Выбраныя творы
Выбраныя творы читать книгу онлайн
У аднатомнік класіка беларускай літаратуры, выдатнага празаіка Кузьмы Чорнага ўвайшлі самыя значныя яго творы — раманы, аповесці, апавяданні, узоры публіцыстыкі і (у поўным, без скарачэнняў, выглядзе) дзённік, які вёў пісьменнік у канцы жыцця. Чытач яшчэ раз зможа наталіцца прыгажосцю мастацкага слова Кузьмы Чорнага, крынічнай чысцінёй мовы роднай яму Случчыны. Гэта — адзінаццаты том «Беларускага кнігазбору».
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
- За што?
- Ты ж думаеш, што я сілком цябе ўгаварваў ісці за Чухрэвіча. А яно не гэтак. Не ідзі ты за яго, калі гэтак не падабаецца ён табе... Хто гэта мог падумаць... Нядобра адно, што пакрыўдзіўся ён, такі ж мы з ім дружылі.
- Адкрыўдзіцца, калі табе гэтак хочацца.
- Я паміруся, толькі ты не ўмешвайся больш у гэтую справу.
- Я ніколі не хацела ўмешвацца.
Слёзы душылі яе, і яна пачала плакаць, сеўшы і прыпершыся плячыма да сцяны. Фэлька сеў каля яе. Палажыў руку на плячо, хмельны і расчулены, пацалаваў сястру. Яна плакала ціха. Пачынала світаць. Выплакала свае слёзы, рабілася ёй лягчэй.
- Кінь ты, не плач. Усё скончылася. Хіба нам кепска жыць на свеце?
- Бяры ты хутчэй сваю Алімпу.
- Чаму ты гаворыш?
- Хачу табе дабра.
Зноў брат пашкадаваў яе, пагладзіў па галаве. Яна ўстала. Стала на паўзмрочнай вуліцы - прыгожая, здаровая, моцная. Высыхалі на вачах апошнія слёзы, хараство жаночай усмешкі расцвітала на твары. Фэлька стаў поплеч з ёю:
- Заснуць з гадзіну трэба яшчэ.
- Ідзі.
- А ты?
- Зараз іду.
Засталася на вуліцы адна.
Яснела неба, віднела на зямлі. І шкада стала ёй, што адправіла яна так хутка дадому паслухмянага перад ёю Асташонка.
Паволі пайшла ў двор, поўная жаночага хараства. Ледзь прыкметна ўсміхнулася - як на ўсходзе заружавеў гэты першы прамень маладога сонца.
Ападалі і пахлі ў садзе грушы. Усход рассцілаў бяліць ружовыя палотны.
1928
Справа Віктара Лукашэвіча
1. Гр-ну Марынковічу
«...Я тады спакойна быў выслухаў вашу казань, шаноўны грамадзянін Марынковіч, мала што гаварыў вам у адказ, бо мне вельмі дораг мой час, і я не магу траціць яго на дыскусію з вамі. Таўчэце сабе вы, колькі ўлезе, ваду ў ступе, а мяне ў гэтую работу не ўцягнеце. Спрачацца ж з вамі - гэта значыцца таўчы ваду ў ступе.
Вы не маеце зусім ніякіх прынцыпаў. Вы - верхагляд. А іх бязлітасна адганяе ад сябе ўсялякая справа, калі яна толькі сталая справа, а не вада ў ступе. Але калі ўжо ўсё пайшло шырэй, калі ўжо вы, страціўшы ўсялякае сумленне, палезлі ў друк, дык цяпер я не магу маўчаць.
Вы карыстаецеся вельмі простым і можа ў наш час выгадным, але брыдкім метадам змагання са мною. Вы ўсё ж самі ўпэўнены, недзе глыбока, на дне свайго думання, што не гэткаю з'яўляецца ўся гэтая справа, як вы яе размалёўваеце і як вам выгадна, каб яна была. І таму вы выдумляеце тое, чаго зусім не было, і перакручваеце навыварат тое, што было. Гэта вы ўсё рыхтуеце на ўсялякі выпадак, а пакуль што, паводле свайго метаду, гаворыце пра мяне гэтак, што само слова напрошваецца на язык - «свядомы контррэвалюцыянер». Дзе ж там! Спрабаваў сарваць агульны сход! У гэтай вашай газетнай запаметцы яшчэ гаворыцца, што я ўвесь час і да гэтага сходу стараўся зрываць грамадскую працу. Адным словам, усё як мае быць. Найлепшы метад. Ніякіх доказаў няма, абсалютна. Ды яны і не трэба. Вам што! Вы схаваліся за псеўданім - «Рабочы». Як вы любіце казыраць гэтым словам і адурачваць гэтым таго ж самага рабочага! Для вас слова «рабочы» - гэта прылада для заработку. Вы казыраеце сваім пахаджэннем! Толькі не перада мною вам казыраць ім! Вы ўсюды тыцкаеце сваю «рэвалюцыйнасць». А на справе, што для вас сама рэвалюцыя? Гэта такое ўстанаўленне на свеце, на якім нашаму брату вельмі зарабляць добра можна. Гэта сродак з якога-небудзь унтэр-афіцэра зрабіцца добрым савецкім начальнікам, і калі ўдалося ўшыцца ў партыю, дык браць партстаўку ці, прынамсі, дамагацца яе, арганізоўваць усялякія закулісныя авантуры і плёткі, палітыканства лічыць за палітыку, ухітрацца пускаць усё гэта «па партыйнай лініі», жыць у вялікім горадзе, лавіраваць, каб не папасці куды-небудзь у глуш, кожны год ездзіць адпачываць на поўдзень (бо вы ж за год працы стоміцеся!), часта мяняць жонак (бо рэвалюцыя ж раскідала старую сям'ю і дала савецкаму грамадзяніну волю!), псаваць мову беларускай нацыі не вывучэннем яе, а канцылярскай «беларусізацыяй» на 100 прац., выслужвацца перад начальствам, трубіць усім у вушы сухія лозунгі, ператвараючы ў іх жывое слова рэвалюцыі, гаварыць на сходах агульныя, «вытрыманыя на 100 прац.», фразы - от і ўсё. От і існасць для вас рэвалюцыі. Выгадная штука гэтая рэвалюцыя! Ці ж не праўда? Можна жыць і Бога хваліць (лепш усяго гэтую старую прымаўку асучасніць, і каб яна была ідэалагічна вытрыманая - «можна жыць і рэвалюцыю хваліць!»). Але вы гэта сябе лічыце рэвалюцыяй, і ўся ваша «рэвалюцыйная» дзейнасць накіравана на тое, каб гэтая прымаўка гучала на свеце так: «Можна нам усім жыць і рэвалюцыянера Марынковіча хваліць». Толькі не для мяне гэтая прымаўка! Я не хачу нікога хваліць і не хачу, каб мяне хто хваліў. На алялюях далёка не заедзеш. Каб я хацеў займацца тратай часу, я мог бы разварушыць і вашу асобу, калупнуць ваша жыццё. Тады паглядзелі б, як бы запахла.
Перад вамі я не апраўдваюся, але патрабую сказаць выразна - у чым жа мая контррэвалюцыйнасць? Няўжо ў тым, што я прапанаваў зусім не тое, што хочаце вы? Амбіцыя?! Хацеў сарваць ваша і правесці сваё? Дык што ж, калі я меншы «начальнік», дык перад вамі не маю голасу? Мне забаронена думаць? Але ж я ўпэўнены, што вы і самі не гэтак думаеце, самі для сябе. Але вам трэба была прычапка, каб памсціцца мне, каб выжыць мяне адгэтуль. І што ж тады? Тады ўжо ніхто ніколі не будзе перашкаджаць вам, падфарбаваўшыся ў чырвоны колер, прыкрыўшыся рэвалюцыйнымі лозунгамі, сесці сваім шырокім задам на ўсялякую жывую справу. І сядзець так, паводле вашага ж уласнага, ні то жартаўлівага, ні то сталага, выслоўя: «Як Бог у нірване». Я каб быў карыкатурыстам, я намаляваў бы вас у нірване. Як-небудзь паказаў бы шмат усяго жывога, дзейнага, маладога, радаснага. І на ўсім гэтым паважна супачывае шырокі зад.
Я не магу больш быць спакойным. Шырокаму заду я не дамся. Я моцны, раны мае пасля вайны з палякамі ўжо зажылі, і я зноў гатоў да паходу. І ў паход іду супраць хатняга шырокага зада. Бо рэвалюцыя не для таго, каб вызваліць раней прыгнечаны худы зад, выкарміць з яго зад шырокі і пасадзіць у «рэвалюцыйную» нірвану. Нірваны ў нас няма! Рэвалюцыя вызваліла не зад, а галаву. І наша бяда, што не ўсе ў нас навучыліся яшчэ бачыць, дзе галава, а дзе зад. Няма чаго выдумляць паклёпы на мяне за тое толькі, што я ўзняўся супраць усяго гэтага. Калі я захачу паглядзець камедыю, дык пайду ў тэатр, а тут мне не да гэтага. Не хачу зводзіць усё да гульні ў цацкі. Я калі і малы быў, дык у цацкі не лішне гуляў. Каб у мяне хоць кропля была павагі да вас, каб хоць кроплю бачыў я ў вас чалавечнасці, нашай чалавечнасці, я мог бы расказаць вам пра тыя «цацкі» жыцця, якія спаткалі мяне з малых дзён маіх. Але не для вас мая споведзь. Нават калі здолееце ўплішчыцца ў камісію па чыстцы апарату, калі вы нават якім-небудзь нахрапным парадкам станеце за старшыню гэтай камісіі, і тады я ніводнага слова не скажу вам з сваей споведзі. Лепш быць выкінутым на вуліцу, чым спавядацца шырокаму, падфарбаванаму начырвона заду.
Я той чалавек, якога вы сёння ў савецкім друку, перад усёй краінай рэвалюцыі, абазвалі контррэвалюцыянерам, выступаю на абарону рэвалюцыі! Каб абараніць яе ад вас. Няхай мяне застрэляць ці павесяць, няхай хоць нада мною які-небудзь паказальны судовы працэс вы зробіце, усё роўна я не адступлюся ад свайго.
Я не веру ў вас. Я веру толькі ў тое, што каб не вы, дык мы лягчэй ішлі б наперад. З-за той справы, пра якую тут не месца ўспамінаць, з-за той асабовай нашай справы вы робіце на мяне паход, перавёўшы ўсё на партыйную, на грамадскую, на савецкую, на рэвалюцыйную, на ўсялякую, якую сабе хочаце, лінію. Што ж вы робіце з самім разуменнем рэвалюцыі?! Што вы зрабілі ўжо? У што вы ператварылі яго?!
У сваім паклёпе на мяне, які вы надрукавалі сёння ў газеце, вы гаворыце: «...Віктар Лукашэвіч даўно вядомы як варожы нам элемент. На адкрытым пасяджэнні н-скага мясцкома перад усімі работнікамі прадпрыемства выступіў з сваёю контррэвалюцыйнаю прапановаю. Ён прапанаваў зусім к святу не ўпрыгожваць клуба, святочнай вечарынкі не ладзіць. І сваім гэтым выступленнем баламуціў сход, так што аж некаторыя галасавалі ў яго руку. І толькі дзякуючы старшыні мясцкома Марынковічу ўдалося праваліць гэтую прапанову, якая імкнулася да таго, каб зусім не было адзначана пралетарскае свята і каб рабочыя глядзелі на гэты дзень без павагі... Такіх лукашэвічаў у нашай працоўнай сям'і не трэба. Іх трэба гнаць у шыю». От што вы пішаце.