Салярыс (на белорусском языке)

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Салярыс (на белорусском языке), Прозоров Александр Дмитриевич-- . Жанр: Научная фантастика. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Салярыс (на белорусском языке)
Название: Салярыс (на белорусском языке)
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 225
Читать онлайн

Салярыс (на белорусском языке) читать книгу онлайн

Салярыс (на белорусском языке) - читать бесплатно онлайн , автор Прозоров Александр Дмитриевич

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 34 35 36 37 38 39 40 41 42 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Са страху я прыцiснуўся спiнай да шафы i стаяў моўчкi. Рукi Хэры апусцiлiся.

- Не, - сказала яна. - Не, бо ты баiшся. Але паслухай, я больш не магу. Нельга так. Я нiчога не ведала. Я i зараз нiчога не разумею. Гэта ж неверагодна? Я, - яна прыхiнула да грудзей сцiснутыя белыя рукi, - нiчога не ведаю, нiчога, я ведаю толькi адно: я - Хэры! Ты думаеш, што я прытвараюся? Не, не прытвараюся, святое слова гонару, не прытвараюся.

Апошнiя словы прагучалi як стогн. Хэры з плачам упала на падлогу. Гэты крык нешта зламаў у мяне, я падскочыў да яе, схапiў за плечы, Хэры супрацiўлялася, адштурхоўвала мяне, плакала без слёз, крычала:

- Пусцi! Пусцi! Я гiдкая табе! Я ведаю! Я не хачу так! Не хачу! Ты ж бачыш, сам бачыш, што гэта не я, не я, не я...

- Маўчы! - крычаў я, трасучы яе.

Мы абое крычалi як звар'яцелыя, стоячы адно перад адным на каленях. Галава Хэры стукалася аб маё плячо. Я з усяе моцы прыцiскаў Хэры да сябе. Раптам мы сцiхлi, цяжка дыхалi. Вада па-ранейшаму капала з крана.

- Крыс... - мармытала Хэры, уцiснуўшыся тварам у мае плячо, - скажы, што я павiнна зрабiць, каб я знiкла, Крыс...

- Перастань! - выгукнуў я.

Хэры падняла галаву, уважлiва паглядзела на мяне.

- Як?.. Ты таксама не ведаеш? Нiчога нельга зрабiць? Нiчога?

- Хэры... злiтуйся нада мной...

- Я хацела... Ты ж бачыў... Не. Не. Пусцi: я не хачу... Не дакранайся да мяне! Табе гiдка.

- Няпраўда!

- Хлусня. Павiнен гiдзiцца. Я... я сама... таксама. Калi б я магла. Калi б я толькi магла...

- Ты забiлася б?

- Ага.

- А я не хачу, разумееш? Не хачу! Я хачу, каб ты была тут, са мной, i больш мне нiчога не трэба!

Вялiзныя шэрыя вочы спынiлiся на мне.

- Як ты хлусiш... - зусiм цiха прамовiла Хэры.

Я адпусцiў яе i ўстаў. Хэры села на падлогу.

- Скажы, што мне зрабiць, каб ты паверыла? Я кажу тое, што думаю. Гэта праўда. Другой праўды няма.

- Ты не мог сказаць мне праўду. Я не Хэры.

- А хто ты?

Яна задумалася. Падбародак у яе задрыжаў. Апусцiўшы галаву, Хэры прашаптала:

- Хэры... але... але я ведаю, што гэта няпраўда. Ты не мяне... кахаў там, даўно...

- Так, - сказаў я. - Тое, што было, мiнулася. Памерла. Але тут я кахаю цябе. Разумееш?

Хэры пакруцiла галавой:

- Ты вельмi добры. Не думай, што я не магу ацанiць усё, што ты зрабiў. Ты стараўся рабiць як мага лепш, але ўсё дарэмна. Тры днi таму ранкам я сядзела каля цябе i чакала, пакуль ты прачнешся. Тады я нiчога не ведала. Мне здаецца, што гэта адбывалася даўно, вельмi даўно. Я была як звар'яцелая. У галаве стаяў нейкi туман. Я не разумела, што было раней, а што - пазней, нiчому не здзiўлялася, як пасля наркозу або пасля цяжкай хваробы. Я нават думала: мо я хварэла, а ты не хочаш мне пра тое сказаць. Але розныя факты ўсё больш i больш наводзiлi мяне на думку. Ты ведаеш, якiя факты. У мяне штосьцi мiльганула ў галаве пасля тваёй размовы там, у бiблiятэцы, з гэтым, як яго, са Снаўтам. Ты мне нiчога не захацеў сказаць, таму я ўстала ноччу i ўключыла магнiтафон. Я падманула цябе адзiн-адзiны раз, а магнiтафон я пасля схавала, Крыс. Той, што гаворыць, як яго завуць?

- Гiбарыян.

- Ага, Гiбарыян. Тады я зразумела ўсё, хоць, калi казаць праўду, па-ранейшаму нiчога не разумею. Я не ведала аднаго: што я магу... што я... што гэта так скончыцца, што гэтаму... няма сканчэння. Пра гэта ён нiчога не казаў. Зрэшты, мо i гаварыў, але ты прачнуўся, i я выключыла магнiтафон. Але ўсё адно я пачула шмат, каб зразумець, што я не чалавек, а толькi iнструмент.

- Што ты кажаш, Хэры!

- Так, iнструмент. Для вывучэння тваiх рэакцый. Ну, штосьцi накшталт гэтага. У кожнага з вас ёсць такi... такая, як я. Усё грунтуецца на ўспамiнах або на ўяўленнi... Зрэшты, ты ведаеш лепш, чым я. Ён расказаў такiя страшныя, неверагодныя рэчы, i, калi б усё не супадала, я не паверыла б!

- Што супадала?

- Ну, што мне не трэба спаць i я павiнна быць заўсёды каля цябе. Учора ранiцай я яшчэ думала, што ты мяне ненавiдзiш, i таму была нешчаслiвая. Божухна, якая я была дурная! Але скажы, скажы сам, цi магла я сабе ўявiць?.. Гiбарыян зусiм не ненавiдзеў гэтую сваю, а што ён пра яе гаварыў! Толькi тады я зразумела: што я нi зраблю, не мае нiякага значэння, бо хачу я альбо не хачу, а для цябе гэта ўсе роўна пакуты. Не, нават горай, бо крынiца пакут гэта штосьцi нежывое. Яна нi ў чым не вiнаватая, як i камень, якi можа ўпасцi i забiць. А што крынiца пакут можа хацець дабра i кахаць, гэтага я i ўявiць не магла. Мне хацелася б табе расказаць, што я адчувала пасля, калi зразумела, калi слухала плёнку. Мо табе спатрэбiцца. Я нават паспрабавала запiсаць...

- Таму ты запалiла святло? - спытаўся я, з цяжкасцю прамаўляючы гэтыя словы.

- Так. Але нiчога не атрымалася, бо я шукала ў сабе, ведаеш... iх - нешта зусiм iншае, я проста вар'яцела, павер мне! Часам мне здавалася, што пад скурай у мяне няма цела, што ўнутры ў мяне штосьцi такое... што я... што я толькi абалонка. Каб падмануць цябе. Разумееш?

- Разумею.

- Калi ноччу ляжыш без сну, да чаго толькi не дадумаешся! Да сама неверагодных рэчаў, ты ж i сам ведаеш...

- Ведаю...

- Але я адчувала сваё сэрца i памятала, што ты зрабiў аналiз маёй крывi. Якая ў мяне кроў, скажы, скажы праўду. Цяпер жа ты гэта можаш.

- Такая, як i ў мяне.

- Праўда?

- Клянуся.

- Што гэта азначае? Я пасля думала, мо гэта схавана недзе ўва мне, што яно... магчыма, вельмi маленькае. Але я не ведала дзе. Зараз я думаю, мо ў рэшце рэшт гэта была хiтрасць з майго боку, бо я вельмi баялася таго, што хацела зрабiць, i шукала iншага выйсця. Але, Крыс, калi ў мяне такая ж кроў... калi ўсё так, як ты гаворыш, тады... Не, гэта немагчыма. Бо тады я памерла б, праўда? Значыць, нешта ўсё-такi ёсць, але дзе? Мо ў галаве? Але ж я думаю зусiм нармальна... i нiчога не ведаю... калi б я гэтым думала, то павiнна была б адразу ўсё ведаць i не кахаць цябе, толькi рабiць выгляд i разумець, што раблю выгляд... Крыс, скажы мне, калi ласка, усё, што ты ведаеш, мо ўдасца хоць нешта зрабiць?

- Што iменна?

Хэры маўчала.

- Ты хочаш памерцi?

- Бадай што так.

Наступiла цiшыня. Хэры сядзела, скурчыўшыся, ля маiх ног. Я разглядваў залу, белую эмаль абсталявання, рассыпаныя блiскучыя iнструменты, нiбыта шукаў штосьцi вельмi патрэбнае i не мог адшукаць.

- Хэры, можна i мне сказаць?

Яна чакала.

- Так, праўда, ты не зусiм такая, як я. Але гэта не азначае, што ты горшая за мяне. Наадварот. Можаш думаць, што хочаш, але дзякуючы гэтаму... ты не памерла.

1 ... 34 35 36 37 38 39 40 41 42 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название