Ведзьмiна тоня
Ведзьмiна тоня читать книгу онлайн
У прыгодніцкай літаратуры, як вядома, існуюць свае ўстойлівыя каноны. Творам, прыналежным да гэтага жанру,
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Пакуль чакалі, дзед згарнуў цыгарку са свайго тытуню, курыў у задуменні.
Падышлі Віталь, Сяргей з Нэлай.
– Клікалі, дзед Васіль? – спытаў Сяргей, прыпыняючыся воддаль ад сяброў.
– Сядайце бліжэй, – прапанаваў дзед, быццам не чуючы пытання. – Не ўмею я голасна размаўляць. А пачуць вам трэба.
Расселіся. Сяргей усё роўна сеў крыху ўбаку ад астатніх, але Нэла настойліва вызвалілася з яго рук, пайшла і прыціснулася да Жэнькі, ціхенька, быццам суцяшаючы, пагладзіла тую па шчацэ.
– Парода новая людзей вырасла. Страшная парода, – ціха стаў казаць дзед Васіль. – Раней нам проста жылося: во сябар, во вораг. Першага беражы, другога цурайся, трэба – бараніся. А цяпер… бач, як складна тут напісана: быццам і не было той Перамогі. Скажаш – няпраўда? Дык праўда: вунь будан, во дзеці. Вунь маці-п’яніца. А дзень таму я тое ж казаў нашай мясцовай уладзе ў вочы… Глядзіш: добры гэты дзядзька Юрый Сачыгін, рэдактар. Бач, вышуквае такіх бедных, клапоціцца… А на самай справе – усё роўна яму, што будзе заўтра, што будуць есці і дзе спаць усе астатнія дзеці. Яму гора людское – знаходка. Бяда людская – радасць, бо ёсць яму аб чым напісаць. Гэта вось Зарэмба да цябе прыходзіў, жыццём тваім цікавіўся, думаў, каб нешта змяніць, а гэты не цікавіцца, а цікуе. Сустракаўся я з Юрыем раней, калі яшчэ той толькі пачынаў. Гладка слаў, ды не з таго боку падушку клаў: ты яму скажы, чым цябе сёння, партызана былога, крыўдзяць. А чым мяне крыўдзяць? Вось хай лепш скажа, чым я больш за Адарку сваю ўвагі заслужыў… Я ад немцаў у балота схаваўся ды там перачакаў. А яна з хворай маці ды дзвюмя меншымі сёстрамі пад немцамі жыла. І хлеб мне пякла. Мяне забіць у баі маглі, а яе – у любы час... Я вось жывы – дык мне і медалі юбілейныя, і падарункі, і ўлада, што ні папрасі, бяжыць выконваць... А сябра мой Андрэй там, у балоце. І маці яго медалёў не атрымлівала, без падарункаў жыла… Вось што я вам скажу: гэта вам першы ўрок дарослы. Памятайце, што чым больш сталее чалавек, тым больш подласці ён можа нарабіць. І яшчэ памятайце: як бы вы ні жылі, а асобна жыць не атрымаецца. Бачыш, Сяргей, ты вось хацеў ад усіх адгарадзіцца, зарабляць сабе працай ды жыць з сястрычкай, нікога не чапаючы. Не атрымаецца. Бо жыццё складанае, а яшчэ больш подлае.
– Не запужвай дзяцей надта, – баба Адарка нячутна падышла да іх, колькі часу слухала. – Вы дзеду асабліва не верце. Харошых людзей усё адно больш. Дзеці вы ёсць і будзьце дзецьмі…
– Як гэта, – спытала Жэнька асцярожна, баючыся пакрыўдзіць старую, бо здавалася – яна сказала глупства. – Не зможам мы дзецьмі доўга заставацца. Ды і цяпер ужо не дзеці…
– Хрыстос некалі сказаў – будзьце як дзеці, – стала тлумачыць баба Адарка. – От Нэла, глядзіце: абы к каму не падыдзе. Яна сэрцайкам сваім адчувае дабрыню, сэрцайка ёй падказвае, ад каго злое чакаць. А чаму вы ўжо не так адчуваеце? Нэлу не падманеш словам, а вас ужо падманеш… Бо Нэла – дзіця шчырае, душа ў яе чыстая, злосці на ім няма. А злосць на сэрцы сляпым яго робіць… Жывіце сваім чалавечым векам…
– Як гэта – чалавечым? А… вы хіба іншым векам жывяце? – не пераставала здзіўляцца Жэнька.
– Ат, унучка, наш век ужо кацячы.
– Ой, гэта як? Раскажыце! – заінтрыгаваная, стала прасіць Жэнька.
– Ну, слухай сабе, – лагодна ўсміхнулася бабка Адарка. – Даўно тое было. Стварыў Бог усё жывое на зямлі, паклікаў да сябе, стаў гады жыцця раздаваць. Першы чалавек прыйшоў. Табе, кажа Бог чалавеку, дваццаць гадоў жыць. Пакрыўдзіўся чалавек, але змаўчаў. Прыйшоў да бога конь. Бог каню кажа – табе сорак гадоў. Злітуйся, божа, стаў прасіцца конь. Сорак гадоў мне плуг цягаць, бізун цярпець, хамут насіць? Скінь палову! Тут чалавек да Бога: аддай мне, Божа, дваццаць конскіх гадоў, як адмаўляецца. Добра, кажа Бог, бяры. Карова тут да Бога прыйшла. І ёй Бог сорак гадоў дае. Не хачу, кажа карова, сорак год цярпець, як мяне за цыцкі шморгаць будуць. Хопіць з мяне і дваццаці. А чалавек зноў да Бога: аддай і гэтыя дваццаць мне. Згадзіўся Бог. Сабака прыбег – яму Бог дваццаць год адмераў. Завыў сабака: дваццаць год на ланцугу? Ды за што ж ты мяне на такія здзекі, Божачка? Скінь палову. А чалавек тут як тут: дай мне, Божа, дзесяць сабачых. Бог і тут не адмовіў. Потым кошка завітала. І яна ад дваццаці адмераных ёй Богам гадоў адмовілася: хопіць на мой век дзесяць, кажа кошка. І яшчэ чалавеку дзесяць год дабавілася… Вось з тае пары так і жыве чалавек: першых дваццаць год – свой век, чалавечы. І валасок з яго галавы дарэмна не ўпадзе, толькі для сябе і жыве. А потым век конскі наступае: сям’я ды дзеці – цягні воз, такі лёс. Зарабляй, дзяцей падымай, дом будуй. Выраслі дзеці, тут бы і спачыць, для сябе пажыць, ды век кароўскі пачынаецца: дояць дзеці: таму на кватэру дай, таму вяселле гатуй, тут мэблю купляй, там машыну… Выраслі дзеці – пайшлі ўнукі: вось і век сабачы. Пільнуй адно ўнукаў, сядзі ля іх, бы прывязаны, будзь за маці і за татку, і за няньку і за вартаўніка. А ўжо і сам ледзь ногі цягнеш. Забярэ да сябе каторы з дзяцей – вось і пачаўся век кацячы. Карысці з цябе ў доме аніякай, хаваешся больш, адно каб пад ногі не трапіцца іншы раз. Што дадуць, тое з’ясі, дзе пакладуць, там і паспіш…
– Ой, як цікава, – ў захапленні прамовіла Жэнька. – Абавязкова запішу!
– Запішы сабе, – ўсміхнулася баба Адарка.
Тым часам дзед Васіль усё паглядваў на газетны здымак.
– Ты мне калі пра сляды казала? – спытаў ён жонку, потым павярнуўся да дзяцей: – Баба раніцай два сляды на роснай траве на нашым лужку бачыла. У бок Настусінага двара. Ад твайго саду, Сяргей…
– Ды пазаўчора ранкам і бачыла… Думала, злодзеі якія…
– А дайце мне, – працягнуў руку за газетай Віталь, паглядзеў на здымак, азірнуўся ў бок будана. – А здымак як быццам ад таго зарасніку зроблены…
– Пайшлі, – падхапіўся Віцька. – Паглядзім…
Падхапіліся і Віталь з Сяргеем, подбегам заспяшаліся ў гушчар сліваў, быццам гэта магло нешта цяпер змяніць.
Месца, дзе невядомы фатограф сядзеў у засадзе, яны знайшлі без цяжкасцей. Па слядах пабачылі – былі двое. А па характэрнаму следу ад красовак Віцька безапеляцыйна заявіў, што тут быў і Эдзік Настусін.
– Ён хваліўся сваімі красоўкамі, казаў – за 100 долараў. І плакаўся, што на падэшве аднаго малюнак сапсаваў аб нейкую жалезіну. Вось тут лінія пярэрваная, – Віцька паказаў на след, які на мяккай зямлі адбіўся, бы на пластыліне. – Ну, прыедзе яшчэ, – пагрозай закончыў ён.
– Прыедзе, сустрэнемся, – сказаў з нечаканай злосцю ў голасе і Віталь.
Дзіўна, ён жа ніколі не лічыў бойку правільным шляхам у любой справе.
Вярнуліся ў сад дзеда Васіля.
Той чакаў хлопцаў, бо загаварыў адразу:
– Ну, хай нам хоць солі цяпер, хто жадае, на хвост насыпле. Мы будзем сваю справу рабіць. Месяц, баба кажа, на надвор’е стаў, дажджу не чакаецца, ночы цёплыя. То нечага і нам чакаць. Я заўтра да старшыні сцягаюся, папрашу, каб трактар даў… Будзем ведаць канкрэтны дзень.
– Ура! – радасна закрычала Жэнька, забыўшыся на нядаўнюю прыкрасць. Толькі цяпер яна адчула, што знікла з душы незразумелая, недарэчная проста думка аб тым, што пасля ўсяго напісанага ў дзвюх газетах дзед Васіль наогул адмовіцца ад планаў. І цяпер было лёгка, і заметка ў раёнцы здалася драбязой.
Разышліся – ужо звечарэла.
…Назаўтра бліжэй да абеду патэлефанавала маці:
– Дзе там Віцька? Няхай прыйдзе ў школу, знойдзе фізрука, ён павінен прыйсці. Там у яго з былых часоў засталася палатка вялікая, на шэсць чалавек. Яна, праўда, з дзіркамі, але ж нешта прыдумаем…
– Ого! – не хавала захаплення Жэнька – аб палатцы яны колькі разоў казалі як аб недасяжнай мары.
– Гэта не “ого”, а будзем лічыць за ўклад школьнай арганізацыі БРСМ у справу ўвекавечання памяці герояў той вайны. Няхай падварушацца. Перадай Віцьку, каб сказаў фізруку дакладна дзень, у які будзеце выязджаць – той арганізуе колькі хлопцаў, каб дапамаглі…
Жэнька задаволена паклала трубку. Ну вось, нейкі ж толк атрымаўся з той заметкі. А што: сказалі пра школу, то нечага фізруку, маладому настаўніку міма сябе прапускаць такую справу, калі ён сакратар камітэта...