Авантуры студыёзуса Вырвiча
Авантуры студыёзуса Вырвiча читать книгу онлайн
Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Ну што, тысяча ёсць? — прахрыпеў Лёднік пасля чарговай схваткі, падчас якой спрытны, як яшчарка, супернік ледзь са злосці насуперак усякім правілам не ўсадзіў доктару ў бок схаваны ў поясе нож.
— Усяго двух соцень не хапае.
— Тады трэба заканчваць.
Доктар пайшоў да распарадчыка на перамовы… І тут здарылася бяда. Адзін з пераможаных супернікаў, якога Лёднік, шкадуючы, толькі аглушыў плазам шаблі, чарнявы, з прыплюснутай злоснай фізіяноміяй, падскочыў да свайго пераможцы са спіны з аголеным палашом.
— Бутрым!
Лёднік ледзь паспеў азірнуцца і сустрэць лязо лязом… А на яго населі яшчэ некалькі, відаць з той жа банды. Замільгалі нажы… Пранціш дапамог доктару са сваёй шабляй, імгненна стаўшы спіна да спіны, не дарэмна натрэніраваны… Пан Агалінскі выкруціў руку з нажом аднаму з падлюкаў і прыклаў кулаком у лоб. Умяшаўся яшчэ той-сёй з публікі. Абурана закрычалі і ў ложы, асабліва патрабаваў навесці парадак лорд Кавендзіш, які, падобна, трохі ачуняў ад удару ў сківіцу. Парушальнікаў правіл з ганьбай вытурылі… Усё скончылася за пару хвіляў. Але прафесар стаяў, заціскаючы рукой глыбокі парэз на левым перадплеччы. Крыкнуў злосна распарадчыку, здаецца, што з кола не выходзіць, біцца працягне, той радасна заківаў.
Прафесар без цырымоній усеўся на падлогу, усё гэтак жа заціскаючы рукой рану, з-пад пальцаў лілася кроў, і загадаў Пранцішу:
— Зашывай!
Да параненага тут жа падбеглі мясцовыя лекары са сваім інструментарыем, але ліцвінскі калега выразна паслаў іх на чысцюткай латыні зашываць дзюбы таўэрскім крумкачам.
Паланэйка дапамагла Вырвічу дастаць з валізкі падрыхтаваныя Лёднікам інструменты.
— Голку і нітку ў спірце патрымай! — камандаваў Лёднік.
— Ведаю, не дылетант! — адрывіста адказаў Пранціш, цалкам засяроджваючыся на «медычнай практыцы». Публіка шчыра радавалася, намагаючыся прысунуцца як мага бліжэй, паназіраць за аперацыяй. Зусім як у касцёле ў Тамашова. Лэдзі і джэнтльмены ў ложы падносілі да вачэй акуляры на доўгіх ручках, выцягвалі шыі, каб лепш разгледзець працэс. Пан Гервасій некалькі разоў адсоўваў падалей цікаўнікаў, якія былі гатовыя носам у чужую рану дзюбнуцца, як сцярвятнікі. Адзінае, што мог прафесар — захоўваць гранічна пагардлівы выраз аблічча.
Вырвіч з дапамогай Паланэі, якая нат не паморшчылася ні разу, справіўся даволі хутка, аж заганарыўся, шчыльна перавязаў рану. Лёднік узняўся, пакруціў рукой, правяраючы:
— Нармальна!
Кіраўнік зараз жа абвесціў аб працягу відовішча, дакладней, ягонай апошняй і самай цікавай часткі. Містэр Айсман, які прадэманстраваў выдатнае валоданне зброяй, выклікае на бойку адразу дваіх. Прыз — пяцьсот фунтаў.
Лёднік стаяў у падманліва абыякавай паставе, апусціўшы галаву, у абодвух руках па шаблі. Гледачы перашэптваліся, перазіраліся. Падобна, містэр Айсман нагнаў на ўсіх страху. Нарэшце ў круг выйшлі двое: чарнявы ірландзец з абсечаным вухам і матрос каралеўскага флоту, з перабітым носам і залысінамі, на спіне якога красаваліся шнары ад удараў не менш, чым у Лёдніка. Да варажбіткі не хадзі — байцы спрактыкаваныя. Гледачы зараз жа пачалі рабіць стаўкі.
Ірландзец пастараўся заняць пазіцыю насупраць параненай рукі суперніка. Пранціш моцна сумняваўся, што гэта яму дапаможа. Аднак небяспека заставалася — прафесар стамлёны, паранены, вакол поўна тых, хто можа і нажом у спіну пырнуць, і падножку падставіць.
Але калі распарадчык выгукнуў «Гоў!», Вырвічу зноў прыйшло на думку параўнанне з чорнай змяюкай. Лёднік вырашыў учыніць для ангельцаў на развітанне відовішча і не спяшаўся завяршаць бойку, быццам хацеў давесці ненавіснікам, што атрыманая рана яго не зламала. Ягоныя рухі нагадвалі імклівы складаны танец, які заварожваў, як танец гадзюкаў, шаблі мільгалі, як маланкі. Першым з бойкі вылецеў ірландзец — Лёднік метадычна параніў яму абедзьве рукі. Амаль зараз жа бразнула на каменныя пліты шабля марака, а яе ўладальнік укленчыў, аслеплены крывёй, што цякла з неглыбокай раны на ілбе, і страшэнна лаяўся.
Доктар урачыста пакланіўся, атрымаў грошы, адмовіўся: распачаць палкае сяброўства з прыхільнікамі — скарыстацца з інтымных паслугаў захопленых дзявіцаў — адсёрбнуць з бутэлькі — прагуляць частку выйграных грошай у выдатным прытончыку, і кінуў кампаньёнам, апранаючыся на хаду:
— Цяпер самая складаная задача — рэтыравацца адсюль цэлымі і пры грашах. Панна Паланэя, трымайцеся між нас…
Трывога Лёдніка была зразумелай: вакол іх сабралася падазроная банда, кідаючы дужа зацікаўленыя позіркі. Пранціш узяўся за шаблю…
Раптам натоўп расступіўся, бандзюкі змрочна панурыліся. Да пана Гервасія падыходзіў у суправаджэнні да зубоў узброеных слуг лорд Кавендзіш з заўважна распухлай сківіцай, ад чаго вымаўляў словы не зусім выразна.
— Магчыма, шаноўныя чужаземцы гавораць па-французску?
— О, так! — узрадваўся пан Гервасій магчымасці нарэшце спакойна перагаварыць з роўным. — Рады бачыць, што вашамосць знаходзіцца ў добрым здароў’і. Дазвольце прадставіцца: шляхціц Гервасій Агалінскі.
Лорд расцягнуў вусны ва ўсмешцы, наколькі дазваляла пабітая сківіца, абвёў вачыма кампанію ліцвінаў, трохі затрымаўшы позірк на пане Бжастоўскім.
— Прапаную шаноўнаму панству скарыстацца маёй кампаніяй і маёй карэтай, каб пакінуць гэтае блаславёнае месца. Бо мне падаецца, што джэнтльмэны не зусім ведаюць мясцовыя звычаі і з гэтай прычыны могуць патрапіць у невыгоднае становішча.
Прапанова была прынятая з удзячнасцю і аказалася вельмі своечасовай, калі меркаваць па расчараваных фізіяноміях бандзюкоў.
У шыкоўнай прасторнай карэце месца хапіла ўсім. Лорд адкінуўся на абшытую залацістым атласам сценку.
— Дзе ваша краіна, сэр Агалінскі, уяўляю цьмяна, хаця сустракаў у Лондане князя Юзэфа Панятоўскага. Ён вельмі любіў рызыкоўныя прыгоды… Як і вы, джэнтльмэны.
Лорд гаварыў разняволена і трохі млява, як чалавек, які звык да ўлады. Пан Гервасій запэўніў суразмоўцу, што яны патрапілі ў гэты прытон толькі таму, што, прыехаўшы, былі абакрадзеныя. Лорд паціснуў плячыма.
— Вы маглі б прадаць сваю дзяўчынку. Я з задавальненнем яе куплю. Ліцвінак у мяне яшчэ не было.
Паланэя збялела.
— Гэта мая нявеста! — гнеўна сказаў пан Гервасій. Лорд млява падняў рукі.
— У такім разе прашу прабачыць мяне, вашамосць. Але ваш маскарад не можа падмануць спрактыкаванае вока. Я чуў, сярод таго зброду той-сёй змаўляўся вашу нявесту скрасці. Ведаеце, жанчыны — дарагі тавар. Асабліва адукаваныя, з манерамі.
На лорда з ягоным абыякава-вясёлым цынізмам немагчыма было злавацца. Ён быў з той пароды людзей, што, каб прабавіць час да ланчу, могуць здзейсніць подзвіг, выстраліць сабе ў рот альбо забіць выпадковага мінака з аднолькавай верагоднасцю і аднолькавым выразам твару. У пане Агалінскім лорд Кавендзіш прызнаў такога ж арыстакрата, што і падкрэсліваў, звяртачыся выключна да яго. На Лёдніка ж пазіраў са стрыманай паблажлівай цікавасцю:
— А вы, містэр Айсман, напэўна, былі жаўнерам?
Лёднік фанабэрыста варухнуў брывом.
— Я доктар, вашамосць.
Лорд зрабіў ласку недаверліва ўсміхнуцца.
— На вас сляды куль і ляза, гэта можа здарыцца паўсюль. Але столькі кіяў ды бізуноў, што прайшліся па вашай спіне, магчыма зарабіць толькі ў арміі, на флоце альбо на катарзе.
Пан Агалінскі перхануў і апусціў вочы. Ён выдатна ведаў, адкуль у Лёдніка шнары ад удараў — пастараўся старэйшы Агалінскі. Прафесар набыў яшчэ больш фанабэрысты выгляд.
— Скажам так, ваша мосць, я нейкі час знаходзіўся ў палоне.
Лорд Кавендзіш матнуў галавой, паказваючы адначасова і лёгкае спачуванне, і сваю абыякавасць да перыпетый Лёднікава жыцця. І зноў утаропіўся ў пана Агалінскага.
— Прапаную васпану яшчэ адно экзатычнае ўражанне: я ведаю адну прыемную кавярню з выбранай публікай, дзе можна пакурыць вельмі цікавы тытунь, прывезены з вастравоў… Да раніцы вы будзе падарожнічаць у самых смелых сваіх мроях…Складзеце кампанію, васпан?
На твары лорда прабягалі цені прыдарожных дрэваў, нібыта цёмныя анёлы. Пан Агалінскі, якога Лёднік на ўсялякі выпадак непрыкметна штурхануў локцем, уздыхнуў і адмовіўся.