Плацiнавы абруч (на белорусском языке)
![Плацiнавы абруч (на белорусском языке)](/uploads/posts/books/163144/163144.jpg)
Плацiнавы абруч (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту pbn.book@yandex.ru для удаления материала
Але вось адчынялiся бакавыя дзверы, i ў суправаджэннi стройных дзяўчат-соек уваходзiла жонка Магутнага Арла - Прыгожая Галубка. Яна прыветлiва ўсмiхалася свайму ўладару, стрымана адказвала на паклоны царадворцаў i гасцей; каля залатога трона ўстанаўлiвалi маленькi срэбны тронiк, дзяўчаты-сойкi падсаджвалi на яго сваю панi i станавiлiся за яе спiной паўколам. Гэта быў апагей свята.
Грымела музыка, кружылiся пары, гулянка бурлiла ракой. Паэты Шпак i Драч чыталi новыя вершы, прысвечаныя царскiм асобам i прыгажосцi прыроды; спевакi Салавей i Кенар выконвалi гiмны i ўрачыстыя арыi; жартаўнiк Цецярук выдумляў каламбуры, часам засланяючы самога Пэ-Пэ, так што царыца смяялася да слёз. Памiж гасцямi мiтусiлiся спрытныя афiцыянты, разносячы марожанае i напiткi. I нiхто ў гэтай радаснай гамане не заўважыў, што ў нiшы над самым тронам сядзiць Галоўная Аракулька-Зязюля i спакойна прарочыць нешта абыякавым аднастайным голасам.
Здаралася, праўда, што Аракульку ўсё ж заўважалi, i тады па знаку Магутнага Арла ў нiшу пасылаўся адзiн з шулёнкаў.
- Яго Недаступнасць, - гаварыў Зязюлi пасланец, - загадзаюць вашай асобе пакiнуць залу i больш не паказвацца без асобнага распараджэння Яго Недаступнасцi.
- Ку-ку! - адказвала Аракулька. - Прадбачу ў мурашнiку дзён кармiнавыя аблокi...
- Дык вы пакiнеце залу цi не?!
- Кармiнавыя аблокi з чатырох бакоў. Вецер сухi, сярэднi, паўднёва-ўсходнi; тэмпература ўночы плюс два, днём мiнус адзiн...
Стражнiк ляцеў да Старэйшага Сокала i дакладваў, што "Зязюля не хоча пакiдаць залу i мармыча пра нейкiя аблокi, мурашак i пахаладанне".
- Яна звар'яцела, ваша сцярвятнiцтва!
Старэйшы Сокал нахiляўся да ўладара i шаптаў:
- Зязюля балбоча пра мурашак, Ваша Недаступнасць. Не iнакш з глузду з'ехала.
- Гнаць вон, - моршчыўся Магутны Арол i адварочваўся.
А свята ўсё грымела.
Нарэшце, калi госцi стамлялiся, музыкi знясiльвалiся, паэты хрыпелi, Пэ-Пэ выдыхаўся, Цецярук напiваўся, а Прыгожая Галубка пачынала пазяхаць, прыступалi да чытання новых Улажэнняў. Строгi Сарыч разгортваў жоўты скрутак, i пад скляпеннi залы ўзлятаў яго звонкi, чысты голас.
- "Iмем Яго Недаступнасцi Адзiнага Вялiкага Магутнага Арла, Аквiлы Рэгii Iнвiктуса Максiмуса Юстуса з гэтага дня i назаўсёды загадаць..."
У гэту хвiлiну станавiлася цiха на зямлi i на небе - нават вецер супакойваўся, нават рэкi запавольвалi свой бег, нават пракляты дзiкi кот, якi нiчога на свеце не разумее, замiраў дзе-небудзь у шчылiне, i страх скоўваў яго члены. Госцi i прыдворныя стаялi з выцягнутымi шыямi, не маючы права паварухнуцца нi адзiным пёркам, не мiргаючы i не дыхаючы.
- "Упамiнанне iмя Яго Недаступнасцi скорагаворкай, або невыразна разглядаць як абгавор з адпаведнымi адсюль вывадамi..."
- "Разважаннi пра справы i Ўлажэннi Яго Недаступнасцi ў неадпаведным месцы i кепскiм настроi лiчыць нядбалым легкадумствам з усiмi выцякаючымi вынiкамi..."
- "За руплiвасць i стараннасць на службе Яго Сцярвятнiцтва Старэйшага Сокала надзялiць асаблiвай увагай i ў далейшым называць "яго высокасцярвятнiцтва Старэйшы Сокал Магнiфiкус Альцiволанс..."*
* Цудоўны, якi высока ляцiць (лац.).
Бывалi i iншыя Ўлажэннi - iх назапасiлася вельмi многа, i ўсе яны выдавалiся на жоўтых скрутках, якiя потым захоўвалiся ў Стальным Куфры Галоўнай Канцылярыi.
Пасля прачытання Ўлажэнняў чулася гучнае ўхвальнае клекатанне, i госцi пачыналi разыходзiцца. Як толькi адыходзiў апошнi, Магутны Арол саскокваў з трона i пад крыло з Прыгожай Галубкай iшоў у спальню. Дзяўчаты-сойкi разыходзiлiся па залах, змешвалiся з кавалерамi-папугаямi i вялi свабодны лад жыцця, адпачываючы ад нялёгкiх абавязкаў фрэйлiн.
Вечарам Магутны Арол часцей за ўсё раiўся са Строгiм Сарычом i старшынямi канцылярый, а глыбокай ноччу - зноў з Цiхiм Дзятлам. Потым ён iшоў у свае пакоi, i ў замку запаноўвала цiшыня.
14
Часам у бурную непагадзь, калi цемру асвятлялi маланкi i грукатала неба, нiбы абвальвалiся скалы, Магутнаму Арлу рабiлася тужлiва i адзiнока ў вялiзарным замку сярод прывычных асоб. Ён адмяняў справы i вясёлыя вiдовiшчы, садзiўся ў царскую нiшу ў адной з верхнiх вежаў i так сядзеў пры свячы адзiн, задумлiва ўглядаючыся ў навальнiчную ноч. Нават Старэйшага Сокала не было побач - ён стаяў за дзвярыма, бо ў такiя хвiлiны нiхто не павiнен бачыць уладара.
Ён углядаўся ў ноч, i хiсткiя думкi праносiлiся ў яго галаве. "Чаго я дасягнуў? - думаў Магутны Арол. - Да чаго прыйшоў? А цi ўсё гэта, што магчыма смертнаму? А калi гэта ўсё, дык чаму турбуюць думкi? Я маю ўсё, што можна мець, няма каму са мной мерацца нi сiлай, нi славай, нi багаццем, я наймагутны, i воля мая свабодная, i няма перашкодаў для яе. Нават для вады ёсць перашкода - сонца, нават для ветру - скалы, нават для святла - самая маленькая рэч на яго шляху. А для маёй волi няма перашкодаў. У мяне няма ворагаў, у мяне няма i сяброў - мой розум вышэйшы за дружбу або нянавiсць. Дык што ж вярэдзiць душу, што перашкаджае пiць асалоду з зямных радасцяў?"
Так разважаў Магутны Арол, а вецер iрваў i трапаў полымя свечкi, i ў нiшы мiтусiлiся чорныя ценi.
- Сокал!
Вокамгненна той быў побач.
- Сорак шулёнкаў.
- Ёсць, Ваша Недаступнасць!
Ад'ютант не цiкавiўся задумай пана, не стрымлiваў ад начнога мерапрыемства, не думаў пра яго вынiкi - ён выконваў, бо выконваць было вышэйшай патрэбнасцю яго духу, самай салодкай яго ежай.
На халодным ветры на самай высокай вежы збiралiся шулёнкi. Яны спрасонку азiралiся, курчылiся i нервова варушылi крыламi, бо iх чакала штось таямнiчае.
- Ты застанешся тут, - сказаў Магутны Арол Сокалу.
- Ёсць! - адклiкнуўся той, прызначыў камандзiра атрада i рэцiраваўся.
I чарада кiдалася ў цемру.
Шулёнкi прыцiскалiся да самай зямлi, iх строй раз-пораз парушаўся ветрам, але яны яго адразу ж аднаўлялi пад кiраўнiцтвам свайго камандзiра, i палёт працягваўся. Нiхто не ведаў, куды iх вёў уладар, - вядома было адно: з такiх палётаў нiхто не вяртаўся.
А Магутны Арол ляцеў уверсе. Ён грудзьмi ўразаўся ў вецер, рассякаў яго крыламi - яму падабалася гэта барацьба.
Яны прыляцелi на бераг мора, дзе шум i грукат дасягалi такой сiлы, што здавалася, нiбы трэскаецца неба.
- Дваццаць - убок! - камандаваў Магутны Арол, i дваццаць шулёнкаў адляцелi i схавалiся пад скалой. Тут было цiха, i, збiўшыся ў гурт, яны чакалi наступнага загаду i адпачывалi. А тым, хто застаўся на беразе, загадалi капаць; крыламi i кiпцюрамi яны ўзялiся рыць пясок. Вецер валiў з ног, дождж сек па вачах, пярун аглушаў, i маланкi асляплялi, а мора, коцячы чарговы вал, разбурала краi ямы, i ўсё трэба было пачынаць спачатку. Шулёнкi выстраiлiся перад ямай жывой сцяной: частка стрымлiвала целамi нацiск мора, другая частка працягвала капаць.