Дэпэш Мод
Дэпэш Мод читать книгу онлайн
Раман «Дэпэш мод» упершыню быў апублікаваны ў 2004 годзе ўкраінскім выдавецтвам «Фоліа» ў мяккай вокладцы. Гэта быў першы тэкст Жадана ў фармаце «вялікай прозы». Да таго былі колькі зборнікаў вершаў і кніжка малой прозы «Біг Мак». Але менавіта з «Дэпэш моду» пачаўся сапраўдны поспех Жадана.
За гэты час яго кнігі былі перакладзеныя амаль на ўсе асноўныя еўрапейскія мовы, а сам аўтар атрымаў заслужаныя прэміі ды нефармальны статус, мабыць, галоўнага сучаснага ўкраінскага літаратара.
Але здаецца, што ўсё гэта не мае істотнага значэння. Кнігі Жадана без залішняга PRу і выдавецкіх намаганняў знаходзяць чытачоў па ўсёй Еўропе, бо ты адразу адчуваеш, калі з табой размаўляюць сумленна і на роўных, а вялікі талент не сапсаваны пантамі, пафасам або жаданнем вучыць жыццю. Шчыра зайздросцім тым, хто сёння сутыкнецца з творчасцю Сяргея Жадана ўпершыню.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Эпілог №2
11.15
– Гэта ваш сябра?
– Сябра.
– Добры хлопец. Шкада яго.
– Шкада, – кажу. – А што мы маглі?
– Я нічога і не кажу. Проста кажу – шкада.
– Можа, яны яго адпусьцяць?
– Можа. Можа і адпусьцяць, – кажа цётка і змаўкае. Яна едзе з намі яшчэ ад Канцавой, таксама чакала на вакзале дзьве гадзіны, цяпер вось сядзіць насупраць і гаворыць.
– Бярыце, – нечакана кажа яна і дастае са сваёй бяздоннай торбы гумавую грэлку.
– Што гэта? – пытаюся.
– Сьпірт.
– Што – сапраўдны сьпірт?
– Так. Чысты.
– Адкуль ён у вас?
– З Польшчы прывезла.
– З Польшчы?
– Так. Езьдзіла, – кажа цётка, – тавар вазіла, амаль нічога не прадала. Пакідаць было шкада, вось, назад вязу. Бярыце, выпіце за свайго сябра.
– Ды ладна, – кажу, – ня трэба.
– Бярыце-бярыце, – кажа цётка і адварочваецца ад нас да нейкіх сваіх знаёмых з суседняй лавы.
Я бяру грэлку і паказваю Васю – маўляў, што – бахнем за спакой Сабачае душы? усё-ткі не ўратавалі таварыша-антысэміта, бахнем-бахнем, згаджаецца Вася, і дастае напаўпустую пляшку мінэралкі. Я адкрываю грэлку і наліваю зь яе ў пляшку, прыблізна вытрымліваючы прапорцыі, але вагон трасе, так што якія ўжо тут прапорцыі, закручваю грэлку, і мы пачынаем піць.
11.45
– Тут ёсьць сарцір?
– Адкуль тут сарцір? Тут нават стоп-крану няма.
– Мне трэба выйсьці.
– Давай на хаду.
– Ты што – не разумееш? Мне трэба выйсьці!
– Усё я разумею. Чаго ты крычыш.
– Калі наступны прыпынак?
– Адкуль я ведаю? – кажу я Васю. – Я тут у першы і, спадзяюся, у апошні раз еду.
– Прыпынак будзе хвілін праз 20, – кажа нашая знаёмая-кантрабандыстка. – Я там сыходжу. Але там прыпынак усяго пару хвілін. Так што ты не пасьпееш, – сьмяецца яна.
– Чуеш, – кажу я Васю. – не пасьпееш. Так што давай – ідзі ў тамбур.
– Не магу я ў тамбуры, – кажа Вася.
– Чаму?
– Не магу. Разумееш?
– Не.
– Я так не магу.
– Ну, пачакай, – кажу.
– І чакаць не магу.
– Перастань, – кажу.
– Ты што – не разумееш? – толькі і паўтарае Вася.
12.05
– Усё, я выходжу.
– Пачакай, – кажу. – Тут ехаць – 15 хвілін засталося. Патрывай крыху.
– Не, – кажа Вася.
– Ды перастань, – кажу я. Яшчэ не хапала, каб і ён зваліў. – Там жа Карбюратар.
– Я выходжу, – кажа Вася.
– Казёл ты, – кажу.
– Сам казёл, – адказвае Вася і выходзіць сьледам за кантрабандысткай на нейкай безыменнай станцыі.
12.25
– Калі будзе наступны на Вузлавую?
– А другой. Толькі ён тут не спыняецца. Ён у «Хіміку» спыняецца.
– А далёка да «Хіміка»?
– Кілямэтраў дзесяць-пятнаццаць.
– Дык як мне даехаць да Вузлавой?
– Ну, выйдзі на трасу, прагаласуй – можа нехта і падкіне.
Вася дзячыць нейкаму ўгашанаму мужыку, якога ён тут, на станцыі, цкаваў некалькі хвілін, і ідзе шукаць трасу. Траса разьбітая і пустая, не відаць, каб тут наагул нешта езьдзіла, Вася сядае на ўзбочыне і пачынае чакаць.
Праз паўгадзіны ля яго спыняецца малакавоз. Куды табе, зямеля? пытаюцца чувакі ў кабіне, ды мне по хуй, мне дадому трэба, ну, ладна, кажуць яны – сядай, Вася залазіць, і яны зрываюцца зь месца, што вязеце? пытаецца ў сваю чаргу Вася, сьпірт, сьмяюцца мужыкі, сур’ёзна? сур’ёзна – сьпірт, мы тут ад мытнікаў ныкаемся, здорава, кажа Вася, здорава, туліцца да дзьвярэй і адразу ж засынае, усё, чуе ён скрозь сон недзе праз гадзіну, праскочылі, што праскочылі? не разумее ён, мяжу! сьмяюцца мужыкі, якую мяжу? расійскую мяжу, зямеля! а куды вы наагул едзеце? прачынаецца нарэшце Вася, у Белгарад, сьмяюцца яны, у Бел-га-рад, ведаеш такі горад, зямеля?
Эпілог №3
– Так, хутка ўсе вывернулі кішэні.
– Да? А што яшчэ табе вывернуць?
– Я сказаў – вывернулі кішэні! Інакш ува ўсіх будуць праблемы.
– Ды што ты кажаш.
– Ты што – не зразумеў? – ахоўнік падыходзіць да Малога Чака Бэры і рэзкім ударам валіць яго на крэсла. Заступіцца за яго ніхто не адважваецца. Іншы ахоўнік стаіць пры ўваходзе і нікога не выпускае.
– Хутка, – гаворыць першы. – Выварочваем кішэні.
– А ў чым справа? – пытаецца нехта.
– Гадзіньнік.
– Які гадзіньнік?
– Залачоны, – кажа ахоўнік. – Залачоны ролекс.
– А мы тут пры чым?
– Акрамя вас тут нікога не было, – адказвае ахоўнік. – Пакуль гэты мудзіла амэрыканскі хадзіў на абед, пакой быў адчынены, і акрамя вас тут нікога не было.
– На хуя нам ягоны ролекс?
– Кішэні, – рыкае ахоўнік і раптам зьвяртаецца да Какавы. – Кішэні вывернуў!
– Што? – спалохана перапытвае Какава.
– Я сказаў – кішэні вывернуў.
Какава маўчыць. Ахоўнік падыходзіць да яго, запускае руку ў кішэню ягонага пясочнага пінжака і раптам дастае адтуль цяжкі залачоны гадзіньнік. Сука ты, кажа ён і таксама рэзка б’е Какаву кулаком у жывот. Какава падае на калені і пачынае бляваць проста сабе пад ногі.
Эпілог №4
12.15
Седзячы тут, у гэтым вагоне, напоўненым дзецьмі і спэкулянтамі, седзячы на безнадзейна цьвёрдай лаве, гледзячы ў акно і давячыся сьпіртам, я ведаю ўжо цяпер, у свае 19, пра што я буду думаць празь дзесяць год, я ведаю, пра што я буду думаць, але галоўнае нават ня гэта – галоўнае, што я ведаю, пра што я думаць ня буду ніколі, ні за што ў сьвеце, ніводнага разу, нават міжволі – ня буду. Я ніколі ня буду думаць пра тое, што ўсё магло быць інакш, што ўсё залежала ад мяне і было ў маіх руках, што насамрэч гэта я вызначаў свой шлях і кіраваў абставінамі вакол сябе, вось пра гэта я не падумаю ніколі ў жыцьці. Усё магло быць толькі так, так і ніяк іначай, ды нават так – яно магло й ня быць, вялікае шчасьце, што ўсё адбылося хоць неяк, склалася больш-менш, вось жа, калі шчыра, я нават на гэта не разьлічваў, я не разьлічваў ні на што, я ня верыў, што ўсё гэта можа разматацца і трываць, у мяне заўжды было адчуваньне таго, што ўсё можа скончыцца хутка і проста – проста цяпер і проста тут. Таму што цяпер і тут – у 19, на безнадзейнай лаве, я ведаю, што я буду верыць праз дзесяць гадоў, я ведаю, што я буду верыць і я таксама ведаю, ува што я верыць ня буду, думаю, для мяне ў гэтым выпадку мала што зьменіцца, ёсьць рэчы, якія не мяняюцца, менавіта яны, вядома, і датычаць веры. Я ня веру ў памяць, я ня веру ў будучыню, я ня веру ў боскі промысел, я ня веру ў нябёсы, ня веру ў анёлаў, ня веру ў каханьне, я нават у сэкс ня веру – сэкс робіць цябе самотным і безабаронным, я ня веру ў сяброў, ня веру ў палітыку, я ня веру ў цывілізацыю, добра, калі браць ня так глябальна, – я ня веру ў шлюб і ня веру ў гомасэксуалізм, я ня веру ў канстытуцыю, ня веру ў сьвятасьць папы рымскага, нават калі нехта давядзе мне сьвятасьць папы рымскага, я ў яе верыць ня буду – з прынцыпу ня буду. Затое я веру, нават ня веру – я ведаю пра прысутнасьць там, наверсе, толькі там, дзе час ад часу перамяняецца надвор’е – з добрага на дрэннае, я ведаю пра прысутнасьць таго, хто цягнуў мяне ўвесь гэты час праз жыцьцё, хто выцягнуў мяне з маіх праклятых 90-х і кінуў далей – каб я і надалей прасоўваўся па сваім жыцьці, таго, хто не даваў мне загінуць толькі таму, што гэта, на яго думку, было б надта проста, я ведаю пра прысутнасьць тут, у чорных нябёсах над намі, нашага чарговага шатана, які насамрэч адзіны, хто існуе, адзіны, у чыім існаваньні я ніколі ня буду сумнявацца, хоць бы таму, што я бачыў, як ён зграбаў маіх сяброў і выкідаў іх з гэтага сьвету як гнілую гародніну зь лядоўні, або, пакідаючы, выціскаў ім вочы, пракусваў горлы, спыняў сэрцы, скручваў шыі, укладаў у галовы вар’яцкія мэлёдыі, выразаў на нёбах крывавыя літары, уліваў ім у жылы хворую кроў, напаўняў іх лёгкія тлустым пастэрызаваным малаком, заліваў іх душы туманам і дзікім мёдам, і ад гэтага жыцьцё іх рабілася такім самым, як і іх адчай, то бок – бясконцым.
Я ведаю, што ўсё залежала толькі ад яго, і мне, калі і даводзілася адчуваць побач з сабой нечую прысутнасьць, то менавіта ягоную, хоць мне асабіста куды больш была патрэбная чыясьці іншая прысутнасьць, асабіста мне было б важна адчуваць, што побач са мной, у паветры навокал мяне, знаходзіцца ня толькі гэты сучы шатан, а нехта больш прыхільны да мяне, ну, але ўсё склалася менавіта так, толькі так і не інакш, і менавіта праз гэта мне ня сорамна ні за адзін з маіх учынкаў, хоць там і ўчынкаў як такіх не было, было прасоўваньне праз шчыльнае і цьвёрдае паветра, намаганьне праціснуцца скрозь яго, праціснуцца яшчэ трошкі, шчэ на некалькі мілімэтраў, безь ніякай мэты, безь ніякага жаданьня, безь ніякага сумневу, безь ніякай надзеі на посьпех.