Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] читать книгу онлайн
Зьмешчаныя ніжэй тэксты ня ёсьць адбіцьцём пэўнага часавага зрэзу польскай філязофіі. Яны хутчэй прэзэнтуюць увасобленую ў канкрэтных постацях традыцыю польскага крытычнага мысьленьня. Гэта пацьвярджае іхная жанравая спэцыфіка (прысутнічаюць стандарты эсэ, філязафічнага трактату, аналітычнага нарысу, навуковага артыкулу). Мінус гэткай задумы палягае ў пэўным эклектызьме і адвольнасьці, на якую даводзіцца йсьці ўкладальніку. Плюсам жа можна лічыць творчую разьняволенасьць, свабоду ад абумоўленасьці традыцыйнымі рамкамі філязофіі, якая дасягаецца пры дапамозе гэтага. Пад вокладкай «Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне» месьцяцца пераклады, выкананыя перакладнікам цягам апошніх пяцёх гадоў. Некаторыя зь іх дагэтуль не былі надрукаваныя, некаторыя, насуперак, былі апублікаваныя ў поўным ці скарочаным выглядзе на старонках айчыннай пэрыёдыкі — у такіх выданьнях, як часопісы «ARCHE», «Скарына», «Спадчына», «Фрагмэнты», «Крыніца», «Форум» або ў культуралягічным дадатку «ЗНО» да газэты «Культура». У працэсе прыгатаваньня кнігі да друку пераклады, што пабачылі сьвет уперад, былі крытычна прааналізаваныя, ізноў зьвераныя з арыгіналамі і таму могуць нязначна адрозьнівацца ад сваіх першапублікацыяў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
У сваю чаргу, «Summa technologiae» (1964) з пэрспэктывы часу ўспрымаецца як адна з найлепшых кніг Лема, якая апавядае аб пэрспэктывах тэхналягічнай омніпатэнцыі, якая адначасова і ўзбагачае, і нішчыць чалавечую істоту. «Казкі робатаў» (1964) уяўляюць сабой прэтэкст да слыннай «Кібэрыяды» (1965), казкі, якую робаты апавядаюць робатам. Робаты маюць антрапаморфны выгляд, іх сьвет нагадвае Сярэднявечча, бо яны закутыя ў бляху, як у рыцарскія дасьпехі. Характэрна, што пры дапамозе іроніі і гратэску Лем тут спрабуе закрануць фундамэнтальныя праблемы анталёгіі. У 1964 г. быў апублікаваны «Непераможны», невялікі раман аб «нэкрарэвалюцыі» робатаў, зрэдукаваных да мікрачастачак, якія аб’ядноўваюцца ў вялікія думаючыя сыстэмы і зь якімі людзі вядуць беспасьпяховую вайну.
Зусім іншую танальнасьць мае «Высокі замак» (1966), успаміны аб вельмі нетыповым львоўскім маленстве, у якіх акрэсьленыя абрысы набывае прывід «гратэскавага грамадзтва». «Голас Госпада» (1968) адкрывае новы этап у творчасьці Лема: дзеяньне тут вельмі павольнае, апісваецца змадэляваная сытуацыя, інакш кажучы, на зьмену дзеяньню тут прыходзіць мысьленьне. У тым жа 1968 годзе зьяўляецца зборнік «Аповесьці аб пілёту Пірксу», аб галоўным пэрсанажу якога мы пагаворым крыху пазьней асобна.
Канец шэсьцьдзясятых — пачатак семдзясятых гадоў азначаецца выхадам вельмі канцэптуальных, але часам і «цьмяных» кніг Лема: гэта найперш праца аб тэорыі літаратурнага твору «Філязофія выпадку» (1968), якая стваралася як спроба новага прачытаньня фэнамэналёгіі Р. Інгардэна. «Фантастыка і футуралёгія» (1970) апавядае аб літаратуры Science Fiction і пэрспэктывах футуралягічнага мысьленьня, а ў «Поўным вакууме» (1972) зьмешчаныя рэцэнзіі на неіснуючыя кнігі, дзякуючы якім, відавочна, гэты твор карыстаўся пэўнай папулярнасьцю.
Прыкладна ў гэты час выходзяць і два ўласна літаратурныя творы Лема, «Футуралягічны кангрэс» і «Прафэсар А.Доньда», з сэрыі прыгодаў Іёна Тыхага, якія, так сказаць, кідаюць цень на будучыню нашай цывілізацыі. Канец жа 70-ых гг. азначаецца зьяўленьнем зборнікаў апавяданьняў «Маска» (1976) і «Насмарк» (1976).
На пачатку наступнага дзесяцігодзьдзя выходзяць кнігі «Голем XIV» (1981) і «Бібліятэка ХХІ стагодзьдзя» (1986), якія па сутнасьці зьяўляюцца своеасаблівымі, вельмі змрочнымі эсэ. Іён Тыхі ізноў фігуруе ў якасьці героя двух раманаў Лема — «Лякальнага погляду» (1982) і «Міру на Зямлі» (1987), што таксама ў прынцыпе можна клясыфікаваць не як эпіку, а хутчэй як эсэ. А вышэйзгаданы пілёт Піркс зьяўляецца ў новым аповедзе аб няўдалай спробе кантакту — маецца на ўвазе кніга «Фіяска» (1987).
Такім чынам, творчы дар Лема рэалізоўваўся ў абсягу літаратуры, эсэсістыкі, філязофіі, тэхнікі і тэхналёгіі, а таксама — праўда, у меншай ступені — у публіцыстыцы і драматургіі. Аднак найбольшых посьпехаў Лем дасягнуў у галіне прозы, нечым сярэднім паміж фабульным раманам і эсэ. Суадносіны гэтых двух пачаткаў увесь час зьмяняліся — першая фаза творчасьці Лема мае перадусім прыгодніцкі характар, і доўжыцца недзе да шэсьцьдзясятых гадоў. Пазьней надыходзіць пэрыяд гратэску і адначасова эсэ. А недзе зь сярэдзіны семдзясятых гадоў Лем пачынае пісаць у першую чаргу раманы з акрэсьленай фабулай. Варта адзначыць, што на працягу гэтага этапу адбывалася і эвалюцыя ідэалягічных асноваў сьветабачаньня Лема — ён усё больш схіляецца да пазнавальнага пэсымізму (як прыватную праяву гэтага можна ўважаць яго рашучае змаганьне з прызнаньнем, напрыклад, парапсыхалягічных зьяваў).
Што датычыць тэматычнай парадыгмы творчасьці Лема, то ў ёй таксама можна вылучыць некалькі тэматычных пластоў, своеасаблівых аўтарскіх мікрасусьветаў. Першы зь іх — гэта сьвет пілёта, назіральніка, пасіўнага аб’екта. Гэта пласт першай фазы творчасьці Лема, якая вядомая па постаці пілёта Піркса, найбольш папулярнага пэрсанажа гэтага пісьменьніка. Але сам Лем, здаецца, больш цэніць Іёна Тыхага, гратэскавага, амаль мюнхаўзенскага героя, прайдзісьвета ўсіх магчымых галяктык. Недалёка ад іх знаходзяцца і троху менш знакамітыя Трурль і Кляпаўсіуш, робаты-канструктары. Падчас гэтай фазы адбываецца вялікая праца з мовай, ствараюцца нэалягізмы, базысныя паняцьці. Таму ў тэматычнае кола заканамерна ўваходзіць Установа, Паліцыя, Сьледзтва, міжчалавечы Лябірынт.
Тэма лябірынту прысутнічае і ў наступнай фазе творчасьці Лема, інтэрпрэтацыя якой, на нашу думку, будзе больш адэкватнай на ўзроўні ключавых архетыпаў. Гэта, як мы ўжо казалі, лябірынт, які ляжыць у аснове ўсяго напісанага Лемам, а таксама выпадак. Выпадак (тут цяжка ня ўбачыць уплыву філязофскай сыстэмы Райхенбаха) у рэшце рэшт вытлумачвае ўсё, і нават тое, што выглядае як разумнае дзеяньне. Сюды ж належыць і тэма кантакту. Ужо з самага пачатку Лем скептычна ставіўся да гэтай справы. У «Астранаўтах» цывілізацыя Вэнэры паказана як замкнёная ў самой сабе і варожая любым кантактам. У «Воблаку Магеляна» кантакт не ўдаецца, а ў «Эдэне» ён увогуле немагчымы. У «Салярысе» спроба кантакту таксама не дае памысных вынікаў, і ізноў дарэмнымі будуць спробы «выйсьця зь сябе» ў «Непераможным», «Голасе Госпада», «Фіяску». Тут, здавалася б, за малазначнымі фактамі адсутнасьці кантакту крыецца квінтэсэнцыя духоўнага досьведу ХХ стагодзьдзя: немагчымасьць завязаць кантакт зь нечым іншым, немагчымасьць паразуменьня з уласным лёсам, з трансцэндэнцыяй, з Богам. Лем заяўляе пра свой атэізм, але нягледзячы на гэта якраз яму можна прыпісаць надзвычай інтэнсіўны пошук Бога — нават калі апошні і не існуе.
Можа ўзьнікнуць уражаньне, што творчасьць Лема адбывалася ў разрыве з польскай літаратурнай традыцыяй, і нават больш таго, што паміж імі існуюць антаганістычныя дачыненьні. Гэта слушна толькі часткова, паколькі ў Лема ў польскай літаратуры існавалі папярэднікі (назавем прозьвішчы Жулаўскага і Грабіньскага). Па-другое, зь ёй Лема лучаць і некаторыя выяўленчыя фігуры — гратэск, які вельмі часта прысутнічае ў яго творчасьці і які мае багатую перадгісторыю ў польскай літаратуры (прыгадаем, як непаўторна рэалізавалася гэтая фігура ў творах Станіслава Віткевіча), а таксама структура апавяданьня або, выражаючыся сухой навуковай мовай, дыгрэсіўная прырода нарацыі. Але разам з гэтым нацыянальны вымер занадта цесны для Лема, паколькі ён унівэрсальны пісьменьнік, які творыць у маштабе чалавецтва, жыцьця, сьвядомасьці ці, увогуле, экзыстэнцыі. Таму ў Лема адсутнічае польскацэнтрычнасьць, а яго праблематыка блізкая кожнаму, хто разважаў над такімі агульнымі пытаньнямі, як прырода і межы сьвету, чалавечая кандыцыя, праблема розуму, пазнаньня, існаваньня і атрыбутаў Бога (можа якраз дзякуючы гэтаму прадуктыўным таксама будзе прачытаньне яго творчасьці ў кантэксьце сусьветнай літаратуры: вытокі першай праглядаюцца ў «Эпасе аб Гільгамешу», у творах Лукіяна, Г. Уэлса, у romans scientifiques Жуля Вэрна і г.д., апрача таго, творчыя канцэпцыі Лема перажылі пэўны ўплыў францускага структуралізму і nouveau roman).
Станіслаў Лем у сваіх творах, як правіла, не выходзіць за межы і традыцыйнай паэтыкі Science Fiction, якая рэалізуецца ў двух кірунках: перадусім шляхам праектаваньня будучага, чужога і фантастычнага сьвету, зьмяненьня парадку сьвету і адданьня яго ў рукі жаданьняў-прагненьняў неабмежаваных прастораў, у якіх яны могуць разьвівацца розным чынам: як сукрытыя прагненьні або як трывіяльныя, ідэалягічныя ці зашыфраваныя памкненьні. Адначасна паэтыка SF прадугледжвае крытыку і дэканструкцыю мовы, якая вызначаецца праз часавы і лягічны прыярытэт азначанага. Дэканструкцыя праводзіцца так, што значэньне галяктычных прастораў выяўляецца як эфэкт функцыянальна-фантастычнага тэксту. Не беспасярэдняя сапраўднасьць, якая пачуцьцёва зьяўляецца пры сузіраньні, ёсьць прадметам сьвядомасьці, а сапраўднасьць ужо ўяўленая, выдуманая, моўна рэпрэзэнтаваная або сканструяваная. Тым ня менш, сьвядомасьць у кожным выпадку застаецца інтэнцыянальнай. Гэта сьвядомасьць Чагосьці.