Любiць ноч — права пацукоw
Любiць ноч — права пацукоw читать книгу онлайн
Творы Юрася Станкевіча — пранізлівыя і праўдзівыя, жорсткія і рэалістычныя, жаласлівыя і праварадыкальныя адначасова… У нейкім сэнсе яны прэзентуюць сабой новы беларускі экзістэнцыялізм — як у Быкава, толькі па-сучаснаму, без цэнзуры, без саўка.
У рамане «Любіць ноч — права пацукоў» галоўны герой такі разбірае нетрывалыя цагліны са сцяны камеры і вяртаецца ў жыццё, каб уратаваць, адпомсціць, наўпрост жыць далей — калі канешне застанецца жывы… Твор пра нас — пра Беларусь такую, якая яна ёсць. Усё тое, пра што вы не маглі прачытаць на занятках «беларускай літаратуры» у школе. (c) Малады Фронт
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
VI. Паглум
Хлопчык доўга бег за машынай, у якую, ён бачыў, гвалтам упіхнулі мужчыну — яго дзядзьку Данілу, але машына знікла за паваротам, і ён спыніўся, часта дыхаючы, бо не прывык бегаць, і сказаў у пустэчу
Даня
і азірнуўся навокал у пошуках дапамогі ці ўвогуле якога апірышча, але ніхто да яго не падыходзіў і не загаворваў з ім, і ён павярнуў назад, інстынктыўна выбраўшы адзіны вядомы яму напрамак, які, як ён разлічваў, быў яму спрыяльны, — напрамак да дому і гаварыў
ДаняДаняДаня
і праціраў вочы ад пяску і пылу, што ўзняў вецер, і так рухаўся па вуліцы, і тут яго ўбачылі дзеці чужынцаў, і замахалі рукамі, і закрычалі брыдкае і незразумелае
бляматахушарава!
а потым адзін з іх схапіў камень і шпурнуў, і астатнія пачалі кідаць па чарзе і трапілі некалькі разоў, а даўнёнак прытуліўся да плота і глядзеў бездапаможна, а тыя скакалі навокал і гікалі і крычалі
бляматахушарава!
пасля з боку былой фралоўскай сядзібы да іх выйшла жанчына і нешта сказала незадаволена, і тыя неахвотна адступілі, але гірчэлі, нібы сабакі, на якіх прыкрыкнуў гаспадар, і ўрэшце разбегліся, а даўнёнак пайшоў далей, пакуль ля самай брамкі яго зноў не перанялі, на гэты раз падлеткі і дзяўчаты, больш старэйшыя за тых, першых дзяцей, па ўзросту і гаварылі
гэй, ты, псіх
і смяяліся
хехехехехе
і пускалі даўнёнку ў вочы дым, ад якога ён адхіляўся і моршчыўся, і гаварылі
ты грэбаны псіх
і махалі рукамі і падскоквалі, быццам не ведаючы, чым яшчэ сябе заняць, і падбягалі да лаўкі, на якой ужо сядзелі некалькі дзяўчат з навакольных вуліц і хапалі іх за рукі і за плечы, а тыя ўсміхаліся нервова і ўзбуджана
хехехехехехехе
а потым усе зноў звярнулі ўвагу на даўнёнка, бо той паспрабаваў праціснуцца праз іх да сваёй брамы, але мажны Карым пераступіў яму дарогу і спытаў кпліва і гучна
ты куды, псіх?
і даўнёнак сказаў ціха
хачу дамоў, хачу дамоў, хачу дамоў
а Карым аж затросся
дамоў?
і зарагатаў, звяртаючыся да дзяўчат, якія сядзелі на лаўцы
хехехехехехехехе, чулі? ён хоча дамоў!
І тыцнуў хлопчыку запаленай цыгарэтай у твар
цяпер гэта мой дом!
закрычаў ён
а ты будзеш жыць у сабачай будцы, псіх грэбаны, так, у хляўку, а ў дом больш не заходзь, я там буду жыць!
і даўнёнак нічога не разумеў, толькі адчуваў боль ад таго, што цыгарэта абпаліла яму шчаку і што ў дом яго не пускаюць, а побач няма нікога з блізкіх яму людзей, і шаптаў
мамамамамама
і на лаўцы адразу захіхікалі дзяўчаты, і пачалі пускаць дымкі ад прыпаленых цыгарэт, манерна адстаўляючы пальцы, і гаварылі
ай, не трэба, Карым, ён хоча да мамы, пусці яго, праўда, праўда, пусці
але з фралоўскага дома выйшлі дзве дзяўчыны іх узросту, з прыезджых, і адразу закрычалі рэзка і віскліва
гаратамадабара!
і пачалі брыдкасловіць
блямахатахушарот!
і ўбачылі даўнёнка, і адна з іх плюнула на яго
цьфу!
і закрычала
псіхпсіхпсіхпсіх!
а даўнёнак сціснуўся ў камяк і закрыў твар далонямі, але другая дзяўчына выхапіла ў мажнага Карыма запаленую цыгарэту і пачала тыкаць хлопчыку ў твар, а той засланяўся і адхіляў галаву, а дзяўчына не сунімалася, гаварыла
падмаладжу цябе, размалюю, псіха грэбанага, а потым пойдзеш на вуліцу — будзеш грошы зарабляць
і ўсе смяяліся
хехехехехе
а потым і праўда пацягнулі хлопчыка па завулку ўверх, пакуль не дасягнулі большай, галоўнай вуліцы, і пасадзілі таго на асфальт, дзе хадзілі прахожыя, і паставілі побач кардонавую скрыню, на якой было напісана
«подайте бежинцу Христа ради»
і як толькі хлопчык спрабаваў уставаць, білі таго неўпрыкмет па руках і галаве, і тушылі на твары цыгарэту, і прымушалі сядзець, і гаварылі
грошай назбіраеш — дадзім паесці, а так цябе ніхто карміць не будзе, больш няма каму, псіх, так цябе і раз-гэтак
і хлопчык сядзеў на тратуары, і прахожыя часта спыняліся і клалі ў скрыню дробныя грошы, а калі грошай збіралася шмат, то дзяўчаты кідалі свае справы і падыходзілі да яго і забіралі са скрыні паперкі і казалі, закочваючы карцінна вочы і мацюкаючыся
а, бля, зноў мала, Карым — на, бяры
і гаварылі напорыста і нецярпліва
навучым, будзеш зарабляць, псіх
але тут з фралоўскага дома прыйшлі старэйшыя жанчыны і закрычалі на дзяўчат, замахалі рукамі, і ўсе разбегліся незадаволеныя, а даўнёнка павялі назад, але ў дом не пусцілі — там і праўда ўжо сноўдалі постаці чужынцаў, а далі кавалак хлеба і сказалі
ідзі гуляй
і паказалі на хлявок
спаць там будзеш
і падштурхнулі ў спіну, і хлопчык пайшоў у сад, ён моцна стаміўся і пакутаваў ад болю, у руцэ ён усё яшчэ трымаў хлеб і рушыў з ім да клеткі — яму раптам прымроілася, што там сядзіць трус Піля, і ён ішоў і шаптаў
ПіляПіляПіля
але клетка была пустая, з засохлымі рэшткамі дзьмухаўцоў і канюшыны на дне ды чорнымі катышкамі трусінага гною, а дзверцы былі выламаныя, і даўнёнак паклаў туды хлеб — раптам трус вернецца, а потым залез пад дно клеткі, там утварылася нешта накшталт нішы з засохлай травой на зямлі, скруціўся ў позе эмбрыёна, і сон змарыў яго, так ён спаў нейкі час, а потым на клетку села варона і асцярожна зазірнула ўніз, выцягнуўшы шыю, але небяспекі для сябе не адчула, пачысціла аб дошкі дзюбу і доўга назірала за тым, што робіцца ў доме і садзе, а потым узмахнула крыламі, узляцела ў паветра і крыкнула рэзка і гучна
крааааа!
ад чаго даўнёнак ачуўся і расплюшчыў вочы, але схованкі сваёй не пакінуў, а працягваў ляжаць і глядзець, што робіцца ў садзе, ля дома і ў доме, адчуваючы боль ад апёкаў на твары і страх, а ў садзе між тым час ад часу сноўдалі чужынцы і забягалі на веранду і ў дом, а потым выбягалі адтуль і гаварылі коратка паміж сабой, а то проста выкрыквалі незразумелае
шараматагала!
ці
даларагашабала!
і зноў забягалі ў дом і выходзілі адтуль, а затым на веранду прывялі і завялі ўнутр дома тых мясцовых дзяўчат, якія самі прыходзілі да чужынцаў і сядзелі дагэтуль на лаўцы, і тыя дзяўчаты роблена ўсміхаліся, прымалі ненатуральныя, карцінныя позы, выгінаючы целы і ўскрыквалі гулліва і нервова
хахахахахахаха!
хехехехехехехе!
адале вакно на верандзе з трэскам расчынілася і адтуль рытмічна загрукатала музыка з магнітафона
дуруламтамдамшарабам!
шарадамтамдамдурулам!
і хлопчык бачыў, як у праёме вакна з’яўляліся постаці з цыгарэтамі, заціснутымі ў пальцах, і дзяўчаты прагна палілі, уцягваючы ў сябе дым, а потым рэзкімі рухамі выкідвалі недакуркі ў сад і смяяліся віскліва
хехехехехехе!
і нешта гаварылі, але гучная музыка заглушала іх словы, а потым адна з іх, худая, кірпаносая і бледная з твару, у квятастай блузцы з даўгімі рукавамі і абцягваючых сцёгны выцертых джынсах, выйшла з веранды і спусцілася ў сад і азірнулася, а потым падышла да таго месца, дзе стаяла клетка, выцягнула з сумачкі цэлафанавы пакецік, разарвала яго, і хлопчык убачыў, як яна набрала ў шпрыц вадкасці з бутэлечкі, калола сабе ў руку і моршчылася і стагнала, а потым адкінула шпрыц убок і пайшла назад, а пластыкавы цыліндрык з выступаючай вострай іголкай застаўся ляжаць на зямлі, амаль за метр ад хлопчыка — ён мог бы дацягнуцца рукой, але ўспомніў забарону дзядзькі Данілы і прашаптаў
Даня
і бачыў, як дзяўчына павольна пайшла праз сад у напрамку да дома, але пахіснулася раз, другі, і тут, быццам яны даўно гэтага чакалі, некалькі падлеткаў атачылі яе і рэзка і віскліва загаманілі па-свойму і пачалі хапаць яе за рукі і за грудзі — то адзін, то другі, то трэці — гэта былі дзеці чужынцаў: зусім малалеткі, гадоў па дзесяць, дванаццаць, і ўсе смяяліся і зладзеявата азіраліся па баках, і дзяўчына таксама смяялася