-->

Муштук i папка

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Муштук i папка, Брыль Янка-- . Жанр: Биографии и мемуары / Повесть. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Муштук i папка
Название: Муштук i папка
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 290
Читать онлайн

Муштук i папка читать книгу онлайн

Муштук i папка - читать бесплатно онлайн , автор Брыль Янка

Маленькая сага.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Але пакуль што мы з ім над ракой.

Мама жыла тады ў мяне, яна засталася ў Менску, не з яе здароўем было ехаць у вёску на спадарожных грузавіках. На тэму святога хрышчэння яны з Ігнатам паспелі сам-насам пагаварыць. І вось ён прадоўжыў тэму на адпаведным узроўні:

— Не лишай ты своего ребенка благодати, которую сам получил…

Я ўжо добра асвойтаўся з ім, і ў адказ, з цёплай рыбацкай лянотай, адказаў нешта так: я вельмі рад, што вы з Шурам прыехалі, што мы, нарэшце, убачыліся, і я магу табе, бадай, уступіць — ахрысціць малую…

І тут ён зусім нечакана сышоў з набожнага тону, засмяяўся свабодным мужчынскім смехам:

— Чудак! Да разве же это — для меня?

І стаў яшчэ бліжэйшым.

Аднак невыразна прыкрае ўражанне ад той яго сухавата праведнай крыўды на Валодзю за Хрыста не толькі закранула мяне ў тыя нашы загорскія дні — я гэта ўспомніў і летась, пасля ракавога кіеўскага званка. Баюся браць грэх на душу, але быў, здаецца, і затоены працяг той праведнай крыўды: калі прыйшоў Валодзеў час — яму, маўляў, ніхто не дапамог, нічога не дапамагло!..

І горка думалася мне, пасла таго званка згадалася, што калі б і самому яму, Ігнату, пасля арышту, — Шура расказваў: не бітаму, — прыйшлося так пакутаваць у бясконцых, пякельна напрактыкаваных катаваннях, дык, можа, і ён сказаў бы са свайго крыжа — у душы ці ўголас:

— Божа мой! Божа мой! Чаму ты пакінуў мяне?

Як гаварыў гэта — нялёгка думаецца — і Валодзя.

ВАКОЛ ПАДТЭКСТУ

Сорак гадоў насіць у памяці вобраз брата, які не скарыўся ад катаванняў, «нічога не падпісаў», а потым уведаць, што адбылося не так, — гэта нялёгка…

Пасля дняпроўскага тыдня, на працягу якога столькі было вячэрняй і ранняй красы ўкраінскай прыроды, шматлюддзя сустрэчаў у некалькіх гарадах, столькі паэзіі і музыкі, Шаўчэнкавай і народнай, пасля Быкаўні і папкі з пяцізначным нумарам — я апынуўся ў родным наднёманскім кутку, у прылясной цішыні.

І кожную раніцу абуджаўся з тым самым сумам і болем…

За тым, пра што я даведаўся, прыадкрыўшы заслону паўвекавое даўнасці, адчуваўся глыбокі, цёмны, студзёны падтэкст…

Я шукаў выхаду, і ён мне ўсё з большай ды большай настойлівасцю бачыўся ў тым, што трэба зноў ехаць у Кіеў, пагартаць тую папку яшчэ раз.

Было і тое, што адцягвала ўвагу ад аднаго, рассейвала яе і неяк супакойвала, — сякія-такія дачныя клопаты, чытанне вялікай карэктуры, глядзенне па тэлевізары першага з'езда народных дэпутатаў. Аднак жа праз некалькі дзён я ўжо званіў з Менска ў Кіеў, следчаму, і дамовіўся пра сустрэчу. Справа была яшчэ ў яго.

Пачалося лета, курорты, канікулы, з білетамі ў паўднёвым кірунку стала туга, і самалёт быў мне ў Саюзе пісьменнікаў забяспечаны толькі на дваццатае чэрвеня. Але і гэты дзень нарэшце прыйшоў. І вось я яшчэ з аэрапорта званю ў гарадскую пракуратуру, зноў чую знаёмы голас: калі ласка, чакаю.

Праз дзве гадзіны, уладзіўшыся ў гасцініцы і дачакаўшыся канца абедзеннага перапынку, я прыйшоў да следчага і, павітаўшыся яшчэ раз, прысеў да стала, у добрым настроі і поўнай гатоўнасці. А ён, усё-такі сімпатычны хлапчына, скажам па праву ўзросту, убачыўся нейкім стомленым ды маркотным. І зусім не спяшаўся даваць мне папку. На ягоным стале яе не было. І ён прыкметна змагаўся з няёмкай неабходнасцю штосьці сказаць. А потым і сказаў, з недагаворваннем ды невыразнасцю, што справу даць мне другі раз — не можа. Яна ўжо не ў яго…

Ясна стала адно — я прыляцеў дарма. І падумалася таксама, пачалася такая здагадка, што за дзве гадзіны, ад майго званка да прыходу, адбылося тое, што ён камусьці пазваніў, на ўсякі выпадак папрасіў дазволу паказаць мне яшчэ раз, і яму, таксама на ўсякі выпадак, не дазволілі.

Дзіўны характар у мяне! — успрыняў я няўдачу… раптам спакойна, як быццам нават ці не з палёгкай. А ў апраўданне самому сабе падумаў: ну што ж, нічога не зробіш, можа, нічога я там больш і не вычытаў бы, хопіць і таго, што прачытаў месяц таму назад. Цудам паказаўшыся з таго страшнага часу, папка тая махнула ліловым хвастом і, нібы залатая дзедава рыбка, нырнула ў сваю, зноў таямнічую, недасягальную глыбіню — «пучину совершенной секретности», выкінуўшы на бераг «вещдок с индивидуальным признаком» — муштук.

Яшчэ раз успомніўся компас у маім палоне: як хітра мы з сябрам схавалі яго перад вобыскам у бараку — загарнулі ў шматок бруднай газеціны і кінулі каля лагернай «лятрыны», так сказаць, адкрытай прыбіральні, даўжэзнай яміны з жэрдкамі на слупках, для доўгага, натужнага сядзення галодных нявольнікаў. Нехта яшчэ хітрэйшы прыкмеціў, як быў кінуты той шматок, падняў яго, компас узяў, а газеціну шпурнуў. Як жа абурыўся гэтым мой сябар па таямніцы, па намеры ўцякаць дахаты, як ён злаваў на мяне за… спакой! Ён той компас недзе (ужо не памятаю дзе) раздабыў, спачатку насіў таямніцу адзін, потым даверыўся мне, а я… Што ж, я цяпер, праз сорак дзевяць гадоў, зноў успомніўшы тое, падумаў, што ў мяне, чаго добрага, было і падсвядомае прадчуванне, чым закончыліся б на радзіме нашы ўцёкі, калі б яны ўдаліся. Тады, улетку саракавога. Яшчэ на двух «нямецкіх шпіёнаў» стала б і больш, а потым і менш — адразу, у Курапатах, ці, спакваля, у якім-небудзь з гулагаў. Праўда, праз два месяцы я ўсё-такі ўцякаў, з іншым сябрам, бо з тым разлучыла няволя, і праз тры тыдні нас злавілі, ужо на польскай зямлі. І яшчэ раз, відаць, трэба падзякваць лёсу, што не ўдалося стаць «шпіёнам»…

А якая ж тут аналогія з папкай? Так думаў я, ідучы з пракуратуры. І адказаў самому сабе: ды проста тая, што ўжо не будзе больш так балюча рупіць, абы прачнуўся, што не прачытаў братаву справу з як найбольшай увагай, што павінен быў убачыць у ёй значна больш, чым убачыў. Хопіць, відаць, і таго, што ведаю, каб належна сказаць сваё, напісаць патрэбнае. Нават канцоўка сама па сабе атрымалася. Тое, што называецца крывавай сталіншчынай, не канчаецца, — ёсць яшчэ сілы, якім не патрэбна поўная ліквідацыя белых, чорных, чырвоных плямаў нашай жахлівай гісторыі, што не так лёгка сілы тыя пойдуць на ператварэнне ўсіх лубянак у музеі ці кнігасховішчы, як прапанаваў на з'ездзе адзін з народных дэпутатаў, не дадуцца яны, тыя сілы, і пад народны кантроль, як патрабаваў другі дэпутат. Хутчэй паставяць помнікі ў раскрытых Курапатах ды Быкаўнях, чым пойдуць на раскрыццё іншых захаванняў памардаваных, на рассакрэчанне цяжкаўяўнай безлічы спраў — у папках і без іх…

Калі пра безліч, дык вось і прыклад: з адной Белай Царквы, з аднаго «куста раёнаў» — 17 643. А на Валодзю нашым і не пачалося, і не закончылася…

Канец майго сумнага дня прайшоў у беспаспяховых намаганнях дастаць на заўтра білет на самалёт або цягнік; пад вечар прыйшлося-такі звярнуцца ў Саюз пісьменнікаў.

А ўранні трэба было пазнаёміцца з тым палацам культуры, дзе раней рыхтаваліся трупы для Быкаўні.

…Мой Кіеў.

Першае ўражанне — у тым усё, не раз успомненым дваццаць другім — доўгі мост на шырокім Дняпры, які мы пераязджаем, высокі бераг, густая зеляніна дрэў, золата купалоў з іскрыстымі крыжамі. Праз шэсцьдзесят сем гадоў бачу, як ён асцярожна сунецца па тым мосце, наш бруднавата-белы таварны вагон… І я ўдзячны таму, хто тады разбудзіў мяне зарана, каб я панёс на ўсё жыццё ўспамін пра першае бачанне такой красы. А разбудзіў хутчэй за ўсё бацька. Маці пашкадавала б у сваёй больш практычнай любасці да найменшага, а бацька не мог не паказаць таго, чым сам неаднойчы любаваўся з правадніцкага акна. Так мне хочацца думаць. Бо так зрабіў бы і я, дый рабіў падобнае з дзецьмі, а цяпер з унукамі.

Пасля, у глухой заходніцкай вёсцы, Кіеў быў для мяне на каляровай паштоўцы, забытай некім у адной з нашых адэскіх кніжак. На ёй быў і Дняпро, і зеляніна на кручы, і залатыя купалы. На для кагосьці звычайнай, паднішчанай паштоўцы, з якое дзіцячае сэрца так многа бачыла. Гэта — пакуль навучыўся чытаць. Бо тады ён, мой Кіеў, пачаў адкрывацца ў кнігах, скажам — у Гогаля, з апісання Падола ў «Віі», а далей і ў многіх іншых.

Першы ў жыцці, дзіцячы прыезд у Кіеў адбыўся ў раннюю рань канца мая. Другою майскай ранню, і таксама з поўдня, летась я набліжаўся да любага горада па Дняпры. Пад салаўіны бой на абодвух церпка-зялёных, крыху прымглёных берагах, абапал шырокай, спакойнай вады. Пад гутарку з другім старым дзіваком, якому таксама не спіцца, — з кітайскім паэтам, перакладчыкам Кабзара. Таварыш і ў нас, у Менску, бываў. У гутарцы на сыравата-чысценькай, яшчэ пустой палубе, пад песні салаўёў мы ўспомнілі, між іншым, і пра яшчэ аднаго салаўя, — несмяротную дацкую казку з прастадушна чароўным пачаткам, які мы на мове Талстога, якога таксама згадвалі, працытавалі, дапамагаючы адзін аднаму, амаль з дзіцячай прыемнасцю: «Ты, верно, знаешь, что в Китае все жители китайцы и сам император китаец». Без лішніх ды гучных слоў адчувалася намі і мудрасць, і краса чалавечых, братніх адносін, да якіх яшчэ так далёка…

1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название