Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Анжиевски Ежи "Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)"
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Пасля павярнуўся да ўкленчанага ганца:
- Мiр з табой, мой сыне. Ты прынёс нам вестку смутную i радасную. Мы смуткуем, што вялебнага дона Пэдра няма больш сярод нас, добра ведаючы, што жыцьме ён праз усе часы неўмiручасцю поўнай хвалы; радуймася, што яго пакутная смерць умацуе нас i з'яднае ў змаганнi з ератыкамi, у абароне нашай веры.
Змяркалася. На плошчы запалiлi паходнi. Голас Тарквемады гучаў у цiшынi ўсё больш грозна.
- Няма на свеце такой сiлы, анi такога зла i падступнасцi, якiя маглi б супрацьпаставiцца нашай справе. Будземце ж, браты, чуйныя i не спема ў час, калi не спiць вораг сярод нас.
- Vivа еl nоmbrе dе Jesus! - моцным голасам сказаў падрэ дэ ла Куэста. Vivа lа Virgen Santissima!
Ганец з Сарагосы падхапiўся з каленяў i, павярнуўшыся тварам да плошчы, крыкнуў хрыпла з усёй сiлы ў змрок, запоўнены ўзброенымi людзьмi i бляскам дымных паходняў.
- Vivа lа Santissima!
- Vivа lа Santissima!
- адказаў адным магутным голасам натоўп.
У гэты час Тарквемада падняў сухую старэчую далоню i з-пад партала калегiяты, высокi i ўзнесены сярод мiгатлiвых агеньчыкаў свечак, пачаў крэслiць у паветры знак крыжа.
Быў познi начны час. Нешпар дамiнiканцаў даўно ўжо закончыўся. Пасля працяглай нарады з iнквiзiтарамi i дарадцамi падрэ дэ ла Куэста правёў вялебнага айца да келлi, у якой той меўся жыць пад час гасцявання ў Вiла-Рэал. Змрок нiзкiх кляштарных калiдораў рассейвалi паходнi ў руках двух рыцараў з Хрыстовай мiлiцыi.
У канцы доўгага калiдора падрэ дэ ла Куэста спынiўся i адчынiў дзверы ў келлю.
- Належыць табе, вялебны ойча, заслужаны адпачынак пасля клопатаў сённяшняга дня. Спадзяюся, Бог спашле табе добры сон. У гэтай вось келлi, як сведчаць старыя запiсы нашага кляштара, акурат сто гадоў назад жыў пэўны час наш святы брат Вiнсэнт Фэр'ер.
Падрэ Тарквемада, схiлiўшы ў дзвярах галаву, увайшоў усярэдзiну. Келля была цесная i голая. У адным куце гарэў каганец. Нiжэй было месца для кленчання. У другiм куце - вузкая пасцель. Над ёю - разьблёны з дрэва распяты Хрыстос. Холад iшоў ад каменнай падлогi i муроў. За акном распасцiралася цёмнае начное неба, усыпанае зоркамi.
Вялебны айцец падышоў да акна.
- Наш брат Вiнсэнта несумненна быў святы. Цi не думаеш, вялебны ойча, што пры ўсiх сваiх хрысцiянскiх цнотах ён быў чалавек, якi вельмi лiчыўся з важнасцю слоў.
Падрэ дэ ла Куэста цiха прычынiў дзверы.
- Святы Вiнсэнт быў вялiкi прапаведнiк нашага закону.
Тарквемада, заклаўшы далонi ў рукавы сутаны, глядзеў на далёкае неба.
- Словы! Што ж словы, мой ойча? Тысячай слоў можна вярнуць тысячу ератыкоў. Кажаш, святы Вiнсэнт быў вялiкi прапаведнiк. Гэта праўда. Далучыў да нашай веры шмат тысяч жыдоў, якiя ў свой час унiклi пагромаў. I што з таго? Яны, учора далучаныя, сёння ў асобах сваiх сыноў i ўнукаў таемна мардуюць абаронцу веры. Чаму так робяць? Бо ненавiдзяць Святую iнквiзiцыю, змянiўшы толькi формы, не мяняючы нi на шэлег сваёй ератыцкай натуры. Аказваецца, словы бываюць не вушкам iгольным, а брамай, шырока адчыненай усiм. I праз яе праходзяць так латва, як з цемры да святла дзённага. Сапраўды, мой ойча, бяда тым, хто змагаецца, калi занадта спадзяецца на ачышчальную сiлу слова!
- Думаеш, слова не мае нiякай дзейснай сiлы? - пакорна спытаўся падрэ дэ ла Куэста.
- Чаму ж, мае, але толькi тады, калi яно - дзеянне. Уся праўда нашага слова ў вучэннi царквы, i яна непарушная, не залежыць ад глебы, на якой мы будуем наш гмах. Але цi ж не на тым грунтуюцца нашы заклiкi, каб словы праўды пацвярджаць сведчаннем дзеяння? Вер мне, мой ойча, словы толькi тады нешта азначаюць, калi не далей чым за крок ад iх стаiць меч дзеяння.
- Калi я правiльна ўразумеў цябе, вялебны ойча, прызнаннi асоб перад Святым трыбуналам, якiя сведчаць за тое, што шмат хто са свецкiх паноў i ўпраўцаў горада Вiла-Рэал пагарджае асновамi рэлiгii i не баiцца ўзносiцца з пыхаю там, дзе павiнна быць толькi паслушэнства i пакора, - то гэта цi не словы, за якiмi стаiць меч дзеяння?
Падрэ Тарквемада павярнуўся да акна. У позiрку яго цёмных, глыбока пасаджаных вачэй успыхнуў раптоўны бляск.
- Сапраўды, шматвяковы вопыт нашага вучэння прамаўляе тваiмi вуснамi. Здаецца мне, ты зразумеў асаблiва важны прынцып.
- Цi маеш на думцы, вялебны ойча, прынцып, якi сцвярджае, што за кожнай памылкай, якая б яна нi была, схаваныя пахiбнасцi веры?
Тарквемада прыплюшчыў вочы i нiчога не адказаў. Падрэ дэ ла Куэста ўзiраўся ў яго з напружанай увагай.
- Калi б мы хацелi i маглi глыбей i пранiклiвей глядзець на людскiя памылкi, - азваўся праз хвiлiну, - тады нам не цяжка было б заўважыць, што прычыны памылак бываюць зазвычай больш грозныя, чым яны самыя.
Тарквемада ўзвёў павекi.
- Ойча Бласка, - сказаў задумлiва, - я хацеў бы, каб ты сказаў мне як брату, якi шчыра любiць...
- Слухаю цябе, ойча.
- Сапраўдны хрысцiянiн не можа мець нiякiх асабiстых мэт, якiя б пярэчылi мэтам царквы.
- Так, ойча, гэта праўда.
- Усе нашы дзеяннi, думкi i жаданнi належаць царкве. Лiчу таксама, што менавiта таму хрысцiянiн не толькi можа, але i павiнен песцiць у сабе жаданнi, хай вельмi асабiстыя, але каб яны адпавядалi мэтам царквы. Скажы яшчэ, цi маеш асабiстае пажаданне, асаблiва табе дарагое, адно замiлаванне, якое здавалася б табе ўвасабленнем тваiх зямных iмкненняў?
Падрэ дэ ла Куэста хвiлiну маўчаў.
- Калi быць шчырым, ойча, як на споведзi...
- Будзь!
- Прызнаюся, ужо колькi гадоў горача i нязменна прагну аднаго. Хацеў бы, i хай даруецца мне мая пыха, хацеў бы, аднак, калi-небудзь у будучым, вядома, пасля як найдаўжэйшага жыцця Яго Свяцейшасцi кардынала дэ Мендоза, сесцi на трон арцыбiскупаў Таледа.
У цэлi стала цiха. Падрэ дэ ла Куэста, стоячы са схiленай галавой, дарма чакаў адказу Тарквемады. Вялебны айцец Вялiкi iнквiзiтар маўчаў.
Якраз выходзiў месяц, i бляск яго прабiваўся ў келлю iмглiстай яснотаю.
- Ойча вялебны, - цiха азваўся прыёр, - магчыма, маё прызнанне ўразiла цябе. Сапраўды, можа, я занадта высока сягаю са сваiмi марамi. Аднак мне хацелася б...
- Iдзi спаць, ойча, - суха сказаў Тарквемада. - Думаю, пасля дзённых турбот табе патрэбен сон.
Падрэ дэ ла Куэста збялеў.
- Божа лiтасцiвы, няўжо маё жаданне аж такое заганнае? Калi лiчыш, што я не годны такога вялiкага гонару...
- Маўчы! Няўжо ты сапраўды такi сляпы i глухi, калi не разумееш, што адкiдаеш, выбiраючы славу i бляск? Чаго варта твая мара? Надзець на галаву арцыбiскупскую iнфулу, мець двор, палац, багацце, сядзець у асвянцоных шатах на троне? Ты, дамiнiканец, найбольш гэтага прагнеш? Гэта твая запаветная мара? Што ты зрабiў з сабою, у якiя сеткi ўблытаўся? Хвiлiну назад я думаў, падмануты знешняй прыстойнасцю тваёй разважлiвасцi, што залiчу цябе да найвышэйшай годнасцi змагара царквы, назначыўшы адным з iнквiзiтараў каралеўства. А ты марыш стаць арцыбiскупам Таледа!