Авантуры студыёзуса Вырвiча
Авантуры студыёзуса Вырвiча читать книгу онлайн
Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Бутрым, што з табой? Чым дапамагчы?
— Пайшоў прэч… — голас доктара быў такі слабы, што Пранціш перапалохаўся.
— Можа, карабельнага доктара паклікаць?
Хрыплыя гукі, якімі прафесар адрэагаваў на словы студыёзуса, павінны былі азначаць смех.
— Яшчэ шаптуху мне прывядзі… А дапамог ты, пабіўшы ўсю мікстуру.
— Ды што з табой? Атруціўся?
Вырвіч уклаў Лёдніка ў ложак. Але прафесар зараз жа звесіў галаву ўніз ад новага прыступу ванітаў.
— Ды што за пошасць?
— Не ўздумай… каму… расказваць!
Нарэшце ўдалося выпытаць, што ў прафесара проста марская хвароба. У цяжкой форме. Лёдніку даводзілася ўжо ў сваім жыцці плаваць, і кожны раз здаралася такая мітрэнга. А паколькі прафесар страшэнна саромеўся праявы любой слабасці, пра гэтую таксама маўчаў. Нарыхтаваў у дарогу лекаў, якія, па-праўдзе, не дужа дапамагалі. А цяпер — увогуле кепска.
— Перажыву! — шыпеў скрозь зубы Лёднік, якога, падобна, больш непакоіла, каб хто не даведаўся пра ягоную «загану», чым уласныя пакуты.
Але Пранціш быў устрывожаны. Калі гэты стан надоўга — а плысці ж яшчэ і плысці — скончыцца кепска. Прафесар нічога не есць, не п’е, напэўна, і не спіць. І калі ён, адзін з лепшых лекараў Еўропы, не можа сам сабе дапамагчы…
Паколькі раіцца з пазелянелым Лёднікам было бескарысна, Пранціш кінуўся да супольных. Лёднік дарэмна пераймаўся, што над ім стануць пасміхацца — першыя дні падарожжа кепскавата было ўсім, пасля звыклі, нават панна Багінская. А страціць прафесара пасярод мора гэткім дурным чынам не хацелася нікому. Панна Багінская зноў завяла гаворку пра магнетызм, якім валодае доктар — няхай ашчадзіць магіі на ўласны ратунак! Агалінскі пабег раіцца са знаёмцамі з каманды… І праз гадзіну заваліўся ў каюту да доктара, трымаючы пад пахай вялізную бутэльку з мутным змесцівам.
У Лёдніка нават сіл не было госця пагнаць.
— Пі, чараўнік! Горш не стане! Маракі падказалі — ром з перцам ды яшчэ нейкай трасцай….
Лёднік паспрабаваў адбівацца, але, відаць, яму было ўжо ўсё адно, што сяло, што выселкі.
Прагрэсіўная медыцына захінула посны свой твар трактатам пра будову вестыбулярнага апарату і ганарыста выйшла з пакою…
Праз пару гадзінаў Лёднік і пан Гервасій сядзелі за каржакаватым столікам, трывала прымацаваным да падлогі каюты, і распявалі песню пра Лявутаньку:
Далей у песні расказвалася, як рыцар павінен быў пераплысці ўночы рэчку быстраньку на святло трох свечак, запаленых Лявутанькай, але «Каралёва ключніца, усяму свету разбойніца, каля рэчкі хадзіла, хустачкай махнула, усе свечачкі пагасіла і рыцэра ўтапіла». А калі Лявутанька даведалася, што каханы загінуў, памерла з гора… І выраслі на магілах закаханых явар і бярозанька, злучыліся вершалінамі…
Мутнай вадкасці ў бутэльцы засталося на самым дне. На кавалку шынкі, які чырванеў на жалезнай талерцы, бачыліся сляды доктарскіх зубоў (пра дыету пасля хваробы прафесар, падобна, і не ўспомніў).
— З чаго вынікае, — ментарскім голасам прагаварыў Лёднік, спатыкаючыся на асобных літарах, — што ў дадзенай народнай баладзе прасочваюцца матывы антычнага міфу пра Леандра і Гера…
— Адкуль, вашамосць, мужыкам ведаць антычныя міфы! — спатыклівым языком запярэчыў пан Гервасій. — У мужыка, васпане, мазгі іначай зладжаныя. Там высокія матэрыі не змяшчаюцца…
— Антычныя міфы складзеныя антычнымі мужыкамі, васпан! — важна падняўшы ўгару палец, прамовіў Лёднік. — Паэзія нараджаецца пад стрэхамі, у полі… А ў палацы адны саладзенькія селадоны ды галатэі.
Пан Гервасій злосна прыжмурыў памутнелыя светлыя вочы.
— Я ведаю, якая паэзія табе даспадобы, Баўтрамей.
Ударыў па стале кулаком… Яшчэ раз… яшчэ… І пад пагрозны рытм ціха заспяваў:
Галас пана Агалінскага рабіўся ўсё гучнейшы, надрыўны, больш падобны да плачу.
Пан Агалінскі перастаў стукаць па сталешніцы, галава яго з прыліплым да лоба потным рудым чубам звесілася, апошнія словы песні прагучэлі амаль шэптам:
Лёднік уткнуўся галавой у складзеныя на стале рукі, нібыта хацеў схавацца. Насупраць у гэткай жа паставе застыў пан Гервасій. У пакоі запанавала маўчанне, як на могілках, напоўненае болем і непапраўнасцю.
— У яе былі такія лёгкія, неслухмяныя валасы… — шаптаў пан Агалінскі, нібыта сам сабе. — Здавалася, у іх жыве ветрык. А калі яна ўсміхалася, верхняя губа так смешна прыўзнімалася… Так безабаронна… Калі б я быў старэйшым братам, яна была б маёй… І ўсміхалася б нашмат, нашмат часцей. Я б асушваў кожную ейную слязінку вуснамі… Ты памятаеш усмешку пані Галены, доктар?
— Я памятаю, як усміхаецца мая Саламея… — шаптаў Лёднік, якога, што прадказальна, разабрала яшчэ мацней, чым суразмоўцу. — Калі яна ўсміхаецца, на яе левай шчацэ ўтвараецца ямінка. А валасы ў яе цёмныя, цяжкія і бліскучыя… Калі прапускаеш іх скрозь пальцы, здаецца, што слізгае шоўк…
— Я ўсё роўна цябе заб’ю… — прамармытаў пан Гервасій. І абодва канчаткова праваліліся ў п’яное забыццё.
А Пранціш узрадваўся ў душы сваёй, што ніхто са спадарожнікаў не ўспомніў паненку Паланэю Багінскую.
Бо калі яна ўсміхаецца, не па-свецку, а па сапраўднаму, шчыра, яе носік так міла прыўзнімаецца, а ў вачах такія гарэзныя жарынкі… І левы куточак ружовых вуснаў трохі вышэй за правы, і трэба быць сляпым, каб не закахацца за адну гэтую ўсмешку…
І гайдала ўсіх іх, закаханых шчасліва і нешчасліва, ахвяраў і катаў, драўляная «Святая Брыгіта», як кузурак гайдае сухі лісток, што зляцеў на плынь ракі… І біўся ў мокрых ветразях змрочны вецер, і не было ў гэтым часе бяспечнай прыстані.
Вайна, якая скаланала Еўропу ўжо сёмы год, здыхала, як дужы драпежнік, у якога ўсадзілі стрэлы і дзіды, а ён усё яшчэ паўзе, б’е кіпцюрамі, драпае ўсё, да чаго можа дацягнуцца. Пасля таго, як брат прускага караля Генрых Прускі выйграў бойку пры Фрайбергу, з’явіўшы свету «цуд Брадэнбургскага дома», зноў у сэрцах пасялілася трывога… Па дарогах блукалі банды марадзёраў, войскі наймітаў, гатовыя на любыя злачынствы ці подзьвігі, жыццё чалавечае каштавала меней, чым шэлег… Дарога па моры, няхай доўгая, у неспагадную пару, была больш бяспечнай, чым па залітай крывёю сушы.