Апошняе каханне князя Мiндоwга (на белорусском языке)
Апошняе каханне князя Мiндоwга (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Пасля дзядоў, калi дажджы змянiлiся маразамi i прыпарушыла зямлю снегам, пазначаючы блiзкi канец пакутлiвага для яе года, пачула Агна ад чаляднiц змрочную для сябе вестку - Даўмонт шукае новую жонку. Нiбыта ўжо пасылаў сваiх ураднiкаў глядзець дачку Гаторпа, i да яцвяжскага князя Скамонда ездзiлi ад яго шукаць нявесту, можа яшчэ куды выпраўляў людзей. Сэрца не дазваляла Агне ў гэта паверыць. Прыгадваючы Крэва, Перунову гару, дзе ўдвох часцяком праводзiлi сонца, дом, свае рэчы ў доме, печ, ложа, пакрытае ейнаю посцiлкай, яна не магла ўявiць, што ў гэтым доме замест яе будзе жыць, гаспадарыць, спаць, сустракаць Даўмонта, хадзiць разам з iм на Перунову гару iншая жанчына. Я ж жывая, думала Агна. Хiба Даўмонт ўдавец? Што яны вырабляюць? Мiндоўг бярэ мяне за ўдаву. Даўмонт шукае жонку, быццам аўдавеў. Яны абодва здурэлi. Агна вырашыла спытацца ў Астапа - цi праўдзiвыя чуткi, што князь Даўмонт скарыўся, забыў на яе i пасылае людзей на агледзiны выданнiц.
- Ходзiць пагалоска, - адказаў разанец, - што ездзяць па дварах ягоныя мечнiк i лоўчы. Можа, што i выездзяць. А можа i не. Небагата гожых дзевак у княжых дамах. Ён, сама разумееш, абы каго прывесцi не можа. Я гэтак скажу табе: лепш яму хутчэй ажанiцца. Усiм было б спакайней - i вялiкаму князю, i Даўмонту, i табе.
Пацверджаная Астапам горасная вестка дашчэнту абязволiла Агну. Нiчога не змянiлася з бабiнага лета, наперадзе яе чакала непраглядная нуда, яна не ведала чым абнадзеiцца, дзе шукаць сабе апiрышча. У душы збiралася журба, усе жаданнi ўсохлi, усё здавалася непатрэбным, чужым, бязрадасным. Вось я зрабiлася што голае дрэва зiмой, думала Агна, сухастоiна, ссекчы мяне трэба.
Неяк выдаўся зусiм тужлiвы для Агны дзень. Яна адзiнока засела ў пакоi, нават пляменнiкаў адправiла ад сябе. Пачаў бы хто лямантаваць "Гарым! Ратуйся!", дык i з ложа не ўстала б: што дымам удушыцца адразу, што тугой здушлiвай за доўгiя месяцы - адно i тое ж. Бяда да бяды цягнецца - Мiндоўг нiбыта такога яе бязвольнага стану чакаў. Увечары ўвайшоў да яе ў пакой, i яна адчула, што ён застанецца тут да ранку. Ён сеў побач яе, потым прылёг побач i пачаў песцiць i палез пад кашулю халоднай шурпатай рукой. Агна слухала ягонае дыханне, i было ёй усё роўна: у жонкi яе возьме, цi задушыць гэтымi шурпатымi рукамi, цi заб'е за абыякавасць да яго, толькi б нi пра што не пытаўся i нiякiх словаў ёй не казаў. Не клiкала яна яго, пэўна, падмануўся, думаючы, што Рэпiка i Руклю наўмысна ад сябе адаслала, каб ён прыйшоў. Вось i прыйшоў...
Стары князь - нядоўгiя ласкi. Ён заснуў, i яна хутка заснула, можа, раней, чым ён; пасярод ночы прачнулася, побач ляжыць цёплае расслабленае чужое цела. Яна павярнулася да сцяны, нудна было думаць, нашто яно ляжыць побач, а ранкам прачнулася - не было каля яе сiвога мужа. I такое ўзнiкла ў яе пачуццё, што прыснiлася ёй непатрэбная князева любоў, не прыходзiў ён да яе, прымроiлася яшчэ адна жуда ў змроку ночы...
Так i старалася думаць, што бачыла страшны сон процi ранейшага, прарочага, пакуль не адчула, што цяжарная. З маладым мужам спала - нiчога ў лоне не завязвалася, а Мiндоўгава старэчае семя адразу пайшло ў рост... Звар'яцець можна ад такой бяды. Быццам атручаны камень засунуў ёй у чэрава ўдавец па сястры. Яна адчувала апальваючы цяжар гэтага каменю. Усе думкi былi гарачкавыя, нават у сне аддавалася жудой прысутнасць у целе ненавiснага семя. Узгадвала, як з Даўмонтам марыла пра сына: яна зацяжарыць, а ён будзе прыцiскаць вуха да жывата i слухаць рухi свайго дзiцяцi. Не давалася, не рос жывот. А цяпер надзьмецца, i будзе сядзець у iм маленькi Мiндоўг. Жонка князя Даўмонта зацяжарыла вырадкам князя Мiндоўга. I падзялiцца сваiм няшчасцем няма з кiм. Не крыкнеш князю - нашто мне твой вырадак? Нашто ён табе? Стары ваўкалак толькi ўзрадуецца. I баб не папросiш параiць - усiм раскажуць: у князевых сыноў неўзабаве будзе брацiк цi сястрычка. На ганьбу Даўмонту.
Трэба было пазбаўляцца ад каменю, якi ўзрастаў у чэраве. Ды дзе ўзяць зелле ў гэтым замку сярод чужых людзей, дзе ўсе адзiн у аднаго пад наглядам. Скажы хоць выпадкам адно слова - "каноплi", i адкрыецца, што носiць князеў падарунак ды хоча вытруцiць. Варту прыставяць пiльнаваць, каб не вытруцiла вырадка. Паверыўшы сэрцу, Агна папрасiла Астапа прынесцi ёй патрэбнае зелле. Той некалькi хвiлiнаў моўчкi ўглядаўся ёй у вочы: позiрк у яго быў пранiклiвы, быццам ён намагаўся ацанiць, цi вартая яна выратавання i ягонай дапамогi. Нарэшце ён сказаў: "Ты хоць разумееш: калi князь дазнаецца - мне галаву знясуць!" - "Не дазнаецца! Клянуся!" - абяцала Агна, i ён паверыў ёй.
Цяпер яна гаспадарыла ў паварнi, каб заварваць выратавальную для сваёй годнасцi атруту. Праз тры тыднi ў лазнi, раптам схапiў жывот невыносны боль, быццам агонь там запалiўся, i пацякла з улоння кроў. Проста на палок вылiлася тое, што магло стаць яшчэ адным Мiндоўгавым наступнiкам. "Перапарылася" тлумачылi чаляднiцы выкiдыш, i засталося для ўсiх таямнiцай: жадала яна выкiнуць цi хацела насiць. Можа, i хацела, ды не пашчасцiла, i ў такiм выглядзе давядзе пагалоска яе бяду да князя Даўмонта. I Мiндоўг будзе гэтак думаць. Яму даспадобы: не хацела - адно, не пашчасцiла - другое. Не пашчасцiла - трэба паўтарыць, каб быў вынiк.
Ён прыйшоў шчаслiвiць, калi Агна ачуняла. Перад народам, калi апрануты ў кальчугу, апяразаны мечам, пакрыты шлемам ды футравай апанчой - грозны князь Мiндоўг, проста як той Пярун з неба сыйшоўшы, а пераступiў парог для любовi на плячах старая свiтка, кашуля паяском падперазаная, кудлы, хоць i прычасаныя, вiсяць павуцiннем - дамавiк. За печчу сядзець, цвыркуна слухаць, а ён гвалтаваць прыцягнуўся. Смешна глядзець на яго.
- Здарылася нешта, Мiндоўг? - спытала яна.
- Рэдка бачымся, - адказаў князь.
- А нашто нам часцей бачыцца?
- Ну, трэба, вiдаць, - лагодна, сказаў Мiндоўг. - Ты - жонка, я - муж!
- Ты - муж, я - жонка? - пасмiхнулася Агна, агледзела князя халодным позiркам з галавы да ног, i здалося ёй, што стаiць за плячыма Мiндоўга шызаваты цень. Гэта Мерцва ўжо па пятах яго ходзiць, здагадалася яна радасна. А ён не бачыць, няма на княжай патылiцы трэцяга вока. Памрэ хутка князь, а вось клапоцiцца, хоча ёй незабыўны дарунак на ўсё жыццё пакiнуць. Сапраўдны гаспадар: памiраць збiраецца, а жыта сее. Хоць бы падумаў, куды ёй пайсцi з такiм плёнам пасля ягонае смерцi.
- Ведаеш, Мiндоўг, - яна вырашыла гаварыць князю шчыра, - згулялi мы адно сабачае вяселле - хопiць на мой век. Ты мне не муж, я тваёй жонкай быць не хачу. Толькi калi гвалтам возьмеш. Паклiч сваiх кметаў, няхай за рукi, за ногi трымаюць, тады кладзiся на мяне, рабi дзiця. Iнакш - не.
Яна бачыла, што гэтыя словы яго раз'юшылi. Ды што ён мог - накiнуцца на яе з кулакамi, паклiкаць чэлядзь, загадаць "трымайце маю жонку за рукi, за ногi, буду дзiця рабiць", каб навечна стаць пасмешышчам для слуг i дружыны.
- Паасобку - дык паасобку, - перадужаў гнеў князь.
Ён узяў з палацяў i кiнуў на лаўку воўчую шкуру, лёг i накрыўся свiткай. Яна адчувала, што ён не спiць. "Вось i добра, не спi! - падумала яна - Лепш па розных кутах ляжаць, як дзед i ўнучка. Памерзне на лаўцы, адляжыць спiну, не хутка зноў прыйдзе. Не трэба будзе атруту глытаць". Супакоеная сваёй малой перамогай, яна хутка заснула.
Назаўтра Агна зноў паклiкала да сябе Рэпiка i Руклю. Яны спалi над ёй, на палацях. Калi гасiлi лучыну, яна расказвала пляменнiкам, якiя ў iх былi дзед i бабка па мацi, якi быў у дзеда двор, як плавалi яе браты ў Зэльве, на беразе якой стаяла iх княжае гарадзiшча. Асаблiва падабалася Руклю i Рэпiку слухаць паданнi пра бiтвы яцвягаў з мазурамi i русiнамi. Да ранку былi гатовыя не спаць, просячы ўсё новых апавядаў; у суцяшэнне сiрацiнам Агна выдумляла пра далёкiя паходы, удачлiвыя наезды прадзеда, пра смерць iх дзеда i бабкi ў бiтве з мазурамi два гады таму. Мазураў наехала безлiч, яцвягаў на гарадзiшчы была жменька, стрэлы ў iх скончылiся, мечы затупiлiся, але нiхто меч не кiнуў, у палон не пайшоў - не прынята ў яцвягаў здавацца на варожую ласку. Калi яцвяг у палоне - значыць, параненым узялi цi нейкай хiтрасцю. А калi яцвяжку возьмуць гвалтам, яна дзiця ад гвалтаўнiка кiдае ў дрыгву. Шкада, што вы дзеда з бабкай не памятаеце, казала Агна. Яны вас бачылi: вы з мацi месяц на гарадзiшчы ў нас жылi, калi вайна была, а ваш бацька з валынянамi бiўся. Вы ў кашулях па хаце поўзалi, я цябе, Рэпiк, хадзiць вучыла. Калi б не той мазурскi наезд, можна было б дзеда i бабку наведаць, а цяпер там кастрышча i пустэча. Яна прыгадала некалькi песень, якiя спявалi бацька i дружына на застоллях, i напявала iх пляменнiкам... I гэта ўсё, што яна магла зрабiць для сыноў сваёй сястры. Няўжо дзеля такой драбязы, думала яна, князь Мiндоўг зламаў маё жыццё, сапхнуў мяне ў вiр i навёў на сябе i сваiх дзетак цень смерцi?
