Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Анжиевски Ежи "Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)"
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Падрэ Тарквемада нiчога не адказаў. Ён падышоў да акна i заклаў далонi ў рукавы хабiты.
- Вам трэба паснедаць, вялебны ойча, - цiха сказаў Дыега. - Вы ж нiчога не елi з учарашняга полудня.
"Божа, - думаў Тарквемада, - цi ж дазволена мне забываць, што я не маю права рабiць нiчога такога, што магло б паставiць пад сумненне чыстыя намеры гэтага хлопца? Цi ж ёсць што важнейшае за ўцверджанне маладой веры? А перад аблiччам зла, якое можа ўзнiкаць усюды, цi не лепей дапусцiць памылку ў адносiнах да аднаго чалавека, чым хоць на хвiлiну блiзарука прагледзець магчымасць зла? Як жа можа, зрэшты, iснаваць вiна без абвiнаваўцы? Толькi праз праўду, якая адзiная, мы можам распазнаць зганьбаванне праўды. Але хто ж тады стварае вiну? Абвiнаваўца? Калi ён, то ў што трэба спачатку паверыць: у абвiнавачанне цi ў факты, якiя без абвiнавачання яшчэ не могуць мець адзнак пахiбы?"
- Сыне мой, - сказаў.
- Так, ойча.
- Думаю, ты зразумеў, што я хацеў сказаць, кажучы, што кожнае абвiнавачанне патрабуе пацверджання i праверкi?
- Так, ойча.
- Iдзi i пашукай сеньёра дона Карласа. Скажы, каб яго разбудзiлi, калi ён спiць. Скажы, што я хачу бачыць яго.
Брат зрабiў рух, нiбы хацеў нешта сказаць, але, не сказаўшы нiчога, выйшаў.
Свiтала спакваля, нiзкiя хмары аблажылi неба i дапаўнялi цемру ночы. У глыбiнi змроку бiлi ранiшнiя званы гарадскiх храмаў. Тут, у мурах Санта Марыя ла Анцiгуа, стаяла цiшыня.
Падрэ Тарквемада задуменны стаяў каля акна, нарэшце павярнуўся i падышоў да стала. Але да ежы не дакрануўся. Падняў руку, каб перажагнаць стол, пасля дастаў з-пад хабiты скапулiр, адчынiў яго i тое, што было ў iм, высыпаў у збан з вiном.
Калi неўзабаве сеньёр дэ Сiгура, папярэджаны братам Дыега, увайшоў у келлю, вялебны айцец кленчыў каля ложка i малiўся. Стары рыцар перахрысцiўся кароткiм салдацкiм рухам i, адышоўшы да сцяны, моўчкi чакаў, пакуль Вялiкi iнквiзiтар закончыць малiтву. Праз хвiлiну падрэ Тарквемада ўстаў. Брат Дыега, вельмi бледны, запытальна паглядзеў на яго.
- Застанься, - сказаў вялебны айцец.
Пасля павярнуўся да сеньёра дона Карласа.
- Мiр з табою, шаноўны капiтане.
Той з павагай схiлiў галаву.
- I з табой, вялебны ойча. Брат Дыега сказаў, што вы хацелi бачыць мяне. Маеце якiя даручэннi?
- Нiякiх. Бадай, мне патрэбна твая парада, твая дасведчанасць.
Ён падсунуў да акна крэсла i сеў так, каб твар быў у святле.
- Апошнiм часам я многа думаў, - пачаў цiха i глыбакамысна, нiбы гаворачы да самога сябе. - Думаў таксама i пра тое, што вы сказалi мне некалькi дзён назад, яшчэ ў Сарагосе.
Збарознены цёмнымi маршчынамi твар сеньёра дэ Сiгуры засвяцiўся амаль маладым запалам.
- Памятаю, вялебны ойча. I настойваю, каб вы дазволiлi нам з яшчэ большым, чым дагэтуль, клопатам i ўвагай сачыць за вашай асабiстай бяспекай. Ворагi...
- Так ненавiдзяць мяне?
- Ойча вялебны, нянавiсць ворагаў...
- Ведаю, маеш рацыю. Вядома, пакуль праўда не возьме верх, мы можам вымяраць яе сiлу нянавiсцю нашых ворагаў.
- Як жа ворагам не ненавiдзець цябе? Тваё жыццё, вялебны ойча...
- Слушна. Не думай, сыне мой, я ведаю, што з характару маiх абавязкаў менавiта мне даручана асобая мiсiя ўсю моц свайго розуму прысвяцiць будове падмурка пад справу Святой iнквiзiцыi. Божа ўсемагутны, трэба, на жаль, сказаць, - справа гэтая яшчэ не ўмацаваная ў хрысцiянскiм свеце, i можна смела i не баючыся папрокаў за пыху сцвярджаць, што менавiта мы тут, у нашым каралеўстве, - адзiны i найбольшай важнасцi ўзор веры, i мы перадаём усiм астатнiм каталiцкiм народам навуку нашага вопыту, як парадак сталяваць на зямлi i якiмi метадамi ламаць супрацiўленне ворагаў.
- Хай Бог спрыяе нашым пачынанням, - сказаў узрушаным голасам сеньёр дэ Сiгура.
Падрэ Тарквемада падняў абедзве далонi.
- За гэта i я малюся. Таму i ахвотна, сыне мой, уважаю тваiм турботам. Сапраўды, нельга мне занядбаць нiякiх сродкаў, што спрыяюць маёй бяспецы.
- Ойча вялебны, можаш заўсёды давярацца мне i маiм салдатам. Дазволь мне, аднак, ойча, сказаць - мне было б спакайней на сэрцы i мой рыцарскi гонар быў бы больш угрунтаваны, калi б усякiя распараджэннi, асаблiва тыя, якiя адрознiваюцца ад ранейшых, я атрымлiваў з тваiх, ойча, вуснаў, непасрэдна. Прабач, ойча, што я кажу пра гэта. У мяне няма нiякiх падстаў думаць, што прысутны тут брат Дыега недакладна перадаў мне твой загад. Прызнаюся, аднак, што, здзiўлены яго суровасцю, я падумаў: "Божа вялiкi, калi тут, у месцы, асвянцоным прысутнасцю Бога, няма табе бяспекi, то дзе яна ёсць?"
- Нiдзе! - цвёрда сказаў Тарквемада. - Вялебны айцец д'Арбуэз цi ж не загiнуў у месцы, асвянцоным прысутнасцю Бога?
Стары рыцар схiлiў галаву.
- Я толькi салдат, i часам мне цяжка ахапiць розумам памеры падступнiцтва. Калi ты, ойча, сярод сваiх служак i я вартую непадалёк, тады я ўпэўнены, што ты ў бяспецы.
- Думаеш, што сярод нас не можа завесцiся вораг? Ёсць такiя, якiх не пераможаш мячом. Паглядзi хоць бы на гэта снеданне. Хто можа ведаць, цi не схаваны ў iм вораг?
Сеньёр дэ Сiгура пабялеў. Падняў руку да лоба i змучаным рухам правёў па iм далоняй. Цiха спытаўся:
- Ты так думаеш, вялебны ойча?
На гэта Тарквемада адказаў:
- Толькi тады мы належным чынам убяспечымся ад ворага, калi будзем падазрэннем апярэджваць яго дзеяннi. Усё магчыма. А таму, каб нам не было за што дакараць самiх сябе, няхай з гэтага часу правярае ўсякую ежу прызначаны табою чалавек, чалавек набожны, якi вельмi добра разумее, што азначае ў такой справе маўчанне.
- Цi думаеш, ойча, што гэта павiнен быць мой абавязак?
- Не, мой сыне, - адказаў Тарквемада. - Ты надта блiзка стаiш каля мяне, каб можна было рызыкаваць табою. Дастаткова, калi зробiш гэта адзiн раз, сёння. I хай гэта будзе сiмвалiчным актам тваёй годнасцi i адданасцi.
- Ойча мой! - сказаў сеньёр дэ Сiгура трохi збянтэжана.
Падрэ Тарквемада ўзняў павекi, яго вочы былi поўныя заклапочанасцi i знуджанага смутку.
- Сёння ноччу я спавядаўся i яшчэ не паспеў разгавецца.
Вялебны айцец падняў руку i ўчынiў над сеньёрам донам Карласам знак крыжа.
- Адпускаю грахi твае, сыне, бо тое, што хочаш зрабiць, робiш у сапраўднай веры i на яе ўмацаванне.
- Хай Бог убаронiць цябе для нас на доўгiя гады, мой ойча, - сказаў сеньёр дэ Сiгура.
Пасля падышоў да стала i рухам чалавека, якi не надае вялiкага значэння ежы, узяў сыру, налiў у кубак вiна. Выпiў яго з такой жа абыякавай паспешнасцю, адставiў кубак i, калi рука яго пацягнулася па хлеб - збялеў, задрыжаў, падняў растапыраныя, але ўжо здранцвелыя пальцы да горла i з застылым у апечанай гартанi глухiм крыкам захiстаўся, яшчэ раз нешта сказаў не ў лад, паспрабаваў выпрастацца, не змог i грымнуўся ўсiм целам на стол; стол пад яго цяжарам перавярнуўся, сеньёр дэ Сiгура нiцма павалiўся на каменную падлогу.