Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] читать книгу онлайн
Зьмешчаныя ніжэй тэксты ня ёсьць адбіцьцём пэўнага часавага зрэзу польскай філязофіі. Яны хутчэй прэзэнтуюць увасобленую ў канкрэтных постацях традыцыю польскага крытычнага мысьленьня. Гэта пацьвярджае іхная жанравая спэцыфіка (прысутнічаюць стандарты эсэ, філязафічнага трактату, аналітычнага нарысу, навуковага артыкулу). Мінус гэткай задумы палягае ў пэўным эклектызьме і адвольнасьці, на якую даводзіцца йсьці ўкладальніку. Плюсам жа можна лічыць творчую разьняволенасьць, свабоду ад абумоўленасьці традыцыйнымі рамкамі філязофіі, якая дасягаецца пры дапамозе гэтага. Пад вокладкай «Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне» месьцяцца пераклады, выкананыя перакладнікам цягам апошніх пяцёх гадоў. Некаторыя зь іх дагэтуль не былі надрукаваныя, некаторыя, насуперак, былі апублікаваныя ў поўным ці скарочаным выглядзе на старонках айчыннай пэрыёдыкі — у такіх выданьнях, як часопісы «ARCHE», «Скарына», «Спадчына», «Фрагмэнты», «Крыніца», «Форум» або ў культуралягічным дадатку «ЗНО» да газэты «Культура». У працэсе прыгатаваньня кнігі да друку пераклады, што пабачылі сьвет уперад, былі крытычна прааналізаваныя, ізноў зьвераныя з арыгіналамі і таму могуць нязначна адрозьнівацца ад сваіх першапублікацыяў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Пра ліст Ю., заклапочанай станам свайго здароўя, валей я б агулам не пісаў. Бо мне давялося б выцягнуць адразу шмат ніцяў. Мяне зьдзіўляе яе заўсёды мінорная схільнасьць прымяншаць сябе, аж да таго, што калі ёй верыць, то няпраўда, што ў яе сьветлы розум і характар. Заўжды пра сябе, пра сваю хваробу і верагодную хуткую сьмерць, зь нядбаласьцю, з пацісканьнем плячыма.
Вечар паэзіі розных народаў, пра які згадвае М. Супраціўляючыся «нацыянальнай» Вільні, мы мелі розныя кантакты, і я мяркую, што некаторыя іхныя сьляды прыгадаліся, напрыклад, у 1972 годзе ў цягніку Ротэрдам-Парыж, калі, вяртаючыся зь зьезду паэтаў, мы расьпілі наліўку з Абрамам Суцкевэрам, які перажыў віленскае гета і пасьля напісаў фундамэнтальную кнігу пра нямецкія злачынствы ў Вільні. Я гэтаксама мяркую, што гэтыя кантакты вытлумачвалі, прынамсі, часткова, сакрэт Уладыслава Рыньцы. Бо як стаць міліянэрам падчас вайны, заснаваўшы транспартную фірму? Рыньца (мянушка «Рэнка») паходзіў з Сылезіі. У Вільні апыніўся студэнтам — яшчэ адзін мой калега-юрысты. У палітыцы сымпатызаваў «Strzelcu» [111], тым часам як іншыя (Ендрыхоўскі) — «Legionu Młodych» [112], бо гэта быў пэрыяд «палявеньня» гэтых санацыйных арганізацый. Ува ўнівэрсытэце ён быў адным з галоўных дзеячоў нашага антыэндэцкага блёку падчас выбараў да «Bratniej Pomocy» [113], дзе вылучыўся і як знакаміты прамоўца. Пасьлей ён апыніўся на ўскрайку групы і не наблізіўся да камунізму. Што ён рабіў у 1934–1939 гг., я не змагу сказаць (адвакатура?), і пагатове я, відаць, не дацямлю, як ён зь беднага сына шахтара зрабіўся фінансавым магнатам, апэруючы з 1941 году дзе? — на лініі Вільня—Менск—Варшава, на тэрыторыях, мяшаных нацыянальна, якраз тых, якія Юзаф Мацкевіч апісаў у рамане «Ня трэба гучна гаварыць». Мне здаецца, што адным зь ягоных вартых увагі рухальных матываў была велічэзная колькасьць наяўных грошай у Вільні, у золаце і далярах, якую можна было лёгка інвэставаць. Супольнік Рыньцы, Крывіцкі, быў жыдам з Рыгі і, мабыць, мабілізоўваў гэтыя капіталы. Крывіцкі працаваў у бюро фірмы ў Вільні і Менску, якія былі ліквідаваныя ў меру набліжэньня фронту, і ў 1944 годзе зьявіўся ў Варшаве, дзе я зь ім пазнаёміўся. Бясьпеку яму гарантавалі добрыя арыйскія паперы, наагул Вільня мела адну з найбольш дасканалых фабрык фальшывых дакумэнтаў. З Варшавы, не чакаючы, пакуль прыйдуць расійцы, ён выехаў у чэскую Прагу і там зьнік пры нявысьветленых абставінах. Іншым дзейнікам пасьпяховасьці Рыньцы быў, відаць, ягоны дыпляматычны гені і адсутнасьць нацыянальных забабонаў. Фірма мела прыкрыцьцё, бо, нібыта, яна займалася пастаўкамі для войска і, апрача таго, давала за «дах» грошы высокапастаўленым немцам. У існасьці яна праводзіла маштабныя валютныя апэрацыі на чорным рынку. І цяжарнікі ішлі, напоўненыя ўсім, толькі не пастаўкамі для войска, зброяй, рэч ясная, але не прызначанай для немцаў. Рыньца належаў да нашай сацыялістычнай «Wolności» (ён гэтаксама быў сувязным паміж Бундам у віленскім гета і Бундам у варшаўскім гета), і дзеля гэтага да «лёнданскага» падпольля, для якога магчымасьць карыстацца такой транспартнай сеткай была важнай. Ён вазіў грошы і зброю для аддзелаў АК, але, думаецца, шлях да Менску, які праходзіў церазь лясы, падкантрольныя савецкай партызанцы, быў адкрыты для яго дзякуючы адпаведным дамовам і таемным паслугам. Ягоныя цяжарнікі перавозілі таксама ўратаваных зь віленскага гета жыдоў, не за грошы, калі меркаваць па выпадку Севярына Троса. Трос папісваў перад вайной у газэту «Orka na ugorze», як і мой брат Анджэй, і апыніўся ў Вільні як уцякач з Варшавы. Мой брат хаваў гэтага свайго калегу пэўны час у кватэры нашых бацькоў у Вільні, на Зарэччы, на вуліцы Папоўскай. Пасьля Трос і ягоная жонка былі пасаджаныя ў цяжарнік Рыньцы і высаджаныя ўжо ў Варшаве, дзе я знайшоў для іх добры прытулак. На жаль, яны загінулі падчас варшаўскага паўстаньня, але не як жыды, а папросту як цывільнае насельніцтва. Уся дзейнасьць фірмы была, зь нямецкага пункту гледжаньня, крымінальнай, і цяжка скеміць, як не адбылося ніводнага правалу. Гені Рыньцы выявіўся і тут, бо ён стварыў калектыў (памятаю яго шафёраў), на які мог абсалютна пакладацца, сцэмэнтаваны на больш здаровых падставах, чымся стасункі шэфа з падначаленымі. «Сямейная» атмасфэра ўсярэдзіне гэтай групы «сваіх хлопцаў» зь Вільні выключала данос, найбольш частую прычыну катастрофы.
Я пісаў пра Ўладка Рыньцу ў «Роднай Эўропе», называючы яго літарай W., але ўзноў вяртаюся да яго, бо насамрэч ён мне імпанаваў, і я дагэтуль стараюся зразумець, як ён гэта ўсё рабіў. Пасьля вайны ён заснаваў, як і плянаваў, выдавецкую фірму і стаўся б напэўна лідэрам выдавецкага рынку, аднак неўзабаве прадпрыемства было згорнутае ў рамках барацьбы з прыватнай ініцыятывай. Тады ён стаў адвакатам і спэцыялізаваўся ў справах спадчын, у тым ліку і амэрыканскіх, карыстаючыся тым, што дзякуючы сувязям зь «віленскай групай» мог даставаць пашпарты на замежныя падарожжы.
* * *
Абвінавачваньне Мацкевіча паводле палітычных крытэраў не вядзе далёка. Так, ён быў маньякам, донкіхотам, утапістым, але, тым ня менш, гэтая палітычная пасія сілкавала ягоны пісьменьніцкі талент, які быў строга рэалістычным і адначасна хацеў служыць, ці, калі інакш, быць літаратурай на злобу дня. Апошняе паходзіла зь ягонай сумленнасьці і маральнага абурэньня. Ён пастаянна пытаўся: «як гэта магчыма?» і хацеў быць голасам гукаючага ў пустэльні, калі ўсе іншыя маўчалі. На шчасьце, ён ня быў палітыкам.
Апошнія разьдзелы «Ня трэба гучна гаварыць» даюць шанец параўнаць аўры Вільні і Варшавы, як іх адчуваў прыбылы зь Вільні ўлетку 1944 году Мацкевіч. І абраз Варшавы, павар’яцелай, легкадумнай, абыякавай да страляніны дзе-нідзе, пыхлівай ад свайго геройства, вясёлай, бо блізкая перамога, у яго праўдзівы. Для Мацкевіча гэта была бесклапотнасьць дзяцей, якія ня хочуць ведаць, што яшчэ хвіліна, і нічога не застанецца ад іхных забавак, як нічога не засталося ў Вільні.
Мацкевіч, прыехаўшы ў Варшаву, выразіў жаданьне спаткацца з мной і зь Янушам Мінкевічам. Мы правялі доўгую гутарку. Зь ягонага боку гэта было паўтаранае на розныя лады пытаньне «як гэта магчыма?». І цяпер, калі ясна для кожнага, што заходнія хаўрусьнікі далёка, нічога? Ніякай спробы дамовіцца, хаця б у апошні момант, зь немцамі, якія дазнаюць паразу і ўжо схіляюцца да саступак? Бо цяпер можна было б выдаваць газэту, каб гучна апавесьці праўду аб савецкай акупацыі, зацісканую польскім падпольлем на службе Лёндану, а ўскосна Масквы. Мы слухалі яго зь недаверам, як слухаюць разумова непаўнавартаснага чалавека. І высьмеялі яго. Мы сказалі яму, што ў яго няма ніякага ўяўленьня аб тутэйшых настроях, што ніхто б не супрацоўнічаў з такой газэтай, што калябарантам, Эмілю Скіўскаму і Фэліксу Рыбіцкаму, ніхто не падае рукі, і яго, калі б ён пачаў выдаваць такую газэту, абвінавацілі б у зрадзе. Мацкевіч нічога нам не сказаў аб газэтцы «Alarm», тры нумары якой былі, відаць, выдадзеныя вясной 1944 году ім супольна з жонкай.
Апавядаючы гэта, я не ўважаю, што павялічваю віну Мацкевіча, які ў гэтым выпадку выяўляўся калябарацыяністым, скуль магло б вынікаць, што такім ён быў і раней. Але не вынікае. Ён быў тады чалавекам, які перажываў роспач, і, можа, роспач яго была большая за Мінкевічавую ці маю, бо мы захоўвалі нейкія надзеі.
* * *
Добра, што я згадаў Уладыслава Рыньцу і яго акцыі ў трохкутніку Вільня—Менск—Варшава, бо яны даюць пэўнае паняцьце аб нечуванай гусьціні і заблытанасьці тамашніх людзкіх лёсаў падчас нямецкай акупацыі. Іхны абраз мусіць запярэчыць польскім уяўленьням, моцна перакручаным патрыятычнай канвэнцыяй. Сапраўднасьць гадоў вайны на гэных тэрыторыях таксама была цалкам прыхавана і перароблена афіцыйнымі гісторыкамі. Гэта факт, што немцы віталіся там як вызваляльнікі, і калі б ня іхнае шаленства, гэтыя народы былі б поўніцай на іхным баку. І абставіны склаліся так, што схема змагароў і калябарантаў ухоплівае ледзьве дробную частку праўды. Гэта была трохбаковая гульня, прычым вялізная бальшыня люднасьці лявіравала, шукаючы бясьпекі ў адных і другіх, а існавалі таксама незалежныя анклявы, нешта накшталт асобных дзяржавак, заснаваных узброенымі важакамі. Веда аб гэтым усім зьмяняла пэрспэктыву Мацкевіча, добра служачы ягонаму аб’ектывізму.