Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Анжиевски Ежи "Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)"
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Паводле сабраных сведчанняў, правiльна i з дазволу царквы перапiсаных намi з судовых пратаколаў Святой iнквiзiцыi, памянёны Ларэнца Перэз прызнаў перад Святым трыбучалам даслоўна наступнае:
"Я зведаў у сваiм жыццi з сама ранняга дзяцiнства так многа згрызот i няшчасцяў, што, калi мой лёс пачаў мне здавацца над усякую меру вартым шкадавання, я ў хвiлiну роспачы паклiкаў д'ябла, каб ён дапамог мне ў нядолi, ахвяруючы яму ўзамен сваю душу. Выклiкаў я яго некалькi разоў, але марна. Д'ябал не з'явiўся. Тады я звярнуўся да аднаго ўбогага чалавека, якi лiчыўся чараўнiком. Ён сказаў мне, што завядзе мяне да адной кабеты, якая ў чарах больш за яго спанатраная, абароцiстая i ўпрактыкаваная, хадзiлi бо пра яе чуткi, што яна, прымаючы вобраз чорнага казла, патрапляла ў месячныя ночы завабiць на пусткi маладых хлопцаў, пасля чаго тыя, спачатку бессаромна агалiўшыся, таксама ад яе чараў у чорных казлоў ператваралiся, папярэдне намасцiўшы сваё цела слiззю рапухi i крумкачовымi выдзяленнямi, а потым усiм сполам удзельнiчалi ў блюзнерчым набажэнстве, званым чорнай iмшой. Я пайшоў да той кабеты. Яна парадзiла мне тры днi падрад хадзiць за вёску на курган Сан-Эстэбан i выклiкаць Люцыпара словамi: "Анёле светласцi!", кашчуючы на Святую Тройцу i хрысцiянскую рэлiгiю. Я зрабiў усё, што мне тая кабета наказала. Але нiчога не ўбачыў. Тады яна дарадзiла мне, каб я выкiнуў ражанец, скапулiр, а таксама ж каб я сваёй крывёй напiсаў вераадступны цырограф. I гэта я зрабiў. Але д'ябал не з'явiўся. I вось, вычарпаўшы ўсе магчымасцi, я падумаў, што калi б д'яблы iснавалi i калi б было праўдай, што яны змагаюцца за чалавечыя душы, то iм цяжка было б знайсцi лепшую нагоду, бо я сапраўды вельмi шчыра прагнуў прадаць сваю душу Люцыпару".
Цяжка ў гэтым месцы не ўсклiкнуць хрысцiянiну: Божа ўсемагутны, цi ж можна знайсцi большае сведчанне д'ябальскага апантання, чым гэта? Сапраўды, д'ябальскiя вiжоўкi, сатанiнскiя iнтрыгi перш за ўсё грунтуюцца на тым, што ў апантанасцi адбiраецца здольнасць распазнаваць непрыяцеля.
I вось, учыняючы такiя агiдныя жарты з цёмным рамеснiкам, вымушаны быў сатана скапiтуляваць перад пранiкнёнай мудрасцю вялебнага айца Вялiкага iнквiзiтара.
Было ўсiм вядома, што айцец Тарквемада рэдка калi асабiста вёў следства ератыкоў, абвiшвачаных у злачынствах супраць веры, таму што святасць, шырокiя тэалагiчныя веды i глыбокае пранiкненне ў людскiя натуры ўкаранiлiся ў iм так моцна, што ён мог без пахiбы разабрацца ў сутнасцi кожнай справы толькi па адным абвiнаваўчым акце. Мала хто ў такой меры, як ён, разумеў, што лiшнiя падрабязнасцi могуць толькi зацямнiць вобраз злачынства, а таксама - i гэта гаварыла за яго вялiкi розум, не забываўся ён, што грэх, хай сабе сама мiзэрны, нiколi не бывае адасоблены i там, дзе нараджаецца адзiн, павiнна iх быць больш. На гэты, аднак, раз айцец Тарквемада адступiў ад сваiх правiлаў i, не зважаючы на цяжкi стан здароўя i не шкадуючы вялiкага напружання думкi, асабiста старшыняваў на пасяджэннi Святога трыбунала i сам задаваў пытаннi, каб, нягледзячы на супрацiўленне абвiнавачанага, дабрацца да самага споду сутнасцi праўды.
Нашым першым намерам было сваiмi словамi распавесцi пра ход таго пасяджэння Святога трыбунала, але нас своечасова прасвятлiў Святы Дух, унушыўшы, што мы натхнёныя вышэйшай мудрасцю не выстаўляць асабiстых амбiцый, якiя пры такой няроўнасцi сiл лёгка могуць спаўзцi да агульнага калечання, ашуканства i поўнага скажэння праўды. А таму, служачы праўдзе, перадаём слова ёй.
Паводле ўдаступненых нам пратаколаў, Ларэнца Перэз стаў перад Святым трыбуналам восьмага верасня года тысяча чатырыста дзевяноста восьмага ў прысутнасцi вялебнага айца Вялiкага iнквiзiтара, айцоў iнквiзiтараў Святога афiцыума ў Таледа, вялебнага айца Дыега Манэнтэ, сакратара Каралеўскай iнквiзiцыйнай рады, а таксама пiсараў, братоў дамiнiканцаў, званых Нiколасам i Паскуалем.
Вялебны айцец Тарквемада пытаўся, а Ларэнца Перэз адказваў - наступнае:
Т. - Няхай абвiнавачаны шчыра i нiчога не тоячы раскажа Святому трыбуналу пра свае грахi.
П. - (Маўчыць.)
Т. - Цi абвiнавачаны азнаёмлены з актам абвiнавачвання?
П. - Так, Ваша Мосць.
Т. - Цi прызнае абвiнавачаны сваю вiну?
П. - Прызнаю, Ваша Мосць, што я выклiкаў д'ябла, якi не з'явiўся.
Т. - Не пытаюся, каго абвiнавачаны выклiкаў, а цi абвiнавачаны прызнае сваю вiну?
П. - Не, Ваша Мосць.
Т. - Цi абвiнавачаны лiчыць сябе хрысцiянiнам?
П. - Так.
Т. - Цi абвiнавачаны лiчыць, што ён належыць да рымскай каталiцкай царквы?
П. - Так, Ваша Мосць.
Т. - Цi абвiнавачаны лiчыць iсцiну, якую царква прызнае адзiнай праўдай, неаспрэчнаю?
П. - Ваша Мосць, калi iснуе д'ябал, дык чаму ён не ўзяў маю душу, я ж сам хацеў ахвяраваць яе яму.
Т. - Я пытаюся, цi абвiнавачаны лiчыць iсцiну, якую царква прызнае адзiнай праўдай, неаспрэчнаю, вартай веры?
П. - Я просты хрысцiянiн, Ваша Мосць.
Т. - Абвiнавачаны прызнаў, што не верыць у iснаванне сатаны i д'яблаў. Цi абвiнавачаны пацвярджае гэта прызнанне?
П. - Ваша Мосць, прысягаю, што д'ябал сапраўды не з'явiўся па маю душу.
Т. - А значыцца, абвiнавачаны пацвярджае сваё прызнанне?
П. - Так, Ваша Мосць.
Т. - Абвiнавачаны сказаў хвiлiну назад, што ён просты хрысцiянiн.
П. - Так, Ваша Мосць.
Т. - I сваё сцверджанне, што сатана не iснуе, не абгрунтоўвае абвiнавачаны вучэннем?
П. - Не, Ваша Мосць.
Т. - Чым тады ў сувязi са сказаным абвiнавачаны абгрунтоўвае гэта сваё сцверджанне?
П. - Ваша Мосць, я прысягаю, - усё, што я сказаў, ёсць праўда. Я нiчога не ўтоiў.
Т. - Прашу ўвагi абвiнавачанага. Я пытаюся, чым абвiнавачаны абгрунтоўвае сваё сцверджанне, што сатана не iснуе i пякельныя iстоты не маюць згубнага ўплыву на людскiя душы.
П. - (Маўчыць.)
Т. - Абвiнавачаны апелюе да сваёй дасведчанасцi. Значыцца, можа, здаровы розум прадыктаваў абвiнавачанаму перакананне, што сатана не iснуе?
П. - Так, Ваша Мосць.
Т. - Святы трыбунал згодна з вучэннем царквы верыць у iснаванне сатаны i ў яго згубны ўплыў на людскiя душы. Цi абвiнавачаны лiчыць, што Святы трыбунал пазбаўлены здаровага розуму?
П. - (Маўчыць.)
Т. - Чаму абвiнавачаны не адказвае?
П. - Не ведаю, Ваша Мосць, гэта вышэй майго разумення. Я толькi ведаю, што выклiкаў д'ябла, хацеў прадаць яму сваю душу, а ён не з'явiўся, дык, значыцца, яго, пэўна, няма.