Авантуры студыёзуса Вырвiча
Авантуры студыёзуса Вырвiча читать книгу онлайн
Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Так, гэтая паненка павінна ўмець шмат… Прынамсі, на гэтым аркушы дакладна нешта адлюструе. Увасабляў ідэі Жульена дэ да Метры ўжо згаданы мною майстар Вакансон. Напачатку ён зрабіў механічнага флейтыста, які грае на флейце менуэты і рыгадоны — ён насамрэч дзьме ў інструмент, пальцы націскаюць клапаны… Паглядзець на цуда збіраліся цэлыя натоўпы! Потым майстар зрабіў жалезную качку, якая магла не толькі кракаць, хадзіць, лапатаць крыламі, але й есці, пераварваць ежу і спраўляць натуральную патрэбу. Гэта я ўжо сам аднойчы назіраў. І ўрэшце ў акадэмію Ліёну Вакансон падаў праект штучнага чалавека — аўтамата, чые рухі, крывезварот, страваванне, скарачэнне цягліцаў маглі б імітаваць чалавечыя, і з дапамогай гэтага аўтамату можна было б ставіць унікальныя эксперыменты, нават трупаў нам, медыкам, не трэба было б выкопваць, каб вывучаць анатомію…
Пранціш хмыкнуў, таму што праблема з матэрыялам для анатамічнага тэатру была настолькі вострай, што патыхала няхай не вогнішчам, але вязніцаю — дакладна. Айцы-езуіты і так сачылі за кожным крокам прафесара-схізматыка, а калі той заводзіў гаворку наконт практычных заняткаў для сваіх студэнтаў, усміхаліся так ветла, што можна было хутчэй атруціцца іхнай добразычлівасцю, чым атрымаць згоду на чарговы эксперымент. Тым больш медычнага факультэту, як было абяцана, так і не заснавалі, кафедра Лёднікава была хутчэй факультатыўнай… Так што былы алхімік увесь час рызыкаваў сур’ёзна. Але ўявіць, што трэба ўскрываць страўнік аўтамату? Што нехта мог паспрабаваць сам зрабіць жывую істоту, замахнуцца на ролю Госпада?
— І зрабіў Вакансон тую пачварыну? — запытаўся Вырвіч.
— Наўрад, — змрочна адказаў Лёднік. — Акадэмікі і ў Ліёне баяцца абвінавачванняў у блюзнерстве. Раўняць чалавека і механізм — значыць адмаўляць існаванне вечнай душы, барані нас, Божа, ад такіх даследчыкаў… Мураш не можа зрабіць мураша.
Вырвіч насупіўся.
— А ці не абвінавацяць нас у вядзьмарстве за гэтае стварэнне?
Лёднік хмыкнуў.
— Лялька — гэта не страшна… Я бачыў куды страшнейшае. — Прафесар павагаўся і неахвотна працягнуў.—Быў у мяне ў Празе адзін… настаўнік. Ён дужа хацеў вывучыць сапраўдную душу. Падпільнаваць, калі яна адлучаецца ад цела, узважыць, калі ўдасца — перахапіць… Магчыма, усяліць у іншае цела… Вось гэткія эксперыменты — жахлівыя. Гэта — ужо за мяжой дазволенага чалавеку…
Студыёзус адчуў, як па скуры пабеглі ільдзяныя мурашкі. Лёднік ніколі пра сваё алхімічнае юнацтва не распавядаў, а пра вандроўкі па Лейпцыгах-Прагах-Ліёнах-Парыжах-Лонданах ды дзе там яшчэ ён паспеў пабываць — таксама агучваў не ўсё. І Вырвічу раптам падалося, што ён зусім не ведае мужчыну з драпежным профілем, які стаіць побач з ім, у чорным камзоле і акуратным парыку.
— Вы што, людзей дзеля эксперыментаў забівалі?
Лёднік глуха адказаў, гледзячы некуды ў прастору:
— Я — не… Але мой настаўнік, баюся, ні перад чым не спыняўся.
Памаўчаў, апусціўшы галаву, і цені па кутах пакоя рабіліся цямнейшымі.
— Кожны дзень нагадваю сабе, якое шчасце, што Гасподзь у час мяне спыніў, не даў дайсці да бездані. Няхай і папусціў, каб я сам сябе зрабіў рабом, страціў усё, што цаніў. А ты думаў — я невядома чаго каяўся, ад алхіміі адмаўляўся? — Лёднік горка пасміхнуўся. — Так, я толькі назіраў… Рабіў выгляд, што не здагадваюся пра бязбожныя стадыі эксперыментаў… Але ж дзесьці, на краі свядомасці — ведаў! Цікаўнасць пераважвала ўсё… Нават боязь загінуць духоўна. Да канца жыцця цяпер адмольваць…
Страсянуў галавою, нібы скідваючы цяжкія ўспаміны.
— Так што аўтамат — гэта нічога, гэта цікава, і можа мець практычнае прымяненне. Бо Вакансон і новыя ткацкія станкі прыдумвае…
Пранціш таксама адагнаў жахлівыя карцінкі, што малявала ўяўленне пра чарнакніжнае мінулае ягонага былога слугі, ускалмаціў русявы чуб.
— І ты думаеш, і гэтая нашая лялька можа есці і… ну… спраўляць патрэбу?
— Гэта наўрад! У Пандоры органаў стрававання не прадугледжана! — пасміхнуўся Лёднік.
— Чаму Пандоры?
Прафесар паказаў на драўляны шчыт ад скрынкі, прыхінуты да сцяны, з выпаленым надпісам.
— Спадзяюся, не трэба нагадваць, што паводле антычных міфаў красуню Пандору стварыла багіня Гера, якая хацела адпомсціць людзям, і прыгажуня з-за свае цікаўнасці адчыніла сасуд з закаркаванымі хваробамі і нястачамі.
Вырвіч толькі адмахнуся:
— Ды ну іх, міфы… Давай лепей аўтамат гэты ўлучым, паглядзім, што ён робіць!
— Каб яго можна было ўлучыць, я б гэта зрабіў, — незадаволена патлумачыў Лёднік.
— Зламаны? — расчараванню Вырвіча не было межаў.
— Пэўне ж…
— Вось бы Якуба Пфальцмана сюды, ён бы разабраўся! — мройна прагаварыў Пранціш, разглядаючы шэравокую Пандору. — Пфальцман — майстар сапраўдны…
Як студыёзус і разлічваў, згадванне былога аднакурсніка Лёдніка па Нюрнбергскім універсітэце, адмысловага вынаходніка, які прыдумаў рухавік новага віду і зрабіў жалезную чарапаху — баявую машыну паводле чарцяжоў вялікага Леанарда, падзейнічала на прафесара, як на крумкача — свежая кроў. Лёднік падціснуў фанабэрыстыя вусны, акуратна зняў камзол, павесіў на высокую спінку крэсла, што нагадвала абрысы гатычнага храма, сцягнуў парык, і чорныя валасы, перацягнутыя на патыліцы шаўковай стужкай, упалі на спіну, рашуча закатаў рукавы бялюткай кашулі… Калі б лялька, дзеля даследвання якой рабіліся гэтыя падрыхтоўчыя працэдуры, магла мысліць, дык у вакно б скочыла, нягледзячы на вышыню: полацкі Фаўст прыняў выклік і не адступіцца, нават калі трэба будзе разабраць падарунак да апошняга шрубчыка. Вырвіч таксама радасна падкасаў рукавы… Можа быць, важданне з механізмамі — і не зусім шляхецкая справа, але Пранціш дакладна засвоіў, што ў навуцы свае баталіі і двубоі, якія вымагаюць смеласці не меншай, чым вайсковая справа.
Мядзяны салавейка зноў зашаргацеў, зашчоўкаў на цыферблаце гадзінніка, але на яго звярнулі ўвагу не болей, чым на заляцелую муху. З васковай Пандоры бесцырымонна і нягжэчна сцягнулі блакітную ў ружовыя кветачкі сукенку, і абражаная прыгажуня дарэмна пагрозна паглядала шклянымі шэра-прамяністымі вачыма некуды ў прастору, з якой прыходзяць прывідныя мсціўцы за гонар васковых дам.
Прафесарскі слуга Хвелька, кірпаносы дабрэнны таўстун, некалькі разоў стукаўся ў дзверы, пачціва прасіў паведаміць, калі пан прафесар з’явіцца дадому, бо пані Саламея Лёднік хвалюецца… Але быў адпраўлены назад вельмі непачціва — аж вусны ў небаракі ад крыўды задрыжэлі… Хвэлька дастаўся прафесару паўмёртвым ад жаўтухі — гаспадар, вядомы піток, прыехаў у Вільню на соймік, ну і загуляў, слуга таксама набраўся, як гразі, пячонка не вытрымала… Лёднік выпадкова заўважыў яго ў куце піравальнай залы, скручаным у крук. Хвелькінаму пану было не да клопатаў з хворым, і ён прапанаваў доктару, калі таму так ужо цікавы лёс нягеглага пажаўцелага халопа, выкупіць яго за дзесяць талераў. Лёднік холадна сказаў, што яго самога ў свой час прадалі за шэлег, але Хвэльку за названую цану выкупіў, выхадзіў, і стаў для выратаванага боствам зямным, пагрозным, усемагутным і літасцівым. З адзінай заганай — забараняе беднаму слузе нават у піва вусны мачаць…
Багаты пацыент некалькі разоў пасылаў лёкая… Плішчыліся ў кабінет праштрафленыя студыёзусы… Прыходзілі ад прафесара Францішка Папроцкага, які ўжо колькі гадоў выпускаў у Вільні «Палітычныя каляндарыкі», для якіх Лёднік пісаў артыкулы па медыцыне. Але ўсе атрымлівалі з-за зачыненых дзвярэй даволі рэзкія прапановы з’явіцца ў другі дзень, і, напалоханыя падазроным лязгатам у кабінеце, лічылі за лепшае сысці.
Тым больш было чым заняць сябе: слаўнае места Вільня пачынала шматдзённае гараванне па памерлым вялікім гетмане Міхале Казіміры Рыбаньку, цела якога павінны былі перавозіць у Нясвіж. Хаўтуры ды іншыя жалобныя цырымоніі па асобе такога рангу займалі люд паспаліты не менш, чым вайсковыя дзеянні… Ды і пабоішчы маглі надарыцца. У Вільню мусіў прыехаць сын і спадчыннік Міхала Казіміра, Караль Радзівіл па мянушцы Пане Каханку. Належала вырашыць лёс вызваленай пасля смерці Міхала Казіміра пасады ваяводы віленскага… І Караль цвёрда разлічваў яе ўспадчынніць. А гэтага далёка не ўсе жадалі, бо многія ўважалі князя за вар’ята, і распавядалі, як нават бацька-нябожчык нярэдка загадваў падымаць масты перад сваім замкам, каб не пусціць п’янога ў мякіну сыночка з ягонай «албанскай бандай», прапануючы працверазець дзецюкам за ночку на марозе. Аднойчы загадаў з гарматы ў паветра пульнуць, каб адагнаць шаленцаў. Які з такога разбэшчанага ўладар? На суседзяў наезды робіць, у канторах вокны выбівае… А на пасаду віленскага ваяводы ўжо прэтэндуе самавіты пан Міхал Багінскі, прадстаўнік Фаміліі — магутнага аб’яднання магнатаў на чале з Чартарыйскімі. І калі збярэцца сойм… Ужо зараз пад вокнамі гудуць-шумяць хвалі пыхі людской, а бура ўся наперадзе… І хто ведае, дзе паўстане непарушная скала, аб якую тое мора разаб’ецца, альбо дзе будуецца выратавальны каўчэг — ці не тут, у кабінеце прафесара Віленскай акадэміі, з фарбаваных чырвоным лакам дошчак, на адной з якіх напісана імя «Пандора»?