Авантуры студыёзуса Вырвiча
Авантуры студыёзуса Вырвiча читать книгу онлайн
Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Абражаны, расчараваны Пранціш застаўся адзін ля сцяны, дзе на пастаменце ляжаў нікому не патрэбны меч. Вырвіч асцярожна адчыніў шкляную дзверку… Пагладзіў сталь… Азірнуўся… Нават варта адправілася паназіраць за блазнамі. А там, у сутарэннях, пыхкаў агнём яшчэ жывы цмок, які захапіў няшчасны горад!
Рука сама ўзялася за дзяржальна ў выглядзе лілеі… Абраны! Якога ражна той Дамінік — абраны, калі ён і меч правільна трымаць не ўмее? Рыцар не разважае, рыцар ідзе ў бойку!
Дзверы, у якіх знікла белая цялушка, расчыніліся, слугі, што вярнуліся ад цмока, бегма кінуліся далучыцца да гледачоў…
Пранціш дастаў з вітрыны меч… А потым шляхціц Вырвіч, як сэр Ланцэлот, як Трышчан, як гетман Кастусь Астрожскі, цвёрдым і хуткім крокам адправіўся на смяротны бой, здзяйсняць рыцарскі подзвіг.
Уваход у сутарэнні, які знаходзіўся за ратушай, у абнесеным высокім мурам круглым дворыку, выглядаў вельмі празаічна: драўляныя дзверы, умацаваныя жалезнымі палосамі, нібыта ў вялікі пограб. І нават не замкнутыя! Вось неасцярожна… Што, калі пачвара вырвецца, усіх паесць?
Пранціш спусціўся па шырокіх прыступках у пячору. У нос ударыў страшэнны смурод. Але нейкі… зусім не легендарны. А як бы ўвайшоў у вялізны кароўнік. Вочы паступова прывыклі да паўцемры… Якая там пячора! Пакой з каменнымі сценамі, з вокнамі, забранымі кратамі… А на сценах — жахлівае: вяночкі з белымі вэлюмамі. Вядома, тых дзяўчатаў, што сталіся ахвярамі. І некалькі іхніх партрэтаў тут вісела — прыгажуні сумна паглядалі на Пранцыся, нібыта малілі: адпомсці за нас, адважны рыцар! Абарані іншых бязвінных дзяўчатаў ад страшнай смерці! Рука Пранціша з усяе моцы сціснула дзяржальна лілейнага мяча…
Наперадзе чакалі яшчэ адны велізарныя дзверы з вакенцамі, закрытымі прыгожа размаляванымі ваканіцамі… Пранціш здагадаўся, што менавіта праз гэтыя вакенцы і паказваюць за грошы пачвару. А што яна там, дакладна! Студыёзус чуў ейнае дыханне, глухі рык, скрогат… Ганебны пот хвалявання заліваў вочы…
Але загінулыя дзяўчаты!.. А яшчэ ўцерці нос абранніку-Дамініку…
І Пранціш ірвануў на сябе цяжкія дзверы.
Так, ён быў там! Самы сапраўдны жывы цмок… Святло скупа прасявалася на яго скрозь маленькія вокны ў столі. Які ён быў велізарны! І нейкі… Нібыта пакрыты плесняй. Бляклыя вочы, як сляпыя — а дзе ж у іх агонь? Дый з пашчы агню не паказвалася… Затое пашча здаровая! Палова Пранціша ў яе дакладна б змясцілася. Галава цмока была падобная адначасова і на змяіную, і на вялізную конскую. А што найбольш дзіўна, не было і крылляў! Можа, яны проста складзеныя, як у кажана? Лускі таксама, наколькі Вырвіч разгледзеў, не мелася — зморшчаная блякла-брунатная скура. Паміж велізарных лап з бруднымі пазногцямі велічынёй з кавун ляжалі парэшткі белай цялушкі.
Пачвара дыхала хрыпла, як сапсаваныя мяхі. І раптам зараўла — але зблізу ў гэтым рэве чулася не пагроза, а хутчэй нешта жаласнае.
Падманвае! Цяпер належала, напэўна, выклікаць цмока на двубой… Дзеля будучых баладаў… Але словы блыталіся, і замест гераічнай прамовы атрымалася нешта няўцямнае і грубае, як бы задзірлівыя словы ў бойцы бурсакоў.
Раптам пачвара ўдарыла лапай проста перад Пранцішам, кіпцюры агідна праскрыгаталі па камені…
Калісьці, падчас навучання ў езуіцкім калегіюме, Вырвіч са сваім сябруком, гарбатым, але дужа разумным шкаляром па мянушцы Вараня разважалі, як можна забіць цмока. Бо, вядома, Пранціш ужо тады марыў пра падобныя паядынкі, вартыя рыцара. Хлопцы доўга абмяркоўвалі, куды варта нанесці ўдар — луску драконаву не праб’еш, адзінае — адразу пацэліць у вока!
Пранціш забегаў туды-сюды перад пачварай, каб збіць яе з толку. Цмок малаціў лапамі, не дастаючы да ворага, роў, матляў галавой… Але Вырвіч прайшоў яшчэ і фехтавальную школу бязлітаснага Лёдніка! І злаўчыўся, кінуўся на бестыю, і — раз! — меч ажно па дзяржальна ўвайшоў у блякла-жоўтае вока! Калі ў пачвары меліся мазгі, іх павінна было прабіць наскрозь.
Як зараўло ўвасабленне цемры! Цмок кідаўся ўбакі, на шчасце, зноў не наперад, не да дзвярэй, да якіх адскочыў Пранціш… Шкроб кіпцюрамі камень… І ўрэшце ўпаў, застагнаў, амаль як разумная істота, і ў сутарэннях стала ціха-ціха… Аж увушшу зазвінела, і далёкая музыка свята падалася нетутэйшым рэхам. Подзвіг здзейснены, горад вызвалены, прыгажуні ў бяспецы…
Цяпер, паводле рыцарскіх раманаў, належала ў доказ свайго подзвігу адсячы пераможанаму цмоку галаву… Трэба ж нешта кідаць пад ногі Чароўнай Даме!
Пранціш асцярожна падыйшоў да пачвары (смярдзела ад яе, аж у вачах шчыпала), патыкаў ботам лапу… Потым узяўся за дзяржальна мяча, ледзь выцягнуў лязо з мёртвага вока… Ды нават калі ўдасца за пару гадзінаў адсячы гэткую галаву, хіба чалавек можа яе падняць? І наўрад хоць якая панна ўзрадуецца такому падаруначку… А калі Пранціш усё-ткі паспрабаваў абмацаць шыю монстра, яго чакала жахлівае адкрыццё: жалезны ашыйнік! Цмок сядзеў на ланцугу! Здаравучым, у руку таўсцінёй… Дзіва што, ён не мог дастаць да спрытнага студыёзуса!
Сталася неяк яшчэ больш непамысна. Але, можа, хоць які кіпцюр на лапе адсячы?
Вочы ўсё больш прывыкалі да паўзмроку, і цмок выглядаў усё больш агідна… І жаласна. Шнары, плямы… І гэты скураны мяшок столькі гадоў трымаў у жаху ўвесь горад? Вось баязліўцы тут жывуць! А галоўны баягуз, вядома, шнаралобы пан Дамінік.
Пранцысь, адчуваючы, што гэта — самы важны момант у ягоным жыцці, рушыў назад, праганяючы з галавы ўсе сумнівы ва ўласнай гераічнасці.
З дзвярэй ратушы вызіралі спалоханыя людцы — відаць, пачулі перадсмяротны крык пачвары.
Вырвіч паважна ступіў у залу, падняў акрываўлены меч.
— Ваш горад вызвалены! Я, беларускі рыцар Пранціш Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр з Падняводдзя, забіў страшнага цмока!
Музыка абарвалася, публіка змоўкла.
Неяк не так Вырвіч уяўляў сустрэчу пераможцы.
Людзі пачалі перашэптвацца. Войт, чыя фізіяномія заўважна перакасілася, аддаў адрывістыя распараджэнні, і некалькі чалавек пабегла ў сутарэнні…
Каля студыёзуса матэрыялізаваўся Лёднік, стаў плячо да пляча, рука на дзяржальне шаблі.
— Вырвіч, — ласкава прагаварыў доктар, не зводзячы насцярожаных вачэй з натоўпу, — я называў вас калі-небудзь ёлупам?
— І даволі часта, прафесар, — прагаварыў Пранціш, якому пачало рабіцца непамысна ад не вельмі прыязных поглядаў прысутных.
— Тады для вас гэта не будзе навіной. Вы — ёлуп, пан Вырвіч, — неяк вельмі сумна прагаварыў прафесар.
— Забілі! Цмока забілі! — закрычаў нехта за спінай. Людзі загулі, як разварушаны вулей, кіраўніцтва горада заспрачалася… Вырвіч прыслухаўся:
— Чаму ахову не пакінулі? — сурова пытаўся войт.
— Хто ж ведаў, што нейкі прыдурак наважыцца… — апраўдваўся нехта, далейшая размова патанула ў агульным тлуме.
Арханёл Міхаіл паглядаў са штандара на сцяне амаль насмешна.
— Меч пакладзі, не хапала яшчэ, каб у крадзяжы рэліквіі абвінавацілі, — усё гэтак жа ласкава і ціха прагаварыў прафесар, і Пранціш, спяшаючыся, — усе адхіналіся, як ад карослівага, — вярнуў свяшчэнную зброю на месца.
— А зараз павольна, з усмешкамі рушым як мага бліжэй да выхаду…
Лёднік моцна ўхапіў студыёзуса за плячук і павалок праз натоўп. Людзі насцярожана расступаліся, мільгануў узлаваны гожы твар абранца Дамініка…
— Цмок быў забіты без бласлаўлення святога Міхаіла! — раптам загарлаў нехта. — Трымайце блюзнера!
— А вось цяпер рушылі хуценька, і вельмі…
Прафесар штурхануў Пранціша наперад і выхапіў шаблю. Усчаўся гвалт… Лёднік і Пранціш набліжаліся да дзвярэй з усёй даступнай хуткасцю, на шчасце, натоўп перашкаджаў не толькі ім — а куды больш замінаў варце. Пан Гервасій прабіўся да спадарожнікаў:
— Ну ты ўчыніў, пан Вырвіч! Ягоная мосць пан Караль Радзівіл абавязкова прыняў бы цябе ў ордэн альбанцаў!
Амерыканец зарагатаў, як лясун, і таксама агаліў шаблю.
Вось і дзверы на пляц… А там — нагі не паставіць з-за цікаўнікаў.
— Дарогу пераможцу паганага цмока! — раптам пракрычаў звонкі голас. — Пачынаецца вялікае святкаванне! Музыка!