжаць!
Бiм лёг так, як i трэба: заднiя ногi пад сябе, пярэднiя выцягнуты ўперад, галава - вочы ў вочы з субяседнiкам i чуць набачок.
Цяпер мiлiцыянер пытаўся ў тэлефонную трубку:
- Таварыства паляўнiчых?
"Паляванне!" - здрыгануўся Бiм. "Паляванне!" Што гэта абазначае тут?
- Таварыства паляўнiчых? З мiлiцыi. Нумар дваццаць чатыры паглядзiце. Сетэр... Як гэта няма? Быць не можа. Сабака харошы, вывучаны... У гарсавет? Добра. - Паклаў трубку i яшчэ раз узяў, нешта пытаўся i пачаў запiсваць, паўтараючы ўслых: - Сетэр, са знешнiмi дэфектамi, пасведчання на радаслоўную няма, гаспадар Iван Iванавiч Iваноў, вулiца Праезджая, сорак адзiн. Дзякую. Цяпер ён загаварыў да дзяўчыны: - Вы, Даша, маладзец. Найшоўся гаспадар.
Бiм затанцаваў, ткнуў носам у калена мiлiцыянеру, лiзнуў руку Дашы i глядзеў у вочы, проста ў вочы, так, як умеюць глядзець толькi разумныя i ласкавыя, даверлiвыя сабакi. Ён жа ўсё зразумеў, што гаварылi пра Iвана Iванавiча, пра яго сябра, пра яго брата, пра яго бога, як на гэта сказаў бы чалавек. I аж уздрыгваў ад хвалявання.
Мiлiцыянер строга буркнуў да Цёткi i Кiрпатага:
- Iдзiце. Усяго добрага.
Дзядзька ўзяўся пiлаваць дзяжурнага:
- I гэта - усё? Якi ж у нас пасля ўсяго будзе парадак? Распусцiлi!
- Iдзiце, iдзiце, дзед. Усяго добрага. Да пабачэння. Адпачывайце.
- Знайшоў мне "дзеда"! Я табе бацька, баця. Нават як ветлiва гаварыць забылiся, с-сукiны сыны. А хочаце вось такiх, - кiўнуў на студэнта, выхоўваць, па галоўцы гладзiць, па галоўцы. А ён вас - пачакайце! - гаў! I з'есць. - Гаўкнуў i сапраўды, якраз як сабака.
Бiм, вядома, таксама гаўкнуў.
Дзяжурны засмяяўся:
- Глядзiце, папаша, а сабака ж вас разумее, спачувае.
А Цётка, здрыгануўшыся ад падвойнага брэху - чалавечага i сабачага, плiшчылася ад Бiма да дзвярэй i крычала:
- Гэта ён на мяне, на мяне! I ў мiлiцыi нiякае абароны савецкай жанчыне!
Яны пайшлi ўсё-такi.
- А мяне што - затрымаеце? - насуплена спытаў студэнт.
- Слухацца трэба, мiлы. Запрашаюць - павiнен iсцi. Так трэба.
- Трэба? Адкуль такое, каб цвярозага чалавека весцi ў мiлiцыю, як злодзея? Цётцы гэтай трэба было пятнаццаць сутак, а вы... Эх, вы! - I пайшоў, пацерабiўшы Бiма за вуха.
Цяпер Бiм ужо зусiм нiчога не разумеў: дрэнныя людзi лаюцца на добрых людзей, добрыя таксама лаюцца, а мiлiцыянер трывае ды яшчэ i пасмiхаецца; тут, вiдаць, i разумнаму сабаку не разабрацца.
- Самi даведзяце? - запытаўся дзяжурны ў Дашы.
- Сама. Дадому, Чорнае вуха, дадому.
Бiм цяпер iшоў паперадзе, азiраўся на Дашу i чакаў яе: ён выдатна ведаў слова "дадому" i вёў яе менавiта дадому. Людзi i не дакумекалi, што ён i сам знайшоў бы кватэру, iм здавалася, што ён неразумны сабака; толькi Даша ўсё зразумела, адна Даша, гэтая бялявая дзяўчына з вялiкiмi задумёнымi i цёплымi вачыма, якiм Бiм паверыў з першага позiрку. I ён прывёў яе да самых сваiх дзвярэй. Яна пазванiла - адказу не было. Пазванiла яшчэ раз, цяпер да суседзяў. Выйшла Сцяпанаўна. Бiм прывiтаў яе: ён быў прыкметна весялейшы, чым учора, ён гаварыў: "Прыйшла Даша. Я прывёў Дашу". (Не было другiх слоў, каб растлумачыць позiркi Бiма на Сцяпанаўну, на Дашу.)
Жанчыны гаварылi цiха i вымаўлялi "Iван Iванавiч" i "асколак", потым Сцяпанаўна адамкнула дзверы. Бiм запрашаў Дашу: не спускаў з яе вачэй. Яна перш-наперш узяла мiску, панюхала кашу i сказала:
- Скiсла. - Выкiнула кашу ў вядро на смецце, вымыла мiску i паставiла зноў на падлогу. - Я зараз прыйду. Чакай, Чорнае вуха.
- Яго Бiмам клiчуць, - паправiла Сцяпанаўна.
- Чакай, Бiм. - I Даша пайшла.
Сцяпанаўна села на крэсла, Бiм сеў насупраць яе, аднак пазiраў увесь час на дзверы.
- А ты змысны сабака, - загаварыла Сцяпанаўна. - Застаўся адзiн, а разбiраешся, хто да цябе з душою. Я вось, Бiмка, таксама... на старасцi год з унучкаю жыву. Бацькi-то нарадзiлi ды i падалiся ў Сiбiр, а я выгадавала. I яна, унучка, добрая, мяне любiць, усiм сэрцам да мяне.
Сцяпанаўна адводзiла душу сама з сабою, гаворачы да Бiма. Так часам людзi, калi няма да каго абазвацца, гавораць да сабакi, да любiмага каня цi кармiцелькi-каровы. Сабакi ж, у якiх выдатны розум, вельмi добра адрознiваюць няшчаснага чалавека i спачуваюць яму. А тут у абаiх: Сцяпанаўна жалiцца Бiму, а Бiм гаруе, мучыцца ад таго, што людзi ў белых халатах забралi яго сябра; бо ўсе непрыемнасцi, што здарылiся за дзень, толькi крыху забавiлi Бiма ад болю, якi цяпер зноў узяўся з новаю сiлаю. Ён разабраў з гаворкi Сцяпанаўны два знаёмыя словы "добра" i "да мяне", сказаныя з сумнай цеплынёю. Вядома ж, Бiм падышоў да самае яе i паклаў галаву на каленi, а Сцяпанаўна прытулiла да вачэй хусцiнку.
Даша вярнулася з пакуначкам. Бiм цiха падышоў, лёг жыватом на падлогу, паклаў адну лапу на яе туфельку, а галаву на другую лапу. Так ён сказаў "Дзякуй табе".
Даша дастала з паперы дзве катлеты, дзве бульбiны i паклала iх у мiску.
- Бяры.
Бiм не ўзяўся есцi, хаця трэцiя суткi ў яго не было ў роце i пылiнкi. Даша далiкатна пацерабiла за загрывак i ласкава гаварыла:
- Вазьмi, Бiм, вазьмi.
Голас у Дашы мяккi, душэўны, цiхi i, здавалася, спакойны; рукi цёплыя i пяшчотныя, ласкавыя. Але Бiм адвярнуўся ад катлет. Даша адкрыла Бiму рот i ўвапхнула туды катлету. Бiм трымаў, трымаў яе ў роце, здзiўлена глядзеў на Дашу, а катлета тым часам пракаўтнулася сама. Тое здарылася i з другою. З бульбiнамi - таксама.
- Яго сiлком кармiць трэба, - сказала Даша Сцяпанаўне. - Ён занудзiў без гаспадара, таму i не есць.
- Ды што ты! - здзiвiлася Сцяпанаўна. - Сабака сам сабе знойдзе. Колькi iх ходзiць, а ядуць жа.
- Што ж рабiць? - спытала Даша ў Бiма. - Ты ж так прападзеш.
- Не прападзе, - упэўнена сказала Сцяпанаўна. - Такi разумны сабака не прападзе. Буду раз у дзень варыць яму кашу. Што ж рабiць? Жывое ж.
Даша нечаму задумалася, потым зняла аброжак.
- Пакуль я не прынясу аброжак, не выпускайце Бiма. Заўтра гадзiн да дзесяцi я прыйду... А дзе ж цяпер Iван Iванавiч? - спытала яна ў Сцяпанаўны.